
ВІЧ ужо не азначае смяротны дыягназ. Гэта няхай і цяжкая, але цалкам кантралюемая хранічная інфекцыя. Прэпараты антырэтравіруснай тэрапіі абсалютна даступныя. А іх эфектыўнасць высокая настолькі, што дазваляе чалавеку з ВІЧ-інфекцыяй мець такія ж працягласць і якасць жыцця, як і ў здаровага чалавека. Распрацаваная і паспяхова рэалізуецца ў большасці краінаў свету стратэгія «90-90-90», глабальнай мэтай якой з’яўляецца спыненне распаўсюджвання ВІЧ/СНІД да 2030 года. Тым не менш, каб яе дасягнуць, трэба прыкласці яшчэ нямала намаганняў. Паслухаўшы экспертаў, журналіст партала Здаровыя людзі даведалася, якіх поспехаў дамаглася наша краіна ў рэалізацыі праграмы «90-90-90», з якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца і якія рашэнні неабходна прыняць, каб амбіцыйныя мэты зрабіліся рэальнасцю.
Яшчэ крыху…
Эпідэміялагічную сітуацыю ў Беларусі па ВІЧ/СНІДу ў лічбах абмаляваў намеснік галоўнага ўрача гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы г.Мінска, галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з ВІЧ Алег Скрыпко. Выглядае яна наступным чынам.
Зараз у краіне на афіцыйным уліку знаходзяцца 21811 чалавек з ВІЧ-станоўчым статусам, якія атрымліваюць антырэтравірусную тэрапію (АРВ-тэрапію), – 0,2% насельніцтва. Шмат гэта ці мала? Гэта нядрэнна, падкрэслівае спецыяліст. Крытычнай лічбай, паводле ацэнак сусветных экспертаў, прынята лічыць колькасць ВІЧ-станоўчых грамадзян, якая перавышае 1% насельніцтва рэгіёну. Напрыклад, у Пецярбургу гэты паказчык ушчыльную наблізіўся да 2% жыхароў мегаполіса. У нас жа нават у лідзіруючай па колькасці ВІЧ-інфікаваных Гомельскай вобласці гэтая лічба ў разы меншая – каля 0,5%.
Упершыню за 10 месяцаў гэтага года было зарэгістраванае рэкорднае зніжэнне колькасці новых выпадкаў інфекцыі – на 9% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Цалкам аптымістычна выглядаюць і намаганні Беларусі па рэалізацыі глабальнай стратэгіі «90-90-90».
Нагадаем яе сутнасць: 90% насельніцтва павінны ведаць свой ВІЧ-статус. 90% людзей са станоўчым ВІЧ-статусам павінны прымаць АРВ-тэрапію. У 90% з іх лячэнне павінна прывесці да падаўлення вірусу да невызначальных значэнняў.
Паводле апошніх звестак, у Беларусі 83,9% людзей, якія жывуць з ВІЧ, ведаюць свой статус (першыя 90). 80,4% з іх праходзяць спецыфічнае лячэнне (другія 90). У 75,7% пацыентаў дасягнуты паказчык невызначальнай віруснай нагрузкі.
- Лондан: 95 – 98 – 97
- Амстэрдам: 95 – 94 – 96
- Нью-Ёрк: 93 – 86 – 93
- Мельбурн: 89 – 98 – 96
- Парыж: 88 – 96 – 94
У нашай краіны, упэўненыя эксперты, ёсць рэальныя шанцы працягнуць гэты спіс.
Вірус – у галаве
Гэта здаецца неверагодным, але за тыя 30 з лішкам гадоў, калі свет дасканала вывучыў вірус імунадэфіцыту чалавека – ад механізмаў заражэння і дыягностыкі да эфектыўнага лячэння, у свядомасці многіх людзей хвароба носіць пячатку стыгмы. Кажучы пра нашых суайчыннікаў, прадузятасці ў дачыненні да ВІЧ-станоўчых абумоўленыя ў большай ступені тым страхам 30-гадовай даўніны, калі дыягназ прыраўноўваўся да смяротнага прысуду, лічыць намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.
Валодаць дакладнай інфармацыяй пра ВІЧ, ведаць свой статус – гэта тое, што трэба ў першую чаргу нам самім, кожнаму з нас. Хаця б для ўпэўненасці: я зрабіў усё неабходнае, каб абараніць свой дом – спыніць распаўсюджванне віруса ў краіне, дзе мы жывем побач адно з адным.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.