06.11.2020
06.11.2020

Хто аматар часнаку?! Сёння – наша свята! :)

logo
Карысныя прадукты
0 37
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Адны кажуць: «Фу! Пасля яго ўжывання такі пах з рота!» Іншыя спажываюць з задавальненнем пры кожным зручным (і нязручным!) выпадку. Ёсць і тыя, каму ён проста не ідзе. Але як бы там ні было, Яго Вялікасць Часнок цалкам заслужыў гэты ганаровы зварот з вялікай літары.

Ужо нават самім сваім фактам існавання. А ўзгадкі пра часнок адносяцца ажно да 2600 года да н.э.! Сёння ж – сапраўды свята: Дзень аматараў часнаку! 🙂 І, як вынікае з назвы, я той аматар і ёсць! А вы?! Альбо спытаюся па-іншаму. Ці любіце вы часнок так, я люблю яго я?!

Часнок і фітанцыды. Карысць часнаку. Дзень аматараў часнаку - 6 лістапада.

Усе перавагі таго ці іншага прадукту асабіста ў нас ідуць з сям’і. Да чаго прывучылі бацькі, тое і ямо. Так, на працягу не аднаго дзесяцігоддзя і цыбуля, і часнок у нас заўсёды былі і застаюцца ў пашане. Вырошчваюцца на дачным участку, дадаюцца ў розныя стравы…

У міжсезонне з яго прастудамі, а таксама ўзімку ў паншане заўсёды – бутэрброды з часнаком. Напачатку – сметанковае масла, намазанае на тонкую лустачку чорнага хлеба, а на ім – прапушчаная праз часнакадаўку долька часнаку. Час ад часу масла замянялася плаўленым сырком. Затым – аліўкавым алеем. Варыянтаў насамрэч шмат. Спажываецца з гарбатай ці нават кавай. І смачна, і карысна. Толькі працоўнаму чалавеку есці такі бутэрброд варта ўвечары. Так, з-за паху часнаку.

Быў час, калі долька, разрэзаная на кавалачкі, проста глыталася. Але ад гэтага, як вы разумееце, ніякага кайфу. А кайф – разжаваць той самы часнок. Катлеты ў нас таксама гатаваліся ў розныя часы па-рознаму. Альбо з даданнем цыбулі, альбо часнаку. Ну, а слова «фітанцыды» (прыродныя антыбіётыкі) я добра запомніла калі не з маленства, дык з юнацтва – дакладна.

Часнок. Даданне часнаку ў катлеты - смачна і карысна.

Праўда, з часночнымі «каралямі» ў дзяцінстве мне пахадзіць не давялося. А хтосьці і пагэтуль засцерагае такім чынам дзяцей, асабліва дашкольнікаў, у перыяд прастудаў. А са шматлікіх фільмаў ды кніг мы ведаем пра выкарыстанне часнаку як абярэгу, абароны ад злых духаў. І гэта таксама дайшло да нас яшчэ са старажытных часоў.

Што ўжо казаць пра яго антыбактэрыяльныя і супрацьвірусныя ўласцівасці… Калі гэта і так зразумела. А ўжо тое, што часнок аказвае станоўчы ўплыў на імунітэт… Гэта падчас пандэміі каранавіруса павінен засвоіць кожны. І – папоўніць шэрагі аматараў часнаку! 🙂 Далучайцеся, сябры!

Даследчыкі ўласцівасцяў гэтай гародніны сыходзяцца ў тым, што яны, уласцівасці тыя, вельмі моцныя. А значыць, часнок ужываць можна не ўсім. Камусьці ў сырым выглядзе ён проста не пойдзе, затое нармалёва ўспрымецца страўнікава-кішэчным трактам у розных прыгатаваных стравах. Ды і выкарыстоўваць сёе-тое з парадаў народнай медыцыны таксама варта з пэўнай асцярогай. Праверана на сабе!

Часнок у народнай медыцыне. Прымяняць з асцярогай!

Цікава, што ў свой час мае сябры палюбілі немудрагелістыя бутэрброды з выкарыстаннем часнаку. Тонкія кавалачкі батона проста націраліся ім, разрэзаным. А на батон клалася своеасаблівая салата – надзёртыя на буйной тарцы звараныя курыныя яйкі, пасоленыя і змешаныя з маянэзам.

Ну, гэта тады было – з маянэзам. Зараз найчасцей – з натуральным ёгуртам без дадаткаў. Мабыць, непаўторны тонкі водар часнаку так уплывае на смак (а мы ж памятаем, што часнок стымулюе апетыт?!). Але для мяне і зараз загадка, чаму менавіта гэтыя бутэрброды разбіраліся з талерак першымі… 🙂

А вось з прачытаных рэцэптаў мне спадабаўся гэты. Калі вы – аматар жывога кефіру (асабліва самаробнага).

Рэцэпт бутэрбродаў з часнаком

Бярэм непастэрызаванае малако нармальнай тлустасці, пераліваем у шкляную ёмістасць.

На паўлітра напою дадаем сярэдні зубок часнаку. Накрываем марляй і ставім на 2-3 сутак у цёмнае месца. Атрымліваецца вельмі карысны прабіятычны кефір.

Часнок і кефір. Прабіётык.

Рэцэптаў насамрэч шмат. І кожны можа выбраць што-кольвечы для сябе. З часнаком. Пры жаданні.

А мне застаецца толькі яго пахваліць. 🙂 За тое, што станоўча ўплывае на сардэчна-сасудзістую сістэму. Зніжае ўзровень халестэрыну і артэрыяльны ціск. Змяншае згусальнасць крыві і рызыку трамбозаў. Дапамагае супрацьстаяць анкалагічным захворванням. Паляпшае абмен рэчываў і стымулюе страваванне. І робіць шмат чаго яшчэ.

Так што… Віват, часнок! Са святам, яго аматары! А вы прыгатуеце сёння ўвечары сабе карысны часночны бутэрброд?! 🙂

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 37

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".