01.12.2017
01.12.2017

ВІЧ / СНІД – веды могуць выратаваць!

logo
Хваробы ад А да Я
0 56
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

З 1988 года, 1 снежня ўся сусветная супольнасць абмяркоўвае актуальныя праблемы ВІЧ / СНІДу і шляхі іх рашэння. Сёлета мерапрыемствы, накіраваныя на барацьбу з небяспечнай інфекцыяй, праходзяць пад дэвізам «Маё здароўе, маё права». Праблема ВІЧ / СНІДу знаёмая і беларусам.

Цяпер у Беларусі пражывае 18806 чалавек са станоўчым ВІЧ-статусам, з іх 323 дзіцяці да 14 гадоў. Па словах загадчыцы аддзела прафілактыкі ВІЧ / СНІД Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ганны Русановіч, на працягу апошніх 5 гадоў (з 2011 па 2016 гады) у краіне адзначаўся некаторы рост ВІЧ-інфекцыі. Але колькасць зноў выяўленых выпадкаў інфіцыравання за 10 месяцаў 2017 года можна супаставіць з аналагічным леташнім паказчыкам, што дае надзею на стабілізацыю сітуацыі.

У Беларусі актыўна рэалізуецца стратэгія ЮНЭЙДС (аб'яднаная праграма ААН па ВІЧ / СНІД) 90-90-90. Задача яе ў тым, каб 90% людзей з ВІЧ ведалі аб сваім станоўчым статусе, 90% з іх маглі атрымаць антырэтравіруснае лячэнне, якое ў 90% выпадкаў павінна быць эфектыўным. Толькі такім чынам можна спыніць далейшае распаўсюджванне ВІЧ-інфекцыі.

«У краіне створаны ўсе ўмовы, каб чалавек мог прайсці тэсціраванне і даведацца пра свой ВІЧ-статус, – падкрэсліла Ганна Русановіч. – У любой арганізацыі аховы здароўя, якая мае працэдурны кабінет, можна здаць аналіз на ВІЧ. Паслуга аказваецца бясплатна, пры жаданні – ананімна. Інфармацыя пра вынік тэсту строга канфідэнцыйная і не паведамляецца нікому, акрамя самога пацыента.

У мэтах узмацнення прафілактычных мер Міністэрствам аховы здароўя перагледжаны алгарытм дыягностыкі ВІЧ-інфекцыі. Акрамя звычайнага аналізу крыві на ВІЧ, цяпер пацыент можа скарыстацца паслугай экспрэс-тэстаў ва ўстановах аховы здароўя (вынік гатовы на працягу 10-15 хвілін). Ці набыць набор для бяскроўнага саматэсціравання па сліне ва ўмовах хатняга выкарыстання. Такія тэсты ўжо ёсць у аптэчнай сетцы Мінска, Гомеля, Салігорска, паступова з'явяцца і ў іншых населеных пунктах Беларусі.

Гэтак жа ў краіне рэалізуюцца праграмы зніжэння шкоды для так званых груп рызыкі па інфіцыраванні ВІЧ (спажыўцоў ін'екцыйных наркотыкаў, работнікаў камерцыйнага сэксу, мужчын, якія маюць сэкс з мужчынамі). У прыватнасці, ва ўсіх рэгіёнах працуе 31 пункт ананімнага кансультавання для прадстаўнікоў груп рызыкі, дзе ім аказваюць прафілактычную, псіхалагічную дапамогу, праводзяць тэсціраванне.

«Своечасовае лячэнне зніжае антырэтравірусную нагрузку настолькі, што чалавек са станоўчым ВІЧ-статусам становіцца фактычна цалкам бяспечным, нагадвае пра самае важнае галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з ВІЧ-інфекцыяй, урач-інфекцыяніст Алег Скрыпко. 1 чэрвеня гэтага года ў Беларусі быў прыняты клінічны пратакол аб лячэнні ВІЧ-інфекцыі, што заснаваны на пратаколах Еўрапейскага рэгіёну СААЗ і прадугледжвае з 1 студзеня 2018 года ўніверсальны доступ да лячэння. Гэта значыць, што антырэтравірусная тэрапія паказана абсалютна ўсім пацыентам з ВІЧ-станоўчым статусам, якія знаходзяцца на дыспансерным уліку. Лячэнне прадастаўляецца бясплатна».

80% прэпаратаў для лячэння ВІЧ-інфекцыі вырабляюцца ў Беларусі. Схемы лячэння прагрэсіўныя і зводзяцца да прыёму 1-2 таблетак у суткі, што супастаўна, напрыклад, з лячэннем артэрыяльнай гіпертэнзіі. Пры ўмове своечасовай антырэтравіруснай тэрапіі і строгага яе выканання, у чалавека з ВІЧ-станоўчым статусам ёсць усе шанцы пражыць доўгае і паўнавартаснае жыццё.

Галоўныя факты пра ВІЧ / СНІД

ВІЧ-інфекцыя перадаецца:

  • пры неабароненым палавым кантакце з ВІЧ-станоўчым партнёрам;
  • ад ВІЧ-пазітыўнай маці дзіцяці падчас цяжарнасці, родаў, кармлення грудзьмі (пры адсутнасці прафілактычных мерапрыемстваў);
  • праз кроў (агульнае альбо паўторнае выкарыстанне шпрыцаў і іголак пры ўжыванні наркотыкаў, пірсінг, нанясенні татуіровак)

ВІЧ-інфекцыя НЕ перадаецца:

  • пры поціску рукі, абдымках, дотыку, пацалунках;
  • пры кашлі альбо чханні;
  • пры карыстанні агульным посудам;
  • пры выкарыстанні агульных ваннаў і прыбіральняў;
  • пры выкарыстанні прадметаў побыту;
  • пры ўкусе насякомых.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 56

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама