23.07.2021
23.07.2021

Ванільнае марожанае – святкуе! :) І мы разам з ім…

logo
Думкі ўслых
0 35
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ці любіце вы марожанае (яно ж – марозіва)?! 🙂 А ці шмат спажываеце, асабліва падчас шалёнай спёкі? Я дык, бывае, і па дзве порцыі за дзень магу з’есці. Магу і больш, але проста сабе не дазваляю, бо, як вядома, што задужа… Люблю марожанае рознае. Ванільнае – у тым ліку. А сёння і нагода добрая, каб з’есці менавіта яго. Бо 23 ліпеня – Дзень ванільнага марожанага!

Марожанае. Карысць ванільнага марожанага.

Я была вельмі здзіўленая, калі даведалася, што менавіта ванільнае марожанае вынайшлі… яшчэ ў 1649 годзе! Зразумела ж, у Францыі. І зразумела, мужчына! 🙂 Кулінар Жэрар Цірсен (Тырсен?!). Па шчырасці, не ведаю, як правільна будзе гучаць… Кажуць, што менавіта яно было больш падобнае да сучаснага. І што лічылася і лічыцца самым папулярным ва ўсім свеце.

А так само марозіва, як сцвярджаюць даследчыкі, налічвае каля 4 000 гадоў! Уражвае, праўда?!

А вы ведаеце, што падчас спёкі кожныя тры секунды дзесьці прадаецца порцыя марожанага?! Прычым не абавязкова ванільнага. А за год, напрыклад, амерыканец з’ядае яго 20 кілаграмаў. Хм… Вось не падлічвала. А я больш ці менш?! 🙂 А вы?!

Марожанае. Спажыванне марожанага ў свеце.

І яшчэ цікава, што быццам бы больш за ўсіх любяць марозіва дзеці да 12 гадоў і дарослыя пасля 45 гадоў. Я якраз трапляю ў другую катэгорыю. Але, па праўдзе, марожанае люблю ўсё жыццё…

І зараз перад вачыма кіёск з марозівам, які колісь стаяў акурат насупраць школы, дзе я вучылася, праз дарогу ад яе. Там гандлявала добрая і ўважлівая да дзяцей цётка Зіна. І як мы на перапынках, вядома ж, бегалі па салодкі ласунак. Тады, здаецца, і выбару асабліва не было. І таму яшчэ больш яго хацелася.

А хто памятае кардонныя ёмістасці (па форме шклянкі) і драўляныя палачкі да іх? Марожанае каштавала, калі не блытаю, на той час 11 ці 13 капеек і было сметанковага смаку. Але больш падабаліся, вядома ж, ядомыя вафельныя ёмістасці. І зараз у мяне гэта самае любімае марозіва! Хаця па смаку, вядома ж, не параўнаць.

Марожанае. Любімае марожанае.

І яшчэ памятаецца цікавы момант з дзяцінства. Як я, мабыць, да 10-гадовага ўзросту чамусьці не магла з’есці порцыю марожанага цалкам. Любога. І ў кардоннай ёмістасці, і ў вафельнай… І нават такое заваблівае, на палачцы, не шкаладнае, а экзатычнае на той час лімоннае – жоўтае!

Вачыма з’есці магла, а даходжу да сярэдзіны – і хоць плач! Затое калі змагла першы раз, падумала: «Дык вось што значыць быць дарослай – з’ядаць порцыю марожанага цалкам!» 🙂 Цяпер самой смешна…

Але вяртаемся да марожнага ванільнага, якое сёння святкуе, а мы – разам з ім! Ці жартам, ці ўсур’ёз сцвярджаецца, што яго аматары – гэта вясёлыя людзі, выдумшчыкі і штукары, аптымісты, якія ўмеюць радавацца жыццю. А ўвогуле, аматары ванілі вельмі мэтанкіраваныя і амбіцыйныя. У асабістым жыцці шукаюць стабільнасць і бяспеку. Але – празмерна імпульсіўныя.

Марожанае. Рысы характару тых, хто любіць ванільнае.

Што тычыцца ванільнага паху… Вядома ж, у розных прадуктах і не толькі ён і вельмі розніцца. Так бы мовіць, натуральны, для кандытарскіх вырабаў – прыемны. Я люблю дадаваць ванілін у бісквіты, тварожную запяканку…

А ёсць такі «хімічна»-ванільны пах, ад якога можа, прабачце, і званітаваць. Памятаю, гады з паўтара таму павесілі такія штукі ў нашых маршрутках. Не паверыце – першы раз ледзьве дадому даехала. Ды яшчэ і спыталася ў кіроўцы, навошта такую брыдоту закупілі і ці масава. Да маёй радасці, такое было не ва ўсіх маршрутках…

І таксама памятаю чужыя духі з «хімічнай» ваніллю. Той яшчэ трэш – знаходзіцца побач з іх уладальніцай-карыстальніцай.

А вось у ванільным марожаным такога заўважнага паху-смаку асабліва і не адчуваецца, праўда? Проста прыемна, калі вы – аматар.

Марожанае. Прыемны водар ванілі.

Між іншым, пах ванілі лічыцца натуральным транквілізатарам. Ваніль садзейнічае выпрацоўцы ў нашым арганізме гармону радасці. А яшчэ яе водар выклікае апетыт і садзейнічае з’яўленню добрага настрою. Дапамагае пры трывозе і дэпрэсіі, знімае пачуццё стомленасці.

А вось чаго ніколі не хацелася асабіста мне, дык гэта прыгатаваць марожанае самастойна. Нават не ведаю, чаму. Зрэшты, гэтак жа, як і хатні маянэз. А ўсё астатняе – калі ласка, гатую з задавальненнем! І люблю новае!

Але калі хтосьці з вас, шаноўныя сябры, усё ж хоча прыгатаваць сваё марожанае, дык на нашым рускамоўным партале «Здаровыя людзі» ёсць цэлы матэрыял на гэтую тэму! І напрыканцы там якраз рэцэпт ванільнага марожанага! Так што поспехаў!

Марожанае. Ванільнае марожанае.

Ну, а мы, аматары крамнога, пакуль вы гатуеце, зручна ўладкоўваемся з ванільным марожаным на канапе і… ловім свой дзэн! Смачна есці! І ўласнаручна прыгатаванае – таксама! 🙂

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 35

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".