08.04.2021
08.04.2021

Як пазбегнуць укусу кляшча і прадухіліць інфікаванне

logo
Здароўе дарослых
0 26
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Вас атакуюць! Абараняйцеся!

Кляшчы зноў у справе: чакаюць ахвяру, а затым атакуюць. Першыя выпадкі ўкусу кляшчоў сёлета былі зафіксаваныя яшчэ ў сакавіку. Традыцыйна пік актыўнасці крывасмокаў чакаецца да мая-чэрвеня. Але вельмі асцярожнымі варта быць ужо сёння. Якая розніца, колькі кляшчоў выйшла на «паляванне», калі ўсе яны галодныя, патэнцыяльна небяспечныя і не выключана, што чакаюць менавіта вас. А таму – абараняйцеся!

Як пазбегнуць сустрэчы з членістаногімі крывапіўцамі? Што рабіць, каб знізіць рызыку заражэння клешчавым энцэфалітам альбо хваробай Лайма? Навошта патрэбная антыбіётыкапрофілактыка пасля ўкусу кляшча? Як правільна дастаць кляшча самастойна?

Пра галоўныя правілы бяспечных паводзінаў нагадалі эксперты: загадчык аддзялення нейраінфекцый Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы г.Мінска Віктар Шчэрба і загадчыца аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Дашкевіч.

Дзе водзяцца кляшчы

Кляшчы. Веснавы сезон адкрыты!

На тэрыторыі Беларусі зарэгістраваныя 12 відаў кляшчоў, але толькі 2 з іх маюць эпідэміялагічнае значэнне, г.зн. з'яўляюцца ўзбуджальнікамі такіх інфекцыйных захворванняў як клешчавы энцэфаліт і хвароба Лайма (Лайм-барэліёз). Да гэтых відаў адносяцца так званыя іксодавыя кляшчы: лясны і лугавы.

Досвед мінулых гадоў паказвае, што выпадкі прысмоктвання кляшчоў пераважна адбываюцца ў лясных масівах, на дачных участках, у сельскай мясцовасці, кажа Ала Дашкевіч. Але і ў горадзе нельга адчуваць сябе ў поўнай бяспецы: тут членістаногія крывапіўцы таксама не рэдкасць.

Упадабаныя месцы кляшчоў – высокая трава, зацененыя, сырыя зараснікі кустоўя, у тым ліку на берагах вадаёмаў, залежы ламачча, нерасчышчаныя прасекі...

Традыцыйна эпідэміялагічна небяспечнымі ў сезон актыўнасці кляшчоў лічацца тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка і Белавежскай пушчы. Вялікая колькасць выпадкаў прысмоктвання кляшчоў з году ў год фіксуецца таксама ў Пухавіцкім і Чэрвеньскім раёнах, у ваколіцах Койданава і іншых месцах.

Чым небяспечны ўкус кляшча

Кляшчы. Дзе ў Беларусі водзяцца кляшчы.

Не так небяспечныя іксодавыя кляшчы самі па сабе, як тыя хваробы, пераносчыкамі якіх яны з'яўляюцца: клешчавы энцэфаліт і хвароба Лайма. Калі пасля ўкусу кляшча своечасова не прыняць прафілактычныя меры для прадухілення і/альбо зніжэння рызыкі інфікавання, і тая, і другая хваробы могуць прывесці да сумных наступстваў: ажно да цяжкай інваліднасці і нават гібелі чалавека.

Віктар Шчэрба:

– У Беларусі пераважае варыянт заходняга клешчавога энцэфаліту. Але ў апошнія гады ўсё часцей адзначаюцца выпадкі так званага варыянту ўсходняга энцэфаліту, які адрозніваецца больш цяжкімі клінічнымі праявамі і цячэннем хваробы. Меркаванымі разносчыкамі з'яўляюцца птушкі, якія служаць «транспартам» для кляшчоў-узбуджальнікаў захворвання. У Беларусі ўжо фіксаваліся ачаговыя формы ўсходняга варыянту энцэфаліту і выпадкі інвалідызацыі з прычыны позняга звароту па медыцынскую дапамогу.

Таксама эксперт звярнуў увагу, што ёсць верагоднасць захварэць на клешчавы энцэфаліт нават без ўкусу кляшча! Гэта адбываецца пры ўжыванні сырога казінага малака ад жывёлы, якая адчула на сабе напад крывасмактальнага паразіта і была інфікаваная. Таму лепшы спосаб абараніць сябе ад магчымага заражэння – не піць сырадой, а «жывое малако» перад ужываннем абавязкова кіпяціць.

Клешч прысмактаўся! Што рабіць?

Сітуацыя непрыемная, але папраўная, лічаць эксперты. Можна звярнуцца ў бліжэйшы траўмапункт ці любую ўстанову аховы здароўя, дзе хутка і бяспечна выдаляць кляшча. Калі магчымасці звярнуцца па медыцынскую дапамогу на працягу гадзіны-дзвюх няма (вы на дачы, за горадам, у лесе), трэба самастойна прыбраць насякомае. Чым раней клешч выняты, тым меней верагоднасць, што ён занясе інфекцыю.

Даставаць кляшча варта кругавымі альбо раскачвальнымі рухамі, скарыстаўшыся пінцэтам, ніткай, але яшчэ лепей – спецыяльным прыборам, набытым загадзя ў аптэцы. Ні ў якім разе нельга кратаць крывасмока голымі рукамі і сціскаць яго за брушка – так рызыка заражэння шматкроць павялічваецца. Катэгарычна не варта мазаць месца прысмоктвання кляшча алейнымі растворамі, тлустым крэмам у надзеі, што насякомае з-за недахопу кіслароду адваліцца само. Наадварот, гэта прывядзе да таго, што клешч будзе больш актыўна выкідваць патэнцыяльна інфікаваную сліну ў рану.

Кляшчы. Як дастаць кляшча самастойна

Можа здарыцца і так, што вы ўсё рабілі правільна, але ўсё роўна адарвалі брушка, а галава насякомага засталася ў ране. У гэтым выпадку яе дастаюць, як звычайную стрэмку, падчапіўшы папярэдне прадэзінфіцыраванай антысептыкам альбо спіртавым растворам іголкай.

Пасля выдалення кляшча месца ўкусу таксама трэба апрацаваць антысептычным сродкам альбо спіртам.

– Дзе б вы ні выдалялі кляшча – у медыцынскай установе ці самастойна «ў палявых умовах», неабходна прайсці прафілактычнае лячэнне, – кажа Віктар Шчэрба. – Яно заключаецца ў аднакратным прыёме антыбіётыку даксіцыклін. Гэта безрэцэптурны прэпарат, таму ў сезон актыўнасці кляшчоў мець яго пад рукой – лепшае рашэнне. Антыбіётыкапрафілактыка крытычна важная на працягу 72 гадзін пасля ўкусу. Дарослыя прымаюць па 2 таблеткі ў адзін прыём, дзеці – 1 таблетку. Калі ёсць непераноснасць да даксіцыкліну, як правіла, прызначаюць іншы антыбіётык – амоксіцылін. Але ў гэтым выпадку лекавы сродак рэкамендавана прымаць не меней за 5 дзён.

Паказальна, што 90% людзей, у якіх пасля ўкусу кляшча дыягнастуецца інфекцыйнае захворванне, грэбуюць своечасовай антыбіётыкапрафілактыкай.

Кляшчы. Чаму не варта грэбаваць антыбіётыкапрафілактыкай.

Прафілактычны прыём антыбактэрыяльных прэпаратаў неабходны пасля кожнага выпадку прысмоктвання кляшча!

Ці трэба несці кляшча на даследаванне, а таксама здаваць аналіз на антыцелы

Ні ў тым, ні ў другім няма неабходнасці, перакананы Віктар Шчэрба. Даследаванне кляшча праводзіцца на працягу трох дзён, у той час як прафілактыка лекавымі прэпаратамі актуальная таксама на працягу трох сутак пасля ўкусу. Гэта значыць, калі крывасмок апынецца разносчыкам небяспечнага захворвання, можна і не паспець спыніць інфікаванне аднаразовым прыёмам антыбіётыку. Таму даследаванне кляшча (якое, дарэчы, праводзіцца на платнай аснове) не мае першараднага значэння ў адрозненне ад прыёму лекаў.

Віктар Шчэрба:

– Не трэба спяшацца і з аналізам крыві на антыцелы да Лайм-барэліёзу і клешчавому энцэфаліту. Па-першае, антыцелы з'яўляюцца толькі праз 3-4 тыдні пасля ўкусу. Па-другое, іх наяўнасць не вырашае нічога. Напрыклад, калі аналіз крыві паказаў наяўнасць імунаглабулінаў М (IgM), што сведчыць пра вострую фазу, але пры гэтым сімптомаў захворвання няма, лячыць нічога не трэба – арганізм спраўляецца сам. Аналіз не лечаць! Тэрапія прызначаецца толькі ў выпадку выяўленай сімптаматыкі інфекцыйнага захворвання. З уласнага досведу магу сказаць, што актыўнае лячэнне неабходнае толькі 15-20% людзей пасля ўкусу заражанага кляшча. У астатніх імунітэт спраўляецца сам.

Кляшчы. Чаму можна не здаваць на аналіз

Нават пры наяўнасці імунаглабулінаў IgM, а затым і IgG (якія могуць вызначацца ў крыві на працягу некалькіх гадоў пасля інцыдэнту) імунітэт да хваробы Лайм-барэліёзу альбо клешчавога энцэфаліту не фарміруецца. Гэта значыць, пры чарговым прысмоктванні кляшча трэба будзе праводзіць антыбіётыкапрафілактыку, каб прадухіліць магчымае заражэнне.

Як пазбегнуць ўкусу. Меры прафілактыкі

Меры прафілактыкі супраць ўкусу кляшча досыць простыя і застаюцца актуальнымі з году ў год.

Ала ДашкевічАла Дашкевіч пералічыла асноўныя:

  • Пры наведванні патэнцыяльна небяспечных месцаў (лес, лугі, лецішчы) апранацца такім чынам, каб прадухіліць запаўзанне кляшчоў (адзенне з доўгім рукавом, манжэтамі, высокім каўняром, штаны, запраўленыя ў абутак альбо шкарпэткі). Пажадана аддаць перавагу вопратцы светлых тонаў, бо на ёй кляшчы больш прыкметныя.
  • Выкарыстоўваць рэпеленты альбо сродкі, якія адпужваюць кляшчоў.
  • Знаходзячыся на тэрыторыі, дзе могуць быць кляшчы, перыядычна (раз у 2-3 гадзіны) аглядаць сябе і сваіх спадарожнікаў, па вяртанні дадому правесці больш старанны агляд, у тым ліку жывёлаў, калі яны былі з вамі, і раслінаў, якія вы прынеслі з лесу альбо прывезлі з дачы (букеты, лекавыя травы і інш.).
  • Невідавочнай, але важнай прафілактычнай мерай з'яўляецца расчыстка і добраўпарадкаванне тэрыторыі дачнага ўчастка (трэба своечасова прыбіраць апалае лісце, сухія галінкі, прарэжваць кустоўе, касіць высокую траву, не дапускаць звалак бытавога смецця і г.д.).

– Адным з накірункаў абароны і прафілактыкі супраць магчымага інфікавання пры ўкусе кляшча з'яўляецца вакцынацыя, – кажа Ала Дашкевіч. – У Беларусі выкарыстоўваецца вакцына расійскай вытворчасці з даказанай эфектыўнасцю супраць клешчавога энцэфаліту. Для групаў рызыкі (паляўнічыя, работнікі лясной гаспадаркі і г.д.) вакцынацыя праводзіцца бясплатна, для астатняга насельніцтва – на платнай аснове. Прышчэпкі ад Лайм-барэліёзу, на жаль, у свеце пакуль няма.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 26

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама