07.10.2019
07.10.2019

Вопыт – шлях памылак цяжкі. Самыя недарэчныя метады лячэння

logo
Здароўе
0 25
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Задавальненне ад лячэння і ёсць сакрэт паспяховага акрыяння пацыента. Так шчыра лічыла доктар Медуніца з апавяданняў пра Нязнайку і шчодра прапісвала сваім хворым мёд. Эх, калі б гэта працавала менавіта так! У часы, калі доказная медыцына знаходзілася ў зачаткавым стане, гэта выратавала б не адну сотню тысяч жыццяў. Бо метады, якія выкарыстоўваліся тады, нярэдка былі спрэс пазбаўленыя кампанентаў задавальнення. А ад лячэння пацыенту рабілася альбо значна горш, альбо ён і зусім гінуў.

Мы пісалі ўжо пра самыя нашумелыя медыцынскія памылкі і метады лячэння, якія калечылі хворых, да надыходжання эры доказнай медыцыны. Але, як той казаў, не адной толькі ртуццю, гераінам і лабатоміяй былі моцныя нашы продкі-эскулапы. У арсенале меліся і іншыя, не менш адмысловыя тэхнікі лекавання.

Тытунёвыя клізмы як метад рэанімацыі

Гэта сёння ўсе такія разумныя і ледзь не з пялюшак ведаюць, што «кропля нікаціну забівае каня». Але ж доўгія стагоддзі, з часоў Хрыстафора Калумба і ажно да пачатку 20-х гадоў XX стагоддзя, тытунь у прасунутай Еўропе лічыўся «святой травой», актыўна выкарыстоўваўся пры лячэнні шматлікіх хвароб і нават як сродак для рэанімацыі.

Дакладна вядома, што кожныя 6 секунд у свеце памірае адзін чалавек, а прычына яго смерці непасрэдна звязаная з тытунекурэннем. Заўзятыя курцы павольна забіваюць не толькі сябе, але і навакольных, робячы іх мімавольнымі закладнікамі пасіўнага курэння.

Але гэта ўсё дзень сённяшні. А «ўчора» тытунёвы дым бачыўся дабром. Пры якіх толькі станах і куды толькі яго ні ўдзімалі! Напрыклад, у вушы, каб суняць боль пры атыце. Ім рэкамендавалі дыхаць пры прастудзе і накладваць гарачыя кампрэсы з тытуню і солі, каб пазбавіцца ад ангіны.

Трэба было ставіць рэктальныя свечкі на аснове тытуню, каб выгнаць глістоў, перамагчы запор і вылечыцца ад гемарою. А падчас эпідэміі чумы ў 1665 годзе ў Лондане школьнікаў літаральна прымушалі паліць тытунь у якасці прафілактыкі ад заражэння.

Прычым усе гэтыя рэкамендацыі і прызначэнні ішлі ад урачоў, якія ў большасці сваёй не толькі верылі ў аздараўляльную сілу тытуню, але і самі ахвотна ім карысталіся. У прафілактычных і лячэбных мэтах, зразумела.

Напрыклад, хірургі і патолагаанатамы абкурвалі памяшканні, у якіх праводзілі аперацыі і анатаміраванне, каб абараніць сябе ад патэнцыяльна небяспечных міязмаў.

Але, бадай, самым неадназначным спосабам ужывання тытунёвага дыму былі тытунёвыя клізмы для аказання першай дапамогі пры ўтапленні. Вылаўленых у несвядомым стане небарак напампоўвалі тытунёвым дымам праз задні праход. А ў асабліва цяжкіх выпадках – яшчэ і праз рот. Лічылася, што дым валодае стымулюючым і сагравальным дзеяннем і дапамагае запусціць у арганізме жыццёвыя сілы.

На жаль, пэўна высветліць, якой колькасці тапельцаў канкрэтна тытунёвыя клізмы дапамаглі вярнуцца «у дом, у сям'ю», не ўяўляецца магчымым. Мабыць, усё ж такі мала каму. Паколькі метад рэанімацыі тытунем паступова сышоў, яшчэ да таго, як было ўстаноўлена, наколькі небяспечным для здароўя чалавека ён з'яўляецца.

Кручэнне да агіды

Уладкаванне псіхікі чалавека да гэтага часу шмат у чым застаецца загадкай. Што казаць пра часы, калі любое адхіленне ад таго, што лічылася нормай, хутчэй звязвалі з замагільнымі сіламі, чым з хваробай. Вылучаліся розныя гіпотэзы адхіленняў, якія ў сваю чаргу натхнялі ўрачоў на вынаходніцтва розных метадаў лячэння.

Напрыклад, «бацька амерыканскай псіхіятрыі» Бэнджамін Раш вядомы, апроч іншага, тым, што прапагандаваў гуманнае стаўленне да псіхічна нездаровых людзей, а прычынай вар'яцтва лічыў парушэнне кровазвароту ў галаўным мозгу. Але вынайдзеную ім прыладу, якая закліканая была разагнаць «застаялую кроў» і супакоіць хворых, наўрад ці можна назваць гуманнай.

Гэта была дошка, якая круцілася. На яе ўкладвалі пацыента так, каб яго галава размяшчалася як мага далей ад цэнтра кручэння. Дошку раскручвалі з велізарнай хуткасцю, што забяспечвала прыліў крыві да галавы хворага. А таксама млоснасць і ваніты.

Але што зробіш, любыя лекі валодаюць пабочнымі эфектамі. Дарэчы, Раш назваў свой апарат «транквілізатарам». На шчасце, у сучаснай доказнай медыцыне транквілізатар ёсць, а дошкі няма.

Але прыкладна ў гэты ж час яшчэ адзін вядомы англійскі ўрач XIX стагоддзя Джозэф Мэйсан Кокс, які спецыялізаваўся на аказанні дапамогі душэўнахворым, прапанаваў свету сваё бачанне, як трэба лячыць псіхічныя захворванні.

Вынайдзены ім апарат мала чым адрозніваўся ад дошкі Раша, а ўжо эфект яны мелі і зусім аднолькавы. Гэта былі арэлі, якія круціліся вакол сваёй восі. Хворы, які сядзеў у іх, адкінуўшыся спіной назад, на выхадзе з сеансу лячэння атрымліваў галавакружэнне, млоснасць, ваніты і... панічны страх паўтарэння экзэкуцыі.

Каб пазбегнуць лячэння, якое больш было падобным да катавання, яны рабіліся рахманымі і ціхмянымі. Урачы гэта расцэньвалі, як станоўчы тэрапеўтычны эфект.

Лічынкатэрапія

Дзеля справядлівасці, метад лячэння апарышамі можна назваць не столькі жорсткім (наадварот, ён сапраўды ў некаторых выпадках быў эфектыўным), колькі тым, што выклікае агіду.

Як вядома, лічынкі ўсёедныя, а таму жывуць і жывуць, сілкуючыся падлай і выкідамі жыццядзейнасці іншых мікраарганізмаў. Гэтую іх здольнасць па вартасці ацанілі старажытныя лекары.

Яны ў вялікай колькасці змяшчалі апарышаў на гнілыя раны і язвы. Хаця відовішча было не для слабанервовых, пацыенты не выказвалі незадаволенасць прызначаным лячэннем. Дзякуючы таму, што лічынкі жэрлі пашкоджаную бактэрыямі плоць, запаленчы працэс спыняўся і рана паступова гаілася.

Адметна, што лячэнне лічынкамі – той метад, які цалкам можа атрымаць рэальны шанц на другое жыццё ўжо ў традыцыйнай медыцыне. Праблема мультырэзістэнтнасці бактэрый да антыбіётыкаў у сучасным свеце набывае ўсё большую актуальнасць. І ўсёедныя апарышы могуць быць адным са спосабаў змагацца з патагеннымі мікробамі. Праўда, незразумела, што рабіць у выпадку ўнутраных інфекцый.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 25

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».