19 студзеня
19.01.2020

У ваду ідзём па правілах, не турбуем ратавальнікаў…

logo
Думкі ўслых
300 0 50
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Бо сёння – не толькі Вадохрышча, але і іх прафесійнае свята! Хаця многія праводзяць яго менавіта на працы, у тым ліку – дзяжураць ля вызначаных месцаў, абсталяваных для акунання ў ваду. Дык вось каб не турбаваць нашых выратавальнікаў, каб дзяжурства прайшло спакойна – ідзём у ваду па правілах, сябры!
Вадохрышча. Акунаемся па правілах.

Але ж і зрабіла наша сёлетняе няўрымслівае надвор’е сюрпрыз усім маржам, аматарам здаровага ладу жыцця і тым, хто лічыць, што акунанне ў ваду на Вадохрышча падорыць здароўе, удачу ды іншыя даброты! Дзе тоўсты слой лёду?! Дзе прыгожыя палонкі, выразаныя ў форме крыжа, і сам ледзяны крыж?! Практычна паўсюль – чыстая вада, толькі дзе-нідзе пакрытая тонкім лядком. Такім тонкім, бы толькі з намёкам на яго.

Зразумела, хто верыць, той усё роўна акунецца. Бо справа ж, у рэшце рэшт, не ў маразах ці іх адсутнасці, а ў гэтым самым магічным дні, што калісьці атрымаў назву Вадохрышча. І няхай сабе кажуць, што да царквы і да веры працэс акунання не мае ніякага дачынення, няхай дзесьці святары адмаўляюцца асвячаць вадаёмы… Дзесьці ўсё роўна гэта робяць. І праводзяць чын асвячэння вады ды ладзяць малебны.

Вадохрышча. Чын асвячэння вады.

І людзі – вераць. Бо прывыклі. І што ў гэтым дрэннага, скажыце?! Кожны мае права верыць у тое, што блізкае менавіта яму. Альбо не верыць. І ніхто не прымусіць яго рабіць інакш.

Проста дзесьці ўсё роўна ўспрымаюць Вадохрышча па-свойму: хто –царкоўным, а хто – народным святам. І для кагосьці акунанне ў ваду дае яшчэ і прыемны бонус: пераадолець сябе, упэўніцца ва ўласных сілах. І калі з арганізмам пасля не адбываецца нічога благога, а наадварот – быццам сілы аднекуль з’яўляюцца, і ўсё ў жыцці атрымліваецца… Дык няхай людзі акунаюцца! Абы – бяспечна.

У свой час як журналіст распавядала пра жыхароў Чэрвеньшчыны, якія акуналіся на Вадохрышча. Хтосьці  рабіў гэта ўпершыню, хтосьці – па завядзёнцы… На тэрыторыі раёна, манастыра, цудадзейнай крыніцы… Адзін, парай, з дзецьмі, кампаніямі… У кожнага – свая матывацыя. І кожны вельмі задаволены, што атрымалася гэта зрабіць.

Вадохрышча.

Памятаю, як пісала ў рэдакцыю дзяўчынка-школьніца, распавядаючы пра свой удзел у Вадохрышчы. Акунуцца яна не асмелілася, затое пабегала па неглыбокім ледзяным ручаі…

Кажуць, што і ў ноч на Вадохрышча нябёсы раскрываюцца, і Сусвет чуе нашыя просьбы. І што калі паставіць на падваконне ёмістасць са звычайнай вадой з-пад крана, яна таксама будзе асвечанай… З гэтай жа мэтай адчыняюць на ноч студні.

А як моцна верылі ў вадохрышчанскую ваду нашыя продкі! Асабліва ў яе гаючую, лекавую сілу! Яе давалі хворым, асвячалі хаты, хлявы… Прычым бралі зусім крыху і дадавалі ў большы аб’ём звычайнай вады. І верылі, што такім чынам уся вада атрымліваецца асвечанай. І яна рабілася адной з галоўных удзельніц падчас розных рытуалаў – ад нараджэння да смерці.

Вадохрышча. Асвечаная вада.

І паглядзіце, колькі звычайна на Вадохрышча людзей у храмах! Нават тыя, хто бывае тут зрэдчас альбо не бывае на службах ніколі, прыходзяць, каб набраць вады. Так, на ўсялякі выпадак. А раптам, і праўда, дапамагае?

А нам жа часцей дапамагае тое, у што верым, праўда? Які б сэнс у слова «вера» ні ўкладваў кожны з нас… І нават самыя зацятыя скептыкі прызнаюць: штосьці такое ёсць ў гэтым дні… Штосьці такое, ледзь улоўнае, а то і даволі выразнае.

Дарэчы, у некаторых мясцовасцях Беларусі на Вадохрышча гаспадары ставілі крыжыкі (звычайна – крэйдай) над вокнамі, дзвярыма, каб засцерагчыся ад нячыстай сілы.

Вадохрышча. Засцерагаемся ад нячыстай сілы.

А яшчэ на Вадохрышча завяршаліся Каляды: «Святое Хрышчэнне – Калядам прашчэнне».

Шчыра віншуем усіх з Вадохрышчам, а выратавальнікаў Беларусі – яшчэ і з прафесійным святам! Здароўя, веры, надзеі, любові, мудрасці і мужнасці!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

300 0 50

Рэдактар беларускай версіі сайта, журналіст, блогер
Наверх