24.05.2018
24.05.2018

У Беларусі за 20 гадоў павялічылася колькасць пацыентаў з гіпатырэозам

logo
Здароўе дарослых
0 38
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ва ўсім свеце колькасць пацыентаў з рознай паталогіяй шчытападобнай залозы знаходзіцца сярод эндакрыннай паталогіі на другім месцы пасля цукровага дыябету. У нашай краіне па распаўсюджанасці гэтыя хваробы займаюць прыкладна аднолькавыя пазіцыі. Усяго ў 2017 годзе ў Беларусі захворванні шчытападобнай залозы былі зарэгістраваныя ў 324 тыс. чалавек.

25 мая адзначаюць Сусветны дзень шчытападобнай залозы. Дата з'явілася ў календары медыцынскіх падзей у 2009 годзе. Напярэдадні ў Нацыянальным прэс-цэнтры прайшла сустрэча журналістаў са спецыялістамі эндакрыналагічнай службы Беларусі, на якой казалі пра распаўсюджанасць паталогіі шчытападобнай залозы ў нашай краіне, а таксама пра тое, як захаваць яе здароўе і што можа справакаваць парушэнні ў функцыянаванні органа. Спікерамі на прэс-канферэнцыі сталі:

  • намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння Вольга Салко;
  • загадчыца кансультатыўна-дыягнастычнагааддзяленнятырэоідных паталогіі Рэспубліканскага цэнтра пухлін шчытападобнай залозы на базе Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера Таццяна Лявонава;
  • д.м.н., прафесар, загадчыца кафедры эндакрыналогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ларыса Данілава.

Як адзначыла Вольга Салко, за апошнія 20 гадоў колькасць упершыню выяўленых выпадкаў паталогіі шчытападобнай залозы, у прыватнасці, простага нетаксічнага валяка (павялічаная ў памеры шчытападобная залоза), скарацілася ў 4 разы. А некалькі дзясяткаў гадоў таму гэта было практычна самае распаўсюджанае захворванне. Зніжэння гэтай паталогіі атрымалася дасягнуць, у тым ліку, у выніку правядзення мерапрыемстваў па ёдапрафілактыцы і шырокага распаўсюджвання ёдаванай солі.

 
Вольга Салко
Намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай працы Рэспубліканскага цэнтра бальнеалячэння і медыцынскай рэабілітацыі
На жаль, уся астатняя паталогія шчытападобнай залозы мае тэндэнцыю да павелічэння. Самы вялікі рост дэманструе гіпатырэоз (зніжэнне функцыі шчытападобнай залозы). Сярод усяго насельніцтва такая паталогія выяўляецца ў 8 разоў часцей, чым 20 гадоў таму. У дзяцей – у 16 разоў. Расце колькасць аўтаімунных захворванняў шчытападобнай залозы. Гэта дыфузны таксічны валяк (тое, што мы называем гіпертырэоз) і розныя формы тырэаідытаў (запаленняў шчытападобнай залозы). Колькасць пацыентаў, якія маюць вузлавы валяк, за апошнія 20 гадоў павялічылася ў 4 разы.

Як распавяла намеснік галоўнага ўрача, абследаванне з нагоды наяўнасці паталогіі шчытападобнай залозы ў нашай краіне даступна.

Многія даследаванні, такія як УГД і аналізы на гармоны шчытападобнай залозы, можна прайсці ўжо на першасным узроўні аказання медыцынскай дапамогі – ва ўстановах аховы здароўя па месцы жыхарства.

Калі неабходная кансультацыя або больш глыбокае абследаванне (пункцыйная біяпсія), хірургічнае ўмяшанне, пацыента накіроўваюць у міжраённыя, гарадскія або рэспубліканскія дыспансеры і цэнтры.

Павелічэнне захворвання гэтага органа звязваюць і з так званымі эндакрыннымі дызраптарамі. Напрыклад, яны ёсць у пластыку і могуць выклікаць развіццё некаторых захворванняў, у тым ліку цукровага дыябету і парушэнняў рэпрадуктыўнай функцыі, маюць пэўныя канцэрагенныя ўласцівасці. Нашу краіну ўключылі ў праект Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), мэта якога – вызначыць уплыў на здароўе эндакрынных дызраптараў, у тым ліку і на эндакрынную функцыю чалавека. Ёсць меркаванне, што гэтыя рэчывы ўплываюць на развіццё злаякасных пухлін шчытападобнай залозы ў дзяцей.

У сваю чаргу Таццяна Лявонава распавяла, што пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС адзіным усплёскам захворвання, які быў прызнаны медыцынскай супольнасцю, у тым ліку і СААЗ, быў рост раку шчытападобнай залозы. Асабліва ў тых рэгіёнах, якія пацярпелі ад забруджвання радыёнуклідамі.

 
Таццяна Лявонава
Загадчыца кансультатыўна-дыягнастычнага аддзялення тырэоіднай паталогіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра пухлін шчытападобнай залозы на базе Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера
У нашай краіне захоўваецца пэўны ўзровень захворвання на рак шчытападобнай залозы. У прыватнасці, на ўліку ў спецыялістаў знаходзяцца каля 22 тыс. пацыентаў, якіх прааперыравалі з нагоды анкалагічных новаўтварэнняў. Рак гэтага органа штогод упершыню дыягнастуецца ў 1 тыс. 100 чалавек, сярод дзяцей – прыкладна ў 35 чалавек у год.

Загадчыца кафедры эндакрыналогіі БелМАПА падкрэсліла, што сёння на змену стандартным метадам лячэння шчытападобнай залозы прыходзяць новыя тэхналогіі. Напрыклад, рэалізуецца праект па выкарыстанні сучаснай тэхналогіі малаінвазіўнай тырэоіднай хірургіі. Ён ажыццяўляецца на базе 10-ай гарадской клінічнай бальніцы Мінска і Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

 
Ларыса Данілава
Загадчыца кафедры эндакрыналогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, д.м.н., прафесар
У насельніцтва ёсць пэўная фобія ў адносінах да захворванняў шчытападобнай залозы. Неабходна ссунуць акцэнты на разумнае стаўленне. Напрыклад, вузлавыя ўтварэнні маюць 75% насельніцтва пасля 40 гадоў. Безумоўна, наяўнасць вузлавога ўтварэння ў дзіцяці і мужчыны патрабуе пэўнай насцярожанасці, але ў жанчын пасля 50 гадоў – гэта распаўсюджаная сітуацыя. Так, у некаторых папуляцыях вузлавыя ўтварэнні шчытападобнай залозы маюць да 80% насельніцтва, і толькі 5% выпадкаў з іх з'яўляюцца злаякаснымі.

Уплыў тых ці іншых фактараў на здароўе шчытападобнай залозы важны. Але не менш значна і тое, як сам чалавек ставіцца да свайго здароўя. На думку Ларысы Данілавай, людзі баяцца такога захворвання, як рак, але разам з тым мала хто задумваецца пра ўплыў на арганізм чалавека актыўнага і пасіўнага курэння.

 
Ларыса Данілава
Загадчыца кафедры эндакрыналогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, д.м.н., прафесар
Ёсць адказнасць кожнага члена грамадства. У нас прадугледжаны адміністрацыйныя меры за курэнне ў грамадскіх месцах. А ў самой сям'і? Часта можна назіраць, як тата, шпацыруючы з дзіцём у калясцы, паліць цыгарэты.

Прафесар падзялілася таксама парадамі, як захаваць здароўе шчытападобнай залозы. Нейкіх невыканальных і складаных задач няма. Шчытападобная залоза «любіць» здаровае харчаванне. У той жа час дрэнна адбіваецца на працы гэтага органа дэфіцыт бялку, курэнне, прыём антыбіётыкаў, асабліва працяглы. З узростам не варта захапляцца марской капустай. З гадамі могуць назапашвацца розныя мутацыі і так званая функцыянальная аўтаномія, калі лішак ёду наадварот неспрыяльны для функцыі шчытападобнай залозы.

Як часта трэба абследаваць шчытападобную залозу?

На думку экспертаў, калі дзіця адстае ў росце або дзяўчыны парушэнне менструальнага цыклу, а ў жанчыны – праблемы з фертыльнасцю, ці нехта ў сям'і быў прааперыраваны з-за раку шчытападобнай залозы, мае сэнс прайсці абследаванне.

 
Таццяна Лявонава
Загадчыца кансультатыўна-дыягнастычнага аддзялення тырэоіднай паталогіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра пухлін шчытападобнай залозы на базе Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера
Ёсць пэўныя групы насельніцтва, якім на момант аварыі на ЧАЭС было ад 0 да 18 гадоў. У гэтай групе мы пакінулі прафілактычныя агляды раз у два, тры гады, якія праходзяць па індывідуальным плане. Яго складае доктар, у залежнасці ад таго, выявілі паталогію ці не.
 
Ларыса Данілава
Загадчыца кафедры эндакрыналогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, д.м.н., прафесар
Калі чалавек практычна здаровы, «цягне» ўсю нагрузку, настрой у норме, то ў штогадовых даследаваннях шчытападобнай залозы няма сэнсу.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 38

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».