03.04.2021
03.04.2021

Вітамін К: як яго прымаць?

logo
Здароўе дарослых
0 020
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Якая карысць ад вітаміну К і ці шмат прадуктаў яго ўтрымліваюць? Да чаго прыводзіць яго дэфіцыт у арганізме? На гэтыя ды іншыя пытанні адказала дыетолаг, супрацоўнік БДМУ Надзея Рабава.

Значэнне вітаміну К

Яго яшчэ называюць вітамінам каагуляцыі. Гэты самы «К» неабходны для ўтварэння ў печані пратрамбіну. Сістэма згусання крыві – адна з галоўных нашых ахоўных функцый. Калі арганізму нічога не пагражае, дык адпаведныя фактары ў парадку, а кроў застаецца вадкай. Але пры паталогіі імгненна запускаецца працэс, які накіраваны на фарміраванне тромба, гэта значыць, арганізм здольны ў любы момант «зарабіць» рану згусткам крыві, які сфармаваўся.

Акрамя таго, вітамін К патрэбны нам для іншых важных задач:

  • Спрыяе нармальнаму развіццю дзіцячага шкілета і прадухіляе астэапароз у людзей сталага ўзросту.
  • Удзельнічае ў анаэробным дыханні, якое ўзнікае ў нервовай тканцы пры кіслародным галаданні і ў мышцах пры інтэнсіўных фізічных нагрузках.
  • Стабілізуе ўзровень цукру ў крыві.
  • Павышае ўстойлівасць сценак сасудаў.
  • Перашкаджае ўзнікненню ўзроставых змяненняў.
  • Удзельнічае ў энергетычных працэсах.
  • Аказвае антыбактэрыяльнае і болесуцішальнае дзеянні.
  • Спрыяе расслабленню маткі, ухіляючы болевыя адчуванні падчас менструацыі.
  • Нармалізуе рухальную функцыю страўнікава-кішэчнага тракта і дзейнасць мышцаў.
  • Нядаўна было ўстаноўлена, што ён адыгрывае важную ролю ў засваенні кальцыю і забеспячэнні нармальнай работы нырак.

Пад агульным паняццем вітаміну К маюцца на ўвазе тлушчараспушчальныя злучэнні (К1, К2 і К3 і г.д.). Рэчыва гэтае можа ўтрымлівацца як у прадуктах расліннага паходжання, так і жывёльнага. Да прыкладу, вітамін К1 сінтэзуецца ў раслінах і ўтрымліваецца ў лісці. Але нягледзячы на ​​тое, што пры раслінным рацыёне ў наш арганізм трапляе досыць вітаміну К1, засвойваецца яго вельмі мала. Таму яго трэба спалучаць з тлушчамі. Вітамін К2 сінтэзуецца мікраарганізмамі (бактэрыямі) у кішэчніку чалавека, а таксама клеткамі печані жывёлаў.

Сутачная патрэба ў вітаміне К

Вітамін К. Сутачная патрэба для арганізма.

Патрэба ў гэтым рэчыве задавальняецца часткова, дзякуючы мікрафлоры кішэчніка і за кошт паступлення з прадуктамі харчавання, але сутачная колькасць дакладна не ўстаноўленая. Усё вельмі індывідуальна і залежыць ад вагі чалавека: 1 мікраграм нутрыенту на 1 кілаграм масы цела.

Паводле санітарных нормаў і правілаў, патрэба ў вітаміне К для мужчын і жанчын 18-59 гадоў (у суткі) складае 120 мкг.

Дэфіцыт вітаміну К

Некаторыя вучоныя лічаць, што дзякуючы сінтэзу вітаміну мікрафлорай кішэчніка ў дарослых першаснага гіпавітамінозу К не бывае. Іншая справа – другасны гіпавітаміноз. Самыя распаўсюджаныя прычыны:

  • Захворванні печані (напрыклад, інфекцыйныя і таксічныя гепатыты, цыроз печані, жоўцекамянёвая хвароба, пухліны падстраўнікавай залозы, дыскінезія жоўцевыводзячых шляхоў). З-за спынення паступлення жоўці ў дванаццаціперсную кішку парушаецца засваенне тлушчараспушчальных рэчываў, у тым ліку і вітамінаў групы K.
  • Доўгае ўнутрывеннае харчаванне альбо прыём антыбіётыкаў – яны прыгнятаюць мікрафлору кішэчніка; пры страўнікава-кішэчных расстройствах, калі парушаецца ўсмоктванне тлушчаў; дысбактэрыёзе.
  • Уплыў антыкаагулянтаў. Зніжэнне канцэнтрацыі ў крыві пратрамбіну і тромбатрапіну могуць быць ліквідаваныя своечасовым увядзеннем прэпаратаў вітаміну K.
  • Лячэнне сардэчна-сасудзiстых захворванняў часцяком мае на ўвазе выкарыстанне лекаў, якія разбураюць вітамін каагуляцыі ў арганізме.
  • Да дэфіцыту вітаміну К можа прывесці хіміятэрапія пры лячэнні анкалагічных захворванняў і прыём супрацьсутаргавых сродкаў.
  • Дзеянне вітаміну К аслабляецца пры прыёме вялікіх дозаў вітаміну Е.

Вітамін К. Прычыны дэфіцыту вітаміну К.

Рэальная небяспека недахопу вітаміну К і развіцця першаснага гіпавітамінозу ўзнікае ў нованароджаных у першыя 5 дзён жыцця. У гэты перыяд кішэчнік дзіцяці дрэнна працуе, у ім няма мікрафлоры, здольнай сінтэзаваць вітамін К, а ў крыві недастаткова пратрамбіну. Для прадухілення развіцця гемарагічнага сіндрому ў немаўлятаў цяжарныя жанчыны з дэфіцытам вітаміну К перад родамі праходзяць прафілактычнае лячэнне.

Надзея Рабава, дыетолаг, супрацоўнік БДМУ:

– Праяўляецца гіпавітаміноз К зніжэннем узроўню пратрамбіну (да 35%). Раны дрэнна гояцца, чалавек губляе шмат крыві. Узнікаюць падскурныя кровазліцці, крывацечнасць дзяснаў, насавыя і страўнікава-кішэчныя крывацёкі. У нованароджаных істотны дэфіцыт вітаміну К выяўляецца крывацёкамі з рота, носа, пупка, мачавых шляхоў, унутрыскурнымі і падскурнымі кровазліццямі. Страўнікава-кішэчныя крывацёкі выяўляюцца крывавымі ванітамі, вадкім, дзягцепадобным калам.

Пры падазрэнні на дэфіцыт вітаміну К неабходна здаць аналізы і вызначыць утрыманне ў крыві пратрамбіну.

Гіпервітаміноз К

Некаторыя вітаміны групы К пры перадазаванні могуць аказаць таксічнае ўздзеянне. Працяглы прыём здольны прывесці да развіцця анеміі, а празмернасць спрыяе павелічэнню колькасці трамбацытаў і вязкасці крыві. Таму для хворых на варыкоз, тромбафлебіт, некаторыя віды мігрэняў ды іншыя захворванні вельмі непажадана ўжыванне прадуктаў, багатых на вітамін К.

Вітамін К. Гіпервітаміноз.

Для чатырох вітамінаў (К, В2, пантатэнавай кіслаты, В12) мяжа таксічнасці настолькі высокая, што не вызначаецца. Напрыклад, для вітамінаў А і D, якія валодаюць высокай біялагічнай актыўнасцю і адносна малой фізіялагічнай патрэбай у іх, хуткім усмоктваннем і адсутнасцю эфектыўных шляхоў вывядзення з арганізма, перадазіроўка надыходзіць пры перавышэнні нормы ў некалькі разоў.

У якіх прадуктах змяшчаецца

Харчовыя крыніцы вітаміну К1: зялёнае лісце салаты, брусэльская і квяцістая капуста, брокалі, белакачанная капуста, шпінат, аліўкавы алей, спаржа, сельдэрэй, зялёная цыбуля, крапіва, зялёны чай, ламінарыя, шыпшыннік, авёс, соя, жыта, пшаніца, морква, таматы, гарбуз. У вострых травах таксама яго шмат: базілік (як свежы, так і сушаны), чабор, пятрушка, кінза.

Вітамін К2 змяшчаецца ў жывёльных прадуктах (свіная печань, яйкі), а яшчэ, як зазначалася вышэй, прадукуецца бактэрыямі.

Утрыманне вітаміну К у харчовых прадуктах (мг/100 г ядомай часткі прадукту): шпінат – 4,5; свіная печань – 0,6; таматы – 0,4; зялёны гарошак – 0,1-0,3; свініна – 0,15; суніцы – 0,12; морква – 0,1; цяляціна, бараніна, ялавічына і траска – 0,1; бульба – 0,08; квяцістая капуста – 0,06; курыныя яйкі – 0,02.

Вітамін К. У якіх прадуктах змяшчаецца.

Хаця зялёная ліставая гародніна і лідзіруе па ўтрыманні вітамінаў групы К, засвойваецца з іх толькі 10%. А вось атрыманае з прадуктаў жывёльнага паходжання рэчыва засвойваецца нашмат лепей.

Несумнеўны плюс у тым, што пры тэрмічнай апрацоўцы вітамін К карысныя ўласцівасці захоўвае, у адрозненне ад іншых вітамінаў (страты не больш за 5%). Пры замарожванні ж губляецца каля 30%. Актыўнасць яго зніжаецца пры дзеянні радыяцыі і рэнтгенаўскіх прамянёў, а таксама прыёме аспірыну.

Фрукты і сухафрукты з патрэбным нам вітамінам: чарнасліў, ківі, буякі, гранат, авакада.

Прадукт на аснове соі «ната» – з традыцыйнай японскай кухні – лічаць лідарам па ўтрыманні вітаміну К. Ён вырабляецца шляхам замочвання цэлых соевых бабоў. Атрыманую масу кіпяцяць і дадаюць у яе спецыяльныя бактэрыі. Яны дапамагаюць сінтэзаваць ферменты, якія выкарыстоўваюцца для зніжэння згусальнасці крыві і вытворчасці вітаміну К і вітамінаў групы В.

Прадукты жывёльнага паходжання: гусіная печань, ялавічная печань, сыры, маянэз, курынае мяса.

Карысныя рэцэпты першых страў

Крэм-суп з замарожанага шпінату з вяршкамі

Вітамін К. Крэм-суп са шпінату

Інгрэдыенты:

  • 200 г замарожанага шпінату
  • 1 цыбуліна
  • 250 мл вяршкоў
  • Буйная бульбіна
  • Некалькі лаўровых лісточкаў
  • Соль і чорны перац па смаку
  • Сухарыкі і свежая зеляніна для ўпрыгожвання.

Прыгатаванне:

  1. Шпінат размарожваем.
  2. Бульбу чысцім і наразаем невялікімі кавалачкамі, каб суп хутчэй згатаваўся.
  3. Цыбуліну таксама наразаем дробна.
  4. Інгрэдыенты змяшчаем у каструлю і наліваем ваду так, каб яна цалкам пакрывала прадукты (шпінат дадаем пазней).
  5. Закідваем «лаўрушку» і адварваем гародніну да размякчэння (каля 20 хвілін).
  6. Лаўровы ліст затым трэба прыбраць, а ў каструлю дадаць шпінат.
  7. Пасля таго, як закіпіць, варыць на працягу 3-4 хвілін.
  8. Булён з агародніны трэба пасаліць і папярчыць, дадаўшы кавалачак сметанковага масла.
  9. Пры дапамозе блэндара робім з супу аднастайнае пюрэ.
  10. Запраўляем першую страву вяршкамі і награваем яе на пліце да неабходнай тэмпературы.
  11. Перад падачай супчык можна ўпрыгожыць сухарыкамі і зелянінай.

Суп з крапівы

Вітамін К. Суп з крапівы

На адну порцыю спатрэбіцца:

  • 50 г крапівы
  • 80 г бульбы
  • 30 г морквы
  • 20 г смятаны
  • Палова курынага адварнога яйка.

Прыгатаванне:

  1. Пачысціць бульбу і моркву, парэзаць і адварыць, смачней – на курыным булёне.
  2. За некалькі хвілін да гатоўнасці змясціць туды ж парэзаную маладую зеляніну крапівы.
  3. Заправіць смятанай, пасыпаць здробненым яйкам.

Крэм-суп гарбузовы

1 варыянт

Інгрэдыенты:

  • Гарбуз – 800 г
  • Грэнкі – 150 г
  • Мука – 2 ст.л.
  • Бульба – 300 г
  • Малако – 4 шклянкі
  • Масла сметанковае – 3 ст.л.
  • Цукар – 2 ч.л.

Вітамін К. Крэм-суп гарбузовы

Прыгатаванне:

  1. Гарбуз і бульбу пачысціць, памыць і нарэзаць невялікімі лустачкамі.
  2. Змясціць у каструлю з вадой, дадаўшы соль, цукар і 1 ст.л. сметанковага масла.
  3. Варыць на слабым агні каля паўгадзіны.
  4. Давесці да кіпення і дадаць грэнкі.
  5. Атрыманую масу працадзіць, гушчу працерці праз сіта, уліць гарачае малако і заправіць сметанковым маслам.

2 варыянт

  1. Паставіць варыцца гарбуз, заліўшы яго дзвюма шклянкамі вады.
  2. На патэльні падсмажыць 2 ст.л. мукі з 2 ст.л. сметанковага масла.
  3. Развесці 4 шклянкамі гарачага малака і 2 шклянкамі вады.
  4. Пасля таго, як закіпіць, дадаць гарбуз, варыць 15 хвілін.
  5. Гушчу працерці праз сіта, дадаць па смаку соль, молаты перац, 2 шклянкі малака і масла сметанковае.
  6. Усё перамяшаць, падаць да стала з падсушаным хлебам.

Прыемнага вам апетыту і добрага здароўя!

Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by

0 0 20

Вядучы рэдактар рускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст
Глядзіце таксама