30.09.2020
30.09.2020

Узроставая макуладыстрафія. Прычыны і сімптомы

logo
Хваробы ад А да Я
0 34
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У цэнтральнай частцы святлоадчувальнага слою сятчаткі размешчаная макула. Яна адыгрывае асноўную ролю ў забеспячэнні зроку. Дзякуючы ёй чалавек здольны бачыць прадметы, якія знаходзяцца паблізу, і адрозніваць іх колер. Складаюць макулу вельмі крохкія клеткі, якія валодаюць святлоадчувальнасцю. Розныя працэсы, якія адбываюцца ў арганізме ці ўздзейнічаюць звонку, здольныя іх пашкодзіць. У выніку клеткі ўжо не могуць у поўнай меры выконваць свае функцыі, і зрок зніжаецца. Гэты стан атрымаў назву «макуладыстрафія сятчаткі». Калі яна развіваецца ў сталым узросце, дык гаворка ідзе пра сенільную (узроставую) макуладыстрафію.

Узроставая макуладыстрафія.

Чаму развіваецца ўзроставая макуладыстрафія? Хто ў групе рызыкі? Якія сімптомы захворвання? Па адказы на гэтыя ды іншыя пытанні журналіст інфармацыйнага партала Здаровыя людзі звярнулася да Святланы Ільіной – к.м.н., дацэнта кафедры атарыналарынгалогіі і вочных хваробаў Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Актуальнасць праблемы

Узроставая макулярная дэгенерацыя – адна з вядучых прычынаў незваротнай страты зроку і слепаты сярод насельніцтва развітых краінаў свету ва ўзросце 50 гадоў і старэйшых. Паводле інфармацыі СААЗ, доля насельніцтва старэйшай узроставай групы ў эканамічна развітых краінах да 2050 года павялічыцца да 33% (цяпер гэты паказчык роўны 20%). Акрамя таго, спецыялісты кажуць пра тое, што ў апошнія гады з'явілася выразная тэндэнцыя «амаладжэння» захворвання.

Як распавяла Святлана Ільіна, прычынай зніжэння зроку з'яўляецца дэгенерацыя макулы, якая з'яўляецца самай важнай зонай сятчаткі вока. Менавіта яна адказная за рэзкасць і вастрыню цэнтральнага зроку, якія неабходныя чалавеку, напрыклад, для чытання альбо пісьма. Перыферычны зрок пры гэтым практычна не пагаршаецца.

Узроставая макуладыстрафія. Калі дрэнна чытаць...

 
Святлана Ільіна
К.м.н., дацэнт кафедры атарыналарынгалогіі і вочных хваробаў Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта
Звязаная з захворваннем страта зроку пагаршаецца яшчэ і тым, што чалавек губляе здольнасць самастойна выконваць многія паўсядзённыя дзеянні. Яму складана рабіць пакупкі, хатнія справы, тэлефанаваць, гатаваць ежу. Чалавек робіцца залежным ад іншых. Усё гэта значна зніжае якасць жыцця хворых.

Механізм развіцця хваробы

У сятчатцы адбываецца інтэнсіўны абмен рэчываў. У выніку ў ёй утвараюцца вольныя радыкалы і іншыя актыўныя формы кіслароду, якія здольныя выклікаць развіццё дэгенератыўных працэсаў. У сятчатцы, асабліва ў макуле і парамакулярнай вобласці, пад уздзеяннем кіслароду і святла фарміруюцца нерасшчапляльныя палімерныя структуры – так званыя друзы. З-за адкладанняў друзаў прылеглыя слаі сятчаткі атрафуюцца, а ў пігментным эпітэліі сятчаткі адбываецца ўтварэнне паталагічных сасудаў. З цягам часу адбываюцца працэсы рубцавання, якія суправаджаюцца стратай значнай колькасці фотарэцэптараў сятчаткі.

Формы ўзроставай макуладыстрафіі

Ад формы ўзроставай макуладыстрафіі залежыць ступень цяжкасці захворвання і страты цэнтральнага зроку. Выдзяляюць два варыянты цячэння хваробы – сухая (неэксудатыўная, атрафічная) і вільготная (эксудатыўная, неаваскулярная).

Узроставая макуладыстрафія.

У большасці выпадкаў (прыкладна 85%) узроставай макуладыстрафіі дыягнастуецца менавіта сухая форма. Пры гэтай форме захворвання адбываецца паступовая страта цэнтральнага зроку, што прыводзіць да абмежавання магчымасці адрозніваць дробныя дэталі. Разам з тым, сухая форма ўзроставай макуладыстрафіі з цягам часу можа павольна прагрэсаваць да позняй стадыі геаграфічнай атрафіі – паступовай дэградацыі клетак сятчаткі.

10-15% выпадкаў прыпадае на вільготную форму ўзроставай макуладыстрафіі. Для яе характэрнае хуткае развіццё і значнае пагаршэнне цэнтральнага зроку.

 
Святлана Ільіна
К.м.н., дацэнт кафедры атарыналарынгалогіі і вочных хваробаў Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта
Пры вільготнай форме ўзроставай макуладыстрафіі фарміруюцца новыя крывяносныя сасуды (працэс неаваскулярызацыі). Сценка такіх сасудаў не з'яўляецца паўнавартаснай і не можа ўтрымаць клеткі крыві і вадкасць, якія назапашваюцца ў прасторы пад сятчаткай. Такая «ўцечка» прыводзіць да пастаяннага пашкоджання святлоадчувальных клетак сятчаткі. У выніку яны гінуць, тым самым ствараючы сляпыя плямы ў цэнтральным зроку.

Чаму развіваецца хвароба

Макуладыстрафія. Узрост – група рызыкі.

Нягледзячы на шматлікія даследаванні, да гэтага часу няма дакладнага вызначэння, якія прычыны выклікаюць захворванне. Па сутнасці, узроставая макуладыстрафія – гэта шматфактарнае захворванне.

 
Святлана Ільіна
К.м.н., дацэнт кафедры атарыналарынгалогіі і вочных хваробаў Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта
На жаль, да гэтага часу застаецца незразумелым, чаму разбураецца жоўтая пляма. Адной з прычынаў развіцця захворвання даследчыкі называюць недахоп некаторых вітамінаў і мінеральных рэчываў. Напрыклад, на іх думку, рызыка макуладыстрафіі павышаецца пры недахопе ў арганізме антыаксідантаў, вітамінаў С і Е, цынку (ён канцэнтруецца ў вочным яблыку), каратыноідаў, лютэіну, зеаксантыну – пігментаў непасрэдна жоўтай плямы сятчаткі.

Усяго вучонымі разглядаецца чатыры асноватворныя тэорыі механізму развіцця хваробы ўзроставай макуладыстрафіі:

  • старэнне рэтынальнага пігментнага эпітэлію і мембраны Бруха (самы ўнутраны слой сасудзістай абалонкі вока);
  • пашкоджанне прадуктамі метабалізму, якія ўтвараюцца ў працэсе «акісляльнага стрэсу» (працэс паломкі і гібелі клетак цела чалавека ў выніку акіслення);
  • генетычныя «паломкі»;
  • паталагічныя змены з-за парушэння кровазвароту, у прыватнасці – пры атэрасклерозе.

Фактары рызыкі

Пальма першынства сярод фактараў рызыкі належыць узросту. Сярод людзей сярэдняга ўзросту хвароба дыягнастуецца толькі ў 2%, ва ўзросце ад 65 да 75 гадоў – ужо ў 20% выпадкаў, у групе ад 75 да 84 гадоў прыкметы ўзроставай макуладыстрафіі знаходзяць у кожнага трэцяга.

 
Святлана Ільіна
К.м.н., дацэнт кафедры атарыналарынгалогіі і вочных хваробаў Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта
Значная частка насельніцтва мае генетычную схільнасць да ўзроставай макуладыстрафіі. Разам з тым, узнікнуць захворванне можа не ў кожнага. Існуе шэраг фактараў, якія альбо правакуюць развіццё хваробы, альбо папярэджваюць яе.

Сярод правакацыйных фактараў эксперт назвала наступныя:

  • раса. Прычым часцей за ўсё выпадкі захворвання фіксуюцца ў еўрапеоіднай расы;
  • жаночы пол. Напрыклад, ва ўзроставай групе людзей, старэйшых за 75 гадоў, узроставая макуладыстрафія ў жанчын дыягнастуецца ў 2 разы часцей;
  • спадчыннасць. Калі ў сваякоў у першым пакаленні былі выпадкі захворвання, дык рызыка ўзрастае ў тры разы;
  • сардэчна-сасудзістыя захворванні. Пры атэрасклерозе верагоднасць паражэння макулярнай вобласці павялічваецца ўтрая, а пры артэрыяльнай гіпертэнзіі – у 7 разоў;
  • курэнне. Адмова ад гэтай звычкі істотна зніжае рызыку развіцця ўзроставай макуладыстрафіі;
  • уздзеянне прамых сонечных промняў;
  • харчаванне. Ужыванне ў ежу прадуктаў, багатых на насычаныя тлушчы і халестэрын, таксама павышае рызыку развіцця захворвання;
  • залішняя маса цела;
  • светлая радужка;
  • катаракта, асабліва ядзерная. Прычым хірургічнае выдаленне катаракты можа спрыяць прагрэсаванню захворвання ў пацыентаў з ужо наяўнымі зменамі ў макулярнай зоне.

Сімптомы ўзроставай макуладыстрафіі

Пры ўзроставай макулярнай дэгенерацыі, як правіла, адбываецца павольная, бязбольная, але незваротная страта зроку. Толькі ў рэдкіх выпадках гэты працэс можа працякаць рэзка.

Раннімі прыкметамі страты зроку ў выніку ўзроставай макуладыстрафіі з'яўляюцца:

  • цёмныя плямы ў цэнтральным зроку;
  • малюнак робіцца невыразным;
  • прадметы скажоныя;
  • успрыманне колеру пагаршаецца;
  • рэзкае пагаршэнне зроку ў цемры альбо пры дрэнным асвятленні.
 
Святлана Ільіна
К.м.н., дацэнт кафедры атарыналарынгалогіі і вочных хваробаў Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта
Самым простым тэстам для вызначэння праяў захворвання служыць тэст Амслера. Сетка Амслера складаецца з прамых ліній, якія перасякаюцца, з цэнтральнай чорнай кропкай пасярэдзіне. У пацыентаў з праявамі ўзроставай макуладыстрафіі некаторыя лініі будуць выглядаць размытымі ці хвалістымі, а ў полі зроку з'явяцца цёмныя плямы.

Узроставая макуладыстрафія. Тэст Амслера.

Калі вы заўважылі пагаршэнне зроку, выпадзенне літар ці скрыўленне радкоў пры чытанні, з'яўленне плямы перад вокам, аслабленне кантрасту малюнка – гэта сур'ёзныя прыкметы, пры з'яўленні якіх неабходная тэрміновая кансультацыя афтальмолага.

Матэрыял прызначаны для распаўсюджвання ў рамках павышэння дасведчанасці пра захворванні. Выкарыстаныя выявы не з'яўляюцца выявамі рэальных пацыентаў. Артыкул створаны пры падтрымцы Novartis Pharma Services AG (Швейцарыя) Прадстаўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.

BY/OPHT/09.2020/pdf/75521

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 34

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».