28.04.2019
28.04.2019

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

logo
Беларускі код
0 47
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Магія гэтага дня такая, што асабліва ўзнёслы настрой, радасць у душы, святло і цеплыня ў сэрцы пануюць не толькі ў вернікаў праваслаўнай канфесіі, а нават у тых, хто лічыць сябе далёкім ад царквы і веры. Зрэшты, правільна гэта ці не, кожны вырашае сам. А мне сёння хочацца думаць і гаварыць толькі пра добрае, светлае і чыстае. Тым больш, што нагода для гэтага цудоўная – Вялікдзень. Са святам, сябры!

...Чым больш дадаецца гадоў, тым часцей прыгадваеш уласнае дзяцінства. А ў ім жа абавязкова знаходзілася месца розным смешным і не вельмі выпадкам, у тым ліку і на святы. Добра памятаецца, як у сямідзясятых-васьмідзясятых гадах мінулага ўжо стагоддзя асабліва ідэйным, у лік якіх траплялі і настаўнікі (мае бацькі таксама), забаранялася нават узгадваць пра царкоўныя святы, не тое каб выпякаць кулічы і фарбаваць яйкі на Вялікдзень.

Але, вядома ж, усе гэта рабілі – паціху. Папярэджваючы дзяцей, каб асабліва не распаўсюджваліся ў школе. А ім-то якраз і падабалася такая таямніца!

Памятаю, як прыехала да нас жыць, дапамагаць дачцэ ды зяцю гадаваць дзяцей маміна маці, наша з братам бабуля. Са Смаленшчыны, з колішняй беларускай яе часткі. Дзе існавалі ў сем’ях такія моцныя традыцыі... Шмат з іх мая мама «забрала» ва ўласную сям’ю.

Вялікдзень. Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Бабуля Ксенія ўмела выпякаць велікодныя булкі, але толькі ў печы, не ў духоўцы. Зрэшты, печка ў нас у вёсцы Клінок, дзе мы тады жылі, мелася таксама. Але перад Вялікаднем штосьці пайшло не так. Ці то цеста ў высокай каструльцы (таксама яна так памятаецца, зялёнага колеру) проста добра не прапяклося менавіта з-за вышыні, ці то што... Але вынікам сталася напалову сырая булка. Затое якая прыгожая, духмяная! З вялізнымі «ноздрамі»!

Бацькі, сыходзячы на працу ў школу, паабяцалі па вяртанні дапячы смакату. Прыходзяць дахаты... А паловы булкі-то і няма! Мы з братам яе з’елі! І хто сказаў, што недапечанае нясмачнае?! Я і дагэтуль памятаю той смак. Толькі чамусьці пасля кліноцкай часткі жыцця больш нідзе яго не сустракала... А колькі цеста ў сырым выглядзе было пераедзена ў маленстве пры прыгатаванні тых жа крэндзеляў!

Даўно ўжо няма бабулі Ксеніі, светлая ёй памяць. А тая найцудоўнейшая (прынамсі, для мяне) велікодная смаката і зараз перад вачыма...

Ужо даўно мы з мамай выпякаем велікодныя булкі па іншаму рэцэпту. А яйкі я фарбую пад мармур. Ведаеце, у чым сакрэт?! Трэба белыя яйкі абкласці цыбульным шалупіннем уручную (пасля таго, як яно добра запарыцца, вядома ж), загарнуць у анучкі альбо кавалкі марлі, завязаць ніткай і ў тым настоі шалупіння зварыць. Вынік вас абавязкова парадуе! І ніякай шкоды для здароўя, заўважце. Гэта ж не сінтэтычныя фарбавальнікі з рознымі «ешкамі». І няхай хараство велікодных яек і булак натхніць вас... напрыклад, на фотасесію! Як мяне аднойчы... Вынікі – тут, перад вамі.

Але, вядома ж, Вялікдзень для нас – гэта не толькі прыгатаванне традыцыйных страў. Але і збіранне ўсёй сям’і за адным сталом, і прыгадванне продкаў, і адчуванне повязі роду. Хтосьці ходзіць на велікодную службу ў царкву і асвячае стравы, хтосьці глядзіць трансляцыю ў сеціве. Іншыя проста вераць у душы.

Галоўнае – правесці гэты дзень спакойна, натхнёна, прыемна. Дома, у царкве, у гасцях... Чаго, уласна кажучы, мы вам шчыра жадаем. Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Дабра, дабрыні, дабрабыту!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 47

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".