06.07.2018
06.07.2018

У Беларусі з 2010 года, па дадзеных СААЗ, знізіўся сярэдні ўзровень спажывання алкаголю

logo
Хваробы ад А да Я
0 49
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сярэдні ўзровень спажывання алкаголю ў Беларусі з 2010 па 2016 гады знізіўся на 6,3 л. Так, калі ў 2010 годзе гэты паказчык склаў 17,5 л, то ў 2016 годзе – 11,2 л. І прычыны, якія спрыялі гэтаму, – рэалізацыя мер дзяржаўнай палітыкі, а таксама паступовае змяненне стаўлення насельніцтва да пытання ўжывання алкаголю, свайго здароўя і змяненне звычак у бок здаровага ладу жыцця. Пра гэта прадстаўнік СААЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў паведаміў на прэс-канферэнцыі 5 ліпеня.

 
Батыр Бердыклычаў
Прадстаўнік СААЗ у Беларусі
Зніжэнне сярэдняга ўзроўню спажывання алкаголю – сапраўды станоўчая дынаміка. Меры прафілактыкі, якія існуюць і рэалізуюцца, даказалі сваю эфектыўнасць. Разам з тым яшчэ шмат чаго трэба зрабіць. Бо на самай справе ўсё адно, якое месца займае Беларусь у гэтым спісе (згодна з апошняй справаздачай СААЗ, 27-е месца па спажыванні алкаголю на душу насельніцтва), а важна тое, наколькі гэтая праблема застаецца актуальнай, таму што няма рэкамендаванай або бяспечнай колькасці спажывання алкаголю.

Прадстаўнік СААЗ дадаў, што ў гэтым плане вельмі важныя меры як папуляцыйнага кантролю, так і першаснай прафілактыкі спажывання алкаголю. Напрыклад, своечасовае выяўленне сімптомаў, якія сведчаць пра тое, што чалавек злоўжывае спіртнымі напоямі і, магчыма, не ўсведамляе гэтага.

Сярод папуляцыйных мер прафілактыкі алкагалізму (многія з іх паспяхова выкарыстоўваюцца ў іншых краінах свету) Батыр Бердыклычаў адзначыў забарону рэкламы алкаголю, зніжэнне даступнасці алкагольнай прадукцыі па месцы, узросце і часе.

У сваю чаргу намеснік дырэктара па медыцынскай частцы РНПЦ псіхічнага здароўя Сяргей Осіпчык распавёў, што цяпер на ўліку ў нарколагаў з сіндромам залежнасці ад алкаголю знаходзяцца каля 163 тысяч чалавек. Прыкладна 90 тысяч беларусаў ходзяць да спецыялістаў з-за ўжывання алкаголю. Разам з тым яшчэ некалькі гадоў таму на дыспансерным уліку знаходзілася прыкладна 180 тысяч чалавек з сіндромам залежнасці ад алкаголю і ад 100 да 120 тысяч – з ужываннем алкаголю са шкоднымі наступствамі, паведаміў намеснік дырэктара РНПЦ.

 
Сяргей Осіпчык
Намеснік дырэктара па медыцынскай частцы РНПЦ псіхічнага здароўя
З 2012-2013 гадоў і да гэтага часу паступова зніжаецца колькасць смерцяў ад захворванняў, абумоўленых злоўжываннем алкаголю. У прыватнасці, гаворка ідзе пра алкагольныя псіхозы, цыроз печані, смерць падчас дарожна-транспартных здарэнняў у стане алкагольнага ап'янення. Паказчыкі смяротнасці і захворвання бесперапынна зніжаюцца прыкладна на 5-7% у год.

Новае ў лячэнні алкагалізму

Расказаў спецыяліст і пра новыя метады лячэння алкагалізму, якія распрацоўваюцца і ўкараняюцца ў РНПЦ. Гаворка ідзе пра гіпербарычную аксігенацыю. Прасцей кажучы, лячэнне праводзіцца з дапамогай апарата, дзе ствараецца павышаная канцэнтрацыя і ціск кіслароду, якім дыхае чалавек.

 
Сяргей Осіпчык
Намеснік дырэктара па медыцынскай частцы РНПЦ псіхічнага здароўя
Гэтая методыка аказвае на пацыента імунастымулюючае дзеянне і псіхастымулюючы эфект. Узмацняюцца працэсы абмену, хутчэй зніжаецца інтаксікацыя. Калі доўгі час чалавек злоўжываў алкаголем, у яго зніжаюцца кагнітыўныя функцыі, у тым ліку памяць. Выкарыстанне метаду гіпербарычнай аксігенацыі спрыяе аднаўленню кагнітыўных функцый, памяці, а таксама скарачае працягласць шпіталізацыі.

Падобны метад раней выкарыстоўваўся для лячэння пацыентаў у іншых сферах медыцыны, але для купіравання сіндрому адмены і аднаўлення кагнітыўных функцый гіпербарычнай аксігенацыі выкарыстоўваецца ўпершыню, дадаў намеснік дырэктара РНПЦ.

У кожным раённым цэнтры існуюць аддзяленні для аказання меддапамогі людзям, якія пакутуюць ад залежнасці, у тым ліку алкагольнай. На першым этапе лячэння пацыенту праводзіцца дзетаксікацыя, што доўжыцца каля 14 дзён. На гэтым этапе праходзіць вывядзенне пацыента са стану, абумоўленага празмерным ужываннем алкаголю на працягу доўгага часу. Пры гэтым можа выкарыстоўвацца і вітамінавая, і стымулюючая тэрапія. Магчыма прымяненне розных псіхатропных медыкаментаў, бо пры рэзкай адмове ад алкаголю ў пацыента могуць назірацца даволі сур'ёзныя псіхічныя расстройствы, растлумачыў Сяргей Осіпчык.

Другі этап – медыцынская рэабілітацыя ва ўмовах стацыянара, працягласць якой вар'іруецца ад 28 да 60 дзён.

 
Сяргей Осіпчык
Намеснік дырэктара па медыцынскай частцы РНПЦ псіхічнага здароўя
На другім этапе рэалізуецца праграма псіхалагічнай і псіхатэрапеўтычнай рэабілітацыі. Па сутнасці, гэта пачатак перафарматавання асобы. Гэта прызнанне таго, што ты пакутуеш, што пакутуюць твае блізкія і што гэта хвароба – цяжкая, але тым не менш з ёй можна справіцца. На гэтым этапе пацыенту дапамагаюць псіхатэрапеўты, псіхолагі і псіхіятры-нарколагі.

Трэці этап лячэння ад алкагалізму – рэабілітацыя ў амбулаторных умовах на базе абласных ці гарадскіх цэнтраў аказання медыцынскай дапамогі.

Што пачым?

Так званая «падшыўка» лекавага сродку, якая ажыццяўляецца ананімна, але на платнай аснове, у РНПЦ псіхічнага здароўя каштуе ад 11 да 32 рублёў. Кошт вар'іруецца ў залежнасці ад лекавага сродку, які выкарыстоўваецца пры гэтай працэдуры. У амбулаторных умовах дадзеная методыка не ўжываецца, таму на некаторы час прыйдзецца легчы ў стацыянар.

Знаходжанне ў стацыянары для грамадзяніна Беларусі каштуе 30-40 рублёў у суткі. У гэтую суму не ўваходзіць кошт харчавання, лекаў і лекавага сродку для «падшыўкі». Калі спатрэбіцца выкарыстоўваць псіхатропныя медыкаменты, кошт можа павялічыцца. У сярэднім 5 дзён знаходжання ў стацыянары і працэдура «падшыўкі» каштуюць прыкладна 150 рублёў, паведаміў Сяргей Осіпчык.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 49

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».