02.10.2019
02.10.2019

У Беларусі з’явіўся першы Цэнтр дапамогі пацярпелым у ДТЗ

logo
Навiны
196 020
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Першы ў Беларусі Цэнтр дапамогі пацыентам, якія пацярпелі ў дарожна-транспартных здарэннях, створаны на базе Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М.Машэрава.
Унікальны для нашай краіны цэнтр – прыклад паспяховага дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Гісторыя сумеснага праекта пачалася два гады таму падчас візіту брытанскага прынца Майкла Кенцкага. Тады ў Мінску быў падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні па пытаннях далейшага развіцця дарожнай бяспекі ў Беларусі, які прадугледжвае, у прыватнасці, стварэнне дабрачыннага фонду. Увосень мінулага года было заключана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам аховы здароўя і фондам «Бяспечныя дарогі» і прынята рашэнне аб адкрыцці цэнтра дапамогі пацыентам, якія знаходзяцца пасля ДТЗ у вегетатыўным стане.

 
Уладзімір Каранік
Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
За 2018 год у рэспубліцы было зарэгістравана 3 366 дарожна-транспартных здарэнняў. На жаль, 549 нашых грамадзян загінулі, больш за 3 тысячы былі траўмаваныя. Мы прыкладаем максімум намаганняў, каб паставіць гэтых людзей на ногі. Але бываюць настолькі цяжкія траўмы, што, нягледзячы на дасягненні сучаснай медыцыны, чалавек не можа вярнуцца да паўнавартаснага жыцця і мае патрэбу ў пастаянным медыцынскім доглядзе. Гэта вялікая нагрузка для сям'і. З'яўленне такога цэнтра, дзе будзе аказвацца дапамога пацыентам у вегетатыўным стане, – прамень надзеі для іх блізкіх. Тут забяспечваюцца годны догляд і лячэнне, створаныя ўмовы для камфортнага знаходжання, а галоўнае – ёсць кваліфікаваны медперсанал.
Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця цэнтра таксама ўзялі ўдзел міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, дырэктар мясцовага дабрачыннага фонду «Бяспечныя дарогі» Дзмітрый Курносенка.
 
Аляксей Аўраменка
Міністр транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь
Міністэрства транспарту і камунікацый сумесна з МУС распрацоўвае канцэпцыю забеспячэння бяспекі дарожнага руху. Маюцца сур'ёзныя зрухі па скарачэнні колькасці ДТЗ і смяротных выпадкаў. Будзем і далей прыкладаць намаганні, каб мінімізаваць цяжар наступстваў, развіваючы інфраструктуру і ствараючы ўмовы для папярэджання ДТЗ.
Дзмітрый Курносенка падзякаваў усім, хто датычны да стварэння цэнтра, падкрэсліўшы, што кожны чалавек заслугоўвае максімальнай увагі, асабліва калі ён трапіў у цяжкую сітуацыю.
 
Дзмітрый Курносенка
Дырэктар мясцовага дабрачыннага фонду «Бяспечныя дарогі»
Калі мы вернем пэўную колькасць людзей, якія пацярпелі ў ДТЗ, да паўнавартаснага жыцця, гэта будзе не проста дасягненне, а велізарная перамога. Дзякуючы неабыякавым людзям з вялікім сэрцам нам удалося стварыць у цэнтры ўмовы для аднаўлення пасля найскладанейшых траўмаў. Агульная сума прыцягнутых фінансавых сродкаў склала больш за 500 тысяч рублёў.
Цэнтр дапамогі ахвярам ДТЗ – гэта шэсць палат у аддзяленні паліятыўнай медыцынскай дапамогі шпіталя. У кожнай разам з пацыентам кругласутачна можа знаходзіцца родзіч (для яго прадугледжана спальнае месца).

Як растлумачыў галоўны ўрач шпіталя Віктар Лішакоў, на аказанне дапамогі пацярпелым у ДТЗ працуе ўся лячэбна-дыягнастычная база ўстановы, якая за апошнія гады істотна абнавілася. Аснашчэнне і кваліфікацыя медработнікаў дазваляюць укараняць новыя методыкі і праводзіць рэабілітацыю на самым сучасным узроўні.

Міністр аховы здароўя пазнаёміўся з работай новага цэнтра, паразмаўляў з медперсаналам і родзічамі пацыентаў.

 
Уладзімір Каранік
Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Гэты цэнтр патрэбны для таго, каб забяспечваць пацярпелым у ДТЗ якасны догляд і медыцынскую дапамогу, аказваць псіхалагічную падтрымку іх блізкім, вучыць, як жыць з такім чалавекам, як даглядаць яго. Бо насамрэч гэта сур'ёзная праблема, з якой сутыкаюцца сем'і. І заўсёды павінен быць той, хто падставіць плячо, дапаможа і навучыць. У цэнтры будуць адпрацоўвацца новыя методыкі рэабілітацыі, каб пры патрэбе распаўсюджваць гэты вопыт на іншыя рэгіёны.
Фота – Яўген Крэч.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

196 0 20

Журналіст газеты «Медыцынскі веснік»