17.10.2019
17.10.2019

Карысць і шкода мінеральнай вады для арганізма

logo
Лячэбнае харчаванне і дыеты
0 47
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Набываючы ўпадабаную намі мінеральную ваду, мы часцяком і не задумваемся, што гэта за прадукт, якія мае супрацьпаказанні да ўжывання.

Як правільна і з карысцю для здароўя яе трэба піць? І калі ўстрымацца? Пра гэта распавядае загадчыца кафедры медыцынскай рэабілітацыі ГрДМУ, дацэнт Галіна Хаванская.

Чым карысная мінеральная вада

Як вядома, ад якасці вады, што мы спажываем, залежыць наш настрой і самаадчуванне. А як увогуле ўздзейнічае на арганізм мінеральная вада?

Безумоўна, яна карысная для нашага арганізма, аднак піць яе пастаянна нельга. Мінеральную ваду ўжываюць у лячэбна-прафілактычных мэтах па прызначэнні ўрача або курсамі.

На жаль, многія спажыўцы набываюць яе літрамі, не звяртаючы ўвагі на змест тэксту на этыкетках. Уздзеянне на арганізм мінеральнай вады можна падзяліць на тэрмічнае, механічнае, фізіка-хімічнае і псіхатэрапеўтычнае. Трэба ведаць, што спалучэнне розных відаў мінеральнай вады можа выклікаць складаныя мясцовыя і нейра-рэфлекторныя рэакцыі арганізма.

Чым карысная мінеральная вада і пры якіх захворваннях яе выкарыстоўваюць?

Эфектыўна яе ўжываюць пры метабалічным сіндроме, які ўключае ў сябе цэлы «букет» захворванняў: хваробы сэрца, павышаны артэрыяльны ціск, цукровы дыябет 2-га тыпу, а таксама пры раку, старэчай прыдуркаватасці, сіндроме полікістозу яечнікаў, атлусценні печані і інш.

Ёсць шмат навукова-даследчых работ, якія даказваюць, што мінеральная вада ўплывае на зніжэнне масы цела, у тым ліку абдамінальна-вісцаральнай тлушчавай тканкі. Яна спрыяе павышэнню адчувальнасці перыферычных тканак да інсуліну, нармалізуе паказчык ліпіднага і вугляводнага абменаў, спрыяе зніжэнню артэрыяльнага ціску і г.д.

На базе Гродзенскай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі мы праводзілі навуковыя даследаванні з выкарыстаннем мінеральнай вады для хворых з метабалічным сіндромам. У выніку праведзенай працы была адзначаная спрыяльная дынаміка клінічных сімптомаў захворвання. У большасці пацыентаў (94,8%) знікалі агульная слабасць, павышаная стамляльнасць, раздражняльнасць, трывожнасць, сухасць скуры...

У якіх аб'ёмах і як доўга варта піць мінеральную ваду? Як правільна разлічыць патрэбную дозу?

З лячэбна-прафілактычнай мэтай доза мінеральнай вады разлічваецца з колькасці 10 мл на 1 кг цела, у сярэднім 600-900 мл у суткі. Пачынаць лячэнне варта з невялікіх доз, з паўшклянкі, паступова павялічваючы колькасць да 1-1,5 шклянкі. Але пры гэтым будзе не лішнім пракансультавацца з урачом.

Лячэнне мінеральнай вадой і прафілактыка ёй жа праводзіцца курсамі: па 2-5 тыдняў, 2-3 разы на год.

Якія існуюць супрацьпаказанні?

Гэта ўскладненыя формы язвавай хваробы страўніка і дванаццаціперснай кішкі, халецыстыты і халангіты са з'явамі запалення, жоўцекамянёвая хвароба ў стадыі абвастрэння, актыўныя гепатыты і цырозы печані, панкрэатыты ў фазе абвастрэння, а таксама неспецыфічны язвавы каліт.

А якую ваду можна піць штодня?

Артэзіянскую негазаваную, у неабмежаванай колькасці. Самая лепшая вада для піцця – прыродная: яна чысціцца ў пластах глебы і насычаецца карыснымі мікраэлементамі. Неабходна ведаць, што набіраць ваду з крыніцы самастойна нельга, не будучы ўпэўненым у тым, што яна чыстая, бо яна можа быць забруджаная бліжэйшымі прамысловымі або сельскагаспадарчымі аб'ектамі. Вада, ачышчаная ў прыродзе, самая карысная.

На жаль, многія спажыўцы бутыляванай вады не бачаць розніцы паміж прыроднай і штучна ачышчанай вадой. Гэта прынцыповая розніца?

Безумоўна. На вытворчасці штучна ачышчаная вада спачатку праходзіць цыкл глыбокай ачысткі. Яе пазбаўляюць ад усіх прымешак, не толькі шкодных, але і карысных. Затым аднаўляюць, гэта значыць – кандыцыянуюць, дадаючы штучны раствор мікраэлементаў.

На жаль, такая вада цалкам губляе сваю прыродную структуру, свой мінеральны склад. У адрозненне ад ачышчанай, натуральная разліваецца прама на крыніцы. Вада з прыродных артэзіянскіх крыніц надзейна абароненая ад біялагічнага і хімічнага забруджванняў. Утрыманне ў ёй біялагічна неабходных макра- і мікраэлементаў адпавядае крытэрыю фізіялагічнай паўнавартаснасці.

Узброіўшыся неабходнай інфармацыяй, піце ў патрэбнай колькасці карысную вам мінеральную і прыродную чыстую ваду – без абмежаванняў! – і будзьце здаровыя! 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 47

Журналіст
Глядзіце таксама