08.06.2019
08.06.2019

«Пра нашу прафесію шмат анекдотаў, але ўролагам насамрэч не смешна» (+відэа)

logo
Асобы i лёсы
0 178
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Уролаг і вядомы instagram-блогер Антон Главінскі распавёў праекту «Урачы таксама людзі» нашага партнера партала "Здоровые люди", навошта ён кожную гадзіну прысядае па 10 разоў, што дарыць дактарам замест каньяку і чаму ўролагі на першым месцы па суіцыдах.

Урач таксама раскрыў ашаламляльныя прафесійныя факты, як эрэкцыя звязаная з сэрцам і ці вінаватыя мужчыны ў замерлай цяжарнасці сваіх жонак.

Ітэрвью з уролагам

Ніколі не была ва ўролага, таму цікава, як праходзіць прыём, што і як вы аглядаеце?

– Прыём ва ўролага – малапрыемны занятак, для мужчын гэта наогул дзікі стрэс. Асабліва агляд прастаты, яны маральна да гэтага не гатовыя. Таму я імкнуся напоўніць свой прыём гумарам і кажу ў такіх выпадках: «Расслабцеся і ні ў якім разе не атрымлівайце задавальненне». З жанчынамі нічога страшнага не адбываецца, хаця многія здзіўляюцца, калі бачаць у кабінеце гінекалагічнае крэсла. Акрамя агляду, праводжу УГД-дыягностыку. Гэта паўнавартасны прыём ва ўролага.

Адзін з метадаў даследавання ва ўралогіі – спермаграма. Што яна паказвае і як яе чытаць?

– Спермаграма паказвае верагоднасць наступлення цяжарнасці ад канкрэтнага мужчыны. Калі сперматазоідаў шмат, яны рухомыя – шанцы высокія, і наадварот. Сёння з'яўляюцца і іншыя цікавыя метады. Напрыклад, тэст на фрагментацыю ДНК, які паказвае на мужчынскі фактар невыношваемасці цяжарнасці. Калі цяжарнасць спыняецца, усе думаюць, што праблемы ў дзяўчыны. Але калі мужчына знаходзіцца ў стрэсе, вядзе нездаровы лад жыцця, яго ДНК змяшчае вялікую колькасць парываў. Гэта таксама ўплывае на працэс выношвання. Ведаючы гэта, мы можам дапамагчы мужчынам лячэннем, а парам – зачаць і вынасіць дзяцей.

Пра гідлівасць і мараль

Уролаг і вядомы instagram-блогер Антон Главінскі

Якую самую жудасную карціну вы назіралі ў пацыента?

– Мне як мужчыну страшней за ўсё ўспамінаць запушчаны рак палавога члена. Пухліна была каля 5 см у самай квінтэсенцыі мужчынскай існасці. У дадзеным выпадку орган трэба выдаляць, і якасць жыцця вельмі падае. Таму ў тым ліку я выказваюся за абразанне: яно зніжае рызыку развіцця раку палавога члена. Я асабіста ўжо зрабіў сотні абразанняў пацыентам па медыцынскіх паказаннях.

Ці ўзнікала ў вас калі-небудзь гідлівасць да пацыентаў?

– Не, у мяне гэтае пачуццё прытупленае. Бывае, часам не па сабе, калі бачыш чалавека, які запусціў захворванне, не выконвае гігіену, зарос увесь кандыломамі. Але гэта не гідлівасць. Спецыяліст хірургічнага профілю не можа яе адчуваць, інакш яму няма чаго рабіць у прафесіі.

Ці хацелася вам калі-небудзь памаралізаваць на тэму бязладнага жыцця пацыента?

– Маралізаваць дакладна не, але растлумачыць, чаму так адбылося, і даць пару слушных парадаў можна: ведзяце такі лад жыцця – тады правярайцеся раз у паўгода, перасцерагайцеся. Калі маралізаваць, пацыент махне рукой і сыдзе. Я ж не псіхолаг і яго не выпраўлю. Я гатовы маралізаваць з пацыентам, які не хоча займацца дыягностыкай таго ж раку прастаты, бо гэта, маўляў, непрыемна. У такіх выпадках кажу, што рак прастаты – самы часты ў мужчын, і калі ён разаўецца, давядзецца адрэзаць вашу машонку, каб прыбраць тэстастэрон з арганізма. І, паверце, далей вам нецікава будзе жыць. І тады людзі згаджаюцца на агляд. Трэба не маралізаваць, а правільна матываваць. Я і акаунт у instagram завёў, каб пэўныя пытанні на пальцах тлумачыць.

Ці прынёс блог вам нейкую карысць? Кліентаў больш стала?

– У мяне ніколі не было мала кліентаў. Пытанне ў іншым – як справіцца з гэтым патокам.

Пра ўмовы працы

Уролаг і вядомы instagram-блогер Антон Главінскі

Чаму вы пайшлі з дзяржаўнай аховы здароўя?

– Па-першае, мне складана працаваць у сістэме, дзе ты не можаш уплываць на многія працэсы, фарміраваць зручны і эрганамічны працоўны графік, каб рэальна дапамагаць людзям. Па-другое, «ільвам відавочна не дакладваюць мяса». Хочацца жыць годна, укладваць у прафесійнае самаразвіццё.

Колькі гадзін у дзень вы працуеце?

– У сярэднім 13 гадзін, з 8.00 да 21.00.

У дзяржустановах у вас была такая ж высокая нагрузка?

– Вядома. Статыстыка Міністэрства аховы здароўя кажа, што беларускі ўрач у сярэднім працуе на 1,4 стаўкі. Адна стаўка – 170 гадзін + 0,4 стаўкі, у сярэднім атрымліваецца 230 гадзін. Таму гэта стандартная нагрузка ў нашай сістэме.

У прыватным медцэнтры ваш заробак залежыць ад колькасці пацыентаў?

– Ад колькасці і якасці. У прыватных цэнтрах вядзецца жорсткі кантроль якасці: праглядаюцца гісторыі пацыентаў, прызначэнні ўрача, захаванне пратаколаў. Праўда, я стараюся ўжываць новыя веды, якія не ўпісваюцца ў фармат нашых пратаколаў. Але гэта навукова абгрунтаваныя падыходы, і ў нас стагоддзе доказнай медыцыны. Лічу, што пацыенту трэба даваць усе магчымасці ачуняць, нават калі яны не ўваходзяць у стандартныя айчынныя пратаколы.

Пра эміграцыю

У водгуках адзін ваш пацыент з ЗША зрабіў камплімент вашай англійскай мове. Вам яна часта патрэбная для працы? І як яе вывучалі?

– У дзень пару англамоўных пацыентаў прыходзяць на прыём. Я лічу, што для доктара неабходнае веданне моў, хаця б англійскай. Нядаўна сутыкнуўся з франкамоўным пацыентам, і англійская мне ніяк не дапамагла. Таму хачу вывучыць яшчэ пару моў. Бачу перспектыву ў вывучэнні кітайскай, напрыклад. Англійскую вучыў у школе і медуніверсітэце, і мне гэтага хапіла. Галоўнае – не баяцца размаўляць. У першы раз, калі я прыехаў на міжнародную канферэнцыю, мне страшна было нават пытанне задаць. Думаў – мяне засмяюць. Але калі пачуў, як прадстаўнік афрыканскай краіны кажа на жудаснай ламанай англійскай і яму ўсё кажуць: «good question», зразумеў, што я проста бог англійскай. І тады мяне панесла.

Мяркуючы па рэзюмэ, вы аб'ездзілі шмат краін, наведваючы розныя сімпозіумы і кангрэсы. Хацелася дзесьці застацца?

– Была справа. Мне вельмі спадабалася ў Швецыі. Але пакуль у мяне няма выразнай мэтанакіраванасці кудысьці эміграваць. Пераезд – гэта нялёгкае рашэнне. Праўда, пасля таго, як выслухаў аднагрупнікаў, якія працуюць за мяжой, падумваю: а можа, усё ж такі паспрабаваць?!

Калі б вы атрымалі паўнамоцтвы, што перш за ўсё памянялі б у сістэме аховы здароўя, каб вашы калегі не з'язджалі?

– Трэба ў корані змяняць сістэму аплаты працы ўрачоў, бо мы губляем сёння лепшых спецыялістаў. Замежныя рэкрутынгавыя кампаніі пераманьваюць нават тых, хто і не думаў пра пераезд.

У нас ёсць усё для таго, каб было добра і доктару, і пацыенту. На мой погляд, на дадзеным этапе не трэба будаваць шмат новых бальніц і закупляць часам непатрэбнае абсталяванне. Варта вырашаць у першую чаргу кадравае пытанне. Я кожную нядзелю прымаю пацыентаў з усёй краіны, і людзі кажуць, што ў рэгіёнах няма спецыялістаў. А адкуль яны з'явяцца, калі ні жылля, ні грошай, ні перспектыў? Таму галоўнае – утрымаць кадры, а затым ужо заняцца іх аснашчэннем. Прычым забяспечваць не толькі новым абсталяваннем, але і расходнымі матэрыяламі. А то аўтамат ёсць, а патронаў няма. 

Пра бясплоддзе і патэнцыю

Уролаг і вядомы instagram-блогер Антон Главінскі

Чым вы тлумачыце прагрэсавальны рост бясплодных параў?

– Сядзячай працай. Нашы палавыя органы і рэпрадуктыўная сістэма сканцэнтраваныя ў тазе. Раней было як? Чалавек кудысьці ўвесь час бегаў: па карэньчык, маманта, ад драпежнікаў. Гэта значыць, працаваў нагамі. Эвалюцыйна ўладкавана так, што сэрца пампуе кроў, а ногі, скарачаючы мышцы і сціскаючы вены пад імі, як другая помпа, пампуюць кроў ад ніжняй паловы тулава наверх. Гэта збалансаваны краваток. Але ў апошнія 50 гадоў офіснай працы чалавек сеў у крэсла і адну помпу выключыў. Сэрцу складана перапампаваць кроў знізу ўверх, і частка яе застойваецца ў тазе, дзе сустракаюцца ўсе вянозныя сістэмы.

Сілкаванне органаў адбываецца па метадзе аднакалейнай чыгункі: каб прыйшла свежая кроў з кіслародам, павінна сысці старая з вуглякіслым газам. А як яна сыдзе, калі на выездзе пробка? Сядзячы лад жыцця зніжае кровазабеспячэнне рэпрадуктыўнай сістэмы, якасць і ўзровень дзялення клетак. Гэтым я і тлумачу вялікую колькасць бясплодных параў. Мардаваць сябе трэніроўкамі ў спартзале пасля офіса – не выйсце. Калі ты нават да працы і пасля прабег марафон, гэта ніякім чынам сітуацыю не выратуе, калі потым 8 гадзін ты прасядзеў на крэсле. Таму я ўсім пацыентам раю: прыйшлі на працу – пастаўце таймер і рабіце 10 прысяданняў кожную гадзіну. Прапампуйце кроў, насычайце кіслародам таз, гэта паменшыць колькасць праблем мінімум у два разы. Я сам прысядаю. Гэта карысна рабіць не толькі мужчынам, але і жанчынам, бо тазавы варыкоз – праблема ўнісэкс.

Анколагі адзначаюць, што аральны сэкс – фактар рызыкі. Напрыклад, рак гартані можа быць выкліканы вірусам папіломы чалавека, заражэнне якім адбываецца пры такім сэксе. Ва ўралогіі гэта таксама фактар рызыкі?

– Падчас аральнага сэксу можна заразіцца не толькі ВПЧ, але і хламідыямі, бледнай трэпанемай і іншымі інфекцыямі. Многія пацыенты дзівяцца, калі я пытаюся, ці быў аральны сэкс з прэзерватывам. Калі партнёр малазнаёмы, лепей, каб сэкс быў абароненым. Нездарма ж прыдумалі прэзерватывы з клубнічным смакам.

Ці праўда, што калі няма патэнцыі – значыць, праблемы з сэрцам?

– Такая карэляцыя ёсць. Капіляры ў палавым члене абсалютна ідэнтычныя па дыяметры і будове капілярам, якія сілкуюць сардэчную мышцу і галаўны мозг. І парушэнне эрэкцыі – важны прэдыктар будучых сасудзістых катастроф. Гэта навукова даказаны факт. Таму пацыентам з застойнымі прастатытамі я выпісваю віягрападобныя прэпараты ў малых дозах для стымуляцыі кровазвароту. Яны і сардэчную мышцу падлатаюць, і ў палавой сістэме добры краваток будзе.

Ці патрэбныя, па-вашаму, у школах урокі сэкс-асветы для прафілактыкі ўралагічных праблем?

– Патрэбныя. У 10-11 класах вельмі важна растлумачыць, што да чаго, якія ёсць рызыкі, як бяспечна гэтым займацца. З намі альбо без нас дзеці пра гэта даведаюцца. Дык няхай лепей ад нас у патрэбным ключы, чым ім пра гэта раскажуць кінематаграфісты парнаграфічнага плана. Порнафільмы не маюць нічога агульнага з рэальным жыццём, таму ў тых, хто іх глядзіць, можа ўзнікнуць эрэктыльная дысфункцыя. І ў маладых людзей яна даволі часта сустракаецца.

Пра пацыентаў

У адным з водгукаў пацыент назваў вас «пяцізоркавы практык». Вам падабаецца такі эпітэт?

– З улікам таго, што кожны ўролаг любіць каньяк, гучыць нядрэнна. Але гэта, вядома, жарт. Я лічу, што дарыць алкаголь доктару – не лепшая ідэя. Сам прыйшоў па здароўе, а вы, маўляў, доктар, труцьцеся. Адзін мой пацыент неяк падараваў мне велізарную банку вітамінаў са словамі: «Вам жа, напэўна, усе каньякі дораць, а я трохі здароўя прынёс». Вось за гэта – дзякуй.

Здараецца, што вы не ведаеце, што ж з пацыентам, а потым раптам асяняе?

– Адкрыцці бывалі, і не раз. Як правіла, выпадкова. Прызначаць пацыентам аналіз, і раптам у галаве мільгае артыкул з PubMed. Гэта англамоўны агрэгатар медыцынскіх ведаў, своеасаблівы спецыялізаваны google. У артыкуле былі рэкамендацыі, я іх ужыў – і спрацавала! Нездарма сядзеў, чытаў. У тыдзень я 5-6 гадзін надаю чытанню артыкулаў, манаграфій, метададзеных па спецыяльнасці. Гэта рэальна дапамагае.

Вы праводзіце аперацыі?

– Я займаюся малымі аперацыямі на машонцы, па выпраўленні набытага скрыўлення палавога члена (хвароба Пейроні). Хаця стараюся лячыць гэтую паталогію кансерватыўна, каб аперацыя не спатрэбілася. Можа быць, напішу дысертацыю, бо праблема вострая, але мала хто ёй займаецца.

З-за чаго адбываецца гэтае скрыўленне?

– Як правіла, з-за мікратраўмаў. Поза, калі жанчына зверху, самая страшная для мужчыны, бо ён не кантралюе сітуацыю, і можна злёгку «ламануць» орган. А гэта прыводзіць да ўтварэння паталагічнага рубца.

Паталогія сустракаецца ў сярэднім у 20% мужчын. Проста альбо яна клінічна нязначная, альбо пацыент не звяртаўся.

15 градусаў налева-направа часам можа быць канкурэнтнай перавагай у палавым жыцці. Быў у мяне пацыент, у якога орган быў крыху скрыўлены налева, а ён хацеў прама. Але калі выправілі, ад яго жонка сышла. Маўляў, такі быў адзін, а цяпер – як ва ўсіх.

Пра мінусы прафесіі

Уролаг і вядомы instagram-блогер Антон Главінскі

У адным інтэрв'ю вы сказалі, што ваша прафесія лічыцца небяспечнай: у Беларусі некалькі вядомых уролагаў былі забітыя пацыентамі. Што гэта за гісторыі?

– Было некалькі такіх сітуацый. Аднаго вядомага ўролага пацыент застрэліў з абрэза прама ў кабінеце. Іншаму доктару пацыент горла перарэзаў па дарозе з бальніцы.

Кант казаў, што мочаспусканне – гэта адзінае задавальненне без згрызотаў сумлення. І калі яно ды іншыя фізіялагічныя акты прыносяць адзін толькі боль, гэта можа выклікаць моцную дэфармацыю асобы. І чым больш прафесійны доктар, тым большая рызыка негатыўнай рэакцыі, бо пацыент ускладае на яго апошнюю надзею. І калі нешта не атрымалася, можа быць такая «помста». Наша праца псіхалагічна вельмі складаная. Я нядаўна прачытаў, што па колькасці суіцыдаў уролагі на першым месцы сярод урачоў. Выгаранне моцнае.

Пацыенты знясіленыя сваім болем і праблемай. Да іх трэба падабрацца псіхалагічна, каб яны даверыліся. Таму і шмат гумару, пазітыву на прыёме, каб чалавек па-іншаму паглядзеў на сваю праблему, разняволіўся.

У вас асабіста было выгаранне?

– Я з ім пастаянна змагаюся. Імкнуся мець стасункі з сябрамі, роднымі, займацца спортам (хаця і рэдка). Часам, на жаль, даводзіцца і антыдэпрэсанты ўжываць. Аднаго пазітыву мала… 

Фота – Генадзь Сукач.

Відэа – Генадзь Сукач і Ганна Кручкова.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 178

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).