27.07.2019
27.07.2019

Выдзяляць, не падзяляючы... Рэкамендацыі бацькам па выхаванню блізнятаў ад года да трох

logo
Адукацыя і выхаванне
0 64
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Пры выхаванні блізнятаў працуюць усе тыя ж асноўныя прынцыпы і характэрныя ўзроставыя прыкметы, што і для іншых дзяцей.

Аднак маецца шэраг асаблівасцяў, улічваючы якія бацькі дапамогуць сваім малышам развівацца гарманічна, набыць уласную індывідуальнасць. Да вашай увагі – рэкамендацыі па выхаванні аднагадовых блізнятаў.

Аднагадовыя блізняты. Асаблівасці іх выхавання

Не абвастрайце пачуццё суперніцтва

Калі блізняты трохі падраслі, вы пачынаеце заўважаць, што хто-небудзь з дзяцей хутчэй есць або складае пазл, а хтосьці прыгажэй малюе ці танчыць. Бацькам хочацца пахваліць дзяцей: «Глядзі, як сястрычка прыгожа намалявала!», «Паглядзі, як брацік хутка апрануўся!» І гэта, здаецца, добра і правільна, але не ў выпадку з блізнятамі.

Праводзячы такія параўнанні, бацькі ўзмацняюць у іх пачуццё суперніцтва, якое і так ужо добра развітае ў барацьбе за матчыну ўвагу.

Калі вы хочаце прастымуляваць або заматываваць аднаго з блізнятаў, старайцеся гэта рабіць праз самастойныя параўнанні. Напрыклад, падчас абеду скажыце: «А хто гэта ў нас так хутка паеў?» Падчас гульні: «А хто так прыгожа пабудаваў вежу з канструктара?» І г.д. У гэтым выпадку дзеці вучацца самі аналізаваць сітуацыю, што служыць добрай матывацыяй для блізнятаў.

Яшчэ адзін спосаб не пасварыць іх – гэта прывесці ў прыклад і пахваліць абодвух адначасова: «Дзіма ў нас так хутка прыбраў цацкі, а Андрэй затое акуратна склаў кнігі на паліцу».

Выдаткоўвайце час для кожнага дзіцяці

Размяркуйце сваю ўвагу правільна. Пакуль дзеці зусім маленькія, паспрабуйце іх прывучыць да адзінага рэжыму і прымайце дапамогу родных. У выпадку, калі мама дома адна, можна падчас кармлення ці купання аднаго з блізнятаў размаўляць з другім.

Пазней, калі дзеці падрастуць, знаходзьце час на стасункі з кожным з іх адзін на адзін. Не забывайцеся сказаць сам-насам дзіцяці пра свае пачуцці да яго, пра тое, чым ён вас парадаваў ці засмуціў.

Не сварыцеся «за кампанію»

Калі вы не бачылі, што адбылося, а дзеці нагаварылі адзін на аднаго, паспрабуйце разабрацца ў сітуацыі і высветліць, хто вінаваты. Старайцеся ўжываць выхаваўчыя меры да кожнага асобна. Пазбягайце пакарання «за кампанію». Пазней, калі дзеці падрастуць, давайце ім магчымасць разабрацца ў спрэчнай сітуацыі самастойна.

Калі здарылася сварка альбо бойка паміж блізнятамі, паспрабуйце таксама максімальна хутка памірыць дзяцей і аднавіць адносіны добрымі словамі ў адрас кожнага з іх.

Падкрэслівайце індывідуальнасць

Дапамагайце кожнаму з блізнятаў развівацца ў тым накірунку, які яго цікавіць. Хто-небудзь з дзяцей, магчыма, больш любіць танчыць, хтосьці – маляваць. Няхай займаюцца тым, што ім больш падабацца. Не варта прымушаць «мастака» танчыць і наадварот.

Падкрэслівайце моцныя бакі кожнага з блізнятаў

Апранаць іх аднолькава ці не, ці купляць аднолькавыя цацкі, вырашаць толькі бацькам. Часам блізняты хочуць быць аднолькавымі, і толькі бліжэй да школьнага ўзросту ў іх з'яўляецца жаданне мець яркія адрозненні.

Розныя цацкі ў доме дапамогуць ім хутчэй навучыцца гуляць паміж сабой, дзяліцца і абменьвацца рэчамі. Блізняты асвойваюць гэтыя навыкі значна раней за іншых дзяцей і дэманструюць малышам на дзіцячых пляцоўках.

На дзень народзінаў блізнятам лепей купіць два торты паменш, чым адзін на дваіх. Не выклікайце ў іх залішнюю канкурэнцыю.


Пакажыце, як добра разам

Пасля таго, як блізнятам споўніцца год, вы заўважыце, што яны пачалі цягнуцца адзін да аднаго. Дзеці спазнаюць свет, і брат або сястра ім таксама вельмі цікавыя. Дайце магчымасць дзецям знаходзіцца побач адно з адным.

Бліжэй да двух гадоў надыходзіць той момант, калі блізняты пачынаюць гуляць разам, і ім не сумна.

Падзяляць ці не падзяляць іх, аддаючы ў адзін дзіцячы сад або ў розныя, а затым у школу, вырашаць толькі вам. Аднак памятайце, што па першым часе блізнятам будзе больш камфортна разам, калі сярод незнаёмых дзяцей яны заўсёды будуць бачыць брата або сястру.

Дапамагаючы дзецям развіваць здаровую індывідуальнасць, навучыце іх быць разам! Хадзіце на прагулкі ўсёй сям'ёй, гуляйце ў сумесныя гульні, наведвайце разам цырк, заапарк ды іншыя займальныя мерапрыемствы. Падчас сямейнай вячэры не забывайцеся ўсе разам падзяліцца сваімі ўражаннямі і эмоцыямі ад убачанага.

Навучыцца падкрэсліваць добрыя якасці аднаго з блізнятаў, пры гэтым не правакуючы залішнюю канкурэнцыю і не крыўдзячы другога, часам цэлае мастацтва. Таму ўменне «выдзяляць, не падзяляючы» можна спасцігнуць толькі пры нараджэнні блізнятаў.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 64

Журналіст. Маці блізнят
Глядзіце таксама