29.07.2021
29.07.2021

Купацца, але асцерагацца! Як адпачынак ля вады можа прывесці на бальнічны ложак

logo
Здаровы лад жыцця
0 029
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Навошта санслужба ў спякоту рэгулярна забараняе купанне ў вадасховішчах і рэках – няўжо там насамрэч так небяспечна, як палохаюць? Што значыць шыльда «Купанне дзяцей забароненае»? Чаму нельга лезці ў ваду пасля дажджу? На гэтыя ды іншыя пытанні адказаў загадчык аддзялення камунальнай гігіены Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Аляксандр Спургяш падчас прэс-канферэнцыі ў мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь.

Спецыяліст распавёў, што санэпідслужба праводзіць штотыднёвы маніторынг якасці вады ў зонах адпачынку, абсталяваных для купання. У залежнасці ад вынікаў аналізаў прымаецца рашэнне абмежаваць ці забараніць доступ да вады ў пэўных рэкрэацыях.

Капанне. Чаму забараняюць купанне.

Выкарыстоўваюцца тры рэжымы:

  1. Забарона на купанне дзяцей. Уводзіцца, калі аднаразова выяўляецца неадпаведнасць пробаў нормам па такім індыкатарным паказчыку, як кішэчная палачка. Гэта ўмоўна патагенны мікраарганізм, які сведчыць пра мікрабіялагічнае забруджванне вады. Калі ён прысутнічае ў колькасцях, што перавышаюць гігіенічныя нарматывы, дык робіцца выснова, што і астатнія мікраарганізмы могуць прысутнічаць у гэтай вадзе.
  2. Абмежаванне купання дзяцей і дарослых. Гэты рэжым уводзіцца, калі дзве паслядоўныя пробы нестандартныя.
  3. Забараняецца купанне дзяцей і дарослых, а таксама заняткі воднымі відамі спорту. Разам з кішэчнай палачкай ацэньваецца наяўнасць патагенных мікраарганізмаў, якія могуць выклікаць захворванне.

Купанне. Кішэчная палачка ў вадзе.

Патлумачым: кішэчная палачка – умоўны патаген, яна выклікае захворванне толькі пры пэўных умовах, не ў кожнага чалавека. Гэта залежыць і ад яе колькасці, і ад таго, якія штамы выяўленыя. А патагенныя арганізмы адназначна выклікаюць захворванне. Калі яны выяўленыя, тады і ўводзіцца трэці, самы суровы рэжым.

Аляксандр Спургяш адзначыў таксама, што купанне можа быць забароненае, калі выяўленая кішэчная палачка вельмі вялікіх памераў.

За мінулы тыдзень было абмежавана купанне ў розных рэжымах у 21 зоне адпачынку па ўсёй рэспубліцы (акрамя Віцебскай вобласці).  Абмежаванае купанне дзяцей на 16 пляжах. Другі рэжым уведзены ў пяці зонах, трэці – у 21 рэкрэацыі. Спіс рэгулярна абнаўляецца, паглядзець яго можна на сайце РЦГЭіГЗ.

І яшчэ некалькі слушных парадаў ад нашага эксперта:

  • Вада паверхневых водных аб'ектаў не прызначаная для піцця! Не трэба яе заглынаць! Гэта можа прывесці на бальнічны ложак.
  • Калі вы прыйшлі на неабсталяваны пляж, не выбірайце месца, дзе гняздуюцца вадаплаўныя птушкі: калі на скуру трапяць лічынкі іх паразітаў (цэркарыі), дык чалавек рызыкуе захварэць на цэркарыёз.

  • Пасля купання трэба прыняць душ, а калі гэта немагчыма, дык хаця б старанна абцерціся жорсткім ручніком і апрануцца ў сухое.
  • Спецыялісты не раяць карыстацца воднымі аб'ектамі пасля вялікага дажджу або ліўня. Падчас дажджу ідзе вялікі сцёк у вадаём, вада мяняе свае ўласцівасці, робіцца каламутнай, бруднай. На працягу трох дзён пасля залевы даследаванні не праводзяцца – немэтазгодна, бо пробы будуць у любым выпадку дрэннымі.

У адпаведнасці з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях, за тое, што грамадзянін выкарыстоўвае для купання аб'ект, дзе яно забароненае, адказнасць не прадугледжаная. Звесткі пра забарону носяць інфармацыйны характар. Але на шалях – здароўе, уласнае і блізкіх. Ці каштуе бестурботнасць таго, каб правесці заканчэнне лета на бальнічным ложку?

Фота – Таццяна Сталярова і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by

0 0 29

У журналістыцы з 1999 года. Любімая тэма – чалавек, яго лёс. Упэўнена: толькі той матэрыял будзе жыць, які прапушчаны аўтарам праз сэрца, прачулы да апошняй коскі. Сухія ж, шаблонныя артыкулы не затрымаюцца ў памяці чытача, не паўплываюць на яго светаўспрыманне... Вельмі люблю сваю працу. Але штораз, паказваючы герою матэрыялу гатовы нарыс, хвалююся, быццам здаю важны іспыт: ці здолела зберагчы-перадаць словамі тое самае, асабістае? Ці адгукаецца душа на радкі? Цвёрда перакананая, што «маленькіх» людзей не бывае. Веру ў закон сеяння і жніва.