21.03.2021
21.03.2021

Усе мы родам з дзяцінства. Сёння – Міжнародны дзень лялечніка

logo
Думкі ўслых
0 048
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Па праўдзе, калі пачала шукаць інфармацыю пра гэтае свята, якое зазвычай чамусьці пралятае міма мяне… Толькі чую краем вуха ды бачу краем вока… Дык даведалася, што называюць яго па-рознаму. Міжнародны дзень лялечніка, Сусветны дзень лялечніка, Міжнародны дзень тэатра лялек… А па-ангельску і ўвогуле ў аргінале – World Puppetry Day.

Лялечнікі.Міжнародны дзень лялечніка.

Але хіба ж галоўнае – назва? Галоўнае – яны, добрыя чараўнікі, якія штораз дораць свята не толькі дзеткам, але і дарослым. І пра аднаго з іх, майго добрага сябра, маю гонар распавесці. Гэта намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа, мастацкі кіраўнік народнага тэатра «Батлейка» Канстанцін Петрыман. Уласна кажучы, з яго сёлетняга допісу ў сацыяльнай сетцы я пра дату гэтага свята і даведалася. Дзякуй, Косця, за падказку! 🙂

Нашы ўважлівыя чытачы, мабыць, прыгадаюць, што пра Канстанціна Петрымана і яго выхаванцаў я распавядала ўжо. Напачатку 2020-га года мне пашчасціла пабываць на Калядным фестывалі батлеечных і лялечных тэатраў «Нябёсы» ў Мінску  і нарэшце пабачыць на свае вочы рэканструяванае прадстаўленне «Калядна» народнага тэатра «Батлейка» з г.п.Мір.

Усім, хто не чытаў альбо трохі забыўся, пра што там, вельмі раю перайсці па спасылцы і прачытаць матэрыял. Бо цікавай інфармацыі ад Канстанціна Петрымана там вельмі шмат. А я пакуль адыдуся ад тагачасных уражанняў і прыгадаю нашае знаёмства з добрым лялечнікам-батлеем. 🙂

Лялечнікі. Міжнародны дзень лялечніка. Батлейка з г.п.Мір.

Напачатку (адзнака гэтага часу!) яно было віртуальным. А пазнаёміліся мы на адной з блогерскіх пляцовак, дзе Канстанцін пачаў распавядаць якраз-такі пра батлеечную справу. Я, вядома ж, зацікавілася. Плюс беларуская мова майго субяседніка… Пачалі стасавацца.

А падчас майго кароткага адпачынку ў Нясвіжы-Міры мы сустрэліся. І колькі ж цікавостак я пачула ад Канстанціна! Пабыла таксама і ў зале са сцэнай Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа, патрымала ў руках старыя лялькі, у якіх, здаецца, сапраўды ёсць свая душа…

А калі давялося пабачыць і пачуць Канстанціна Петрымана падчас падрыхтоўкі да прадстаўлення, а затым і падчас яго… Адразу зрабілася зразумелым і тое, што ён – з кагорты сапраўдных Настаўнікаў, і тое, чаму яго так паважаюць і любяць навучэнцы, частка з якіх – альбо сіроты, альбо «цяжкія».

Лялечнікі. Міжнародны дзень лялечніка. Батлейка з г.п. Мір.

Тры дзяўчыны, хлопец і сам Канстанцін… Гэта іх галасамі гавораць лялькі… Гэта іх душу і сэрца маюць… І ажываюць яны толькі ва ўмелых добрых руках… Але гэта – не першае і, спадзяюся, далёка не апошняе пакаленне батлей з Мірскага каледжа.

Дазволю сабе працытаваць допіс Канстанціна Петрымана: «Заўсёды чамусьці ўспамінаецца, як няўлоўна перайначваюцца акцёры-падлеткі падчас працы з лялькай, як, «лепячы» яе характар, перакрэмзваюць і свае погляды, стаўленне да свету, да людзей, да спадчыны свайго народа. Прычым дзесьці губляецца той «бандыт» з «непрычасаным характарам», а застаюцца цёплыя адчуванні ад добрых завідкаў калег: «Дзе вы іх бераце, такіх класных?!» Ды нідзе, самі яны такія. Проста лялечная справа прымусіла іх убачыць і сябе практычна візуальна, збоку, падштурхнула да нейкай асаблівай эвалюцыі! І сёння вось допісы цякуць у месэнджары: хто ў перапынках паміж заняткамі ў акадэміі МУС, хто, адвіхнуўшыся ад кампа, запісваючы навамодныя электронныя рытмы музыкі, хто – ад каструлі на рэстараннай кухні, гатуючы нейкія там прысмакі. Пішуць – і кожны турбуецца: ну як там, пасля нас, ці годна ўсё, а як што – мы ж заўсёды гатовыя! Ведаю, сапраўды гатовыя, толькі свісні! 🙂 І супакойваю, што годныя ў нас батлеі, а інакш не бывае, бо лялька не пацерпіць фальшы».

Са святам цябе, Канстанцін! Са святам усіх тваіх батлеяў – былых, цяперашніх і нават будучых! Пабольш вам новых прадстаўленняў, удзячных гледачоў, вялікіх сцэнаў, гучных апладысментаў!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 48

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.