29.03.2023
29.03.2023

Унікальнае месца для адпачынку. Расказваем пра адметнасці Ліпічанскай пушчы

logo
Падарожжы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Ірына Клімковіч, 
Людміла Дучыц

 Ці даводзілася вам хоць аднойчы пабываць у рэспубліканскім ландшафтным заказніку Ліпічанская пушча? Калі не, тады вы дакладна не прызнаваліся ў сваіх пачуццях на выспе Кахання пасярод ракі Шчара, не любаваліся рэдкімі раслінамі і дрэвамі, не наталялі смагу вадой з цудатворнай крыніцы, не адпачывалі пад 450-гадовым дубам…

Менавіта тут можна здзейсніць унікальнае воднае ці веласіпеднае падарожжа, пешы шпацыр па найпрыгажэйшых мясцінах Мастоўскага краю, забыцца пра гарадскую мітусню, умацаваць здароўе, спазнаць новае і пабачыць нешта неверагоднае. Пакуль павандруем віртуальна…

Ліпішчанская пушча

На тэрыторыі Ліпічанскай пушчы знаходзіцца ўнікальная група дрэў: на ўскраіне невялікага балотца блізка адно да аднаго растуць алешына, ясень, белая і чорная бярозы.

Чорная бяроза — дрэва, занесенае ў Чырвоную кнігу, якое вельмі рэдка сустракаецца ў Беларусі. У Ліпічанскай пушчы іх зафіксавана ўсяго шэсць. Пра гэтае месца пушчанскія жыхары расказваюць прыгожую легенду.

Калісьці ў вёсцы непадалёк жыла маці і дзве яе дачкі — бялявая ды чарнявая. Пакахалі яны аднаго хлопца з суседняй вёскі. А хлопец не мог абраць, якая з іх мілейшая. Прызначаў абедзьвюм спатканні на беразе невялікага балотца за вёскай. Аднойчы сёстры прыйшлі на ўмоўленае месца адначасова, і падман раскрыўся. Ад роспачы сталі яны бярозамі — адна белай, а другая чорнай. Даведалася маці — прыйшла на бераг балота, доўга плакала, пакуль не стала каля іх вольхай. А хлопец ператварыўся ў ясень, што стаіць убаку ад трох пераплеценых галінамі дрэў — алешыны ды бяроз.

Востраў кахання

З маста каля вёскі Шымкі адкрываецца цудоўны від на Шчару і «выспу Кахання». Назва тлумачыцца проста — абрысамі выспа нагадвае сэрца. Кажуць, што ў ранейшыя часы сюды з навакольных вёсак прыходзілі маладыя, каб замацаваць саюз моцным пацалункам. Разгледзець выспу лепш за ўсё атрымаецца зімой або ранняй вясной у паводку, пакуль левую пратоку не закрыла трава.

Адметнасць ландшафтнага заказніка — і поймавыя дубравы, якім па некалькі стагоддзяў. Іх можна ўбачыць каля стаянкі «Шасцілы» і побач з вёскай Стукалы ў пойме Нёмана. Па меры набліжэння да вусця Нёмана і Шчары лес мяняецца, становіцца ўсё больш узроставым. Сустракаюцца дрэвы-старажылы, якім да 450-500 гадоў, дыяметр асобных дрэў дасягае 3,6 м.

Шчара

Існуе меркаванне, што назва вёскі Стукала паходзіць ад прозвішча Стукала. Альбо яшчэ кажуць, што некалі ў навакольных лясах першыя пасяленцы пілавалі хвоі і рабілі на продаж зрубы хат. Тады тут паўсюль разносіўся стук сякер і звон пілаў. Калі каму-небудзь быў патрэбны новы дом, то ён ішоў на стук.

Па шляху ракі Шчары знаходзіцца вёска Русакова, дзе месцяцца царква і Сястрыцтва ў гонар Святога Амброзія Опцінскага. У 2006 годзе будынак былой школы ў вёсцы быў рэканструяваны і ператвораны ў храм.Адначасова адбывалася і ўладкаванне манастыра. Першыя сёстры пасяліліся ў невялікай драўлянай хатцы, якая з часам была пераабсталявана і пашырана.У ёй размясціліся манаская трапезная, бібліятэка, гасцёўня, келлі для сясцёр.За гады існавання Сястрыцтва добраўпарадкавала яшчэ шэсць дамоў пад жылыя і гаспадарча-бытавыя памяшканні: келлі для сясцёр і паломнікаў, кухню, летняя і зімовая трапезныя, пральню, швейную майстэрню, памяшканні для працы з лекавымі зёлкамі.

Ліпічанская пушча 2

Сёстры збіраюць лекавыя травы ў наваколлі, а таксама самі вырошчваюць іх, робяць сушку і апрацоўку сыравіны. Па манастырскім рэцэпце рыхтуюць мазі і зборы з зёлак, якія выкарыстоўваюцца для лячэння хвароб вен, суставаў, скураных захворванняў, а таксама антыалкагольныя і антытаксічныя настоі. Паслушніцы дапамагаюць кожнаму, хто сюды звяртаецца. Сёстры-насельніцы яшчэ і духоўная падтрымка для русакоўцаў.

Якая на смак беларуская гарбата? Традыцыі заварвання і ўжывання травяных збораў

З левага боку Шчары, на тэрыторыі Мастоўскага раёна, ёсць вёска з назвай Шчара. У пісьмовых крыніцах яна згадваецца ў ХV стагоддзі. У вёсцы існавала вельмі старая Троіцкая царква, якая згарэла ў 1942 годзе. У даўнія часы ў царкве знаходзіўся цудатворны абраз. У ХІХ стагоддзі рэдка хто з мясцовых жыхароў навакольных паветаў хоць раз у жыцці не прыходзіў пакланіцца яму. Шанавалі абраз і праваслаўныя, і католікі.

Царква Святога Амброзія опцінскага

Крыху далей ад царквы, у яры высокага берага Шчары знаходзіцца крыніца, якую найбольш ўшаноўваюць і па сёння — на другі дзень Троіцы. Да нашага часу ў гэты дзень вада лічыцца асабліва лекавай і, паводле павер’яў, дапамагае ў асноўным ад хвароб вачэй. Цяпер крыніца добраўпарадкаваная, ўстаноўлены крыж, пабудавана купель. Крыніца мае назву Святатроіцкая. Кажуць, што так яе назвалі ў гонар храма, спаленага немцамі ў гады Другой сусветнай вайны. Падчас знішчэння храма ворагі застрэлілі святара. Па легендзе, пасля трагедыі на гэтым месцы забруіла крыніца.

Святатроіцкая крыніца

Апроч гэтай легенды існуе шэраг іншых легенд пра з’яўленне крыніцы. Паводле адной з іх, запісаных этнографамі яшчэ ў ХІХ стагоддзі, некалі «пан Езус плыў на століку (лавачцы) па Нёману і Шчары. Людзі выйшлі і знялі Езуса, а столік паплыў далей...» Хутчэй за ўсё гэтая легенда згадвае скульптурку Хрыста, якая, паводле некаторых звестах, калісьці знаходзілася каля крынічкі.

Мясцовыя старажылы расказваюць і такую легенду: па рацэ ішла баржа. У нейкі момант яна села не мель, і ссунуць яе ўжо не было сіл. Людзі пайшлі ў бліжэйшую царкву, у якой быў цудатворны абраз, і здзейснілі малебен. І баржа лёгка ссунулася з месца. Было гэта на другі дзень Сёмухі. З тых часоў з зямлі пачала біць крыніца.

Ведзьміна затока на Шчары

Вада ў крыніцы надзіва чыстая і халодная, не замярзае нават у самыя лютыя маразы. Вераць, што яна вылечвае самыя цяжкія хваробы. Народная сцежка да крыніцы не зарастае. На свята Вадохрышча тут асабліва шматлюдна.

Апроч таго, дзякуючы шматлікім затокам, рукавам і старыцам Шчары, тут можна сустрэць лася або аленя, якія выходзяць на вадапой, убачыць птушак і жывёл з ліку «чырвонакніжнікаў». А калі вам пашанцуе, то ў адной з заток вы можаце ўбачыць белую цаплю ці чорнага бусла. Блізка да сябе ён вядома ж не падпусціць, але нават на адлегласці можна будзе разгледзець яго ярка-чырвоную дзюбу на фоне чорных крылаў.

Чорны бусел

Словам, Ліпічанская пушча – унікальнае месца для актыўнага і пазнавальнага адпачынку на прыродзе.

https://bel.24health.by/nevyadomaya-belarus-kudy-paexac-kab-palyubavacca-pryrodaj-netypovaj-arxitekturaj/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0