18.05.2017
18.05.2017

Рыхтуемся да старту: выбіраем ідэальную пару бегавых красовак да сезону «вясна-лета»

logo
Здаровы лад жыцця
1 339
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Занадта неабдумана меркаваць, што выбраць прыдатную пару красовак для бегу – раз плюнуць. Большасці бегунам-пачаткоўцам цалкам дастаткова, каб падабаліся кошт, колер і памер. І дарэмна. 3/4 аматараў фітнесу апранаюць на трэніроўкі няправільны абутак, –сцвярджаюць эксперты еўрапейскага таварыства падыятраў (урачы, якія займаюцца выключна праблемамі ступні і галёнкі).

Калі ўлічыць, што падчас бегу арганізм чалавека – ад пятак да плячэй і асновы зводу чэрапа – адчувае каласальную ўдарную нагрузку, а няправільны абутак можа справакаваць траўмы і хваробы суставаў і пазваночніка, то колер і кошт не будуць здавацца першачарговымі і адзінымі крытэрыямі выбару.

Слушна дазналіся, якая пара бегавых красовак не нашкодзіць і дазволіць атрымаць максімум карысці ад заняткаў. Разбірацца ў пытанні дапамагала Вікторыя Шчасная, трэнер па фітнесу, бягуха з 6-гадовым стажам, ўладальніца больш як 30 пар красовак, на чым, па яе прызнанні, спыняцца не збіраецца.

Якія красоўкі выбраць для бегу?

 
Вікторыя Шчасная, трэнер па фітнесу, бягуха з 6-ці гадовым стажам, уладальніца больш як 30 пар красовак

Што трэба ведаць, перад тым як абраць бегавыя красоўкі?

Перш чым адправіцца выбіраць новыя красоўкі, неабходна ведаць чатыры рэчы:

  1. Пранацыю ступні;
  2. Інтэнсіўнасць і тэмп трэніровак, а таксама ўзровень сваёй фізічнай падрыхтоўкі. Абутак для пачаткоўцаў, якія плануюць бегаць, напрыклад, па гадзіне два-тры разы на тыдзень, мае некаторыя адрозненні ад красовак для фізічна падрыхтаваных аматараў высокіх хуткасцей і доўгіх дыстанцый;
  3. Тып паверхні, па якой мяркуеце бегаць. Калі вы збіраецеся займацца на стадыёне ці на асфальтаваных дарогах, але не выключаеце магчымасць прабежкі, скажам, у лесе альбо па грунтавой дарозе, хутчэй за ўсё, вам спатрэбяцца дзве пары красовак замест адной;
  4. Уласная вага таксама мае значэнне пры выбары ідэальнай пары спартыўнага абутку для фітнесу.

Зараз можна звузіць кола выбару да пэўнай катэгорыі красовак. Умоўна абутак для бегу дзеляць на 4 віды:

  • Трэйнеры. Найбольш універсальны выгляд красовак для фітнесу і бегу: яны падыходзяць многім аматарам спорту, аптымальныя як для рэгулярных трэніровак, так і для заняткаў ад выпадку да выпадку. Прызначаныя для бегу на роўных сухіх паверхнях і валодаюць неабходным наборам «опцый» для камфортных заняткаў: амартызацыяй (адмысловыя ўстаўкі ў падэшве, радзей – у вусцілцы, якія змякчаюць ударную нагрузку на арганізм) і стабілізацыяй (выраўноўвае ступню і забяспечвае яе правільную паставу, дасягаецца за кошт спецыяльных уставак у сярэдзіне падэшвы).Выбор обуви для бега
  • Марафонкі. Пазбаўленыя практычна ўсяго высокатэхналагічнага начыння сучаснага спартыўнага абутку – амартызацыі, стабілізацыі, падтрымкі. У іх тонкая падэшва і мінімальная вага – не больш за 250 грамаў. Без наступстваў бегаць у такім абутку могуць толькі фізічна падрыхтаваныя людзі вагой да 70-80 кілаграмаў. Асноўная сфера выкарыстання марафонок – спаборніцтвы, дзе першаснае значэнне мае хуткасць.
  • Мінімусы. Калі параўноўваць па адчуваннях красоўкі з пакаёвымі тапкамі, то мінімусы – у безумоўных лідарах. Гэта абсалютна «голы» абутак, без выкарыстання якіх бы там ні было інавацыйных тэхналогій у галіне спартыўнай экіпіроўкі. Заняткі ў іх ідэальна імітуюць бег басанож, трэніруюць і ўмацоўваюць ступню. Шкада, падыходзяць яны выключна падрыхтаваным бегунам. Пачаткоўцам-аматарам бегаць лепш басанож, чым у мінімусах, – менш верагоднасць траўміраваць ногі.
  • Трейлавыя. Інакш абутак гэтай катэгорыі называюць пазадарожнай. У яе магутная, дастаткова жорсткая рыфленая падэшва, яна менш гнуткая, большая вага ў параўнанні з універсальнымі трэйнерамі. Але гэта менавіта тыя красоўкі, якія патрэбныя для бегу па перасечанай мясцовасці, рыхлым грунце, бездарожжы, у лесе і на слізкіх паверхнях.

Такім чынам, паколькі асноўная маса аматараў бегу – зусім не прафесіяналы, якія збіраюцца ставіць рэкорды па хуткасці і працягласці бегу, відавочна, што аптымальнай катэгорыяй для выбару правільнай пары красовак для вяснова-летняга сезону з'яўляюцца трэйнеры (у асобных выпадках, калі бег мяркуецца толькі па перасечанай мясцовасці, – яшчэ і трэйлавыя). На карысць трэйнераў сведчыць і той факт, што яны выдатна падыходзяць для заняткаў не толькі на вуліцы, але і на бегавых дарожках.

 

Амартызацыя і стабілізацыя: дзве ў адным

З кароткай прабежкі па відах бегавых красовак ужо можна зрабіць першую правільную выснову: выбіраць трэба тыя красоўкі, у якіх прадугледжана амартызацыя. Добрая амартызацыя зніжае ўдарную нагрузку, што падчас бегу можа ў разы быць большай за ўласную вагу бегуна і дасягаць 400 кілаграмаў, дазваляе правільна размеркаваць яе на ўвесь апорна-рухальны апарат. У трэйнерах і «пазадарожніках» амартызацыя ёсць апрыёры.

Вядомыя фірмы-вытворцы спартыўнага абутку часта робяць стаўку для прасоўвання свайго тавару менавіта на амартызацыю, распрацоўваючы і ўкараняючы ўсё новыя яе віды і робячы іх «імяннымі».

Так, віды амартызацыі ўмоўна дзеляцца на тры тыпы:

  • спецыяльныя спружыны з палімерных матэрыялаў ці ўрэтанавай пены, што мае падвышаную пругкасць;
  • паветраныя падушкі (полая прастора ў падэшве красоўкі, запоўненае адмысловым газам);
  • сіліконавы гель.

Усе віды амартызацыі аднолькава добрыя, нягледзячы на запэўніванні вытворцаў, што іх прадукт адназначна лепш. Больш важна тое, дзе менавіта размешчаны амартызацыйныя ўстаўкі. Як правіла, гэта пятачная вобласць падэшвы (для бегуноў, якім характэрныя стыль бегу «з пяткі») і пальчыкавая (для тых, хто бегае «з пальчыкаў»).

Але мы падбіраем ідэальныя красоўкі для бегу вясной-летам, а таму аддаем перавагу пары з амартызацыяй у абедзвюх частках падэшвы: за лік пятачнай знізім да мінімуму рызыку траўмаваць калені ці пашкодзіць ахілава сухажылле, за лік пальчыкавай – павысім каэфіцыент карыснага дзеяння бегу. Вытворцы часцей за ўсё пазначаюць наяўнасць амартызацыі і яе размяшчэнне спецыяльнымі надпісамі на красоўцы.

Выключэнне можна зрабіць красоўкам для бегавой дарожкі. Сам трэнажор стварае некаторую амартызацыю, таму бегавы абутак для яго можна выбіраць з амартызацыяй толькі ў пятачнай частцы ці наадварот – у пальчыкавай, у залежнасці ад стылю бегу. У астатнім прынцыпы выбару красовак для «гладкага» бегу на стадыёне, асфальце ці на бегавой дарожцы аднолькавыя.

6 крытэрыяў выбару красовак для бегу па падэшве

Цяпер варта больш уважліва прыгледзецца да падэшвы. Правільная падэшва ў бегавых красоўках для лета будзе адпавядаць наступным патрабаванням:

  1. ніякіх прашывак, толькі падэшва, пасаджаная на клей, сляды якога не павінны быць бачныя;
  2. шматслойнасць, што можна вызначыць нават візуальна. Кожны слой мае сваю функцыю: знешні, які непасрэдна дакранаецца да паверхні, павінен быць даволі мяккім і выкананым з порыстых матэрыялаў, бо змягчае ўдар і забяспечвае мяккасць «прызямлення». Сярэдні слой, наадварот, цвёрды;
  3. падэшва павінна лёгка згінацца на 45 градусаў у месцы натуральнага згібу ступні. Гэта зберажэ вашыя ногі ад дадатковых нагрузак і падвышанай стамляльнасці;
  4. вышыня падэшвы ў пятачнай вобласці павінна быць не менш за 2 сантыметры, у пальчыкавай – 1 сантыметр;
  5. бліжэй да пальчыкаў падэшва красоўкі крыху скошаная, сам мысок прыкладна на 5 мм задраны ўверх. Гэтыя маленькія хітрасці не толькі палепшаць якасць і хуткасць бегу, але і зберагуць ад спатыкання аб нязначныя перашкоды (дробныя камяні і сучкі);
  6. падэшва не павiнна быць гладкай. У ідэале глыбіня пратэктара – да 1,5 мм. У трэйлавых красоўках і таго больш.

Подошва кроссовок для бегаНе лішняе – звярнуць увагу на каляровыя ўстаўкі на падэшве. Іншым ад асноўнага колерам вытворцы спартыўнага абутку вылучаюць, як правіла, устаўкі, выкананыя з матэрыялаў, больш устойлівых да сцірання. Адпаведна, чым больш і шырэй каляровыя плямы, тым вышэй шанец, што красоўкі праслужаць больш доўга. У сярэднім, пара бегавых красовак у залежнасці ад інтэнсіўнасці і частаты заняткаў, разлічана на 500 - 1200 кіламетраў, без страты функцыянальных якасцей. Але тэрмін іх службы можна збольшага падоўжыць правільным доглядам і захоўваннем.

Калі ўпадабаныя красоўкі прайшлі этап адбору па падэшве, абавязкова памацайце заднік. Ён павінен быць дастаткова цвёрдым, каб зберагчы ад траўмаў ахілава сухажылле, але не жорсткім, каб не справакаваць мазалі і націранне. Лепш, каб вяснова-летнія бегавыя красоўкі не былi высокімі, максімум па шчыкалатку, лепш – ніжэй, бо гэта пазбавіць ногі лішняга ператамлення.

 

Правільныя летнія красоўкі дыхаюць унутры і звонку

Засталося праверыць на адпаведнасць вусцілку і матэрыял верху бегавых красовак.

Ключавое значэнне для вусцілкі маюць:

  • супінатар (спецыяльная ўстаўка ў вусцілцы ці пад ёй, якая абараняе ступню ад празмернай пранацыі). Ён неабходны большасці аматараў бегу, каб падтрымаць ступню, правільна размеркаваць нагрузку на апорна-рухальны апарат. Выключэнне складаюць уладальнікі ступні з гіпапранацыяй. Ім супінатары супрацьпаказаныя. А таксама людзі з плоскаступнёвасцю. Для іх ёсць не толькі асаблівыя патрабаванні пры выбары спецыяльнага абутку для бегу, але нават стылю і тэмпу бегавых трэніровак;
  • вусцілка ў летніх бегавых красоўках павінна быць з трывалага матэрыялу, які дыхае (порыстага) і адводзіць вільгаць. Гэта забяспечыць ступне дадатковую стабілізацыю і вентыляцыю. Плюсам (але не абавязковай умовай) будзе наяўнасць дадатковай амартызацыі ў вусцілках – паветраных мікракамер;
  • вусцілкі павінны абавязкова даставацца з красоўкі, каб можна было яе прасушыць перад наступнай трэніроўкай.

Гэтыя патрабаванні ўніверсальныя ў дачыненні да сярэднестатыстычнага аматара бегу без відавочных і выяўленых праблем са ступнямі і суставамі. У іншым выпадку, рэкамендацыі і прызначэнні па падборы вусцілак для бегавых красовак, аж да вырабу кастомных па індывідуальнай замове, робіць урач-артапед.

Для бегу летам найбольш падыходзяць красоўкі, верх якіх выкананы з тэкстылю, сінтэтычных матэрыялаў з сеткаватымі ўстаўкамі. Такі абутак лёгкі, дыхае, добра вентылюецца, з выдатнымі паказчыкамі вылучэння вільгаці. У адрозненне ад скураной, не патрабуе асаблівых высілкаў пры доглядзе, яго можна сціраць ў пральнай машыне на зберагальным рэжыме, ён хутка сохне і доўга не губляе знешні выгляд.

Тым, хто ўсё ж такі аддае перавагу натуральнай скуры, кампрамісным варыянтам могуць быць красоўкі з сінтэтычных ці тэкстыльных матэрыялаў са скуранымі ўстаўкамі ў месцах, найбольш схільных да зносу: мысок, пятка.

Усё! Мы выйшлі на фінішную прамую – засталася прымерка. Праўда, і тут ёсць свае «правілы гульні». Прымяраць спартыўны абутак трэба правільна, каб дакладна не памыліцца з пакупкай. Калі будзеце прытрымлівацца нашых парадаў, вы максімальна зможаце засцерагчыся ад няўдачы і вылучыць ідэальныя красоўкі для бегу ці заняткаў фітнесам.

Апошняя парада

Не эканомце на пытаннях, якія тычацца здароўя. Цэнавы дыяпазон бегавых красовак занадта вялікі і заўсёды ёсць спакуса ўзяць тое, што танней. Але танней – не значыць лепш. Кошт бегавых красовак з добрай падэшвай і правільнымі вусцілкамі пачынаецца ад 150 беларускіх рублёў. Правільна падабраная пара красовак будзе не толькі гарантам камфортных заняткаў, але і праслужыць доўга.

Не варта і пераплачваць у разы за «начынне» ў духу найноўшых тэхналогій, якое вам наўрад ці спатрэбіцца. Да таго ж ідэальная пара красовак як ні круці падбіраецца вопытным шляхам: праз 3-5 кіламетраў бесперапыннага бегу. Іншая справа, што прытрымліваючыся нашых рэкамендацый, шанец купіць у выніку гіры на ногі, вельмі малы і імкнецца да нуля.

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

1 339

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама