25.10.2020
25.10.2020

Вы – млынар?! Дык вас – са святам! І аўтамабілістаў усіх!

logo
Беларускі код
0 42
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

З прафесійным святам усіх млынароў! А тых, хто носіць імя Марцін, – яшчэ і з імянінамі. Ну, вы ўжо здагадаліся, шаноўныя?! Так, сёння, 25 кастрычніка, у народным календары – Марцін, дзень млынара. А яшчэ – Дзень аўтамабіліста і дарожніка, які адзначаюць не толькі прафесіяналы, але і аматары. Так што тых, хто сябруе з «баранкай», – са святам! 🙂

Свята млынара. Дзень аўтамабіліста і дарожніка. 25 кастрычніка 2020 года.

Але і гэта яшчэ не ўсё! 25 кастрычніка – Андрон Астраном (Астролаг), Міжнародны дзень барацьбы жанчын за мір, Міжнародны дзень цешчы (зяці, увага! 🙂 ), Дзень маркетолага (і зноўку свята прафесійнае), Міжнародны дзень мастака… І шмат-шмат усялякай драбязы, пра якую і не чулі, а тым больш – не святкавалі. 🙂 І так усяго поўна!

Цікава, што ў беларусаў дзень млынара святкаваўся не адзін раз на год. Яшчэ да Марціна 23 жніўня ўслаўлялі Лаўрэна: «На Лаўрына сьпяшайся да млына». У той жа дзень, нагадаю, святкуецца і Сусветны дзень бісквіту.

А мы прыгадваем сёння даўнейшых млынароў, якія павінны былі быць дужымі (пацягай ты мяшкі з мукой!), спрытнымі і, безумоўна, мець прадпрымальніцкія здольнасці, каб развіваць сваю «вытворчасць».

Дзень млынара ў Беларусі. 25 кастрычніка 2020 года.

Бо адна справа – у старажытныя часы круціць жорны – уручную, выкарыстоўваючы энергію ветру (ветракі) альбо вады (вадзяныя млыны). І зусім іншая – каб гэта рабілі розныя разумныя электрычныя прыстасаванні. А многія з іх нашыя далёкія продкі нават не маглі сабе ўявіць!

Да таго ж, праца была дастаткова… пыльнай ці што. Бо часцяком млынары напрыканцы дня былі ці не цалкам белымі ад мукі. І ўсё ж, нягледзячы на цяжкасці, займацца млынарскай справай было заўсёды даволі прыбыткова. Плюс не забываемся на пашану, якую аказвалі млынару. Бо ад яго ўмельства, спрыту, адладжанасці жорнаў і г.д. залежала якасць мукі, а значыць, хлеба. А даўней жа хлеб выпякалі самі…

Дзесьці на прасторах сеціва вычытала, што яшчэ і зараз у працоўнай кніжцы беларуса можна згледзець запіс «млынар». Толькі, вядома ж, зараз тая праца не патрабуе выключнай фізічнай сілы. А што на што там пераціраюць? Напрыклад, зерне – на камбікорм… Хто гэта робіць?! Млынар.

Сучасны млынар. Мукамольная вытворчасць у Беларусі.

Эх, як жа я люблю ветракі! І назіраць за імі… Нава калі яны не працуюць ужо. Усё ж ёсць штосьці загадкавае ў гэтых старажытных драўляных пабудовах з крыламі… Прыгадваю нашу экскурсію на такі вятрак у Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, які знаходзіцца непадалёк ад вёскі Строчыцы.

Перанесены ён сюды з Даматканавічаў Клецкага раёна, што на Міншчыне. Пабудаваны напрыканцы 19-га стагоддзя. Праўда, мясцовыя прыгадвалі, што і ў гэты населены пункт ён у свой час таксама пераехаў… Вось такі вятрак-вандроўнік…

25 кастрычніка 2020 года – Дзень млынара.

Пераехаў, перавезлі… І мы плаўна пераходзім да Дня аўтамабіліста і дарожніка! З падзякай прыгадваем тых прафесіяналаў, хто нас возіць, хто сапраўды ратуе жыцці, кіруючы «хуткай дамамогай»… І хто забяспечвае (хаця і не паўсюдна) камфортны шлях, будуючы і рамантуючы дарогі ды дарожнае покрыва.

Быць добрым вадзіцелем – значыць, з увагай і павагай (!!!) ставіцца да пасажыраў. Не гырчаць у адказ на пытанне, нават калі яго задалі (самі пры тое не ведаючы) некалькі чалавек запар. Не весці машыну (мікрааўтобус) так, быццам там не людзі, а дровы: па ўсіх дзірках, ямінах ды купінах.

Не тармазіць штораз так рэзка, што, здаецца, зараз выйдзеш праз лабавое шкло… Словам, быць вадзіцелем-прафесіяналам – гэта добра авалодаць навыкамі ваджэння, адчуваць машыну як працяг сябе, не пазіцыянаваць сябе намеснікам Бога на Зямлі…

Ёсць, ёсць у нас такія профі! І калі ў панядзелак раніцай і ўвечары бачу за рулём маршрутак менавіта іх, дык дужа радуюся. Гэта значыць, што 2 тыдні камфортнай язды нам забяспечаныя.

Дзень аўтамабіліста і дарожніка.

А што датычыцца знаёмых кіроўцаў легкавікоў, дык тых, каму я б давярала на ўсе 100%, сапраўды адзінкі… Але таксама ёсць.

Проста трэба паважаць іншых на дарогах. Проста трэба не спяшацца… Не сігналіць злосна, калі хтосьці завазіўся… Не падразаць і тым больш – не «вучыць» на  трасе. Не ляцець на злом галавы, перавышаючы хуткасць…

Усім добрым кіроўцам – роўнай дарогі, шматлікіх калідораў зялёнага святла, поўнага паразумення са сваім «жалезным канём», задавальнення ад працэсу ваджэння, а самае галоўнае – здароўя!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 42

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".