01.02.2020
01.02.2020

Хірургічнае лячэнне «жаночага» раку: падрыхтоўка і аднаўленне

logo
Здароўе дарослых
0 47
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Штогод у Беларусі выяўляецца больш за 4 тысячы новых выпадкаў анкалагічных захворванняў органаў рэпрадуктыўнай сістэмы ў жанчын. Гэта рак шыйкі маткі, цела маткі, похвы, вульвы, яечнікаў і малочнай залозы. Як правільна падрыхтавацца да лячэння і рэабілітавацца пасля?

У раздзеле «Хваробы ад А да Я», далей тэг «анкалогія» на гэтую тэму будуць выходзіць артыкулы анколага з 40-гадовым стажам, доктара медыцынскіх навук, прафесара, начальніка Адукацыйнага цэнтра РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава Ірыны Аляксандраўны Касенкі. Аўтар даступна і прафесійна распавядзе пра многія нюансы лячэння.

Чаму часам даводзіцца выдаляць цэлы орган, а часам – толькі пухліну? Як падрыхтавацца да аперацыі поўным пацыенткам? Якія ўскладненні могуць быць пасля выдалення органаў і што рабіць для найхутчэйшага аднаўлення? 

«Жаночы» рак

Якія аперацыі бываюць

Мэта традыцыйнай медыцыны – непасрэднае знішчэнне пухліны і яе метастазаў. Пры гэтым выкарыстоўваюць тры асноўныя метады: хірургічны, прамянёвы і лекавы. Самы старажытны спосаб – аперацыя, якая заключаецца ў выдаленні хворага органа або групы органаў: шыйкі маткі, похвы, цела маткі, яечнікаў, труб.

Першае апісанне хірургічнага выдалення пухліны яечніка было ў XVI стагоддзі. Думаю, гэты орган выразалі і раней, але канкрэтны хірург апісаў свае дзеянні менавіта ў гэты час. Сёння гэта самы распаўсюджаны спосаб лячэння пухлінаў. Вы, напэўна, думаеце – вось ён, самы «правільны» спосаб: няма органа – няма праблемы. Яно-то так, ды не зусім.

Жаночы рак. Выдаленне органаў.

Выразаць пухліну і на гэтым паставіць кропку можна толькі тады, калі яна малая і не дала адсеву ў іншыя органы і тканкі. Таму мы і заклікаем вас, дарагія жанчыны, «прыслухоўвацца» да сваіх дарагіх-любімых органаў. І рэальна наведваць гінеколага. Тады ёсць шанц выявіць хваробу на пачатку развіцця, выдаліць хворыя тканкі і паставіць кропку. Больш за тое, калі выяўленая дабраякасная пухліна, перадрак або самы пачатковы рак, дык часам можна выдаліць толькі пухліну або хворы орган – шыйку маткі ці яечнік, а астатнія жаночыя органы (цела маткі, другі яечнік і інш.) пакінуць. За што арганізм скажа вам дзякуй.

Але калі пухліна не вельмі маленькая, дык выконваюць вялікія, так званыя, тыпавыя аперацыі, калі выдаляюць матку, прыдаткі, клятчатку з лімфатычнымі вузламі, сальнік (ёсць такі орган, які «сілкуе» органы страўнікава-кішэчнага тракта) і сёе-тое яшчэ – па сітуацыі.

Бывае, усю пухліну выдаліць не атрымліваецца. З-за пераходу на іншыя тканкі ў выпадку раку яечнікаў і раку цела маткі выразаюць яе па меры магчымасці. І лячэнне абавязкова дапаўняюць іншымі спецыяльнымі метадамі: прамянёвай і/або лекавай тэрапіяй, напрыклад. А ў выпадку распаўсюджанага раку шыйкі маткі аперыраваць нельга. Бо «рэзаць» па гэтай пухліне – значыць, распаўсюджваць ракавыя клеткі па іншых органах і тканках. Так што метад «працуе» ў канкрэтных сітуацыях з улікам лакалізацыі раку, яго гісталагічнай структуры, ступені распаўсюджвання, спадарожных хваробаў, узросту.

Жаночы рак.

У асобных выпадках у анкалагічнай практыцы выконваюць лапараскапічныя аперацыі: робяць маленькія разрэзы скуры, праз якія ў жывот уводзяць металічныя трубачкі з аптычнай сістэмай і маніпулятарамі. Гэтыя аперацыі малатраўматычныя і не патрабуюць працяглай шпіталізацыі. Але зноў жа! Яны – самастойны метад лячэння пры пачатковых формах хваробы. Пры распаўсюджаным раку лапараскапічныя ўмяшанні выкарыстоўваюцца для агляду органаў брушной поласці з дыягнастычнай мэтай.

Існуюць аперацыі праз сасуды, або «эндаваскулярная» хірургія: праз маленькія разрэзы на скуры ў сасуды ўводзіцца правадыр і праштурхоўваецца да маткі. Калі ў жанчыны матка «крывіць» і спыніць крывацёк лекамі і тампанаваннем похвы не атрымліваецца, дык названым вышэй шляхам «затыкаецца» маткавая артэрыя. Шлях крыві перакрываецца, і крывацёк часова спыняецца (ў сярэднім да 21 дня).

Хачу звярнуцца да тых жанчын, якія, наслухаўшыся суседзяў, сяброў, настойваюць на пэўным відзе лячэння. Напрыклад: «Хачу аперацыю. Зрабіце!» Рашэнне пра тое, аперыраваць ці не, прымае кансіліум урачоў на падставе вынікаў абследавання вашага арганізма, індывідуальна, узважыўшы ўсе «за» і «супраць». А не таму, што так захацелася вашаму ўрачу. Таму ўважліва ўслухайцеся ў доказы ўрачоў на карысць таго ці іншага метаду лячэння.

Як падрыхтавацца да аперацыі поўным жанчынам

Жаночы рак. Калі паўната замінае аперацыі.

Нярэдка нашы пацыенткі вельмі поўныя. Да прыкладу, самая «буйная» жанчына, якую я аперыравала, важыла 164 кг.

Часта ўрачы, прызначаючы дату аперацыі, кажуць: «Паспрабуйце схуднець». Зразумела, што кажуць таропка, без канкрэтных рэкамендацый. Такім чынам, што ж трэба зрабіць для гэтага?

  • Галадаць нельга – імунітэт пацерпіць.
  • Трэба абмежаваць тлушчы і вугляводы. Жывёльны тлушч і харчовы цукар есці не трэба.
  • Трэба есці бялкі, складаныя вугляводы, раслінны тлушч (1-2 ст. л. у дзень), гародніну і садавіну. Кашы раніцай, а гародніну – без абмежаванняў у любы час.
  • Настойліва рэкамендую свежавыціснуты маркоўны сок 1/3 шклянкі раніцай нашча. Можна і іншыя свежавыціснутыя сокі: буракі, рэпа, рэдзька, салера, яблыкі, цытрусавыя, калі іх пераносіце. З трэцяга дня пасля аперацыі прыём свежавыціснутых сокаў варта паступова аднавіць (1/5, 1/4, 1/3, 1/2 шклянкі паэтапна на дзень).
  • Калі не атрымаецца рыхтаваць свежавыціснутыя сокі, піце адвар шыпшынніку, настоі сухафруктаў (курага, яблыкі, грушы і інш.). Пазбягайце гатовых (куплёных) сокаў і не захапляйцеся моцна мінеральнай вадой.
  • Калі вас перавядуць на «агульны стол», дадаткова ешце разынкі, арэхі, курагу, садавіну і гародніну.

У цэлым, да аперацыі трэба рыхтавацца загадзя і думаць пра яе пазітыўна – тады вынікі будуць лепшымі: лягчэй перанесяце наркоз і выхад з яго, раней апрытомнееце і пачняце рух, хутчэй зажыве рана і хутчэй пойдзеце дадому.

Парада з «народнага» досведу

Калі я была яшчэ студэнткай, дык наведвала блізкую сваячку пасля аперацыі, якая перанесла яе даволі добра: рана гаілася выдатна, жанчына ўжо ўстала на ногі. Яна падзялілася сакрэтам: гэта таму, што па парадзе жанчын, якія ляжаць у аддзяленні, за 3 дні да аперацыі з'ела парэзаны лімон з мёдам. Вось вам і народная мудрасць: вітамін С + «мора» мікраэлементаў у мёдзе! Слушная парада!

Што рабіць пасля выдалення малочнай залозы і палавых органаў

Пасля хірургічнага ўмяшання на малочнай залозе ў выніку выдалення часткі ці ўсёй залозы парушаецца лімфаадток і кроваток. Рука на баку паражэння ацякае, можа ўзнікнуць боль у плечавым суставе з абмежаваннем рухомасці.

Аналагічныя праблемы часам узнікаюць пасля аперацыі з нагоды раку шыйкі маткі, калі выдаляюць лімфатычныя вузлы ў тазе. Нага можа ацякаць, балець і абцяжарваць рух. Гэты стан называецца лімфастазам. Урач прызначыць вам мясцовае і агульнае лячэнне для паляпшэння работы сасудаў і адтоку лімфы ад канечнасцяў.

З прычыны аперацыйнай або камбінаванай траўмы пасля лячэння раку малочнай залозы або маткі можа ўзнікнуць артроз верхніх або ніжніх канечнасцяў (дэгенератыўна-дыстрафічнае пашкоджанне сустава без абмежавання яго функцыі). Павінна сказаць, што гэта здараецца вельмі рэдка.

Аднак варта ведаць, што пры пералічаных з'явах (лімфастазе і артрозе) неабходна як мага раней пачынаць лячэбную гімнастыку. Падчас лячэбнай гімнастыкі не варта ўзмацняць болевыя адчуванні, перш за ўсё трэба навучыцца расслабляць мышцы і вырабляць пасіўныя практыкаванні, паступова павялічваючы іх колькасць.

Жаночы рак. Аднаўленне пасля аперацыі. Практыкаванні.

Праз 2 тыдні пасля аперацыі з дазволу анколага неабходна штодня рабіць практыкаванні, якія спрыяюць умацаванню мышачнага апарата плечавага пояса і павелічэнню аб'ёму ў плечавым суставе на аперыраваным баку – пры раку малочнай залозы або тазасцегнавых суставаў – пры раку геніталій.

У першыя паўгода пасля аператыўнага ўмяшання з нагоды малочнай залозы не варта хворай рукой падымаць цяжар больш за 2 кг, а лепей насіць да 1 кг.

Руку варта берагчы ад удараў, траўмаў, апёкаў. Рука не павінна працяглы час знаходзіцца ў адным нязручным становішчы або быць апушчанай уніз.

Пасля аперацыі з нагоды раку геніталій таксама нельга насіць цяжар больш за 2 кг да паўгода і 4 кг – да года.

Чытайце ў наступным артыкуле >>>

Прамянёвая тэрапія гінекалагічнага раку: чым дапаможа і як аднавіцца пасля апраменьвання

 

 

Фота Ірыны Касенкі – Яўген Крэч.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 47

Урач-анколаг, доктар медыцынскіх навук, прафесар, начальнік Адукацыйнага цэнтра РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава
Глядзіце таксама