10.04.2018
10.04.2018

Вакцынацыя – права кожнага і агульны абавязак. Еўрапейскі тыдзень імунізацыі пройдзе ў Беларусі

logo
Навiны
0 36
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

З 23 па 29 красавіка ў краінах Еўрапейскага рэгіёну Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), у тым ліку ў Беларусі, пройдзе штогадовы Еўрапейскі тыдзень імунізацыі. Тэматыка цяперашняй акцыі – вакцынацыя як права кожнага чалавека і агульны абавязак.

У бягучым годзе Еўрапейскі тыдзень імунізацыі пройдзе ўжо ў 13-ы раз. Наша краіна стала адной з першых, хто прыняў удзел у падобнай ініцыятыве, якая стартавала ў 2005 годзе.

Мэта падобнай акцыі – павелічэнне колькасці людзей, якія вакцынуюцца, і павышэнне ведаў насельніцтва пра важнасць правядзення імунізацыі для здароўя і дабрабыту чалавека.

 
Іна Карабан
Намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя
Па дадзеных СААЗ, штогод вакцынацыя дазваляе прадухіляць 2-3 млн выпадкаў смерці ад дыфтэрыі, слупняка, коклюшу і адзёру. За мінулыя дзесяцігоддзі правядзенне прафілактычных прышчэпак дазволіла дасягнуць значных поспехаў у плане папярэджання шэрагу інфекцыйных захворванняў у многіх краінах свету. Ліквідавана натуральная воспа, толькі ў трох краінах свету дагэтуль рэгіструюць выпадкі паралітычнага поліяміеліту, значна паменшылася захворванне на адзёр, краснуху, дыфтэрыю, генералізуючую форму туберкулёзу ў дзяцей.

Беларусь – актыўны ўдзельнік праграм СААЗ, накіраваных на ліквідацыю поліяміеліту, элімінацыю адзёру і прыроджанай краснухі. Важнай часткай гэтых праграм з'яўляецца абарона насельніцтва ад інфекцый з дапамогай правядзення прафілактычных прышчэпак, асабліва сярод найбольш уразлівых узроставых груп насельніцтва. Усё гэта адлюстравана ў Нацыянальным календары прафілактычных прышчэпак.

 
Ірына Глінская
Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, кандыдат медыцынскіх навук
Што дала нашай краіне імунізацыя? Мы ўжо сталі забываць пра выпадкі поліяміеліту, дыфтэрыі і слупняку. Рэгіструюцца толькі асобныя завозные выпадкі эпідэмічнага паратыту (свінкі), краснухі, адзёру. Значна знізілася колькасць выпадкаў захворвання коклюшнай інфекцыяй і вострым вірусным гепатытам В – у першую чаргу ў дзяцей.

Ахоп прафілактычнымі прышчэпкамі ў нашай краіне складае 97%. Пры правядзенні вакцынацыі праследуюцца дзве мэты:

  1. індывідуальная абарона чалавека. Пасля прышчэпкі выпрацоўваецца спецыфічны імунітэт да захворвання, які з'яўляецца надзейным бар'ерам на шляху інфекцыі. Калі чалавек і захварэе, то хвароба будзе працякаць значна лягчэй і без ускладненняў;
  2. фарміраванне калектыўнага імунітэту. Ён стварае дадатковую абарону для тых, хто ўжо прышчапіўся, а таксама забяспечвае абарону тым, хто з-за якіх-небудзь абставінаў прышчэпку зрабіць не можа (людзі з рознымі імунадэфіцытамі, анкалагічнымі і іншымі захворваннямі).

За ці супраць?

Нягледзячы на меркаванне адмыслоўцаў пра неабходнасць вакцынапрафілактыкі, спрэчкі пра карысць і шкоду прышчэпак не змаўкаюць па сёння. Як адзначаюць эксперты, антыпрышчэпачны рух узнік з моманту з'яўлення першай вакцыны. Але на катэгарычнае «Не!» тых, хто лічыць, што прышчэпкі рабіць не варта, ва ўрачоў свой адказ.

Усе вакцыны, перш чым патрапіць у медыцынскія ўстановы, праходзяць доўгі шлях ад распрацоўкі да клінічных выпрабаванняў. Кожны пабочны эфект або ўскладненне строга рэгіструецца і прапісваецца ў інструкцыі.

 
Іна Карабан
Намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя
Вакцына – гэта імунабіялагічны лекавы сродак. Шмат часу ідзе на яе распрацоўку, затым праводзяцца клінічныя выпрабаванні. Па іх выніках усе магчымыя пабочныя рэакцыі і ўскладненні ўносяцца ў інструкцыі. Прыдумляць іншыя няма сэнсу, усё даўно вывучана і праверана.

«З улікам  колькасці вакцынуемых дзяцей і дарослых, колькасць пабочных рэакцый, якія ўзнікаюць (павышэнне тэмпературы, зацвярдзенне або боль у месцы ін'екцыі), толькі адзінкавыя выпадкі», –дадала намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.

 
Іна Карабан
Намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя
Акрамя вакцынакіруемых інфекцый ёсць столькі хвароб, якімі мы можам перахварэць: шкарлятына, пнеўманіі, кішэчныя інфекцыі. Навошта лішні раз падвяргаць сябе небяспецы? Права на здароўе ёсць і ў нас, і ў нашых дзяцей.

Падчас правядзення Еўрапейскага тыдня імунізацыі практычна ва ўсіх арганізацыях аховы здароўя, а таксама ў цэнтрах гігіены будуць арганізаваны гарачыя тэлефонныя лініі. Любы ахвочы зможа задаць пытанне і атрымаць вычарпальны адказ. Тэлефоны гарачых ліній будуць апублікаваныя на сайтах медыцынскіх устаноў, Міністэрства аховы здароўя, Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, а таксама на сайтах абласных цэнтраў гігіены.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 36

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».