7 Красавіка
07.04.2019

Сусветны дзень здароўя. Медыцына для ўсіх

logo
Навiны
2 0 19
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Больш за 80% беларусаў, паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, лічаць моцнае здароўе асноўнай каштоўнасцю жыцця ў параўнанні з кар'ерай, матэрыяльным дастаткам і адукацыяй. Такія дадзеныя агучыў на сустрэчы з журналістамі ў Нацыянальным прэс-цэнтры прадстаўнік СААЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў.

Штогод 7 красавіка адзначаецца Сусветны дзень здароўя. Другі год па ініцыятыве СААЗ тэма дня – «Усеагульны ахоп паслугамі аховы здароўя». У 2019 годзе ўвага звернута ў бок развіцця першаснай медыка-санітарнай дапамогі.

 
Батыр Бердыклычаў
Прадстаўнік СААЗ у Беларусі
Сёлета СААЗ заклікае ўрады надаваць больш увагі і рабіць акцэнт менавіта на развіцці першаснай медыка-санітарнай дапамогі. Пры правільнай яе арганізацыі 70-80% усіх патрэбаў насельніцтва ў медыцынскіх паслугах, у тым ліку прафілактыка, умацаванне здароўя, лячэнне, вядзенне хранічных захворванняў, рэабілітацыя, могуць быць вырашаны на гэтым этапе.

Даступнасць і якасць

Што мае на ўвазе канцэпцыя ўсеагульнага ахопу паслугамі аховы здароўя? Перш за ўсё, гэта так званая фізічная даступнасць да паслуг аховы здароўя, а значыць, медыцынская дапамога максімальна набліжаная да месцаў пражывання насельніцтва. Па-другое, якасць медыцынскай дапамогі, якая аказваецца. Па-трэцяе, магчымасць карыстацца медыцынскімі паслугамі, не адчуваючы пры гэтым фінансавых цяжкасцяў.

 
Батыр Бердыклычаў
Прадстаўнік СААЗ у Беларусі
Кажучы пра Беларусь, адзначу, што фізічная даступнасць да паслуг аховы здароўя традыцыйна вельмі высокая. Фактычна кожны чалавек можа атрымаць высокакваліфікаваную медыцынскую дапамогу, прычым яна аказваецца бясплатна. Станоўчым момантам з'яўляецца пераход да сістэмы ўрача агульнай практыкі, бо пашыраецца спектр паслуг, які можа быць аказаны ў момант першаснага кантакту.

Адзначыў эксперт і праблемныя моманты. Напрыклад, адзін з іх датычыцца фінансавага боку пытання. Безумоўна, ні адна краіна свету не можа дазволіць сабе задаволіць абсалютна ўсе медыцынскія патрэбы насельніцтва.

 
Батыр Бердыклычаў
Прадстаўнік СААЗ у Беларусі
Вялікі патэнцыял па рацыянальным выкарыстанні наяўных рэсурсаў існуе ўнутры сістэмы. Ухіляючы або аптымізуючы працэс прадастаўлення меддапамогі, можна больш эфектыўна выкарыстоўваць наяўныя рэсурсы. У гэтым плане першаснае звяно адыгрывае вялікую ролю як найбольш эфектыўны спосаб прадастаўлення медыцынскай дапамогі. Добры прыклад – праект па пераходзе аказання супрацьтуберкулёзнай дапамогі са шпітальнай мадэлі на амбулаторную, які рэалізаваны ў Брэсцкай вобласці. Гэта дазволіць выкарыстаць існуючы бюджэт больш рацыянальна.

Пытанні прафілактыкі і прыхільнасці пацыентаў да лячэння

Вынікі праведзенага ў Беларусі даследавання STEPS паказалі, што 45% насельніцтва Беларусі пакутуе ад артэрыяльнай гіпертэнзіі, прычым больш за палову з іх не прымаюць ніякіх медыкаментозных прэпаратаў для зніжэння артэрыяльнага ціску. І прычын гэтаму, на думку прадстаўніка СААЗ, некалькі.

 
Батыр Бердыклычаў
Прадстаўнік СААЗ у Беларусі
Магчыма, адной з прычын з'яўляецца тое, што няма кампенсацыі для гэтай катэгорыі пацыентаў. Артэрыяльная гіпертэнзія – хранічны стан, чалавек вымушаны прымаць гіпатэнзіўныя лекавыя сродкі на працягу ўсяго жыцця. Яны досыць дарагія, і гэта пастаянныя выдаткі ў яго бюджэце. Толькі ў выпадку, калі чалавек перанёс інфаркт ці інсульт, на працягу 6 месяцаў дзяржава будзе кампенсаваць кошт гэтых прэпаратаў. Калі чалавек знаходзіцца ў звычайных умовах, ён плаціць за іх сам. Вядома, гэта з'яўляецца адной з перашкодаў.

Яшчэ адна прычына, адзначыў Батыр Бердыклычаў (праўда, яна ў большай ступені тычыцца мужчын), – складанасці пры праходжанні медкамісіі на атрыманне вадзіцельскіх правоў. Таму многія хаваюць, што ў іх артэрыяльная гіпертэнзія, лічыць эксперт. Ён дадаў, што нядбалае стаўленне да свайго здароўя можа прывесці да даволі негатыўных наступстваў. Нават калі лічбы артэрыяльнага ціску і не нашмат перавышаюць норму, год-два – і ідуць незваротныя змены ў арганізме, з часам гэта можа стаць прычынай інфаркту або інсульту.

Дарэчы, адной з прычын, чаму такая колькасць людзей у нашай краіне пакутуе ад высокага артэрыяльнага ціску, з'яўляецца залішняе спажыванне паваранай солі. Норма – 5 г у суткі, беларусы ж ужываюць больш за 10 г солі.

Да заканчэння 2020 года ўсе тэрапеўты стануць урачамі агульнай практыкі

Як распавяла загадчыца кафедры грамадскага здароўя БелМАПА Марына Шчавелева, укараненне ўрача агульнай практыкі – гэта не проста «змена шыльды», гэта абсалютна іншы падыход да працы з чалавекам і персаналам, праца ў камандзе: урач – памочнік урача – медыцынская сястра.

Сёлета плануецца, што ўжо 75% тэрапеўтаў стануць урачамі агульнай практыкі. Да заканчэння 2020 года – усе 100%. На аднаго ўрача агульнай практыкі павінна прыходзіцца 1 тыс. 300 дарослых пацыентаў і 1 тыс. 500 дзяцей, што вызначана дзяржаўнымі мінімальнымі сацыяльнымі стандартамі.

Дарэчы, летась быў павялічаны і час прыёму ўрачом агульнай практыкі. Зараз час першаснага прыёму складае 20 хвілін, калі доктар абслугоўвае дарослае і дзіцячае насельніцтва, калі толькі дарослых –18 хвілін.

Лячэнне – кожнаму

З 1 студзеня 2018 года ў нашай краіне рэалізуецца глабальная стратэгія ЮНЭЙДС (Аб'яднанай праграмы ААН па ВІЧ/СНІДу): 90-90-90. Гэта значыць, патлумачыў намеснік галоўнага ўрача Гарадской інфекцыйнай клінічнай бальніцы г.Мінска, галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па аказанні дапамогі пацыентам з ВІЧ-інфекцыяй Алег Скрыпко, што 90% ВІЧ-інфіцыраваных павінны ведаць свой статус. З іх 90% павінны атрымліваць спецыфічнае антырэтравіруснае лячэнне. У 90% выпадкаў пацыенты, якія атрымліваюць такое лячэнне, павінны мець «невызначальную вірусную нагрузку», якая з'яўляецца ключавым момантам не толькі ў захаванні здароўя чалавека, што пакутуе, але і ў прадухіленні распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі ў далейшым. Чалавек з падаўленай віруснай нагрузкай практычна не заразны, падкрэсліў спецыяліст.

Усяго ў Беларусі, па стане на 1 сакавіка 2019 года, жыве звыш 21 тысячы чалавек з ВІЧ-пазітыўным статусам.

Мужчыны складаюць 60% ад усіх ВІЧ-інфіцыраваных. Больш за ўсё людзей з ВІЧ-пазітыўным статусам ва ўзроставай групе ад 15 да 49 гадоў (90%). Зрэшты, ёсць выпадкі заражэння і ў больш старэйшай узроставай групе. Напрыклад, з зарэгістраваных у студзені-лютым 2019 года, асобы, старэйшыя за 60 гадоў, склалі 4,5%. Часцей за ўсё ВІЧ у нашай краіне перадаецца палавым шляхам – 64% выпадкаў.

 
Алег Скрыпко
Намеснік галоўнага ўрача Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы г.Мінска, галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па аказанні дапамогі пацыентам з ВІЧ-інфекцыяй
Павінна быць насцярожанасць. Пры нейкіх сумневах можна прайсці тэст вельмі хутка (купіць экспрэс-тэсты ў аптэцы або звярнуцца ў медустановы). Не павінна быць сарамлівасці і чакання негатыўных наступстваў, калі тэст будзе станоўчым. Павінна быць чаканне негатыўных наступстваў, калі чалавек не будзе ведаць свой статус, не будзе абследавацца і апынецца ў бальніцы ў цяжкай клінічнай стадыі.

На дадзены момант у Беларусі атрымліваюць лячэнне каля 16 тыс.чалавек, або каля 75%. Да заканчэння 2020 года запланавана 80%.

– Мы імкнемся да таго, каб рэалізаваць мэту элімінацыі ВІЧ-інфекцыі як праблемы аховы здароўя, – рэзюмаваў Алег Скрыпко.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

2 0 19

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама