16.08.2019
16.08.2019

«Важна, каб побач былі людзі, якія любяць»

logo
Асобы i лёсы
0 45
Аўтар:
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Наталля Гамаюнава, майстар выцінанкі, мастак, сябра Саюза майстроў народнай творчасці, вядучая майстар-класа «Мастацтва выцінанкі: самая народная творчасць» у рамках Эстафеты «У імя жыцця»

Наталля Гамаюнава, майстар выцінанкі, мастак

Наталля, раскажыце, чым Вы цяпер займаецеся і чаму?

У 1981 годзе я скончыла навучанне па дызайне. Затым выйшла замуж, і ў мяне нарадзілася чацвёра дзяцей. Паколькі 11 гадоў была ў дэкрэтным адпачынку, дызайнерскія навыкі ўжо страціліся. І перада мной паўстала пытанне, чым займацца. Мне заўжды падабалася графіка і прыкладное мастацтва, і ў выцінанцы я знайшла быццам два ў адным. Вельмі важна, што выцінанкай можна займацца, калі ў вас ёсць хаця б пяць хвілін вольнага часу – і ў любы момант яе можна адкласці.

Пазнаёмілася я з ёй у 2000 годзе праз працы Алеся Лася і Ніны Сакаловай-Кубай. Пашчасціла ўзяць майстар-клас у Вячаслава Дубінкі – гэта адзін з тых, хто пачаў адраджаць выцінанку ў Беларусі ў 1980-я гады. Ну і пакрысе стала рэзаць, уступіла ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці, рабіла выставы.

Наталля Гамаюнава, майстар выцінанкі, мастак

Якімі сваімі дасягненнямі Вы ганарыцеся?

Я працавала ў 23-й беларускамоўнай гімназіі, дзе была студыя традыцыйнай творчасці «Жыцень». Там дзеці займаліся саломапляценнем, аўтэнтычнымі спевамі і выцінанкай. Я ведаю, што і цяпер многія з іх гэтым займаюцца.

Некалькі гадоў вяла курсы ў БНТУ. Дзякуючы гэтаму цяпер тры чалавекі займаюцца выцінанкай вельмі шчыльна – гэта Валянціна Слюнчанка, Вольга Налівайка і Алена Шаліма. Зараз яны праводзяць выставы і прапагандуюць гэты від творчасці.

У мяне шмат узнагарод. Аднойчы выйграла запрашэнне на Люблінскі фэст, і там са сваімі работамі выйграла конкурс. Ездзіла і на іншыя фестывалі за мяжу, удзельнічала ў «Славянскім базары». Раблю шмат паштовак, яны разыходзяцца. Выцінанка павінна быць прыкладной, яе трэба выкарыстоўваць. Мае выцінанкі раздрукоўваў на майках symbal.by, Беларускае Пасольства ў Маскве афармляла імі інтэр’ер. Адна паэтка брала іх для афармлення сваіх зборнікаў. Лялечны тэатр выкарыстоўваў мае работы ў сваіх афішах, у Мінску распісваюць маімі выцінанкамі трансфарматарныя будкі. Выцінанку можна выкарыстоўваць дзе заўгодна!

Наталля Гамаюнава, майстар выцінанкі, мастак

А ёсць штосьці такое, чаго не атрымалася дасягнуць, але вельмі б хацелася?

Па праўдзе кажучы, у мяне сядзіць усярэдзіне, што я павінна зрабіць штосьці адметнае ад таго, што рабіла раней. Каб яно ўкладалася ў традыцыйныя рамкі – і ў той жа час было сучасным. І пакуль што не магу знайсці, што гэта.

А чаму Вы пагадзіліся правесці майстар-клас па выцінанцы ў рамках акцыі Цэнтра падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцця»?

Для мяне не цяжка праводзіць майстар-класы. Мяне папрасіла пра гэта мая сяброўка, і я згадзілася. Толькі потым даведалася, што гэта будзе акцыя ў падтрымку анкапацыентаў. І калі людзям гэта патрэбна – чаму б не дапамагчы? Гэтая хвароба многіх датычыцца. Але я ведаю па сабе, што калі нечым захапляешся, жыццё здаецца весялейшым і прыгажэйшым.

Некаторым цяжка камунікаваць з людзьмі, у якіх анкалагічнае захворванне. А якія пачуцці пры стасунках з імі ўзнікаюць у Вас?

Ведаеце, у мяне мама ляжала з інсультам, і яна ў мяне кожны тыдзень «памірала»: у яе падаў ціск, рабілася дрэнна. Аднойчы я выклікала неўрапатолага, і калі ён убачыў, што яна страціла прытомнасць, проста развярнуўся і ўцёк. Таму для мяне пэўныя цяжкія станы ў людзей – не навіна. Мы ўсе ходзім пад Богам і не ведаем, што ў сабе носім. У Бібліі сказана: «Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння». А што будзе заўтра – невядома. Але я думаю, што прага да жыцця дапамагае пераадолець хваробу.

А што Вам дае натхненне, падтрымлівае ў цяжкую хвіліну?

Апошнія два гады ў мяне такі творчы крызіс: мае дзеці раз’ехаліся, і мне стала сумна. Але мяне падтрымлівае вера ў Бога. Я шмат чытала – і ведычныя творы, і Каран, і Біблію. І зразумела, што мы, як рыбы ў вадзе, знаходзімся ў Яго сіле. Калі назіраеш, які гарманічны і дасканалы навакольны свет, не можаш сказаць, што гэта ўсё само па сабе ўтварылася. Таму, калі ў мяне ўзнікаюць цяжкія моманты,  я аддаю сябе на Яго волю. Можа, гэта самаўнушэнне, але гэта вельмі дапамагае.

А яшчэ я завяла сабе котак, і яны дапамаглі мне выйсці з дэпрэсіўнага настрою. Прырода дае жыццю напаўняльнасць. Да таго ж, каты даюць шмат працы – у мяне іх шэсць, і гэта ўжо мнагавата.

Наталля Гамаюнава, майстар выцінанкі, мастак

Якія яшчэ спосабы выйсця з крызіснага стану Вы можаце параіць?

Каб штосьці раіць, трэба такі стан перажыць. Але, я думаю, трэба, каб хтосьці побач падтрымліваў. Не плакаў над табой, а проста абдымаў. Каб можна было адчуць чалавечую цеплыню. А потым ужо трэба рухацца і думаць, чым займацца.

У майго мужа была дэпрэсія. У адзін дзень ён проста не ўстаў з ложка і не пайшоў на працу. У яго былі пэўныя грашовыя моманты, якія, як ён лічыў, немагчыма вырашыць. Хаця потым яны вырашыліся. Але тады ён гэта ўзяў у галаву, і ў мяне ўсё абрывалася ўсярэдзіне, калі я на яго глядзела. Мне здавалася, што ён памірае.

Тады я проста клалася каля яго, абдымала і так ляжала, і больш нічога не рабіла. Потым, калі яму зрабілася лягчэй, я брала яго за каўнер, мы сядалі ў аўтамабіль і ехалі на Цнянскае вадасховішча. Ён акунаўся ў ваду і сядзеў на беразе, і я бачыла, што пасля гэтага ў яго вачах з’яўляўся бляск. Не скажу, што гэта ўсё было хутка – ён год не працаваў, але маленькімі крокамі мы выйшлі з гэтага стану. Таму, калі чалавек хворы, вельмі важна, каб побач былі людзі, якія яго любяць.

Акрамя арт-тэрапіі, той жа выцінанкі, вельмі дапамагае музыка. Некалькі месяцаў таму я выпадкова ў ютубе трапіла на маладога казахскага спевака, яго завуць Дзімаш Кудайбергенаў. Такога голасу я не чула ніколі. У яго шэсць актаў! Да таго ж, ён вельмі прыгожы, а галоўнае  – прыгожы духоўна. Ён вельмі дасціпны, у яго правільныя погляды на жыццё: ён спачувае іншым, не ганарыцца. І дзякуючы яму я пачала спяваць. Я вельмі любіла раней спяваць уголас, але потым перастала.

Такім чынам, чалавечая цеплыня, прырода, музыка, жывёлы – гэта ўсё не будзе лішнім.

Дзякуем Наталлі Гамаюнавай за падтрымку Эстафеты «У імя жыцця»!

Да сустрэчы 24 жніўня 2019 у Мінску. Эстафета «У імя жыцця» гэта акцыя для анкапыцыентаў і іх блізкіх. Будзем вучыцца граматна дапамагаць сабе і людзям, якія маюць у тым патрэбу.

Супраць раку мы мацнейшыя разам!

Oncopatient.by

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 45

Цэнтр падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцця»
Глядзіце таксама