05.12.2020
05.12.2020

Валанцёры – крылы грамадства

logo
Адметнасць беларусаў
0 46
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

5 снежня – Сусветны дзень валанцёраў. Да гэтага свята гуманізму і дабра датычны любы, хто гатовы, не лічачыся з асабістым часам і ўласнымі інтарэсамі, бязвыплатна дапамагаць іншым. У нашай краіне толькі Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа аб'ядноўвае пад сваёй эгідай каля мільёна неабыякавых людзей, у тым ліку сяброў арганізацыі і валанцёраў. Яшчэ ў самым пачатку года валанцёрскі рух БТЧК чуйна адрэагаваў на новыя абставіны, звязаныя з пандэміяй каранавіруснай інфекцыі, і адаптаваў пад іх сваю дзейнасць.

Пра нацыянальную салідарнасць і валанцёрства па-беларуску журналіст Слушна даведалася ад спецыялістаў і каардынатараў праектаў БТЧК Аксаны Дудзенас і Святланы Анацка.

Валанцёрамі не нараджаюцца. Імі становяцца

– Літаральна з першых дзён сакавіка, калі ў Беларусі толькі пачыналася першая хваля каранавіруса, мы пачалі асвойваць новы для таварыства Чырвонага Крыжа накірунак дзейнасці па мінімізацыі наступстваў распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі, – кажа спецыяліст Мінскай гарадской арганізацыі БТЧК, каардынатар працы з валанцёрамі па накірунку «Прафілактыка COVID-19» Аксана Дудзенас. – Першапачаткова вызначылі для сябе мэтавую групу – гэта сталыя людзі, якія аказаліся найбольш уразлівымі перад новай інфекцыяй. Улічваючы маштаб працы, абвясцілі пра набор валанцёраў. Неверагодна, але на нас абрынуўся шквал прапаноў аб дапамозе.

Сёння толькі ў Мінску каля тысячы актыўных валанцёраў, якія дапамагаюць на рэгулярнай аснове. Добраахвотныя памочнікі ўзялі пад апеку сталых людзей, якія пражываюць адны, людзей з інваліднасцю, нямоглых старых і тых, хто мае вострую патрэбу ў дапамозе.

Па словах Аксаны Дудзенас, спачатку асноўны акцэнт у валанцёрскай працы быў зроблены на прафілактыку распаўсюджвання COVID-19.

Валанцёры расклейвалі ў дазволеных грамадскіх месцах і адрасна дастаўлялі праз паштовыя скрыні інфармацыйныя ўлёткі, у якіх утрымліваліся актуальныя звесткі пра інфекцыю, шляхі яе перадачы, рэкамендацыі пра абарону ад заражэння, а таксама прапановы канкрэтнай дапамогі з кантактнымі дадзенымі. Затым валанцёры арганізавалі сталым людзям, якія маюць у тым патрэбу, дастаўку на дом прадметаў першай неабходнасці (прадуктаў, рэцэптаў на лекі і саміх лекаў).

Крыху пазней, калі рэальнасць унесла свае карэктывы, групы падапечных БТЧК значна пашырыліся. Па меры таго, як расла крывая захворвання, нярэдкімі зрабіліся выпадкі, калі закладнікамі абставінаў аказваліся цалкам працаздольныя людзі і нават цэлыя сем'і.

– Напрыклад, усе сямейнікі аказаліся інфіцыраванымі, але хвароба працякала ў лёгкай форме, таму ўсе лячыліся дома. І толькі хтосьці адзін трапляў у бальніцу, – распавядае Аксана Дудзенас. – З-за вымушанай ізаляцыі ўсіх сямейнікаў у бальніцу банальна не было каму адвезці перадачу. І вось гэтую працу таксама бралі на сябе валанцёры.

Таксама валанцёры БТЧК аказаліся задзейнічанымі ў дастаўцы абедаў медыцынскім работнікам, вырабе і дастаўцы сродкаў індывідуальнай абароны. Акрамя таго, валанцёры дастаўлялі гарачыя абеды і СІА (маскі, антысептычныя сродкі) дахаты найбольш уразлівым катэгорыям грамадзянаў, у тым ліку ў дом начнога знаходжання асобаў без пэўнага месца жыхарства, калі там з-за распаўсюджвання інфекцыі былі ўведзеныя каранцінныя меры.

– Сітуацыя з каранавірусам стала ўнікальным перыядам у нашай гісторыі, у якім ярка выявіўся гуманітарны патэнцыял беларусаў, – лічыць Аксана Дудзенас. – Унікальнасць сітуацыі ў тым, што ў звыклы час у Чырвоным Крыжы «валанцёраць» пераважна людзі, якія выйшлі на пенсію, альбо студэнты, якія ў большай ступені маюць вольны час.

Але ў перыяд пандэміі каля 70 працэнтаў новых валанцёраў, якія адгукнуліся на наш заклік, аказаліся людзьмі сярэдняга ўзросту: айцішнікі, спецыялісты сферы абслугоўвання, бізнесмэны, журналісты і г.д. Людзі самых розных прафесій і сацыяльнай прыналежнасці, у якіх ёсць асноўная праца, сем'і і мала вольнага часу. Між тым, яны былі гатовыя выдаткаваць гэты вольны час на тое, каб дапамагаць іншым. Гэта вельмі ўсцешвае.

Спецыялісты БТЧК падлічылі, што толькі за перыяд першай хвалі каранавіруса (вясна-лета) і толькі ў Мінску атрымальнікамі дапамогі сталі больш за 16 тысяч чалавек. Валанцёры аказалі больш за 23 тысячы розных паслуг, даставілі больш за 2 тысячы гарачых абедаў... Не спяшайцеся падлічваць , шмат гэта ці не. Памятайце, што за кожнай лічбай – чалавек, які востра меў патрэбу ў дапамозе. І ён яе атрымаў.

– Валанцёры – гэта не проста людзі, якіх мы называем крыламі арганізацыі, – прызналася Аксана Дудзенас. – У моманты прафесійнага і эмацыянальнага выгарання з-за высокай нагрузкі менавіта валанцёры натхняюць нас не апускаць рукі, а працягваць працаваць на карысць грамадства. І значыць, кожнага чалавека.

Галоўнае – сэрцам не старэць

Між іншым, стаць «крыламі грамадства» можа любы жадаючы дарослы. Галоўным крытэрыем адбору служыць жаданне быць патрэбным і карысным для тых, каму гэта неабходна.

Пра ўнікальны вопыт валанцёрскага руху пад эгідай БТЧК распавяла Святлана Анацка, спецыяліст аддзела медыка-сацыяльнай працы БТЧК, каардынатар працы службы «Дапамога»:

– Калі мы гаворым пра валанцёраў, ва ўяўленні ўзнікае вобраз маладых хлопцаў і дзяўчатаў. Сталых ж людзей, хутчэй, аднясуць да атрымальнікаў гэтай самай дапамогі. Але толькі не ў БТЧК. Для нас яны – вельмі актыўныя памочнікі ў рэалізацыі гуманітарных задачаў супольнасці. У сталых людзей ёсць мноства перавагаў: яны валодаюць дастатковым жыццёвым (а часам і прафесійным) досведам; выдатна ведаюць аб праблемах і болевых кропках сваёй мясцовай супольнасці; валодаюць дастатковым часам, бо знаходзяцца на пенсіі; у іх вельмі высокі ўзровень адказнасці. І, вядома, яны валодаюць вялікай мудрасцю і ўменнем працаваць з іншымі людзьмі.

Зараз БТЧК падтрымлівае дзейнасць 88 ініцыятыўных групаў «старэйшага ўзросту», якія аб'ядноўваюць больш за тысячу валанцёраў 60 гадоў і старэйшых. Валанцёры даглядаюць дома такіх жа сталых людзей, якія пражываюць адны, і людзей з інваліднасцю, наведваюць інтэрнаты для састарэлых і інвалідаў, а таксама працуюць з дзецьмі з інваліднасцю і ўсімі астатнімі, хто мае патрэбу ў дапамозе.

Асаблівую каштоўнасць уяўляе догляд дома. Каласальная падтрымка тут зыходзіць менавіта ад сталых валанцёраў. Валодаючы высокім узроўнем адказнасці, яны, беручы кагосьці пад апеку, часцяком застаюцца з падапечным ажно да яго сыходу з жыцця.

З 88 ініцыятыўных валанцёрскіх групаў «старэйшага ўзросту» 32 займаюцца якраз такой дзейнасцю: наведваюць падапечных дома дапамагаюць з прыбіраннем, мыццём, гатаваннем, прыносяць прадукты і лекі, выступаюць, калі гэта неабходна, пасрэднікамі паміж сваім падапечным і дзяржаўнымі ўстановамі (выканкамамі, сацслужбамі, натарыусамі і г.д.).

Але самае, бадай, важнае – яны аказваюць псіхасацыяльную падтрымку сваім падапечным, многія з якіх у сілу ўзросту альбо па стане здароўя даўно знаходзяцца ў сацыяльнай ізаляцыі.

– Не магу не распавесці пра ўнікальнага чалавека – Галіну Канстанцінаўну Немцову з Пружанаў Брэсцкай вобласці. Гэта самы старэйшы наш валанцёр. Ёй 93 гады! – захоплена кажа Святлана Анацка. – Удзельнікі мясцовай ініцыятыўнай групы стварылі свой лялечны тэатр. І Галіна Канстанцінаўна разам з аднадумцамі ставіць спектаклі і ездзіць з выступленнямі ў бальніцы сястрынскага догляду, інтэрнаты для састарэлых і інвалідаў. Акрамя таго, у яе ёсць свая падапечная, якую яна наведвае і аказвае ўсялякую дапамогу.

Так што валанцёрства – гэта дакладна гісторыя не пра ўзрост.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 46

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама