15.06.2021
15.06.2021

Вожык Вася і чараўніца Ірынка (казка). Частка 1 (+аўдыё)

logo
Адукацыя і выхаванне
0 95
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Вожык Вася жыў за шафай. Ён, здаецца, не так даўно там жыў – усяго паўгода… Хаця гэта для нас з табой паўгода – не так даўно, а для маленькага вожыка – гэта вельмі-вельмі доўга… Так доўга, што ён нават паспеў забыцца, як туды трапіў.

Ну, трапіў і трапіў, зрэшты! Галоўнае, што ён прывык і амаль палюбіў сваё жытло: вузкі ход паміж сцяной і шафай, дзе акрамя Вожыка жыў пан Пыл і пані Павучыха.


 

 

Вожык. Як вожык Вася жыў за шафай.

Кожную раніцу (а раніца для Вожыка пачыналася, калі за шафу зазіраў маленькі Прамень – істота вельмі палахлівая, бо знікаў ён кожны раз так хутка, што Вожык нават не паспяваў яго прывітаць)… Дык вось, кожную раніцу Вожык расплюшчваў чорныя вочкі, даваў «Добры дзень» сваім суседзям і пачынаў думаць пра тое, што, калі б ён быў вялікі, ён бы, канечне, жыў не за шафай, а ў светлай краіне, дзе, акрамя яго, было б шмат іншых вожыкаў, і яны бегалі б навыперадкі з вясёлымі праменьчыкамі і не сумавалі б – а-ні-ко-лі!

Вожык аднойчы набраўся смеласці і распавёў пра свае мары пані Павучысе, але тая толькі хмыкнула і шчыльней захуталася ў сваё павуцінне. Ёй было добра і за шафай… А пан Пыл заўжды быў з ёй згодны. «Дзіўна… – падумаў Вожык Вася. – Калі б яны захацелі, яны б змаглі выбрацца адсюль. Але ж яны не хочуць…» І самотны Вожык ляжаў на спіне і пазіраў угору, дзе святлела шчыліна паміж шафаю і сцяною…

«Вось калі б я ўмеў лятаць…» – думае Вожык і нават асцярожна перабірае ў паветры лапкамі (а раптам?), але іголкі – не крылы, а вожык – нават самы маленькі – не птушка. Птушкі не сядзяць за шафай. А хіба Вожыкі павінны?!

Вася азіраецца па баках: калі б толькі знайсці нейкую вяроўку ці… А гэта ідэя!!!

– Пані Павучыха! Пані Павучыха! Спляціце мне, калі ласка, доўгую вяроўку!

Вожык і Павучыха.

– Чаму я павінна пераводзіць на цябе сваё павуцінне? – суха адказала Павучыха, скоса пазіраючы ў бок пана Пыла.

– Мне так хочацца апынуцца там, за шафай!.. – нясмела прамармытаў Вожык.

Трэба сказаць, што са сваімі суседзямі Вожык так да канца і не пасябраваў. Пані Павучыха была старой і ганарлівай, а таму лічыла Васю не вартым яе павучынай увагі дурненькім маладзёнам… А пан Пыл быў яе равеснікам, і яны часцяком абмяркоўвалі Вожыка і тое, што «сучасная моладзь не мае мэты ў жыцці… Вось мы ў свой час…»

Вожык рабіў выгляд, што не чуе гэтых размоў, але яму чамусьці было вельмі крыўдна і хацелася плакаць… Да таго ж, калі Вася імкнуўся загаварыць з панам Пылам, у яго свярбела ў носе, і ён звонка чхаў… А пан Пыл атрымліваў яшчэ адну нагоду паскардзіцца сваёй сяброўцы «на гэтых нявыхаваных вожыкаў»…

Хаця былі і такія дні, калі пані Павучыха была ў гуморы і распавядала пану Пылу пра свае колішнія прыгоды і мясціны, у якіх пабывала… Тады Вожык слухаў вельмі ўважліва (ад цікаўнасці ў яго нават уздрыгваў кончык носа) і надта ж зайздросціў пані Павучысе. А пан Пыл маўчаў і рабіў выгляд, што верыць гэтым аповедам…

І цяпер вось пані Павучыха строга пазірала на Вожыка, не спяшаючыся з адказам. Пан Пыл наблізіўся да Васі.

– Ты думаеш, калі б там было так добра, мы б сядзелі тут? – пасміхнуўся ён. – Што ты ведаеш пра свет за шафай, Вожык Вася?.. Што ты можаш ведаць пра яго небяспеку?!.

Вожык Вася і пан Пыл.

– Але ж… Пані Павучыха… Яна расказвала… Пра-а-ап-чхі!

– Мала што я магла расказваць, дурненькі Вожык! – хрыпла захіхікала пані Павучыха. – Я магла падманваць…

– Усе падманваюць… – задумліва пацвердзіў пан Пыл.

– Ды і не вытрымае цябе павуцінне… Ты – вялікі… – падсумавала пані Павучыха і адпаўзла ў дальні кут. Пан Пыл пацягнуўся за ёй.

– Я – вялікі… – паўтарыў Вожык і не заплакаў, бо вялікім вожыкам плакаць нельга… Ён проста ляжаў і, не міргаючы, глядзеў уверх…

Побач пра штосьці шапталіся Пыл і Пацучыха, ды Вася не звяртаў на іх увагі. Ён марыў пра сваю Чароўную Краіну… і, напэўна, заснуў, бо замест спалоханага Праменьчыка раптам убачыў у шчыліне штосьці доўгае чырвонае ў белыя плямкі (белымі яны, праўда, былі нядоўга – пан Пыл ведаў сваю справу!). Яно спускалася зверху проста да Вожыка…

Вася не разгубіўся, а схапіўся ўсімі лапкамі і... паляцеў! Вышэй і вышэй!.. Ажно пакуль не  ўпаў на падлогу з таго боку шафы.

– Мама, гэта ж той самы вожык, якога Алесь падарыў мне на мінулы дзень нараджэння, а потым, зазлаваўшы, закінуў за шафу… Я і забылася… – маленькая Ірынка ў адной руцэ трымала парасон на доўгай ручцы (так-так, чырвоны ў грыбкі!), а другой паказвала маме маленькага гумовага вожыка.

– І ён цэлы год чакаў, пакуль ты яго дастанеш, – усміхнулася Мама.

– Ну… – Ірынка паціснула плячыма. – Раней жа ў мяне не было такога чароўнага парасона.

Вожык. Гумовы вожык і Ірынка.

– Чароўнага чырвонага… – пагадзілася Мама. – Давай я яго пратру анучкай. А вожыка твайго трэба купаць!..

Вечарам чысты Вожык высунуў бліскучы нос з-пад коўдры, у якую яго загарнула Ірынка, і прыслухаўся. Яму здалося, што за шафай ўздыхае пані Павучыха. І зайздросліва маўчыць пан Пыл.

«Нічога, – падумаў Вася, – у Ірынкі ж ёсць чароўны парасон…» Далей дадумаць Вожык не паспеў, бо заснуў.

Калючае пытанне

У пакоі было ціха. Толькі гадзіннік нешта шамацеў сабе пад нос. Ды за вокнамі раз-пораз грукацелі машыны. А так – ціха-ціха. Бо ў кватэры нікога не было. Усе сышлі, акрамя вожыка Васі. Ірынка – у дзіцячы садок. Яе мама – на працу. Нават бурчэння пані Пацучыхі не было чуваць з-за шафы.

«Ну, колькі ж можна! – думаў Вожык, седзячы на падваконні. – Усё дождж і дождж… А Ірынка казала, што вясна – гэта вельмі прыгожа… І што тут прыгожага?»

Вожык. Вожык Вася і дождж за акном.

Вожык ізноў агледзеў двор: усё было карычневым, брудным і мокрым.

– П-ф! – фыркнуў Вожык.

– Я б не спяшаўся з вывадамі… – прамовіў хтосьці побач, і Вожык ад неспадзяванкі ледзь не зваліўся з падваконня.

– Х-х-хто т-т-тут? – заазіраўся ён.

– Мяне завуць спадар Кактус. Але вы, мой юны суседзе, можаце звяртацца да мяне проста – Ваша Калючасць. Я не выношу цырымоній! – годна прамовіў кактус, які стаяў побач на падваконні.

– Добра, – пагадзіўся Вожык. – А я – вожык Вася, але вы таксама завіце мяне «Ваша Калючасць» – мне гэта надта падабаецца!

– Ну не! – Кактус ажно крыху загайдаўся ад абурэння. – Калі мы будзем аднолькава звяртацца адно да аднаго, то заблытаемся і не будзем ведаць, хто з нас каму павінен адказваць!..

Вожык моцна задумаўся. Здаецца, спадар Кактус меў рацыю. Але што тады рабіць? Вожык разгубіўся і з надзеяй зірнуў на суседа. Той задуменна паварушыў калючкамі.

– Я магу зваць цябе проста Вожык. Альбо Вася. І тады ніякай блытаніны не будзе!

– Але ж гэта не так прыгожа гучыць, як у вас! – уздыхнуў Вожык.

– Не ўсім жа мець гучныя імёны!.. – самаздаволена зазначыў Кактус.

А Вожык падумаў, што гэта вельмі кепска, калі ты не можаш сам выбраць сабе імя. Вось ён, да прыкладу, хацеў бы, каб яго звалі «Гіпапатам», ці «Алігатар», ці хаця б «Леў»!.. А тут – проста «вожык Вася»…

Вожык. Вожык Вася і кактус.

У Вожыка зусім сапсаваўся настрой, і ён больш не размаўляў са спадаром Кактусам. І на вуліцу не глядзеў… Так і не заўважыў, як надышоў вечар і вярнулася Ірынка з Мамай.

Дзяўчынка адразу ж пабегла ў пакой – расказваць Вожыку, як прайшоў яе дзень у садку: «Ведаеш, Вожычак, табе заўтра абавязкова трэба пайсці са мной! Я ўсім пра цябе расказала. І ведаеш што? Аказваецца, такога, як ты, вожыка ні ў кога няма! Усе мае сябры хочуць з табой пагуляць! І нават выхавацелька! Разумееш?!»

Вожык разумеў. І, калі надышоў час класціся спаць, ён падумаў, што лепш быць проста вожыкам Васем, з якім хочуць гуляць, чым ганарлівым кактусам, да якога толькі і можна звяртацца «Ваша Калючасць»!

«П-ф!» – ціхенька фыркнуў Вожык.

«Я б не спяшаўся з вывадамі…» – падумаў спадар Кактус, але чамусьці прамаўчаў.

Гук – Андрэй Васкрасенскі.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 95

Галоўны рэдактар газеты «Медыцынскі веснік». Шэф-рэдактар беларускай версіі партала. Сябра Беларускага саюза журналістаў, Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Глядзіце таксама