03.01.2021
03.01.2021

Чым карысная хурма?

logo
Карысныя прадукты
0 61
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

І нават цудоўна ведаеце, што гэта такое. Правільна, хурма. Прычым не пэўны гатунак. Гэтым словам (толькі пішацца яно ў розных мовах па-рознаму) называюць хурму ў некаторых замежных краінах. Прычым лічыцца яна не фруктам, а… ягадай.

Самая ж любімая многімі – каралёк, альбо шакаладная. Але штосьці пакуль яна мне ў нашым гарадку не траплялася… Адны толькі kaki… 🙂

Хурма. Карысць зімовай ягады.

Магчыма, дзесьці яе можна набываць і ўвесь год. У нас жа яна з’яўляецца ў продажы выключна ўзімку. Снежань-студзень. Прычым як нечакана з’яўляецца, так нечакана і знікае. І трэба паспець ухапіць тыя дні, каб удосталь паласавацца хурмой. А яна ж не толькі смачная, але і карысная!

Традыцыйнае пытанне! Ці любіце вы хурму так, як люблю яе я?! 🙂 Калі яна не цвёрдая і не вяжа, не разлезлая і не са шматлікімі плямамі на скурцы… Калі яе не трэба напачатку змяшчаць у лядоўню… А проста бяры ды еш… Лыжачкай, пакідаючы скурку… Грызучы, як яблык… Наразаючы долькамі… Я ўпэўнена, што кожны мае свой улюбёны спосаб спажывання хурмы. Ну смаката ж, праўда?! Паасобку альбо ў стравах, фруктовай салаце…

І вось жа заўсёды на пэўных словах ці сказах узнікаюць асацыяцыі. Але ж на тое яны і думкі ўслых, каб чапляцца адна за другую, праўда?! Гэтым разам «выбухнула»… фруктовая салата.

Хурма. Фруктовая салата з хурмой.

… 2006-ы год. Адметная асабістая дата – 35-годдзе. У падарунак сабе – вялікая замежная вандроўка па маршруце: Берлін-Амстэрдам-Парыж-Версаль-Вена-Зальцбург.

Адну ноч мы правялі ў Вене. Ехалі туды доўга, экскурсія атрымался вечаровай. І вячэралі мы позна – у адным падвальчыку, куды нас завяла экскурсавод. А пасля адтуль самі павінны былі дабірацца да месца начоўкі. Але гэта ўжо асобная гісторыя…

Свежавыціснуты апельсінавы сок. Кавалак найсмачнейшага фірмовага торта. І фруктовая салата, кошт якой залежаў ад памеру талеркі. Нашы не саромеліся: на маленькую навальвалі таа-а-а-кую гару! 🙂 Якая цягнула на порцыю, змешчаную на вялікай талерцы.

Хурма. У фруктовай салаце многа не бывае.

Але, як кажуць, угавор ёсць угавор! Плацілі меней. Жанчына на касе толькі пасміхалася. Іду ў заклад: турыстаў з краінаў былога СССР яна вылічвала на раз і не здзіўлялася…

Якая ж смачная была тая фруктовая салата! Хтосьці пазней паказваў рэцэпты з рознымі запраўкамі: лёгкім ёгуртам, лімонным сокам, вяршкамі ці яшчэ чым… Ды не! Нічога не трэба! Тое, як розныя фрукты, нарэзаныя кубікамі, змешваюцца разам, як змешваецца сок, – гэтага абсалютна дастаткова! Абсалютна ўсё натуральнае. Адзін толькі невялічкі сакрэцік: есці  трэба відэльцам… Так смачней.

Па вяртанні дахаты я даволі часта (і менавіта ўзімку!) гатавала фруктовую салату. На некалькі гадоў яна заняла трывалае ганаровае месца на сямейных святах. А зараз… Я дужа даўно яе не гатавала. А цяпер прыгадала. Узімку адным з інгрэдыентаў абавязкова рабілася хурма…

Хурма. Карысць для здароўя

Значыць, што яна можа? На што ўздзейнічае?

Хурма. Наразаць кавалачкамі.

Зніжае ціск і тэмпературу цела, узровень халестэрыну ў крыві.

Мае мачагонныя ўласцівасці, таму дапамагае пры затрымцы вадкасці ў арганізме (вядома ж, калі гэта – не прыкмета сур’ёзнага захворвання).

Некаторыя спецыялісты сцвярджаюць, што хурма… змяншае сімптомы пахмелля.

Хурму спажываюць пры запорах. Але!!! Па-першае, у невялікай колькасці. Па-другое, яна павінна быць спелай і не вязаць. Інакш атрымаецца цалкам супрацьлеглы эфект!

Гэтая ягада папярэджвае сардэчна-сасудзістыя захворванні, дапамагае пры дэпрэсіях і стрэсах, паляпшае працу сасудаў і агульны стан скуры твару, падтрымлівае і паляпшае зрок, асабліва пры ўзроставай макуладыстрафіі…

Вы яшчэ тут?! Не пайшлі на кухню? І не пабеглі ў краму? І правільна зрабілі! Бо зараз будзе лыжка дзёгцю! Як звычайна…

А гэта – супрацьпаказанні

Хворым на цукровы дыябет – спажываць з вялікай асцярогай! Дык, можа, і зусім не есці, спытаецеся вы? А тут, як аказалася, два бакі медаля.

Першы – глікемічны індэкс = 45, гэта сярэдняе значэнне. Таму трэба кантраляваць узровень цукру ў крыві. Другі – звычайна арганізм хворых на цукровы дыябет аслаблены. А хурма змяшчае ў сабе жалеза, магній, калій, кальцый, вітаміны А, С, групы В… Умацоўвае сасуды і сардэчную мышцу…

Словам, калі ёсць знаёмы ўрач, дык лепей пракансультавацца, можна вам хурму ці не, як часта і ў якой колькасці.

З асцярогай трэба ласавацца хурмой людзям са старэчымі запорамі, гемароем і тым, хто перанёс аперацыю на кішэчніку, з эразіўным гастрытам, язвавай хваробай страўніка...

І не запівайце хурму малаком альбо халоднай вадой! Не стасуюцца. Таксама можна займець праблемы.

А тлушчаў-то ў хурме мала! А харчовых валокнаў – шмат. Нядрэнная замена цукру, між іншым. І насычае таксама добра. Так што не пужайцеся адносна высокай каларыйнасці. Пры пэўных умовах, спажываючы хурму, пахудзець можна. А яшчэ яна багатая на ёд!

Хурма. Карысныя рэчывы.

Зацікавіліся?! Далей можаце пашукаць інфармацыю пра хурму ў сеціве самі. Яе там мора. Толькі раю давяраць правераным крыніцам, блізкім да медыцынскіх. А я пайду гатаваць фруктовую салату. З хурмой!

Усім – смачна есці! 🙂

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 61

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".