02.05.2021
02.05.2021

Добрых думак і светлага дня! З Вялікаднем!

logo
Беларускі код
0 77
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сёння ў нас – Вялікдзень. Праваслаўныя адзначаюць свята Уваскрэсення Хрыстова. Сапраўдныя вернікі сустракаюць яго з вялікай радасцю і замілаваннем. І гэтае пачуццё перадаецца ўсім астатнім. А вось у нашай сям’і, дзякуючы маёй мамачцы, больш панаваў заўсёды народны складнік. Плюс цеплыня сямейных стасункаў і традыцыі той сям’і Кавалёвых са Смаленшчыны, адкуль была мая мама.

Вялікдзень. Традыцыі святкавання.

Там наведвалі царкву і верылі ў Бога, але без фанатызму. Шчыравалі на зямлі ледзь не суткамі, рэдка калі дазваляючы сабе не працаваць. Гэта толькі падчас самых вялікіх царкоўных святаў. Збіраліся за сталом, чыталі малітвы, елі, пілі і… ніколі не напіваліся. Не было там такое прынята. Не ўхвалялася.

І хата, гаспадарчыя пабудовы ды падворак прыбіраліся ў перадвелікодны тыдзень. І мыліся ў лазні ў Чысты чацвер рана. І пакуль дарослыя былі на ўсяночнай службе, у хаце гарэла святло.

А вось у царкве, як прыгадвала мама, усялякае здаралася. Людзей шмат, і не ўсе сумленныя. Некаторыя махляры прыходзілі… з даўжэзнай палкай з крукам на канцы. Пакуль там ідзе асвячэнне кошыкаў з булкамі, яйкамі ды іншымі прадуктамі, паміж людзьмі акуратна прасоўвалі тую палку, падчаплялі кручком кош і…

Крык, плач, лямант… Хтосьці пазбавіўся пачастунку для ўсёй сям’і. Ну, а махляры ўжо далёка – паспрабуй дагані. Цяжка такое ўявіць у наш час. А вось раней – было.

Вялікдзень. Царква.

Дзецям, як прыгадвала мая мамачка, цікавей за ўсё было атрымаць яйкі не толькі ў сваёй хаце, але і ад іншых сваякоў. А тады гуляць з імі ў розныя велікодныя гульні.

Летась пандэмія каранавіруса прымусіла многіх не наведваць храм на Вялікдзень. А вось сёлета, мяркуючы па ўсім, людзей не палохаюць вялікія лічбы захварэлых і па-ранейшаму складаная сітуацыя. І тут, вядома ж, кожны вырашае сам для сябе… Але вельмі хацелася б, каб сёння, заўтра і ў далейшым людзі больш уважліва ставіліся адно да аднаго… Вы са мной згодныя?!

А чулі пра традыцыю мыцца з раніцы на Вялікдзень вадою, у якую трэба пакласці чырвонае яйка, а таксама штосьці з золата ці срэбра?! А гэта для таго, каб увесь год быць чыстым і прыгожым, як яйка, а таксама багатым.

А чаму ў праваслаўных існуе звычай гатаваць багаты стол? Бо даўней верылі: Ісус Хрыстос можа зайсці ў госці ў любую хату… І трэба, каб было чым яго пачаставаць. А разгаўлялася сям’я звычайна свянцоным яйкам.

Вялікдзень. Разгазляцца свянцоным яйкам.

Дык хто сёння быў на ўсяночнай службе? А ці звярнулі ўвагу, як гарэлі свечкі? Калі трашчалі, дык гэта значыць, што лета будзе навальнічным і дажджлівым. А калі ў Велікодную ноч дождж пагаспадарыў, дык шмат дажджоў варта чакаць ажно да Сёмухі (Тройцы). Лета ж мелася быць халодным.

Цікава, а ці ходзяць дзе сёння валачобнікі? Ну хаця б з рэканструкцыяй старажытнага абраду? Бо калі на Каляды пабачыць-пачуць калядоўшчыкаў можна і ў горадзе, дык валачобнікаў, па шчырасці, не бачыла ні разу і на вёсцы. А была ж, была такая традыцыя ў народзе. І запісаў песень валачобных стае…

І таксама цікава, ці вызірне сёння сонца? І ці зможам мы за ім паназіраць? Даўней казалі, што на Вялікдзень нават сонца «скача ад радасці».

У кожнага ў душы – сваё свята. Галоўнае, каб яно было. Хаця б ва ўспамінах дзяцінства, юнацтва, а можа, і больш дарослага жыцця.

Вялікдзень. Успаміны дзяцінства.

У традыцыях выпякання пасхальных булак, якія так завабліва пахнуць дражджамі і яшчэ чымсьці вельмі прыемным. І ніякія крамныя не параўнаюцца са «свойскімі», бо тут і душа, і дабрыня, і вера, і надзея, і любоў. У фарбаванні яек, таксама па традыцыі – у цыбульным шалупінні. У збіранні ўсёй сям’і за адным сталом…

Усіх, хто сёння святкуе, мы сардэчна віншуем і зычым Божае ласкі, здароўя моцнага, удачы ва ўсіх справах і пачынаннях, дабра, дабрыні, душэўнасці, міру, ладу і згоды ў сем’ях.

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 77

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама