07.07.2019
07.07.2019

Учора – Купалле, а сёння – Ян...

logo
Беларускі код
0 69
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Так-так! Даводзіцца перайначыць вядомае: «Сёння – Купала, а заўтра – Ян...» Калі так ужо не супала ў нас па часе. А яшчэ прапаную прыгадаць, у чый гонар названа свята сённяшняе, а таксама падсумаваць, што атрымалася і не атрымалася зрабіць за дзень-вечар-ноч учарашнія. Гатовыя?!:)

Тады давайце спачатку з Купаллем разбярэмся. Дзе былі, што бачылі? Мо, у Александрыю з’ездзілі?! Праз агонь скакалі, сябе ачышчалі? Кветку папараці шукалі? А ці знайшлі?! 🙂

Наконт купання – думаю, наўрад. Толькі калі самыя загартаваныя, праўда?! А вось калі хто напаліў лазню ды папарыўся венікам з зёлкамі, дык самае тое! На жаль, я – міма, хаця і хацелася... Эх, ванна ды гарачая вада з бойлера – наша ўсё! Плюс венічак... з мяты, з сядзібы. Водар – цудоўны! Раю!

Думаеце, проста так яго выбрала?! Яшчэ ёсць звязаны святаяннік, яшчэ можна было нарваць скрыпеню... Але ж мятны венік, як сцвярджаюць спецыялісты, найперш супакойвае і сагравае (як актуальна ў гэтае надвор’е!), дапамагае пры разумовым ператамленні і (увага, творцы!) пры творчым застоі! Ну, апошняга пакуль няма, але так, на ўсялякі выпадак... 🙂

Купалле. Зёлкі набіраюць моц.

Што яшчэ сцвярджаюць аматары лёгкай пары, якія карыстаюцца мятнымі венікамі?! Што яны здольныя пазбавіць ад галаўнога болю, ацёкаў на нагах, свербу і запаленняў скуры... Вядома ж, не вокамгненна, і нават не за адзін раз... Але ж паспрабаваць варта.

А з чым яшчэ выклікае асацыяцыі мята?! Правільна, з ментолам! Значыць, венік з мяты яшчэ і пры прастудных захворваннях павінен дапамагчы, пры кашлю, ахрыпласці, насмарку... Карацей, у вас ёсць сапраўдная вясковая лазня?! Тады мы ідзем да вас! Са сваімі мятнымі венікамі! 🙂

Купалле. Лазня з зёлкамі.

А пасля так прыемна і вельмі карысна для арганізма выпіць гарбаты з зёлак. З той жа мяты, каб палепшыць уздзеянне. Ну, як з той?! Не з веніка, вядома ж, якім парыліся! 🙂 Для гарбаты ў нас лісточкі насушаныя-абцярушаныя. Галоўнае – каб не было мяты задужа шмат. І каб не праяўлялася на яе алергія...

Папарыліся, абдаліся?! Выйшлі з лазні ўночы астудзіцца?! А давайце зірнем на неба! Якім яно было ў вас у купальскую ноч? Хмарным, дажджлівым, светлым, зорным? Вось калі зорным – гэта да добрага ўраджаю грыбоў, сцвярджалі нашы продкі. Засталося толькі дачакацца восені, каб праверыць праўдзівасць прыкметы.

А хто сёння сустракаў ранак? Каму пашчасціла ўбачыць, як сонца «грае»?! Хаця ў нашым выпадку шчасце ўжо – калі проста згледзелі сонца. А не дождж з навальніцамі... Эх, надвор’е-надвор’е... Сеціва поўніцца заваблівымі фотаздымкамі мінулых гадоў, калі раніцою 7 ліпеня можна было выкупацца, бо вада – як сырадой. А сёлета... Стаю ў швэдары ля акна, выглядаючы той сонечны пробліск...

Купалле. Надвор'е на Купалле.

Правялі Купалу, сустракаем Яна. І тут ужо без жартачак, бо сёння – свята царкоўнае: нараджэнне Іаана Прадцечы (Яна Хрысціцеля Гасподняга). Хто вернік, той ведае пра з’яўленне на свет, жыццё і смерць гэтага святога. Хто ж ад веры далёкі... Таксама павінен быў хаця б штосьці чуць. Галоўнае, нагадваюць нам, што народнае Купалле, карані якога сыходзяць у язычніцтва, і царкоўнае ўшанаванне прарока Іаана Прадцечы – зусім розныя святы.

І ўсё ж у традыцыях многіх сялянскіх сем’яў, асабліва ў даўнейшыя часы, дзесьці штосьці пераходзіла з аднаго дня ў іншы. І часцяком 7 ліпеня ўспрымалася як працяг таго ж Купалля. Хаця шматлікія даследчыкі і сцвярджаюць, што гэта няправільна. Зрэшты, што святкаваць сёння (альбо не святкаваць увогуле), кожны выбірае сам.

Купалле. Святкаваць ці не святкаваць.

Я ж хачу прыгадаць адну народную традыцыю з сям’і маёй мамы, ураджэнкі Смаленшчыны (колішняй беларускай яе часткі). У мамінай сям’і было прынята на 7 ліпеня пячы закрыты пірог з чарніцамі. І па магчымасці мама падтрымлівае гэтую традыцыю ўжо ў нашай сям’і. Таму сёння ў нас ёсць месца ўспамінам, цікавым аповедам пра мінулае, ушанаванню продкаў...

Галоўнае – душэўны спакой, нетаропкасць гэтага дня, прыемныя стасункі з блізкімі людзі, размовы за кубачкам гарбаты... Каб простая ліпеньская нядзеля сапраўды ператварылася ў свята душы!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 69

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама