20.05.2021
20.05.2021

Чым зняць сверб і ацёк пасля ўкусу насякомых. Экспрэс-сродкі першай дапамогі

logo
Неадкладная дапамога
0 29
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сродкі першай дапамогі пры ўкусах насякомых часцей за ўсё прызначаныя для комплекснага вырашэння праблемы: зняць сверб, ацёк, у ідэале яшчэ і прыбраць пачырваненне.

Умоўна іх можна падзяліць на дзве вялікія групы: адцягваючыя сродкі (шырокая група з найбольшай разнастайнасцю прэпаратаў) і лячэбныя, эфект якіх абумоўлены дзеяннем лекавага рэчыва. Але прыхільнікаў «чароўнай таблеткі» чакае расчараванне: ні тыя, ні другія не забяспечваюць імгненны ваў-эфект. Першыя – валодаюць мала выяўленым кароткатэрміновым дзеяннем, другія – «працуюць» не адразу. Акрамя таго, рэакцыя арганізма на раздражняльнікі і таксіны (у тым ліку, на ўкусы насякомых) вельмі варыятыўная. Таму свой супер-сродак першай дапамогі давядзецца падбіраць індывідуальна.

клінічны фармаколаг Алег Кендзенкоў.Але ўсё ж у сезон актыўнасці насякомых лепей пад рукой мець хаця б штосьці для хуткай дапамогі, чым не мець нічога. Мы паспрабавалі разабрацца, на чым заснаванае дзеянне экспрэс-сродкаў пасля ўкусаў насякомых, якія з іх маюць права быць у нашай аптэчцы і ці можна давяраць народным метадам. А дапамагаў нам у гэтым клінічны фармаколаг Алег Кендзенкоў.

Адцягваць ці лячыць – вось у чым пытанне

Алег Кендзенкоў:

– Дзеянне прэпаратаў з адцягваючым эфектам заснаванае на тым, што яны раздражняюць рэцэптары скурнага пакрыва ў месцы нанясення і тым самым перабіваюць альбо заглушаюць непрыемныя адчуванні ад джала. Гэта значыць, замест свербу, паколвання, якіхсьці хваравітых адчуванняў чалавек пэўны час будзе адчуваць, напрыклад, лёгкі халадок.

Сярод прэпаратаў з адцягваючым дзеяннем найбольш эфектыўныя тыя, у склад якіх уваходзяць спірт і эфірны алей (леваментол, камфара, алей гваздзіка, карыцы, эўкаліпту і інш.). Гэта могуць быць пластыры альбо бальзамы. Да плюсаў такіх сродкаў можна аднесці і тое, што яны валодаюць цікавым пахам. Напрыклад, знакаміты бальзам «Зорачка» – з разраду тых, што адцягваюць. Той, хто ім хаця б аднойчы карыстаўся, напэўна, пацвердзіць, што забыць яго пах немагчыма.

Калі казаць пра самую сутнасць, дык прымяненне такіх прэпаратаў разам з адцягваючым эфектам замяняе працэс часання, тым самым прадухіляе механічнае ўздзеянне на месца ўкусу і магчымае інфікаванне ранкі. Таму адцягваючыя сродкі цалкам могуць разглядацца, як першая дапамога пры ўкусе насякомых.

Укусы насякомых. Што варта мець у аптэчцы.Сярод экспрэс-сродкаў таксама ёсць мазі і крэмы, якія маюць дадаткова ў складзе экстракты экзатычных і не вельмі раслінаў, што (са слоў вытворцы) валодаюць супрацьсвербным, супрацьацёкавым і супрацьзапаленчым эфектам. Акрамя таго, ёсць прэпараты, узбагачаныя мікраэлементамі накшталт цынку і срэбра, якія валодаюць антысептычным і супрацьацёкавым дзеяннем. Але паколькі адцягваючыя сродкі не з'яўляюцца лячэбнымі, канцэнтрацыя мікраэлементаў у іх нязначная і часцей за ўсё выступае часткай маркетынгу.

Алег Кендзенкоў:

– Што тычыцца лекавай групы прэпаратаў для першай дапамогі пры ўкусах насякомых, дык, як правіла, яны прадстаўленыя гарманальнымі альбо антыгістаміннымі (супрацьалергічнымі) лекавымі сродкамі. Часцей за ўсё гэта мазі і крэмы на аснове гідракартызону (напрыклад, гідракартызонавая мазь), прэднізалону (напрыклад, прэднізалонавая мазь), бетаметазону, флуацыналону, хлорапіраміну альбо дыметэндэну. Як і сродкі з адцягваючым эфектам, яны прадаюцца ў аптэках без рэцэпта.

Выбар сродкаў першай дапамогі пасля ўкусу насякомых – з адцягваючым дзеяннем альбо лячэбным – залежыць ад памеру насякомага і, адпаведна, аб'ёму пашкоджання. Напрыклад, калі гэта проста ўкус камара альбо мошкі, месца ўкусу нязначна прыпухла (да паўсантыметра ў дыяметры), пачырванела і чухаецца, тут выдатна падыдзе прэпарат з групы мясцоваадцягваючых.

Але такія прэпараты нельга выкарыстоўваць у вобласці вачэй, носа, рота. Эфектыўнымі пры нязначных укусах могуць быць і народныя метады, калі пад рукой не апынецца спецыяльнага аптэчнага сродку.

Улічваючы кароткатэрміновы эфект адцягваючых сродкаў, іх можна прымяняць столькі, колькі ў гэтым ёсць неабходнасць. Аднак, трэба памятаць, што яны самі па сабе раздражняюць скуру, таму злоўжываць імі ўсё ж не варта.

Калі пасля ўкусу насякомага ачаг прыпухласці і чырвані больш паўсантыметра, з'явіліся пухіры, месца ўкусу нясцерпна свярбіць, з'явілася смыленне і боль, магчыма, размова ідзе пра алергічную рэакцыю.

Укусы насякмых

Алег Кендзенкоў:

– У гэтым выпадку я рэкамендаваў бы скарыстацца антыгістамінным альбо гарманальным сродкам. Часта месца ўкусу пачынае актыўна запаляцца, павялічвацца ў памеры, бо з-за ўведзенага насякомым яду запускаюцца імунныя працэсы, у тым ліку і алергічныя. Каб знізіць тэмп нарастання пашкоджання, патрэбная менавіта гарманальная мазь.

Баяцца гармонаў, якія прымяняюцца мясцова, не варта: у кроваток яны практычна не ўсмоктваюцца і дзейнічаюць выключна ў месцы нанясення. Мінусам з'яўляецца абмежаванне працягласці прымянення гарманальных прэпаратаў – не больш за 10-14 дзён з-за рызыкі пашкоджання скуры ўжо самім лекавым сродкам.

Што рабіць, калі ўкусіла насякомае. Аказваем дапамогу правільна

Што рабіць, калі вас укусіла насякомае?

 

Ёсць тры прычыны, па якіх насякомыя кусаюць чалавека:

  • Каб паесці – камары, сляпні, мошкі, кляшчы і іншыя крывасмактальныя.
  • Каб адкласці яйкі – авадні.
  • У якасці самаабароны – пчолы, восы, шэршні, мурашы.

Але з якой бы мэтай насякомае ні кусала, эфект заўсёды адзін: цэласнасць скурнага покрыва пашкоджваецца, у рану пранікаюць таксіны, часам у месцы ўкусу можа заставацца іншароднае цела (напрыклад, джала). Арганізм на ўмяшанне рэагуе па-рознаму: ад лёгкага пачырванення і свербу да алергічнай рэакцыі рознай ступені. Чым больш выяўленае месца ўкусу, тым больш бактэрыяльнае абсемяненне і вышэйшая рызыка акрамя алергічнай рэакцыі атрымаць яшчэ і інфекцыю.

Таму пры ўкусе насякомага першае правіла, якое нельга ігнараваць,– апрацаваць месца ўкусу антысептыкам. Гэта могуць быць аптэчныя антысептычныя сродкі, уключаючы спецыяльныя сурвэткі з этанолам. За адсутнасцю такіх падыдзе парфума альбо любы напой, які ўтрымлівае спірт, крэпасцю не менш за 40%. Таксама антысептык можна прыгатаваць самастойна. Але, вядома, лепей гэта зрабіць загадзя. Толькі пасля таго, як месца ўкусу прадэзінфікаванае, можна нанесці адцягваючы бальзам ці лячэбную мазь.

Другое правіла – не ціснуць у месцы ўкусу, бо калі насякомае ўвяло свой яд, ціск толькі глыбей «уваб'е» яго ў навакольныя тканкі, і месца ўкусу будзе балець і чухацца мацней.

Трэцяе правіла – не расчэсваць месца ўкусу, бо гэта шматкроць павялічвае рызыку інфікавання ранкі.

Чацвёртае правіла – калі ў ранцы засела джала насякомага альбо галоўка кляшча пры няўдалым яго выманні, трэба дастаць іншароднае цела з дапамогай папярэдне апрацаванай антысептыкам іголкі, як звычайную стрэмку. Затым месца ўкусу неабходна апрацаваць антысептычным сродкам.

Народныя метады дапамогі пасля ўкусу насякомых

Укусы насякомых. Народныя сродкі.

Тэма не будзе цалкам раскрытая, калі не ўзгадаць народныя метады першай дапамогі пры ўкусе насякомых, якія нярэдка перадаюцца, як сямейная рэліквія, з пакалення ў пакаленне.

Чым толькі не раяць мазаць месца ўкусу, каб супакоіць сверб, зняць ацёк, прыбраць пачырваненне: содавым растворам, зубной пастай, смятанай альбо кефірам, сталовым воцатам ды інш. Штосьці з іх сапраўды прыносіць адчувальную палёгку, а штосьці не дае абсалютна нічога, акрамя эфекту самаўнушэння.

Алег Кендзенкоў:

– Народныя сродкі дапамогі пры ўкусе насякомых можна аднесці да адцягваючых метадаў. Але не ўсе з іх аднолькава карысныя. Напрыклад, мятная зубная паста паніжае адчувальнасць скурных рэцэптараў да тэмпературы, за кошт чаго ствараецца адцягваючае адчуванне халадку. 9-працэнтны харчовы воцат і спірт, выпараючыся, забіраюць цяпло з паверхні скуры, таму таксама ствараюць адчуванне прахалоды.

Укусы насякомых. Ці дапамагае раствор соды.

Больш цікавы механізм дзеяння мае содавы раствор. Эксперт тлумачыць: пры ўкусе насякомага ўзнікае лакальны запаленчы працэс. А любы працэс запалення звязаны з выдзяленнем кіслых радыкалаў, якія таксама спрыяюць узнікненню свербу, пачырваненню, болю і ацёку.

Раствор соды, наадварот, мае слабашчолачную рэакцыю і нейтралізуе дзеянне кіслотаў, якія ўдзельнічаюць у працэсе запалення. Таму тэарэтычна содавы раствор сапраўды можа прынесці палёгку пры ўкусе насякомых.

Нядрэннай цеплаёмістасцю валодае смятана, і калі яе дастаць з халадзільніка і памазаць месца ўкусу, дык адчуванне холаду будзе дапамагаць звужэнню сасудаў і зніжэнню распаўсюджвання працэсу. Праўда, адцягваючага эфекту хопіць зусім ненадоўга – роўна да таго часу, пакуль смятана не нагрэецца да пакаёвай тэмпературы.

Больш за тое! Што смятана, што кефір – бялковыя прадукты. Калі ў месцы ўкусу ёсць бактэрыі, іх стане яшчэ больш. Таму менавіта гэтым спосабам Алег Кендзенкоў вельмі не раіць карыстацца.

Алег Кендзенкоў:

– Галоўнае, што неабходна запомніць: народныя сродкі, як і аптэчныя прэпараты з групы адцягваючых, проста палягчаюць непрыемныя сімптомы пасля ўкусу насякомых, але не лечаць. Калі мае месца алергічная рэакцыя, яны бескарысныя. Таму ў хатняй аптэчцы, асабліва ў перыяд павышанай актыўнасці насякомых, абавязкова трэба мець гарманальную і/альбо антыгістамінную мазь і антыбіётык даксіцыклін (на выпадак прафілактыкі пры ўкусе кляшча).

Падрабязна пра першую дапамогу і антыбіётыкапрафілактыку пры ўкусе кляшча чытайце ў наступным матэрыяле >>> Як пазбегнуць укусу кляшча і прадухіліць інфікаванне

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 29

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама