06.09.2022
06.09.2022

Ваверка-першакласніца (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


 

Стаялі пагодлівыя дні. З мяккім сонцам ад ранку. І, хаця дрэвы, нібыта свечкі вакол, усё ярчэй пачалі ўспыхваць на праводзінах лета, днём яшчэ добра прыгравала. У лесе стаяла ціша. Змаўкаюць птушыныя спевы. Як сівізна ад былога бялее наўкола павуціна. Яна вісіць у паветры, абчэплівае маладыя хвойкі.

Шасціць пад нагамі мох. Гараць пацяжэўшыя фіялетава-сіняватыя галінкі-хвойкі верасоў на палянцы. Над імі зумкаюць рэдкія пчолкі.

Дзесьці хруснуў сучок, мякка ўпала хваёвая шышка. Ажно вавёрачка, вылускаўшы чарговую шышку, скача з сасонкі на сасонку. То ўніз саскочыць, то зноў па ствале імгненна ўзбярэцца ажно да верхавіны. Праз хвіліну-другую зноўку адным махам — уніз, быццам фіззарадкай займаецца. І не бывае ў яе ўтомы. Толькі кутасікі на вушах завабліва кратаюцца, а хвосцік яе пушысценькі як сцяжок для раўнавагі.

«Для каго яна так стараецца? — думае грыбнік.

Белачка

Пахне водарам сасновай смалы. Чуецца стук па дрэве дзятла.

— Гэта мой сябар Мірон завіхаецца. — Мы з ім ладзім, — заўважае маладая Вавёрачка.

Але на яго стук нервова рэагуе Сарока.

«Чаго б так? — думае Верачка. Ажно Дзяцел не звяртае на яе ўвагі і кіруецца акурат на тую ж сасну, дзе толькі што Вавёрачка добра падсілкавалася.

— А ці памятае, мой шчыры сябар, што сёння ў мяне дзень народзінаў?

— А як жа! Тэлеграмму яшчэ на досвітку адбіў, але ад цябе ніякай рэакцыі. І тое, што я абяцаў праводзіць цябе ў школу. Як дзіўна гучыць: вавёрка Верка — першакласніца!

— Якраз-такі бадзёра і горда гучыць, — пагаджалася Вавёрка. За віншаванне дзякуй! Тэлеграму мама прымала, і каб мяне не турбаваць, змаўчала.

— Тым не менш я не змагу пазбавіць сябе такога гонару!

— Дзякуй, Мірон! Я буду радая!

Надвячоркам, калі сонца стаяла яшчэ высока, Верка вярнулася дахаты і пачала збіраццца ў школу. Паклала ў ранец чытанку, пенал з прыналежнасцямі, некалькі сшыткаў, каляровыя алоўкі. Бацькі толькі весела паглядалі на дачку, як яна ўвішна стараецца.Толькі брацік Рыжык круціўся побач, але Верка не крыўдзілася на яго, наадварот — прыязна ўсміхалася і ўсяляк мкнулася дагадзіць малому. І ад шчырых адносін сястры вочы яго свяціліся. Некалі і яна была такой-жа цікаўнай і няўрымслівай!

вавёрка-першакласніца

Калі ўсё было падрыхтавана, Верка пачысціла зубкі сасновай шышкаю і пайшла адпачываць.

І, хаця спалася дрэнна, усё ж падхапілася да сонца і кінулася правяраць ранец. Упэўніўшыся, што ўсё на месцы, збегала да рэчкі памыцца. А тая, нібыта вітала Верку, падбадзёрвала на добры дзень. Нават працавітыя павучкі, што наткалі павуціны стараліся адхінуць свае нябачныя посцілкі, каб не замінаць першакласніцы рупіцца.

Тым часам маці ўжо сняданак са свежых  грыбоў падрыхтавала.

Вавёрка 4— Вось і скончыліся, дзіцятка, твае бесклапотныя дзянькі! — ласкава прамаўляе бацька. — Пара брацца за навуку!

Тут Верачка як узрушыцца.

— Я ўжо вялікая!

Здаецца зусім нядаўна Вавёрачка выбягала на ўзлесак і па-дзіцячы радавалася свежым вясеннім пахам, што даносіліся з наваколля, дзялілася з брацікам. Уся зямля была поўная квецені, пахаў. І тая духмяная свежасць лілася ажно да самага гняздзечка, якое завецца гайно, што на старой елцы надзейна замаскіравана тонкімі галінкамі Яно нагадвае звычайны шар. А ўваход у яго адкрываецца збоку, куды і пранікаюць вясновыя пахі квецені. Прыгадалася ёй, як маці часам ратавала іх з брацікам ад галоднага каршуна, пераносячы ў зубах у небяспечнае больш зацішнае месца. Усміхнулася.

Летнія ўспаміны надавалі Вавёрцы сіл і імпэту рупіцца назапашваць на зіму арэхі ды жалуды, шышкі ды грыбы, якія наколвала на вострыя галінкі і хавала ў патаемныя месцы, якія потым паказвала бацькам.

У хваёвым лесе яна амаль не спускалася на зямлю, толькі калі пабачыць паляну, перабяжыць і хуценька, мігаючы рыжаю футрай ускочыць на дрэва. На сасне ці на елцы сарве шышку, хуценька выгрызе з яе насенне, і далей паскача. Настрой уздымала і вясёлае наваколле: птушыны спеў чуўся паўсюль з рання да змяркання.

Вавёрка-першакласница 5

Зараз не чуваць у лесе бесклапотнага птушынага шчэбету, які дарыў насельнікам лесу асаблівы супакой. А вось для вавёрак птушыныя спевы служаць своеасабдівым навігатарам адсочвання сітуацыі вакол з пункту бяспекі. Пры голасе драпежнай птушкі вавёркі заміраюць, стаіўшыся ці, калі небяспека побач, кідаюцца наўцёкі. Нават калі пасля такіх выпадкаў наступае цішыня ўсё роўна паводзяць сябе насцярожана і нервова, прыслухоўваючыся да кожнага шораху. А вось калі разносіцца бесклапотнае чырыканне пярнатых звяркі імгненна супакойваюцца і прымаюцца за свой паўсядзённы клопат. Вось што азначае давер!

Як зараз Верка дазваляе браціку Рыжыку разглядаць свой ранец, гартаць буквар.

— Ой, колькі тут прыгожых малюнкаў!

— Так. Ды пагартай, пагартай, брацік. А я пакуль школьную форму апрану.

Зірнуў Рыжык на незвычайную кніжку, узрадаваўся: дзякуй, сястрыца!

— Калі ласка! Толькі ты паспяшайся!  Мне ўжо пара выходзіць, спазняцца ў школу з першага дня — дрэнная прыкмета.

Белачка

— О-о! Кветкі не забудзься!

Калі дзяцел Мірон з Рыжыкам праводзілі Верачку да школкі сонца паднялося над лесам. Яго промні яркімі водбліскамі адлюстроўвалі свежую фарбу партаў, за якімі ўжо сядзелі Заяц з Ласкай, Янот з Куніцай, Ваўчок з Лісой. Пазней за ўсіх прыцягнуўся Бабёр, які пакуль не перабудаваў свой арганізм на новы рэжым. А вось Ласі ды Кабаны вырашылі пакуль не адпраўляць сваіх дзяцей у школу: няхай які гадок пазабаўляюцца.

Тым часам лясная школка гаманіла. Вучні віталіся адно з адным ды весела ўсміхаліся.

Дабраахвочая Вавёрачка вырашыла Бабра з алфавітам пазнаёміць.

— Слухай і запамінай!

— Не, Верачка! Не ўсё адразу! Хаця б па дзве-тры літары на дзень.

— Такімі крокамі ты будзеш тэпаць у навуку ўсё сваё жыццё.

— Паспею!

Аднак ён быў першым, хто ўручыў свой букет кветак настаўніку Міхайлу Патапавічу.

Тым часам Настаўнік павіншаваў шкаляроў з Днём ведаў, давёў правілы паводзін у час заняткаў, пазнаёміў з раскладам урокаў першакласнікаў.

Мядзведзь - настаўнік

Новы навучальны год для лясных насельнікаў пачаўся. Вучні былі больш выхавнымі, чым шматлікія няпрошаныя гледачы, што сядзелі на і пад дрэвами. І не толькі сядзелі, а дурэлі і гаманілі між сабой:  Сарокі, Вароны, Совы, Цецерукі,  Казадоі, Зязюлі, Шчыглы… Вожык з Жабаю свой рэй вялі. Толькі стары Цецерук адвярнуўся і глядзіць-глядзіць як бярозка з сонейкам іграе.

Адныя з цікаўнасцю каменціравалі школьны ўрок, іншыя абмяркоўвалі невядомую госцю — невялікую птушачку з рыжымі шчокамі і чорна-бурымі палоскамі па ўсім целе.

— Я бачыла гэтую прыгожую птушачку! Яна назвалася паўночнай Аўсянкай, прызналася, што заляцела падчас міграцыі ажно з Паўночнай Азіі.

— Паважаныя госці! Прашу цішыні! Папярэджваю на першы раз, — завурчэў Мядзведзь.

Усе сцішыліся, разумелі, што так яно і будзе — разгоніць гаманкую кампанію.

Сонца прасвечвае цераз жоўта-карычневую і залаціста-барвовую лістоту бяроз ды асін. Іншым разам цэдзіцца праз ружовую сетку ценю вербалозу ды яленцу. Калі Настаўнік уваходзіць у гэты цень, на яго сур’ёзным твары гуляюць сонечныя зайчыкі. І, хаця Міхайла Патапавіч строгі і не вітае дураслівасці на ўроках, разам з вучнямі няхай сабе больш стрымана, ўсміхаецца.

— Ты няправільна трымаеш самапіску, — звяртаецца Ваверачка да Бабра. — Па-першае, вазьмі яе ў правую руку.

Бабёр здзіўлена паглядзеў на суседку па парце. Вавёрачка ўсміхнулася яму, узяла з яго левай лапы самапіску з бліскучым, але ўжо падрапаным зубамі наканечнікам і паклала яе ў правую лапу Бабра. Той незадаволена скрывіўся, але ўзяў.

Першы дзень у школе не пераставаў здзіўляць. Лісіца з Ваўком выхваляліся кожны сваёй увішнасцю ў начных вандроўках. А вось касавокі быў на сваёй хвалі: слухаў гаману і часам сам сабе ўсміхаўся на ўсе свае вострыя зубы, што нават Настаўнік насцярожваўся, але заўвагі не даваў, ведаў, што з часам прывыкне, выправіцца.

Школьнікі Ліса і Воўк

Тым не менш усе навучыліся сядзець за партай, адказваць, калі выклікаюць, пазнаёміліся і знайшлі новых сяброў. Даведаліся лясныя жыхары, што яны сталі сапраўднымі шкалярамі, бо Міхайла Патапавіч назваў гэты дзень Днём ведаў. Яны здзейснілі падарожжа ў Краіну Ведаў, пасля чаго ўрачыста паабяцалі добра вучыцца, срога выконваць распарадак і школьныя правілы.

Вавёрачка была ўважлівай на ўроках. Хутка навучылася пісаць, бо чытала ўжо не горш за Настаўніка. Не баялася калі запытацца невядомае патлумачыць. Міхайла Патапавіч заўжды ставіў яе ў прыклад іншым.

І Вавёрачка радавалася кожнаму школьнаму дню.

Калі скончыліся заняткі і вучні разыходзіліся па хатах, на небе з’явілася вясёлка. Яркая-яркая, з насычанымі колерамі, якія наскрозь праціналі густыя вершаліны дрэў. Вясёлыя гукі іх былі замест званка, якому ўсміхаўся нават строгі Настаўнік. Быццам сама прырода нагадвала, што заўтрашні дзень будзе таксама светлым і радасным.

Вечарам, калі ўся сям’я была ў зборы, маці Вавёрка прыгатавала смачную вячэру. Верачка ўсхвалявана расказвала пра школу, новых сяброў. Твары бацькоў іскрыліся радасцю. Яны радаваліся дачкою як стараннаю ўсёзнайкаю.

Вавёрачка

Тут Верачка як узрушыцца:

Наша дружная сям’я:

Мама, Тата, Рыжык, Я.

Я хаджу вучыцца ў школу,

Рыжык бегае вясёлым.

І ўсе дружна засмяяліся.

 

 

 

 

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».