05.10.2019
05.10.2019

У правінцыі прыватны ўрач ужо запатрабаваны

logo
Здароўе дарослых
0 71
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Прыватная медыцынская практыка ў правінцыі – цалкам жыццяздольны і прыбытковы праект. Пра гэта кажа досвед Сяргея Каваленкі. Адпрацаваўшы ўчастковым тэрапеўтам і ўрачом УГД у Лельчыцкай ЦРБ, а затым у прыватным медцэнтры ў Мазыры, ён вырашыў заснаваць сваю справу і ў лістападзе 2018 года адкрыў у Лельчыцах невялікі прыватны медцэнтр. Цэнтр пачаў прыносіць прыбытак практычна з першых месяцаў працы, а даход урача вырас мінімум у тры разы.

Як набыць абсталяванне? Як фарміраваць цэны на паслугі? Як шукаць кліентаў? Сяргей Каваленка падзяліўся сваімі практычнымі напрацоўкамі.

Матэматыка цэнтра

Форма дзейнасці Індывідуальны прадпрымальнік
Плошча памяшкання 42 м2, 4 пакоі
Арэнда Каля 200 руб., узімку – каля 400 руб. у месяц
Крэдыт на апарат УГД 50 000 рублёў на 5 гадоў; штомесячная выплата – каля 1300 руб.
Падаткі Адзіны падатак – 99 руб. у месяц + 5 % ад прыбытку, калі ён у 40 разоў пераўзыходзіць  стаўку адзінага падатку
Цэны на паслугі УГ-дыягностыка – 10-25 руб., кансультацыя тэрапеўта – 8-12 руб.
Супрацоўнікі Урач УГД, тэрапеўт, адміністратар

Матыў

 – У мяне было шчырае жаданне ўзняць медыцыну ў нашым раёне на новы ўзровень. Гэта складана зрабіць у рамках усёй сістэмы, таму я вырашыў пайсці іншым шляхам – распачаць сваю справу і працаваць згодна з сваімі ўяўленнямі, – тлумачыць Сяргей Каваленка. – Цяпер я атрымліваю велізарнае задавальненне ад працы, бо магу цалкам аддаваць сябе медыцыне: надаваць больш часу пацыентам, развівацца ў прафесіі, не адцягваць увагу на папяровыя і іншыя пытанні.

Ліцэнзія

– На момант падачы дакументаў у Міністэрства аховы здароўя ў вас павінна ўжо быць усё: памяшканне, абсталяванне, працаўладкаваныя супрацоўнікі. Гэта значыць, цэнтр павінен быць цалкам гатовым да працы. Адпаведна, павінны быць усе дакументы на гэтыя складнікі, – удакладняе Сяргей Каваленка. – Для збору і афармлення папер можна звярнуцца ў юрыдычныя фірмы, якія на такіх момантах спецыялізуюцца. Але індывідуальным прадпрымальнікам, якія толькі пачынаюць, я раю прайсці гэты працэс самастойна, каб дакладна разумець, як усё ўладкавана. Да таго ж, паслугі фірмаў нятанныя.

Важная парада: калі ў вас ужо будзе поўнае ўяўленне, дзе і як займацца медыцынскай практыкай, неабходна запісацца на папярэдняе кансультаванне ў аддзел ліцэнзавання Міністэрства аховы здароўя. Там працуюць адукаваныя спецыялісты, кансультацыя паскорыць працэс і дазволіць пазбегнуць многіх памылак. Таксама варта загадзя запісацца на падачу дакументаў.

Памяшканне

Сяргей Каваленка

 Знайсці і падрыхтаваць памяшканне, якое адпавядала б патрабаванням усіх зацікаўленых службаў, мабыць, адна з самых складаных задач, прызнаецца доктар. На гэта ў яго пайшло каля 4 месяцаў.

– Калі пачынаеш раіцца з прадстаўнікамі ЦГіЭ, МНС, архітэктурнай службы, выяўляецца шмат падводных камянёў. Памяшканне павінна мець прызначэнне «ахова здароўя», быць ізаляваным, на яго патрэбны асобны тэхпашпарт. Гэта можа быць спалучана з рэканструкцыяй, што цягне за сабой вялікі аб'ём работ і выдаткаў. Раю вывучыць Дэкрэт Прэзідэнта № 7 ад 23.11.2017 «Аб развіцці прадпрымальніцтва». У ім пазначаныя пэўныя перавагі, у тым ліку і пры афармленні памяшканняў. На шчасце, у маім выпадку рэканструкцыя не спатрэбілася. Патрэбная была толькі невялікая перапланіроўка.

Рамонт доктар рабіў сваімі сіламі, на што пайшло каля 7 тысяч рублёў уласных зберажэнняў.

Месца добрае – на другім паверсе будынка аптэкі ў цэнтры пасёлка. Усяго чатыры пакоі: дапаможнае памяшканне, вестыбюль і два кабінеты: для ўрача УГД і тэрапеўта. Санвузел – на паверсе агульнага карыстання. Гэта нормамі дапускаецца. Па законе арандатар мае пераважнае права выкупіць гэтае памяшканне праз тры гады.

Абсталяванне

Сяргей Каваленка набыў УГД-апарат замежнай вытворчасці і камплекты датчыкаў, што дазваляе рабіць усе неабходныя і запатрабаваныя даследаванні. Для гэтага ён узяў у мясцовым аддзяленні «Беларусбанка» крэдыт на развіццё малога бізнэсу.

– Умовы крэдыту вельмі прымальныя: выдаецца на 5 гадоў, стаўка рэфінансавання мінус 4% (на дадзены момант гэта 5,5% гадавых). Магчымая адтэрміноўка плацяжу да года, патрэбны адзін паручыцель, – распавядае ўрач. – Перад выдачай служба банка робіць тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне, у якім аналізуюцца меркаваныя выдаткі, прыбытак і іншыя складнікі. Але каб атрымаць гэты крэдыт, ва ўрача павінна ўжо быць ліцэнзія. А як ён атрымае ліцэнзію, калі ў яго няма абсталявання? Атрымліваецца замкнёнае кола. У маім выпадку атрымалася пераканаць банк, што я займею ліцэнзію да належнага тэрміну. Я ўклаўся, хаця, прызнаюся, да апошняга дня не быў у гэтым цалкам упэўненым.

Калі такі варыянт банк не задаволіць, можна набыць абсталяванне ў лізінг, але яго ўмовы менш выгадныя.

Бухгалтэрыя, цэны

Бухгалтэрыю Сяргей Каваленка на аўтсорсінг не аддаў, усё робяць сваімі сіламі, бо разлікі простыя. А вось фарміраваць цэны на паслугі без эканамічнай адукацыі складана, прызнаецца ўрач.

– У гэтым пытанні лепей звярнуцца да дапамогі эканамістаў. Гэта платная паслуга, каштуе каля 200 рублёў. Узгадняць прэйскурант не трэба, проста неабходна выслаць яго ў Міністэрства аховы здароўя па электроннай пошце для справаздачы.

Як ІП урач плаціць адзіны падатак.

Кліентура

Сяргей Каваленка працуе ў цэнтры паўдня, за гэты час праводзіць у сярэднім 20 даследаванняў.

– Гэта дадатковае напружанне для добрай рэнтабельнасці. З улікам усіх выдаткаў ужо ў першы месяц працы мы выйшлі на 50% прыбытку.

У Лельчыцах жыве 11,5 тысячы чалавек, у раёне – каля 24 тысяч. Па словах доктара, больш за палову яго пацыентаў прыязджае з іншых раёнаў, напрыклад, з Турава, Жыткавічаў, Ельска. Так што ў пацыентах недахопу няма. Прыцягвалі кліентаў, змяшчаючы рэкламу ў газетах, на сайце, у сацыяльных сетках.

Канкурэнтаў з прыватнікаў у цэнтра ў пасёлку няма. Ёсць толькі ЦРБ, дзе, па словах Сяргея Каваленкі, два апараты УГД і два выдатныя спецыялісты, а цэны на паслугі нашмат меншыя. Але такі дэмпінг цэнаў доктара не бянтэжыць:

– Калі мы стартавалі, многія калегі не верылі, што справы ў мяне пойдуць, маўляў, гэта перыферыя. Але аказалася, што нават у такіх невялікіх гарадах людзі гатовыя плаціць за якасную медыцынскую дапамогу. Мы гэта бачым не толькі па попыце на УГ-дыягностыку, які будзе заўсёды, але і па візітах да тэрапеўта. Здавалася б, у бясплатных тэрапеўтах дакладна недахопу няма. Аднак да нашага прыходзяць нават пажылыя людзі. Яны таксама згодныя плаціць за якасную паслугу, за тое, каб іх выслухалі, удзялілі 30-40 хвілін, што немагчыма ў паліклініцы.

Даходы і кантроль

 Па падліках доктара, яго цяперашні заробак у параўнанні з папярэднімі заробкамі вырас як мінімум у тры разы. У цэлым сёння даходы цэнтра ўдвая вышэйшыя за выдаткі. Прыбытак укладваюць у развіццё. Цэнтр абсталявалі сучаснымі камп'ютарамі, устанавілі якаснае праграмнае забеспячэнне, якое дазваляе весці электронныя карты пацыентаў, купілі электракардыёграф. Сёння доктар ужо задумваецца пра пашырэнне бізнэсу – шматпрофільны цэнтр.

– Трэба дакладна разумець, што даходы будуць толькі ў тым выпадку, калі ты запатрабаваны, – падкрэслівае Сяргей Каваленка. – А гэта наўпрост залежыць ад прафесіяналізму і стасункаў з пацыентамі. Бізнэс можа быць паспяховым, калі ты аказваеш паслугу якасна, падыходзіш да справы з душой.

З праверкамі пакуль ніхто не прыходзіў.

– У гэтым плане камфортна. Дэкрэт прэзідэнта, які абмяжоўвае праверкі на пачатковым этапе развіцця, паспяхова дзейнічае, – кажа ўрач.

УГД брушной поласці

Пра стаж і развіццё

 Для атрымання ліцэнзіі доктар павінен мець першую катэгорыю, гэта мінімум 6 гадоў стажу. На момант адкрыцця цэнтра стаж Сяргея Каваленкі складаў 12 гадоў. Ён лічыць, што гэтага цалкам дастаткова:

– Некаторыя ўрачы думаюць, што трэба мінімум 5 гадоў «сядзець» на УГД брушной поласці і толькі потым падступацца да сэрца. Але ў мяне быў добры настаўнік, Сяргей Уладзіміравіч Свістуноў, які разбурыў гэтыя стэрэатыпы. Ён казаў: «Бяры і рабі! Толькі так прыйдзе досвед». Медыцына крочыць наперад, і для ўрача, які хоча прафесійна расці, няма перашкод. Каб прадпрымальніцтва ў ахове здароўя развівалася, павінна быць раўнапраўе паміж дзяржаўнай і прыватнай медыцынай, а ў дактароў – выбар, лічыць Сяргей Каваленка.

– Не трэба ўжываць адміністрацыйныя рычагі для ўтрымання кадраў у дзяржустановах. Няхай лепей існуе выбар. Ад гэтага ўсім будзе добра.

З якімі дакументамі варта пазнаёміцца:

  • Указ Прэзідэнта ад 01.09.2010 г. № 450 «Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці» і дадатак да яго
  • Указ ад 02.09.2019 г. № 326 «Аб удасканаленні ліцэнзавання».
  • Пастанова Міністэрства аховы здароўя ад 05.07.2017 года № 73 «Санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні да арганізацый, якія аказваюць медыцынскую дапамогу...».
  • Пастанова Міністэрства аховы здароўя № 129 ад 28.11.2007 «Аб зацвярджэнні адзіных нормаў і нарматываў матэрыяльных і працоўных выдаткаў на платныя медыцынскія паслугі па інструментальнай дыягностыцы, якія аказваюцца юрыдычнымі асобамі ўсіх формаў уласнасці і ІП».
  • Пастанова Міністэрства аховы здароўя ад 03.02.2015 г. № 14 «Аб некаторых пытаннях рэгулявання тарыфаў на платныя медыцынскія паслугі».

Фота з сайта газеты «Светлае жыццё» (Лельчыцы) і адкрытых інтэрнэт-крыніц

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 71

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).