28.03.2021
28.03.2021

Вярба ў пашане сёння зноў! Пальмовая нядзеля – у каталікоў

logo
Беларускі код
0 29
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ужо каторы год назіраю, як усё меней рознагалоссяў паміж людзьмі рознага веравызнання. У апусцелай амаль што вёсцы Малінаўка Чэрвеньскага раёна колісь дзве суседкі – каталічка і праваслаўная – разам адзначалі ўсе рэлігійныя святы. Што ўжо казаць пра сем’і, дзе таксама паядналіся прадстаўнікі розных канфесій. І можна ж проста парадавацца сёння за шчырых вернікаў, якія альбо ўрачыста ідуць у касцёлы з прыгожымі букетамі вярбы, альбо, улічваючы пагрозу пандэміі новага каранавіруса, збіраюцца разам ля экрана тэлевізара ці ноўтбука. Бо сёння – адно з самых  значных святаў у жыцці кожнага каталіка: Пальмовая нядзеля (Вербная).

Пальмовая нядзеля. Вернікі ідуць у касцёл.

Па-ранейшаму не бяруся разважаць пра пытанні веры. Яна сапраўды ў кожнага свая. Проста думкі ўслых і ўласныя ўражанні.

Ужо не раз заўважала тут, як мне падабаюцца касцёлы. Калі была магчымасць вандраваць па Беларусі і за яе межамі, пабачыла іх шмат. І ўсе такія розныя…

Памятаю, як мы, маладыя і бестурботныя, невялічкай кампаніяй завіталі да нашай сяброўкі-каляжанкі ў Дзяржынск, куды яна пэўны час таму пераехала на пастаяннае месца жыхарства. А падчас прагулкі па горадзе завіталі і ў касцёл. Здаецца, я і зараз, праз гады, адчуваю яго магію…

У Фарны касцёл у Нясвіжы стараюся зайсці хаця б на хвілінку падчас кожнага прыезду ў гэты чароўны горад, беларускі Парыж. Вось толькі падчас апошняга не атрымалася – з-за рамонту… Але і зараз заплюшчу вочы – і бачу той велічны будынак…

Што ўжо казаць пра сямейную вандроўку ў Гервяты ўвосень 2019 года, дзе, як я напісала тады, касцёл «высокім шпілем – у самае сэрца»! Калі хтосьці яшчэ не быў там, вельмі раю! Прыгожая, дагледжаная ва ўсе поры года тэрыторыя. Арган, змайстраваны ў свой час менавіта для гэтага касцёла. На жаль, падчас прыезду ён маўчаў. Так што будзе яшчэ адна нагода завітаць у Гервяты, каб яго ўсё ж паслухаць. І такія розныя адчуванні, якія нараджаюцца ўнутры цябе, калі ты знаходзішся ў касцёле…

Пальмовая нядзеля. Гервяцкі касцёл.

Нам варта было ўжо спяшацца, каб накіравацца ў адваротны шлях, вельмі няблізкі. А я, ахутаная магіяй, усё ніяк не магла сябе прымусіць узняцца з лавы…

І хаця Троіцкі касцёл у Гервятах называюць беларускім Нотр-Дамам, усё ж маё сэрца назаўсёды аддадзена іншаму храму. І гэта, наўздзіў, не самы сапраўдны парыжскі Нотр-Дам… Хаця і ўразіў ён мяне вельмі моцна. Настолькі, што пасля звестак пра пажар, які там здарыўся, я нават плакала… А вынікам стаўся роздум «Слёзы… па Нотр-Дам-дэ-Пары».

Але яшчэ мацней уразіла базіліка Сакрэ-Кёр у Парыжы. Вось куды я ў думках вяртаюся зноў і зноў. І вельмі хачу яшчэ раз там пабываць, каб праверыць свае ўражанні. Сапраўды я там адчула… штосьці… Альбо мне проста падалося? 14 гадоў прамінула з таго часу. А здаецца, што я там была зусім нядаўна.

Пальмовая нядзеля. Сакрэ-Кёр у Парыжы.

Ці выпусціць нас калі са сваіх хцівых лапаў новы каранавірус? І ці зможам мы без рызыкі для здароўя зноўку з захапленнем вандраваць па замежжы? Вельмі спадзяюся, што зможам… Вера ў штосьці ці кагосьці – вось што сапраўды падтрымлівае.

Памятаю, як мне хацелася пабываць на каталіцкае Раство ў краіне, дзе яго шырока святкуюць. Хацелася ў Польшчу, у Літву… Атрымалася ж – ва Украіну, у Львоў.

А цяпер я разумею, што хачу калі-небудзь прыйсці ў каталіцкі касцёл у Пальмовую нядзелю. У касцёл з доўгай і прыгожай гісторыяй. І абавязкова з арганам. Паглядзець на святочна апранутых людзей з упрыгожанай вярбою ў руках. Паслухаць урачыстую прамову ксяндза па-беларуску з польскім акцэнтам… Ну вельмі прыгожа!

Спачатку прыйсці туды простым назіральнікам, каб адчуць магію касцёла і свята, асаблівую еднасць людзей, таго настрою, які словамі не выказаць. І хто ведае, магчыма, калі-небудзь я застануся там усвядомлена. Бо па пэўных звестках Адамовічы сапраўды былі каталіцкага веравызнання. Хаця не выключана, што гэта будзе іншы храм…

Пальмовая нядзеля.

А пакуль… Прыгожага свята ўсім, хто сустракае яго сёння! Боскай ласкі, дабрыні, пяшчоты ў сэрцы. І чыстага неба, і цёплага сонейка. Магчымасці быць разам з блізкімі людзьмі. А галоўнае – душэўнага спакою.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 29

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама