28.12.2022
28.12.2022

Валуны-лекары на Беларусі. Ад чаго лечаць і выратоўваюць

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

На паверхні беларускай зямлі вялікая колькасць розных па памерах і форме валуноў. У Беларусь іх прынёс апошні ледавік.

Шмат якія валуны ў народзе здаўна ўважаюць за лекавыя. За некаторымі з іх нават замацаваныя пэўныя назвы: Лекавы Камень, Святы Камень. Па павер’ях, некаторыя з іх могуць лячыць любыя хваробы, а іншыя маюць “вузкую спецыялізацыю”, прычым, дапамагаюць камяні толькі ў пэўны дзень, а часам нават у пэўную гадзіну.

Камяні-следавікі

Па ўсёй Беларусі лекавымі лічылі камяні-следавікі. Гэта валуны, на якіх ёсць невялікія паглыбленні, што нагадваюць ступню чалавека або сляды жывёл. Выемкі бываюць прыродныя і штучныя. Наконт часу высякання слядкоў сярод навукоўцаў існуюць розныя меркаванні. Нагу, а тым больш ступню, звязвалі з іншасветам – падземным светам, куды ўсё сыходзіць, памірае, і адкуль ўсё вяртаецца, нараджаецца наноў.

Асабліва дзейснымі лекамі лічылі нашыя продкі дажджавую ваду са “слядкоў”.

Камец са следам Сыятога Антонія

У вёсцы Струбніца Мастоўскага раёна каля ўвахода ў касцёл ляжыць камень са Слядамі Святога Антонія. У дзень гэтага святога, 13 чэрвеня, каля касцёла адбываецца фэст. Пасля службы шмат хто з вернікаў імкнецца басанож ступіць у слядок святога. Людзі вераць, што менавіта ў гэты дзень ён валодае асаблівай сілай.

Камень з вёскі Леснікі

На ўскрайку вёскі Леснікі Лідскага раёна каля вялікага драўлянага крыжа знаходзіцца камень-следавік. Яго ўшаноўваюць і лічаць лекавым ад многіх хвароб. На камені ёсць паглыбленне ў выглядзе чалавечай ступні. Мясцовыя кажуць, што гэта след Божай Маці. Побач таксама невялікае паглыбленне ў выглядзе капытка нейкай жывёліны. Ваду, якая збіраецца ў іх, лічаць лекавай.

У лесе каля вёскі Крамянец Лагойскага раёна ляжыць Святы, Богаў ці Даждзьбогаў Камень. На Вялікдзень і на свята Іллі, 2 жніўня, вада са слядка, паводле павер’яў, лекуе ўсе хваробы. Калі дажджавой вады ў слядку не было, то яе зачэрпвалі ў студні, што была некалі побач, і налівалі ў слядкі.

Вада са слядкоў на камені, што ляжыць сярод поля каля вёскі Сорагі Слуцкага раёна, дапамагала ад усіх хвароб на Макавей, 14 жніўня, і на Пакроў, 14 кастрычніка. Мясцовыя людзі лячылі дажджавой вадой са слядкоў галаўны боль, хваробы вачэй, ліхаманку…

Валуны-лекары

Божы Камень. Вялікі Поўсвіж.

У вёсцы Вялікі Поўсвіж Лепельскага раёна людзі былі ўпэўнены, што іх камень дапамагае ад галаўнога болю, малярыі, знішчае бародаўкі, лекуе ад невідушчасці. І не толькі чалавека, але любую свойскую жывёлу.

Камень Дзед на Свіслачы

У Беларусі здаўна верылі, што некаторыя валуны нібыта вылечвалі ад бясплоднасці.

Да канца 1980-х гадоў на беразе Свіслачы ў Мінску, насупраць стадыёна “Дынама”, на месцы былога капішча, якое мела назву “Малельня ля каменя”, ляжаў камень Дзед.

Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя жанчыны, якія жадалі зацяжарыць, апярэзвалі валун фартухамі. Трэба было тры начы запар пасядзець на камені і пры гэтым прамаўляць замову. Каля каменя рос магутны дуб, жалуды з якога таксама лічылі лекавымі. Побач бруіла гаючая крынічка…

Сёння той культавы камень перанесены ў Музей валуноў, што ў мікрараёне Уручча. Мяркуючы па букеціках кветак і манетак на ім, валун і ў наш час не страціў сваёй папулярнасці.

Сянежыцы. Навагрудскі раён

Ад бясплоддзя лячыў і камень-следавік на ўзгорку каля вёскі Сянежыцы Навагрудскага раёна. Аднак у такой просьбе камень дапамагаў толькі на свята Пакроў. Непадалёк ад каменя ва ўрочышчы Святы роў бруіла святая крыніца. Тыя, хто прагнулі пазбавіцца ад хвароб і атрымаць адпушчэнне грахоў, ішлі на каленях ад каменя да крыніцы.

У Воранаўскім раёне Гродзеншчыны каля вёскі Гарадзішча ляжыць камень Вільціс. Такая назва ў перакладзе з літоўскай мовы азначае Надзея. Спрадвеку камень лічыўся жаночым. Ён не толькі лячыў ад бясплоддзя, але і дапамагаў цяжарным жанчынам нарадзіць здаровае дзіця, а дзяўчатам спрыяў ва ўступленні ў добры шлюб. Пры наведванні каменя жанчыны спачатку дакраналіся да валуна і цалавалі яго, а потым звярталіся з просьбай. “За паслугі” валуну ахвяравалі лён, палатно, ручнікі, хусткі, вяночкі, грошы.

На ўзгорку пад назвай Прошча каля вёскі Пярэжыр Пухавіцкага раёна да канца 1930-х гадоў ляжалі два паклонныя камяні, якіх называлі Дзям’ян і Мар’я. Верылі, што яны вылечвалі паралюш, глухату, кульгавасць і шэраг іншых хвароб. Але камяні не толькі лекавалі розныя хваробы, але і спрыялі маладым у шлюбе. Лічылі, што найбольшай лекавай сілай камяні валодаюць на Маладзік і на Троіцу. Валунам ахвяравалі лён, палатно, масла, сыр, ручнікі… Дзяўчаты неслі каралі і завушніцы. Па ўспамінах старажылаў, аднойчы камень Мар’ю забралі на будоўлю і паклалі ў падмурак нейкага хлява. Далейшы лёс таго каменя невядомы. І куды знік Дзям’ян таксама ніхто не ведае…

Шалёны камень

З некаторых валуноў здзіралі мох, настойвалі яго на вадзе ці на гарэлцы і пілі як лекі. А ў вёсках Верасніца Жыткавіцкага і Раменкі Іўеўскага раёнаў з камянёў шкрэблі парашок і лекаваліся ім.

Валун пад назвай Шалёны Камень і цяпер ляжыць ў паўночна-ўсходняй частцы вёскі Малыя Грыдзюшкі Шаркаўшчынскага раёна. Пры ўкусах шалёнага сабакі з яго таксама шкрэблі парашок і потым пілі з вадой. Паводле падання, ён не толькі пазбаўляў ад цяжкіх хвароб, але надаваў і фізічную сілу.

Яшчэ беларускі мастак Язэп Драздовіч у пачатку мінулага стагоддзя запісаў са слоў сваёй пляменніцы Ядвісі: “Во гэты Шалёны камень. Тут кажуць даўней прабягаў шалёны чалавек, упаў на гэты камень, дый пачаў яго грызці… Грыз, грыз аж датуль, пакуль не заснуў. А прачнуўся – аздаравеў. І цяпер, калі дзе каго шалёны сабака абкусае, з гэтага каменя на лекі кавалкі адбіваюць”.

На могілках каля капліцы побач з вышэй згаданай вёскай Кудзінавічы Капыльскага раёна ляжыць вялікі камень з высвідраванай ямкай і барэльефнай выявай крыжа.

Камень мае шэраг назваў – Святы, Божы След, След Хрыста, След Божай Маці. Ад хвароб зубоў выкарыстоўвалі мох з гэтага каменя, яго наўпрост прыкладалі да хворага зуба. Зубны боль суцішваў і камень каля вёскі Бор, што непадалёк ад мястэчка Цітва Пухавіцкага раёна. Для гэтага трэба было дакрануцца зубамі да каменя.

Маларыцкі камень

Многія так званыя лекавыя камяні ў розныя часы былі перанесеныя ў храмы і капліцы. Некаторыя з іх захоўваюцца там і сёння.

Напрыклад, у вёсках Лукава Маларыцкага, Калодзішчы Мінскага, Бабры Лідскага, Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёнаў.

Прычына абагаўлення камянёў, вера продкаў у іх лекавую моц тлумачыцца іх спецыфічнымі якасцямі: цвёрдасцю, нязменнасцю, хімічнай інэртнасцю ў параўнанні з жывой прыродай.

https://bel.24health.by/mashyna-chasu-xto-yany-xirurgi-syarednyavechnaj-belarusi/

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама