25.01.2020
25.01.2020

Усе смакі жыцця – у халадзільніку. Псіхатэрапеўт пра кампульсіўнае пераяданне

logo
Здароўе дарослых
0 53
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Многія ўжо ведаюць пра нервовую анарэксію і булімію. Да гэтага спісу папулярных расстройстваў харчовых паводзінаў дадалося яшчэ адно – кампульсіўнае пераяданне. Нядаўна яно ўвайшло ў абноўленую Міжнародную класіфікацыю хваробаў – МКБ-11.

Чым кампульсіўнае пераяданне адрозніваецца ад звычайнага абжорства, чаму небяспечна «заядаць» свае эмоцыі і як справіцца з хваробай, распавяла псіхатэрапеўт, асістэнт кафедры псіхіятрыі з медыцынскай псіхалогіяй БДМУ, сябра Беларускай псіхіятрычнай асацыяцыі Таццяна Раманоўская.

Што такое кампульсіўнае пераяданне и чаму яно адбываецца?

Кампульсіўнае пераяданне (КП) — гэта прыступы, пры якіх за адносна невялікі прамежак часу спажываецца вялікая колькасць ежы і пры гэтым ёсць адчуванне страты кантролю. Пасля прыступу, які часам можа доўжыцца ўвесь дзень, чалавек адчувае пачуццё віны, незадаволенасці сабой. Расстройствам такія паводзіны можна лічыць, калі яны паўтараюцца не менш за два разы на тыдзень на працягу некалькіх месяцаў.

Сярод людзей з залішняй вагой кампульсіўнае пераяданне сустракаецца ў 8-10%, а сярод тых, хто звяртаецца па дапамогу ў зніжэнні вагі, – у 25-50%. Варта адрозніваць геданістычнае і кампульсіўнае пераяданне. Пры геданістычным чалавек проста любіць паесці, працэс пераядання дастаўляе задавальненне і толькі часам лёгкія пакуты сумлення: з'еў патэльню смажанай бульбы – «нічога страшнага, заўтра буду худнець». А пры кампульсіўным пераяданні цяжка спыніцца, узнікаюць праблемы з якасцю і колькасцю ежы. Адчуваючы фізічны і псіхічны дыскамфорт, чалавек працягвае есці. Гэта не бязволле, як думаюць некаторыя, а расстройства харчовых паводзінаў, якое трэба лячыць.

Кампульсіўнае пераяданне можа развівацца ў падлеткавым перыядзе, калі пачынаюцца першыя эксперыменты з дыетамі, якія нярэдка прыводзяць да нервовай анарэксіі або нервовай буліміі. Пазней гэтыя абмежавальныя паводзіны прыводзяць да адваротнага – да пераядання і набору вагі, паколькі, у адрозненні ад нервовай буліміі, пацыенты не звяртаюцца да ачышчальнай практыкі (не выклікаюць ваніты, не прымаюць слабіцельнага, не знясільваюць сябе трэніроўкамі).

Расстройства можа сфарміравацца ў падлеткаў, чые бацькі часта выкарыстоўваюць дыеты або ў сваёй гісторыі маюць праблемы харчовых паводзінаў, транслююць ідэі пра каштоўнасць маленькай вагі. Або калі дзеці растуць у атмасферы эмацыянальнага і псіхалагічнага гвалту. Такім чынам яны «заядаюць» стрэс. Гэта кампенсатарны механізм, каб справіцца з пачуццём адзіноты, трывогі, турботаў.

Часта кампульсіўнае пераяданне ўзнікае як адказ на дэпрэсіўны стан.

У старэйшым узросце бескантрольны прыём ежы таксама служыць механізмам, што дазваляе справіцца з эмацыянальнымі перажываннямі, не абавязкова траўматычнымі. Гэта могуць быць аднастайнасць, нуда, адсутнасць задавальненняў. Чым меней чалавек «корміць» сябе іншымі эмоцыямі, тым большым «сябрам» яму робіцца халадзільнік, у якім можна знайсці разнастайныя смакі, якія адсутнічаюць у жыцці. Або ў халадзільніку шукаюць «хатняга псіхатэрапеўта». Да прыкладу, муж п'е, а жонка «закусвае»: у пастаянных турботах чакаючы яго вечарамі, яна кампульсіўна з'ядае, да прыкладу, пачкі печыва.

Яшчэ адна прычына – складанасць з выказваннем пачуццяў, калі чалавек не распазнае або адмаўляе свае эмацыянальныя перажыванні, не ўмее з імі спраўляцца, не мае падтрымкі, не можа выказацца.

Кампульсіўнае пераяданне. Не – глутамату натрыю!

Кампульсіўнае пераяданне можа ўзнікнуць і на фоне харчовых звычак. Да прыкладу, адзін ці два прыёмы ежы ў дзень, тады голад правакуе кампенсатарнае пераяданне. Таксама цяжка кантраляваны прыём ежы могуць справакаваць каўбасы, сасіскі, сардэлькі – любая перапрацаваная ежа, насычаная глутаматам натрыю. Прадукты, багатыя на лёгказасваяльныя вугляводы, таксама стымулююць апетыт і голад, бо гэта звязана з ваганнямі ўзроўню глюкозы і інсуліну ў крыві.

Любыя дыеты для пахудання пагаршаюць сімптомы кампульсіўнага пераядання, чалавек знаходзіцца ў сістэме «голад» (дыета) – «зрыў». Гэта той выпадак, калі кажуць: мінус 3/плюс 7, феномен «арэляў вагі».

Чым небяспечнае кампульсіўнае пераяданне?

Пры кампульсіўным пераяданні чалавек злоўжывае тлустай, салодкай ежай, у сувязі з чым з'яўляецца лішняя вага і хутка развіваецца метабалічны сіндром – павелічэнне масы вісцаральнага тлушчу, парушэнне абмену рэчываў. Даказана, што кампульсіўнае пераяданне вядзе да цукровага дыябету 2-га тыпу, гіперхалестэрынеміі (анамальнае павышэнне ўзроўню халестэрыну), артэрыяльнай гіпертэнзіі.

Як дапамагае псіхатэрапія?

Кампульсіўнае пераяданне. Дапамога псіхатэрапеўта.

Псіхатэрапія – адзіны спосаб і метад лячэння кампульсіўнага пераядання. Праца ідзе ў двух напрамках:

  1. Дыетатэрапія, выбудоўванне плана харчавання. Калі чалавек пачынае раніцу з зефіру, а заканчвае варанай каўбасой, яго шанцы паправіцца невялікія, бо гэтыя прадукты не даюць насычэння. Мы навучаем дыеталагічнай граматнасці.
  2. Псіхатэрапія. Залатым стандартам у лячэнні захворвання з'яўляецца кагнітыўна-паводніцкая тэрапія. Звычайна гэта групавыя заняткі, курс доўжыцца ад 12 тыдняў да года. Адна з задачаў – навучыцца вылучаць ірацыянальныя думкі ў дачыненні да ежы, сябе, праблемных сітуацый і ўзаемадзейнічаць з імі. Ірацыянальных думак шмат: «ежа дапамагае мне расслабіцца», «садавіна – не ежа», «цукар патрэбны мозгу», «я генетычна тоўсты, таму ўсё бессэнсоўна», «нельга пасля 18.00» і г.д. Гэтыя ўстаноўкі не маюць пад сабой нічога рацыянальнага. Да прыкладу, возьмем пастулат пра шкоднасць прыёму ежы пасля 18.00. Важны сутачны калараж, а не час прыёму, наесці лішак можна і за сняданак.

Абавязкова ідзе праца з эмоцыямі: псіхатэрапеўт вучыць людзей усведамляць іх і выказваць, навучае навыкам рэлаксацыі і памяншэння эмацыянальнага дыскамфорту.

Часта да тэрапіі неабходна прыцягненне ўсёй сям'і, асабліва, калі справа тычыцца падлеткаў, якія сутыкаюцца з адсутнасцю падтрымкі і разумення. Да прыкладу, у дзяўчынкі лішняя вага, яна спрабуе нармалізаваць харчаванне, а сямейнікі ядуць пірагі і пры гэтым заклікаюць яе да сілы волі, абясцэньваюць намаганні. Гэта падрывае часта і так не вельмі моцную веру ў сябе, узмацняе праблемы з харчовымі паводзінамі. Бацькам трэба памятаць, што ў падлеткавым узросце кампульсіўнае пераяданне спалучанае з дэпрэсіямі і павелічэннем суіцыдальнай рызыкі.

Чаму такі доўгі курс?

У некаторых краінах пратаколы прадугледжваюць назіранне пацыентаў з расстройствамі харчовых паводзінаў, у тым ліку – кампульсіўным пераяданнем, на працягу 6-10 гадоў. Справа ў тым, што захворванне мае высокі ўзровень рэцыдыву.

Вельмі часта ў людзей проста не хапае навыкаў саўладання з сітуацыяй. У мяне была кліентка, якая прайшла курс лячэння кампульсіўнага пераядання, але праз пэўны час вярнулася. Аказалася, яна пачала пераядаць на працы. Кіраўніцтва паведаміла ёй, што яе пасаду скароцяць (ёй 50 гадоў, на гэтым прадпрыемстве яна прапрацавала доўгі час), а потым арганізавалі новую стаўку і папрасілі яе навучыць супрацоўніцу. Не маючы сіл адмовіць, адчуваючы крыўду, пацыентка сыходзіла ў пакой для прыёму ежы, дзе ела і не магла спыніцца. Прыём ежы быццам легалізаваў яе адсутнасць на працоўным месцы і дазваляў адцягнуць увагу. Атрымаўшы несправядлівае скарачэнне, яна за сябе не змагалася, а спрабавала «праглынуць» крыўду.

Кампульсіўнае пераяданне. Зменшыць прыступы.

Якія методыкі выкарыстоўваюцца?

Вядзенне харчовага дзённіка і дзённіка эмоцый, медытацыя, самагіпноз з пазітыўнымі ўстаноўкамі: «я сябе люблю», «я значу больш».

Большасць псіхалагічных праблемаў узнікае з-за жадання стаць лепшым, каб цябе любілі. Але калі чалавек мае праблемы сам з сабой, ён ператвараецца ў вялізную дзірку, якую не запоўніш звонку. Ён спрабуе прымусіць іншых любіць сябе, «гвалтуе» іх клопатам. «Любіце мяне, бо я добры працаўнік», «Любіце мяне, бо я прыгатавала вам суп» (які ніхто не прасіў). Таму першая ўмова – нармалізаваць стаўленне да самога сябе. Для гэтага ёсць практыкаванні, калі чалавек адказвае на пытанні, за што ён сябе паважае, шануе, што яму ў сабе падабаецца.

Пры харчовым расстройстве важнае прыняцце свайго цела. Таму рэкамендуецца штодзённае сузіранне сябе ў люстэрку ў голым выглядзе або ніжняй бялізне. Сэнс – сфарміраваць да цела адказнае неспажывецкае стаўленне: «Маё цела выглядае так, як я пра яго клапачуся, як я яго кармлю». Гэта як дзіця або хатні гадаванец. Мы ж не можам патрабаваць ад сабакі хударлявасці, калі не выгульваем яго і дрэнна кормім.

Ці патрэбнае медыкаментознае лячэнне?

Калі ў чалавека не хапае рэсурсу нервовай сістэмы, адна псіхатэрапія не дапаможа. Пры павышаным узроўні трывогі, напрыклад, выключаецца лобны аддзел галаўнога мозгу – і чалавек проста перастае кіраваць гэтым станам. Таму часам могуць прызначацца антыдэпрэсанты, якія памяншаюць трывожнасць, дэпрэсію, кампульсіўнасць (дакучлівыя прыступы).

Што рабіць родным?

Не асуджаць, не абясцэньваць, не рабіць грубыя заўвагі тыпу: «У якое месца ты ясі?» Людзі, як правіла, не звязваюць харчовыя паводзіны з псіхічным станам. А гэтая сувязь ёсць. Таму парайце роднаму звярнуцца да псіхолага або псіхатэрапеўта.

ДАРЭЧЫ

Тэст, ці маюцца ў вас прыкметы парушэння харчовых паводзінаў.   

Таксама можна прайсці галандскі апытальнік харчовых паводзінаў (DEBQ).

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 53

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).