22.06.2021
22.06.2021

Вожык Вася ідзе ў садок (казка). Частка 2 (+аўдыё)

logo
Адукацыя і выхаванне
0 71
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

А зранку Ірынка ўзяла вожыка Васю з сабой у дзіцячы садок. У дарозе Вожык драмаў у яе заплечніку, але калі яны прыйшлі, ён адразу прачнуўся.

Наўкола стаяў такі гармідар!.. Дзеці крычалі, плакалі, смяяліся – некаторыя рабілі ўсё гэта адначасова… Бацькі імкнуліся не спазніцца на працу.


 

Вожык. Што пабачыў у дзіцячым садку вожык Вася.

Вось і Ірынчына мама хуценька пацалавала яе: «Будзь разумніцай, здымі шапку, павесь паліто ў шафку, пераабуйся… Не сумуй, пазногці не грызі… Не… Ну, ты ж у мяне дарослая! Сама ўсё павінна ведаць!» І пабегла.

А Вожык падумаў: «Калі Ірынка дарослая, то навошта ёй хадзіць у дзіцячы  садок? А калі малая…» Далей Вожык не паспеў падумаць, бо іх з Ірынкай абкружылі дзеці.

– Ой, які прыгожанькі!..

– Маленькі зусім…

– Дзіўны такі, паглядзіце, які ў яго нос!

«Які ў мяне нос?» – затурбаваўся Вожык.

– А што ён умее? – пацікавіўся ўпэўнены хлапечы голас.

Ірынка не сумелася.

– Ён умее быць вожыкам! А яшчэ ён цэлы год жыў за шафай і цяпер зусім не баіцца цемры!

«Я не баюся?» – не паверыў Вожык, але ўслых гэтага не сказаў.

Дзяцей паклікалі на сняданак, але Выхавацелька ўзяць яго за стол не дазволіла, таму Вася чакаў Ірынку і яе сяброў у пакоі для гульняў.

Там было шмат розных цацак.

Першым яго заўважыў Мячык.

– Глядзіце! – радасна падкаціўся ён да Вожыка. – Ён падобны да мяне. Толькі не такі гладкі і бліскучы.

– Не! Ён да мяне падобны! – запярэчыў Цягнік.

– Ён… Ты ўмееш хадзіць па коле і пыхкаць? – звярнуўся Цягнік да Вожыка.

Вожык. Влжык Вася і казачны цягнік.

– Ну… Так! – той крыху разгубіўся.

– Вось! – пераможна загудзеў Цягнік. – Я ж кажу…

– Кожны гэта можа! – не пагадзіўся Мячык. – Хай лепш скажа, ці ўмее ён скакаць!

Лялька згодна апусціла вейкі.

– Не… – зажурыўся Вожык. – У мяне для гэтага занадта кароткія лапкі…

– Калі ты не ўмееш скакаць і каціцца па зямлі, то застаецца толькі паспачуваць, – падсумаваў Мячык, – бо тады ты – сапраўды цягнік!

– Я не цягнік – я Вожык. Вася.

– Вы толькі паслухайце! – залямантаваў Цягнік. – Ён не хоча быць цягніком!

– І няхай! – прымірэнча заўважыла Лялька. – У нас ужо ёсць Цягнік і Мячык. Няхай будзе яшчэ і Вожык!

Вася ўздыхнуў з палёгкай. Яму чамусьці было вельмі прыемна, што ён менавіта Вожык, а не Цягнік ці Мячык. І добра, што ён не пасварыўся са сваімі новымі сябрамі…

Калі ж са сняданку прыйшлі дзеці, то ім было цікава гуляць з усімі цацкамі.

Праўда, Ірынка свайго вожыка надоўга нікому не давала.

Вожык. Як Ірынка сама з вожыкам гуляла.

«Добра ў садку, – думаў Вожык вечарам па дарозе дадому. – Але і дома – таксама добра. Шкада, што іншыя цацкі ніхто не забірае вечарам з сабою. Ім, відаць, сумна там – адным… Ноччу… Нібыта за шафай».

І Вожык паабяцаў сабе абавязкова што-небудзь прыдумаць!

Вожык Вася малюе пейзаж

Была ўжо ноч, калі вожык Вася вырашыў намаляваць для сваіх сяброў з Ірынчынага дзіцячага садка прыгожую карціну. Каб яны не сумавалі, пакуль у садку няма дзяцей.

Але што намаляваць? Сябе? Вожык ажно пачырванеў ад такой думкі. Не! Гэта будзе нясціпла з яго боку… Тады – іх саміх: Мячык, Ляльку, Цягнік і іншыя цацкі, якія жывуць у садку. Але ж яны і так увесь час там!.. Урэшце Вожык вырашыў намаляваць тое, што ён бачыў па дарозе з садка.

Але, каб маляваць, трэба алоўкі, а яны – вунь! – спяць у скрынцы… Вожык асцярожна наблізіўся.

Вожык. Вожык Вася і каляровыя алоўкі.

– Шаноўныя алоўкі! Даруйце, калі ласка, што турбую. Але мне трэба намаляваць падарунак для сяброў. І вы мне вельмі патрэбныя!

Са скрыні высунуўся заспаны Сіні аловак.

– А без нас – ніяк? – раздражнёна пацікавіўся ён.

– Ніяк… – панурыўся Вожык.

– Што за жыццё?! – абураўся Сіні аловак, вылазячы са скрынкі. – Толькі захочаш паляжаць спакойна, як цябе выцягваюць і вымушаюць працаваць!

– А вам не падабаецца маляваць?! – здзівіўся Вожык. – Вы ж – алоўкі!..

– І што з таго? – адмахнуўся Сіні аловак. – Гэта ж не азначае, што мы павінны маляваць дзень і ноч! У нас таксама можа не ставаць натхнення і не быць настрою… Але каго гэта хвалюе?! – працягваў бурчаць Сіні аловак.

Тым не менш, ён наблізіўся да падрыхтаванага Вожыкам аркуша чыстай паперы і, пасур’ёзнеўшы, запытаў:

– Дык што маляваць будзем?

Вожык пачаў пералічваць: дрэвы, сцяжынку, машыны, людзей, неба, дамы…

– Але хіба можна ўсё гэта намаляваць адным сінім колерам? – пацікавіўся ён, з недаверам пазіраючы на Сіні аловак.

Вожык. Вожык Вася і Сіні аловак.

– А чаму – не? – Сіні аловак зірнуў на яго паблажліва. – Усё залежыць ад таго, як паглядзець!.. Ды і… іх усё адно не дабудзімся! Стаміліся – Ірынка ўвесь вечар малявала…

Сіні аловак кінуў зайздрослівы позірк на скрынку, з якой чулася соннае пахрапванне іншых алоўкаў.

– Э-э-х! Ну, давай маляваць!..

Нарэшце малюнак быў закончаны. Усё на ім было сінім: і вуліца, і дамы, і людзі, і неба… І раптам аказалася, што гэта – неверагодна прыгожа!

– Няўжо так бывае? – Вожык ад захаплення не мог адвесці позірку ад карціны.

– А ты зірні за вакно… – пазяхаючы, параіў Сіні аловак і схаваўся ў скрынку.

Вожык паглядзеў.

На вуліцы пачынала днець. І ўсё было сінім-сінім, зусім як на яго малюнку.

«І чаму я раней не заўважаў? – падумаў Вожык, засынаючы. – Можа, не так глядзеў…»

Вожык Вася і Страшыдла-з-пад-ложка

Вожык спаў увесь дзень. А калі прачнуўся, ужо быў вечар і Мама ўгаворвала Ірынку класціся спаць.

– Ты ж у мяне дарослая дзяўчынка! – Мама пачынала губляць цярпенне. – Павінна разумець, што ноччу трэба спаць!

– Ага, а яно прыйдзе і забярэ мяне… – прашаптала Ірынка.

Вожык. Чаму Ірынка засынаць баялася.

– Не выдумляй, Ірына! Ты ж ведаеш, я гэтага не люблю!.. Лепш засынай хутчэй – ніхто цябе нікуды не забярэ, а заўтра ў садок рана ўставаць – не забывайся!.. Усё – добранач! – Мама пацалавала Ірынку і выйшла з пакоя, шчыльна прычыніўшы за сабою дзверы.

Тады Ірынка выскоквае з-пад коўдры, бяжыць да падваконня і, схапіўшы Вожыка, хуценька вяртаецца назад.

Яны сядзяць пад коўдрай удвух.

– Ты, Вожычак, галоўнае не бойся! – просіць Ірынка.

Вожык думае: «А мне зусім не страшна!» І адразу ж робіцца вельмі смелым… Праўда, ненадоўга. Бо потым Ірынка расказвае яму пра тое, што чула ад дзяўчынкі ў садку… Нібыта пад ложкам жыве Страшыдла, якое апоўначы выпаўзае са свайго сховішча і забірае дзяцей, што кепска сябе паводзілі ўдзень…

– А я, Вожычак (ты толькі Маме не кажы!), сёння была вельмі кепскай… Я ў Кацечкі фламастэр узяла. Ружовы… Ну, скажы мне, нашто ёй ружовы фламастэр?!. У яе ж ёсць шмат іншых! А калі яна пасля шукала яго, то я сказала, што не бачыла… Але я заўтра вярну – абавязкова!.. І прабачэння папрашу!..

А Вожык думае, што ён сёння таксама быў не самым лепшым вожыкам… Увесь дзень праспаў! А добрыя вожыкі павінны ўвесь час быць занятыя! Іначай гэта не вожыкі, а лайдакі нейкія!..

Вожык. Чаму Вася вырашыў зрабіцца актыўным.

І тут Вожык уяўляе, як з-пад ложка выпаўзае страшнае-страшнае Страшыдла і цягне да яго, Васі, свае доўгія лапы… У той самым момант Вожык забываецца, што ён вельмі смелы і глыбей хаваецца пад коўдру.

«Я заўтра рана-рана ўстану і ўвесь дзень буду займацца чым заўгодна, – цвёрда абяцае сам сабе Вожык. – Толькі няхай яно не прыходзіць!..»

–Вожык, – не вытрымлівае цішыні Ірынка, – а як ты думаеш, што есць Страшыдла-з-пад-ложка?

Пра гэта Вожыку чамусьці зусім не хочацца думаць…

А вось Ірынку гэтае пытанне вельмі цікавіць, і яна разважае:

– Наўрад ці яно любіць суп ці кашу… Катлеты? Але ж тады з-пад ложка пахла б катлетамі… Мне падаецца, Вожык, што часам адтуль пахне цукеркамі! Праўда-праўда! А аднойчы ў мяне туды закацілася цукерка – і я яе так і не знайшла!..

Ірынка раптам адкідвае коўдру і на пальчыках бяжыць да заплечніка, з якім звычайна ходзіць у дзіцячы садок. Вяртаецца яна з пераможнай усмешкай і цукеркай у далоні!

– Вось! Сёння ў Марынкі быў дзень народзінаў. І яна ўсіх частавала цукеркамі. Па дзве кожнаму! Як добра, што я не з’ела другую!..

Вожык таксама думае, што гэта вялікая ўдача. Але раптам Страшыдла ўсё-ткі не любіць цукеркі?..

Вожык. Вожык Вася і Страшыдла-з-зпад-ложка.

– Давай ты занясеш цукерку пад ложак, а Вожычак? – Ірынка просіць так умольна, што Вожыку не застаецца нічога, як моўчкі пагадзіцца.

Думку пра тое, што Страшыдла можа любіць зусім не цукеркі, а маленькіх вожыкаў, Вася думаць не хоча. І з цукеркай на спіне спускаецца пад ложак, дзе цёмна так, што ў цемры можа схавацца хоць цэлы тузін страшыдлаў. Праўда, Вожык на ўсялякі выпадак не расплюшчвае вочы, аж пакуль Ірынка не паднімае яго з падлогі (ужо без цукеркі) і захутвае ў коўдру. Пасля яны доўга прыслухоўваюцца, каб пачуць, калі зашамаціць паперка…

– Ты ў мяне такі смелы, Вожычак! – шэпча дзяўчынка яму на вуха.

І Вожык думае, што нават калі Страшыдла-з-пад-ложка і не любіць цукеркі, то вожыкаў яно, здаецца, таксама не любіць. А значыць, Ірынку ёсць каму абараніць!.. Ён яшчэ доўга не спіць, але з-пад ложка так ніхто і не паказваецца…

Напэўна, баіцца яго, смелага вожыка Васю!..

Гук – Андрэй Васкрасенскі.

Вожык Вася і чараўніца Ірынка (казка). Частка 1 (+аўдыё)

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 71

Галоўны рэдактар газеты «Медыцынскі веснік». Шэф-рэдактар беларускай версіі партала. Сябра Беларускага саюза журналістаў, Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Глядзіце таксама