11.03.2019
11.03.2019

Паспяховая жанчына, клапатлівая маці, узорная жонка. Тры розныя чалавекі?

logo
Сям'я
0 44
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сучаснай жанчыне мала быць прыгожай, нараджаць дзяцей і забяспечваць хатнюю ўтульнасць. Быць запатрабаванай у прафесіі, раскрыць свой асобасны патэнцыял, упэўнена ісці па кар'ернай лесвіцы, нароўні з мужчынамі забяспечваючы матэрыяльны дабрабыт і фінансавую моц сям'і, – гэтага чакаюць ад сучаснай жанчыны. І да гэтага перш за ўсё імкнецца яна сама. Прытым што «абавязак» быць прыгожай, нараджаць дзяцей і забяспечваць сямейную ўтульнасць з яе ніхто не здымаў. Падобна на тое, што ў мілых дам усё меней шанцаў называцца слабым полам.

Ці рэальна нашай сучасніцы быць паспяховай і запатрабаванай у прафесіі без шкоды для шчаслівага мацярынства і сямейных адносінаў? Чаго ёй гэта каштуе і дзе без апоры на моцнае мужчынскае плячо не абысціся?

Абмеркаванне гэтых не толькі вельмі жаночых тэмаў адбылося напярэдадні Міжнароднага жаночага дня ў Грамадскім прэс-цэнтры Дома прэсы. За круглым сталом сабраліся найярчэйшыя прадстаўніцы беларускай і замежнай жаночай супольнасці.

Кожная з іх ужо займае значнае месца ў сацыяльным і грамадска-палітычным жыцці сваёй краіны, пры гэтым з'яўляючыся ўзорнай маці і прыкладнай жонкай. Але вось свята прайшло. А актуальнасць узнятых у размове тэмаў засталася.

Дзелімся з нашымі чытачамі найбольш каштоўнымі поглядамі жанчын на вобраз паспяховай сучасніцы ў кантэксце мацярынства і сямейных каштоўнасцяў.

 
Лілія Ананіч
Намеснік старшыні ГА «Беларускі саюз жанчын», ганаровы прафесар факультэта журналістыкі БДУ
Беларускі саюз жанчын аб'ядноўвае каля 180 тысяч актыўных прадстаўніц прыгожага полу з розных рэгіёнаў краіны. У іх хапае сіл і запалу, мацярынскага клопату і спагады, каб кожны новы дзень напаўняць новым зместам, рабіць свет лепшым, святлейшым, больш справядлівым, устойлівым. Сёлета ў 11-ы раз адбыўся рэспубліканскі конкурс «Жанчына года», арганізаваны Беларускім саюзам жанчын. У ім некалькі намінацый: «Лідэрства і паспяховае кіраўніцтва», «Актыўная жыццёвая пазіцыя», «Гаспадыня сяла», «Духоўнасць і культура» і г.д. На гэты раз сярод членаў журы былі гарачыя дэбаты, бо кожная з прэтэндэнтак на тую ці іншую намінацыю з аднолькавым поспехам магла б прэтэндаваць і на ўсе астатнія. Гэта сведчыць пра тое, што беларускія жанчыны бачаць сябе актыўнымі ўдзельнікамі стварэння нашай выдатнай радзімы. Таму ў нас жаночы твар ёсць і ў журналістыцы, і ў прамысловасці, і ў парламенце, і ў міжнародных структурах... Але галоўнае – мы ў тандэме з мужчынамі (гэта вельмі важна!) паспяхова выконваем сваю галоўную місію: маці і захавальніцы сямейнага ачага.

Паводле звестак Белстата, у Беларусі пражывае больш за 5 мільёнаў прадстаўніц прыгожага полу. Каля 84% жанчын працаздольнага ўзросту занятыя ў эканоміцы краіны.

Сапраўды жаночы твар маюць сферы аховы здароўя, адукацыі, фінансавай і страхавой дзейнасці, гандлю (ад 70% да 86%). Каля 40% месцаў у беларускім парламенце займаюць актыўныя, таленавітыя і разумныя жанчыны.

 
Іаана Казана-Вішнявецкі
Пастаянны каардынатар ААН, пастаянны прадстаўнік Праграмы развіцця ААН (ПРААН) у Беларусі
У Беларусі ўзровень не толькі правоў, але і магчымасцяў у жанчын вельмі высокі. Гэта відавочна і заслугоўвае павагі. Але я хачу сказаць, што жанчына павінна займаць не менш за 30% месцаў ва ўсіх сферах. Гэта вынікі навуковых даследаванняў, і тычацца яны не толькі Беларусі. Даказана, што буйныя бізнес-кампаніі, у кіраўніцкім апараце якіх траціну займаюць дамы, прымаюць рашэнні эканамічна больш выгадныя для развіцця бізнесу і працвітання кампаніі, распрацоўваюць доўгатэрміновыя стратэгіі, якія больш паспяховыя і эфектыўныя. Жанчыны робяць вельмі важны ўклад у прыняцце верных рашэнняў. Магу сказаць, што на кіруючых пасадах арганізацый і прадстаўніцтваў ААН мужчын і жанчын 50 на 50. Але акрамя ролі ў эканамічнай складаемай у жанчын ёсць іншыя таленты ды амбіцыі. Як і ў мужчын. Але ў Беларусі, наколькі мне вядома, толькі 1% мужчын ідзе ў дэкрэтны адпачынак па доглядзе дзіцяці. Можна тут весці гаворку пра роўныя магчымасці? Чаму, калі жанчына паспяховая, у яе ўвесь час пытаюцца, як яна спраўляецца як мама і прафесіянал? Мужчынам такія пытанні не задаюць…
 
Івона Габрыэла Акімава
Намеснік Прадстаўніка ЮНІСЕФ у Рэспубліцы Беларусь
Вельмі важныя паняцці партнёрства і адносінаў. І ў гэтым кантэксце я б вяла размову не толькі пра дэкрэтны адпачынак, тэму якога закранула Іаана, але ўвогуле пра бацькоўства. Для дзіцяці вельмі важная прыхільнасць не толькі да мамы, але і да таты. Калі я была маленькай, мой тата таксама ў асноўным працаваў, а мама займалася домам. Ёсць афіцыйная статыстыка: толькі 14% татаў ва ўсім свеце чытаюць на ноч свайму дзіцяці. Мне здаецца, партнёрства ў адносінах павінна мець больш важнае значэнне. Ёсць рэчы, якія дзіцяці можа даць толькі бацька. Так што казаць пра роўнасць у бацькоўстве больш чым дарэчы. Гэта не значыць, што мамам і татам трэба памяняцца ролямі. Але трэба шукаць кампраміс, умець дамаўляцца, весці дыялог, каб сапраўды казаць пра партнёрства, узаемную павагу, пра роўныя магчымасці перад усімі.
 
Людміла Канановіч
Намеснік старшыні пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
У нашай дзяржаве дастаткова прававых нормаў, якія даюць жанчыне магчымасць сумяшчаць працу, рост па кар'ернай лесвіцы, прафесійныя дасягненні з такой вялікай роляй, не пабаюся гэтага слова, як мацярынства. Я матэматык, і таму асабіста для мяне вобраз сучаснай паспяховай жанчыны – гэта сума складальных. Па-першае, сям'я, у якой нарадзілася і расла жанчына. Па-другое, сям'я, у якой яна сама выконвае статутныя ролі жонкі, маці, бабулі. Па-трэцяе, гэта любімая справа, прафесія. Калі ўсе гэтыя каштоўнасці са знакам плюс, тады і можна казаць пра паспяховасць. Што робіцца з боку дзяржавы? Перш за ўсё ствараюцца ўмовы і даюцца магчымасці для рэалізацыі сябе. Зусім нядаўна мы разглядалі новы Працоўны кодэкс і адзначылі, што вельмі вялікая роля адведзена самазанятасці жанчын. Гэта значыць, у дзяржаве прадастаўлена магчымасць жанчыне займацца любімай справай без шкоды для сям'і і дзяцей. Таксама сёння ідзе гаворка пра дыстанцыйную працу. Акрамя таго, мы закладваем норму прадастаўлення 6-месячнага адпачынку па догляду дзіцяці бацьку. Але я згодна з тым, што гэта не павінна быць выключна заканадаўчай і рэгламентаванай мерай. Перш за ўсё дамаўляцца павінны самі бацькі, муж і жонка, маці і тата.
 
Мірват Абу Шакер
Член Міжнароднага клуба жонак паслоў і замежных прадстаўнікоў у Рэспубліцы Беларусь
Я мама чацвярых дзяцей. І я, і муж працуем. Я магла б сядзець дома і, умоўна кажучы, нічога не рабіць. Але гэта шмат у чым залежыць ад характару жанчыны і таго, чаго яна хоча ад жыцця: быць карыснай толькі для сваёй сям'і ці таксама прыносіць карысць грамадству. Любы яе выбар варты павагі і падтрымкі. Але самае галоўнае – нельга даць забыцца ёй на тое, што яна ў першую чаргу жанчына, увасабленне прыгажосці, пяшчоты і клопату. І вось гэта галоўным чынам залежыць ад мужчын.

Фота прадстаўлена Грамадскім прэс-цэнтрам Дома прэсы і ўзята з адкрытых крыніц.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 44

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».