25.09.2017
25.09.2017

Выявіць, не прапусціць. Проба Манту

logo
Здароўе дарослых
0 72
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Вызначыць ці «сустракалася» дзіця з узбуджальнікам туберкулёзу можна з дапамогай адмысловага тэсту – пробы Манту. Каму пробу Манту рабіць абавязкова? Ці можна адмовіцца ад яе? Што абазначае чырвоная пляма на месцы ўколу? А калі яе няма зусім?

Па адказы на гэтыя пытанні журніліст Слушна накіраваўся да Жанны Крывашэевай, галоўнага пазаштатнага дзіцячага фтызіятра Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

да зместу

Што такое проба Манту?

 Проба Манту

Жанна Крывашэева:
Проба Манту – не прышчэпка, а дыягнастычны скурны тэст. Ён робіцца для таго, каб вызначыць дзіця, інфіцыраванае мікабактэрыямі туберкулёзу (МБП). Калі наяўнасць інфіцыравання пацверджаная, дзіцяці прызначаюць дадатковае абследаванне для выключэння туберкулёзу лёгкіх ці іншых органаў. Яшчэ адна важная мэта пастаноўкі пробы Манту – вырашыць пытанне, ці можна рабіць дзіцяці прышчэпку вакцынай БЦЖ-М, калі ў радзільным доме яе не зрабілі.

Дзіцяці ўводзяць пад скуру туберкулін. Ён утрымлівае асобныя фрагменты мікабактэрый туберкулёзу.

Жывых альбо забітых узбуджальнікаў туберкулёзу ў туберкуліне няма! Пасля пробы Манту нельга заразіцца ці захварэць на сухоты!

Станоўчай рэакцыя лічыцца, калі на месцы ўвядзення туберкуліну ўтварылася зацвярдзенне чырвонага колеру (папула) дыяметрам 5 мм і больш. Калі пасля пробы Манту папула не з’явілася, такая рэакцыя лічыцца адмоўнай.

Пра тое, што дзіця інфіцыраванае туберкулёзам могуць сведчыць:

  • упершыню станоўчая рэакцыя на пробу Манту – на месцы ўвядзення туберкуліну зацвярдзенне, прыпухласць і пачырваненне (папула), якіх не было ў мінулыя гады;
  • вялікі памер папулы на месцы ўколу, напрыклад 15-17 мм і больш;
  • на месцы ўвядзення туберкуліну з'явілася язва альбо пухір, павялічыліся ў памерах блізка размешчаныя лімфавузлы. 

Жанна Крывашэева:
Вельмі важна знайсці ярка выяўленыя рэакцыі на туберкулін у выглядзе папулы 17 мм і больш, язвы, запалення лімфавузлоў і інш. У 30% выпадкаў гэта кажа пра тое, што дзіця хутчэй за ўсё ўжо хворае на сухоты, і для пацвярджэння дыягназу мы прызначаем падрабязнае дадатковае абследаванне.

да зместу

Калі на месцы ўколу чырвоная пляма – значыць сухоты?

Адразу адзначым, вялікая чырвоная пляма на месцы ўколу не заўсёды абазначае, што дзіця інфіцыраванае туберкулёзам. Ды і інфіцыраванае – яшчэ не значыць хворае. Цалкам верагодна, што імунітэт дзіцяці будзе актыўна змагацца з узбуджальнікамі туберкулёзу, што трапілі ў арганізм. Вядома, што 95% дзяцей самастойна спраўляюцца з інфекцыяй. Аднак гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі малога прышчапілі вакцынай БЦЖ альбо БЦЖ-М. Такім чынам:

да зместу

Сітуацыя першая.

Летась дзіцяці рабілі спробу Манту, яна паказала адмоўны вынік. У гэтым годзе – проба станоўчая.

Жанна Крывашэева:
Гэта можа сведчыць пра тое, што дзіця было інфіцыравана нядаўна – ад некалькіх месяцаў да года. Разам з тым, першы год пасля «сустрэчы» з туберкулёзам самы небяспечны, бо на фарміраванне добрага імунітэту патрабуецца некалькі гадоў. Палова дзяцей ловяць хваробу менавіта на працягу першага года пасля інфіцыравання. Калі мы зафіксавалі ўпершыню станоўчую рэакцыю на туберкулін, дзіця трэба як мінімум абследаваць: зрабіць клінічныя аналізы, рэнтгенаўскі здымак і выключыць актыўныя сухоты. Далей такіх дзяцей мы назіраем з дыягназам «Віраж туберкулінавай рэакцыі». У асобных выпадках прызначаецца прафілактычнае лячэнне адным ці двума процітуберкулёзнымі прэпаратамі. Гэта дазваляе знізіць рызыку хваробы ў 7-8 разоў.

Станоўчая рэакцыя на туберкулінавую пробу можа фіксавацца ў дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў, што ў большасці выпадкаў лічыцца нормай. Гэта звязана з тым, што яны адносна нядаўна былі прышчэпленыя вакцынамі БЦЖ альбо БЦЖ-М. За такімі малымі, як правіла, назірае ўрач-педыятр, пры неабходнасці ім прызначаюць дадатковае абследаванне. Напрыклад, у тым выпадку, калі ў сям'і выяўлены хворы на сухоты сваяк.

да зместу

Сітуацыя другая.

Усе гады ў дзіцяці была невысокая станоўчая рэакцыя на пробу Манту. Папула ў дыяметры была не больш за 5-7 мм. І раптам яна стала 15 мм.

 

Жанна Крывашэева:
У такім выпадку магчымыя два варыянты развіцця падзей. Першы: у дзіцяці нядаўна, у прамежку паміж папярэдняй і цяперашняй пробамі Манту, быў кантакт з хворым на сухоты. Другі варыянт: дзіця інфіцыраванае даўно, хварэла на вятранку, адзёр, грып ці атрымала курс лячэння лекавымі прэпаратамі, што аслабілі імунітэт, і туберкулёзная інфекцыя, якая ніяк сябе не праяўляла, актывізавалася. Выйсце – далейшае абследаванне дзіцяці, сям'і і ў асобных выпадках – прафілактычнае лячэнне.

да зместу

Сітуацыя трэцяя.

У дзіцяці выяўлена звышвысокая адчувальнасць да туберкуліну. На месцы ўвядзення ўтварыўся вялікі інфільтрат (пляцоўка) памерам 17 мм і больш, язва і інш. Тэмпература павышаная.

Жанна Крывашэева:
Гэта значыць, што дзіця атрымала вялікую колькасць МБП і/альбо сустрэлася з асабліва моцнай туберкулёзнай інфекцыяй і так шпарка на яе рэагуе ці ўжо хворае на сухоты.

Каму абавязкова рабіць пробу Манту?

 

Проба Манту робіцца:

  • калі дзіця па якіх-небудзь прычынах не было прывітае БЦЖ альбо БЦЖ-М. Перад вакцынацыяй яму абавязкова зробяць пробу;
  • калі ў малога быў кантакт у сям'і ці па месцы вучобы з хворым на туберкулёз органаў дыхання;
  • дзецям з груп рызыкі, у якіх высокі шанец захварэць на сухоты. Гэта дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, мігранты, малыя ў закрытых дзіцячых калектывах, дзеці-інваліды, дзеці без рубчыка пасля прышчэпкі БЦЖ, ВІЧ-інфіцыраваныя і інш.;
  • па жаданні бацькоў.

Асаблівых супрацьпаказанняў да пастаноўкі пробы Манту няма. Разам з тым, рабіць яе не будуць, калі дзіця хварэе, у яго алергія ў перыяд абвастрэння, нядаўна была перанесеная цяжкая інфекцыя ці зроблена іншая прышчэпка. Пасля захворванняў рэкамендуецца пачакаць месяц і затым рабіць пробу Манту. Пасля лёгкіх вірусных інфекцый у асобных выпадках магчыма правядзенне тэсту адразу па выздараўленні.

Перад туберкулінавай пробай не патрабуецца асаблівай падрыхтоўкі. Абавязковае апытанне і агляд дзіцяці ўрачом для выключэння наяўнасці супрацьпаказанняў. Але! Дзецям, схільным да алергіі, пажадана на працягу пяці дзён да і два дні пасля пробы прымаць анцігістамінныя (супрацьалергічныя) прэпараты. Бацькам малых варта пачакаць з даданнем у рацыён новых прадуктаў.

Жанна Крывашэева:
Мы не робім планавыя пробы Манту, калі ў садку ці школе каранцін, напрыклад, з-за вятранкі альбо грыпу. Акрамя гэтага, не варта спяшацца з увядзеннем туберкуліну, калі ў сям'і хтосьці хворы на грып, ангіну, АРВІ ці іншыя інфекцыйныя захворванні. Для таго, каб карціна не была змазанай, пажадана мінімізаваць уздзеянне любых фактараў на месца ўвядзення туберкуліну – да кантролю выніку пробы не наведваць басейн ці лазню, не расчэсваць альбо не апрацоўваць чымсьці месца ўкола. Рукі мыць і прымаць душ можна.

Пасля пастаноўкі пробы Манту, дыяскінтэсту альбо правядзення любой прафілактычнай прышчэпкі дзіця павінна знаходзіцца пад наглядам медыцынскага персаналу на працягу не менш як 30 хвілін.

Калі ў дзіцяці пасля ўвядзення туберкуліну ўжо дома з'явіліся высыпанні на скуры па ўсёй руцэ ці целе, паднялася тэмпература 38-39 °С, ён стаў бледным, млявым, неабходна тэрмінова выклікаць брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі. Можна даць супрацьалергічны прэпарат.

Проба Манту ў нашай рэспубліцы ставіцца дзецям да 7 гадоў, з 8 да 17 - дыяскінтэст. Дарослым для выяўлення туберкулёзу лёгкіх на ранніх стадыях рэкамендавана рабіць флюараграфію. Для асобных катэгорый дарослага насельніцтва штогадовае рэнтген-флюараграфічнае даследаванне органаў грудной клеткі з'яўляецца абавязковым.

https://bel.24health.by/navoshta-treba-flyuaragrafiya

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 72

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».