20.03.2019
20.03.2019

Узрушаны? Стрэс? Заядаем усё… кропам!

logo
Карысныя прадукты
0 39
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ну хто адмовіцца ад зеляніны?! Тым больш, калі на яе яшчэ – не сезон… Здаецца, рукі самі цягнуцца да прылаўка, каб набыць то зялёную цыбулю, то свежую пятрушку, то пушысты кроп. У кожнай зеляніне мора ўсяго карыснага. Але калі вы мэтанакіравана змагаецеся з моцным узрушэннем альбо стрэсам, паешце… кропу!

Зрэшты, зусім неабавязкова яго набываць. Па-першае, у сезон кроп можна замарозіць у лядоўні. Шмат. Каб хапіла калі не да новага сезону, дык на зімовыя месяцы і пачатак вясны, калі так хочацца свежых вітамінаў. Што мы ўжо каторы год і робім. А тады дадаём кроп практычна ва ўсе першыя стравы. Нават у рыбны суп! І, як аказалася, правільна робім. Бо вучоныя сцвярджаюць, што пры замарожванні гэтая зеляніна не губляе сваіх карысных ( і лекавых!) уласцівасцяў.

Па-другое, кроп можна вырасціць з насення ў любы час – на падваконні! Разам з пятрушкай. І за гэта вам яшчэ скажа «дзякуй» ваш хатні гадаванец – кот ці котка. Яны любяць свежую зеляніну не менш за нас! І самі выберуць, што ім асабліва даспадобы. Таму калі і сеяць, дык і на іх долю. А то вы рызыкуеце ў адзін далёка не цудоўны дзень пазбавіцца свежых парасткаў.

А вы ж памятаеце, што каты і коткі дрэннага есці не будуць?! Дык вось кроп, як сцвярджаюць даследчыкі, багаты на вітаміны групы Р і В. У ім шмат клятчаткі, што дапамагае арганізму ачышчацца ад шлакаў і таксінаў. А паколькі кроп валодае, апрача іншага, патагоннымі ўласцівасцямі, дык у комплексным лячэнні дапамагае справіцца з сімптомамі прастуды.

Асабіста ў нас у сезон ніводная вітамінная салата са свежай агародніны, вырашчанай на ўласнай дачы, не абыходзіцца без свежага кропу. Асобнае задавальненне прыносіць яго духмянасць. Часцяком ён сеецца сам. Тады нават даводзіцца прарываць зялёныя «мяцёлачкі» на градках, каб яны не заглушылі пасаджаную там агародніну.

Той, хто спецыяльна збірае з кропу насенне, ведае, што яго можна выкарыстоўваць не толькі для пасеву ў наступным сезоне.

Кроп забяспечвае расслабленне арганізму пры моцным узрушэнні

Аматары народнай медыцыны сцвярджаюць, што калі насенне (толькі высушанае, зразумела ж) перацерці ў парашок, дык можна палегчыць стан пры абвастрэннях гастрыту, захворваннях жоўцевага пузыра і печані.

Асабіста мне імпануе сцвярджэнне, што кроп забяспечвае расслабленне арганізму пры моцным узрушэнні і нават стрэсе!

А вітаміны і флаваноіды, якія ў ім утрымліваюцца, забяспечваюць моцны, а галоўнае  – якасны! – сон.

Так і ўяўляю сабе: пагрызлі, як тыя каты, галінкі кропу – і спім, як пшаніцу прадаўшы!

Ды яшчэ ж, апрача іншага, і для зубоў карысць. Аказваецца, кроп нават называюць… хатнім стаматолагам! Бо ён змагаецца з карыесам і ўзбагачае зубную эмаль.

Раяць яго ўжываць у ежу і маладым мамам: кроп спрыяе павелічэнню колькасці малака і яго ўзбагачэнню.

Але, вядома ж, і ў  такой карыснай зеляніны існуюць супрацьпаказанні да ўжывання ў ежу. Найперш кроп не варта есці алергікам, калі ўжо былі менавіта на яго негатыўныя рэакцыі. І ў каго пастаянны паніжаны артэрыяльны ціск, лепей упадабаць іншую зеляніну. Бо для гіпатонікаў кроп – расліна непажаданая.

Калі ж супрацьпаказанняў няма, а ваш арганізм станоўча рэагуе на свежы альбо замарожаны кроп… Тады купляйце ці вырошчвайце гэтую карысную зеляніну і спажывайце ў сваё задавальненне!

Усім – здароўя!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 39

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".