16.04.2019
16.04.2019

Нейранавігацыя па звілінах. Хірург-анколаг – пра метады лячэння раку мозга

logo
Здароўе дарослых
0 65
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Раней для выдалення пухліны галаўнога мозга пацыентам рабілі шырокую трэпанацыю чэрапа. Якія аперацыі праводзяцца сёння? Ці магчыма выдаліць пухліну без пашкоджання галаўнога мозга? Якія сімптомы дакладна кажуць аб праблеме?

На пытанні адказвае Юрый Грачоў, загадчык нейрахірургічнага аддзялення РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім.М.М.Аляксандрава

Нечакана страцілі прытомнасць, здарыўся прыпадак – на МРТ!

Нечакана страцілі прытомнасць, здарыўся прыпадак – на МРТ!

 

Як правіла, рост пухліны ў замкнёнай унутрычарапной прасторы прыводзіць да сціскання і пашкоджання мозга, з-за чаго ў чалавека парушаецца маўленне і каардынацыя рухаў, пагаршаецца зрок і слых. Чаму ж толькі пасля ўзнікнення такіх відавочных сімптомаў людзі пачынаюць звяртацца да неўролагаў або нейрахірургаў?

Пухліны галаўнога мозга адрозніваюцца па ступені злаякаснасці. Нізказлаякасныя пухліны растуць павольна, таму на некаторыя прыкметы захворвання пацыент можа доўгі час не звяртаць увагі. Пры гэтым яго арганізм, у тым ліку, і галаўны мозг, можа адаптавацца да павольнага росту пухліны. У гэтым выпадку яна выяўляецца тады, калі ўжо дасягне вялікіх памераў, – тлумачыць урач. – А вось высоказлаякасныя пухліны валодаюць вельмі хуткім тэмпам развіцця і росту, што суправаджаецца моцным і стойкім галаўным болем, млоснасцю, ванітамі. Напрыклад, гліябластома пры невялікім памеры можа выклікаць вельмі сур'ёзныя парушэнні ў галаўным мозгу.

Складанасць у тым, што галаўны боль, парушэнне маўлення, рухальнай актыўнасці бываюць пры інсульце, а зрок і слых пагаршаюцца па розных прычынах. У нашай краіне праблема своечасовай дыягностыкі пухлін галаўнога мозга вырашаецца дзякуючы магнітна-рэзананснай тамаграфіі (МРТ), якая ўжо выконваецца паўсюдна.  

– Што распавядаюць самі пацыенты? Як яны дакладна зразумелі, што з іх мозгам нешта не так?

– У большасці нашых пацыентаў былі прыступы страты прытомнасці на фоне поўнага здароўя. Гэта сталася першай прыкметай пухліны галаўнога мозгу. Калі ў чалавека без бачных на тое прычын узнікаюць эпілептычны прыпадак, сутаргавы параксізм, гэта паказвае на высокую верагоднасць дадзенага захворвання і з'яўляецца паказаннем для звароту да неўролага і правядзення МРТ. На мой погляд, гэта самы інфарматыўны метад. На камп'ютарнай тамаграфіі (КТ) не заўсёды можна ўбачыць пухліну невялікіх памераў.

Аперацыі магчымыя і без агульнага наркозу

– Як сёння праводзяцца аперацыі? Ці не прыводзіць выдаленне пухліны да парушэння інтэлекту, зроку, слыху і іншых важных функцый?

– Асноўны прынцып нейрахірургіі не змяніўся: анатамічная даступнасць і фізіялагічная дазволенасць. Гэта значыць, пухліна павінна быць даступная для хірургічных маніпуляцый, а аперацыя – бяспечнай, без незваротных наступстваў. Іншымі словамі, калі мы бачым, што пры хірургічным умяшанні будуць пашкоджаныя зоны, якія адказваюць за слых, зрок, маўленне, адвольныя рухі, дык у гэтым выпадку не станем выдаляць пухліну. Аперацыі, пасля якіх чалавек застанецца глыбокім інвалідам, немэтазгодныя. Прыярытэтам з'яўляецца захаванне якасці жыцця чалавека. Што тычыцца разумовых здольнасцяў, дык пасля выдалення пухлін галаўнога мозга яны, як правіла, не змяняюцца.

Сёння сталі даступнымі мініінвазіўныя аперацыі праз невялікія доступы, якія мінімізуюць траўму здаровых тканак. Мы выкарыстоўваем аперацыйны мікраскоп, складаную сістэму нейранавігацыі для дакладнага вызначэння лакалізацыі пухліны. Пры гэтым хірургі выбіраюць не самы кароткі шлях да яе месцазнаходжання, а найменш траўматычны. Дзякуючы гэтым тэхналогіям мы можам выдаліць любое новаўтварэнне цалкам.

Аднак мозг кожнага чалавека ўнікальны. Напрыклад, лакалізацыя цэнтра маўлення ў кожнага пацыента мае нязначныя індывідуальныя адрозненні. У гэтым выпадку мы выдаляем пухліну, калі пацыент у свядомасці: размаўляючы з ім, можна выключыць выпадковае пашкоджанне цэнтра маўлення. Метад вельмі эфектыўны, аднак не кожны пацыент здольны на гэта рашыцца, і тады патрабуецца дапамога псіхолага і псіхатэрапеўта.

Штогод у РНПЦ праводзіцца каля 700 аперацый па выдаленні пухлінаў галаўнога мозга.  

– Ці будзе балець галава пасля аперацый на мозгу?

– У месцы разрэзу магчымы боль некаторы час. Але для яго ліквідацыі дастаткова звычайнага абязбольвальнага, нашы пацыенты не атрымліваюць моцныя наркатычныя анальгетыкі. Пасля галаўны боль не турбуе. Тканка галаўнога мозгу не ўтрымлівае болевых рэцэптараў.

Эмацыянальны настрой уплывае на лячэнне

– Ці эфектыўныя прамянёвая і хіміятэрапія пры пухлінах галаўнога мозга?

– Не гэтак эфектыўныя, як хірургічнае радыкальнае выдаленне. Справа ў тым, што большасць хіміяпрэпаратаў не пранікаюць у галаўны мозг з-за гематаэнцэфалічнага бар'еру, які абараняе ад мікраарганізмаў і таксінаў, што цыркулююць у крыві. Існуюць хіміяпрэпараты з мінімальным памерам малекул, якія здольныя пераадолець і гэтую перашкоду, аднак іх канцэнтрацыя не дазваляе цалкам знішчыць пухліну. Падчас аперацыі мы імплантуем хіміяпрэпараты непасрэдна ў ложы выдаленай пухліны.

Высоказлаякасныя пухліны недастаткова адчувальныя да прамянёвай тэрапіі. Пасля апраменьвання рост пухліны атрымліваецца заблакаваць толькі на некалькі месяцаў, вельмі рэдка – на адзін-два гады. Аднак для пацыентаў з гліябластомай і такое павелічэнне працягласці жыцця – падарунак.

– Якая выжывальнасць пасля лячэння?

– Пры нізказлаякасных пухлінах – 5-15 гадоў, пры самай злаякаснай пухліне – гліябластоме – каля года.

– Ці можа стрэс, негатыўныя эмоцыі справакаваць рак мозга?

– Ёсць меркаванне, што ў першую чаргу пакутуе орган, які нясе найбольшую нагрузку. Напрыклад, людзі разумовай працы патрапілі ў групу высокай рызыкі, бо ў левым дамінантным паўшар'і галаўнога мозга пухліны рэгіструюцца часцей, чым у правым. Аднак падобнае сцвярджэнне не даказана. Сувязь стрэсу з узнікненнем пухліны галаўнога мозга не ўсталяваная, аднак уплыў эмоцый на эфектыўнасць лячэння агульнавядомы. Таму мы заўсёды падбадзёрваем пацыентаў, падтрымліваем надзею на поспех. Пры аптымістычным настроі людзі заўсёды жывуць даўжэй.

– У РНПЦ працуе малекулярна-генетычная лабараторыя канцэрагенэзу. Ёсць ужо нейкія вынікі, якія дапамагаюць у лячэнні?

– Так. Сёння пацыенты з пухлінамі галаўнога мозга абследуюцца ў гэтай лабараторыі. Вынікі малекулярна-генетычных даследаванняў неабходныя для прагназавання эфектыўнасці прамянёвага і хіміятэрапеўтычнага лячэння, а таксама для аптымізацыі тактыкі хірургічнага лячэння.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 65

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).