21.08.2019
21.08.2019

Хто ў чырвоных ботах… дарогі вартуе?:)

logo
Думкі ўслых
0 145
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Памятаеце такую мілую немудрагелістую загадку для дзяцей?! «Хто ў чырвоных ботах ходзіць па балотах?» Правільна, бусел! А што за трансфармацыя адбылася ў мяне? Ды проста сёлета буслоў бачыла ў колькасці, якая, відаць, пераўзышла ўжо і вераб’ёў, і галубоў. І найчасцей чамусьці – уздоўж дарог. Дакладна вартавыя!:)

І зусім не баяліся яны сёлета ні людзей, ні машын, ні самой шашы, якая пры вялікай загрузцы гудзела-свісцела. Часцяком з акна маршруткі я назірала малюнак, як буслы спаважна, па аднаму-два, шпацыравалі, ды па правілах дарожнага руху – насустрач транспарту, які рухаецца! J А на зваротным шляху абавязкова шукала позіркам птушку непадалёк ад завароту на вёску Ваўкавыск Чэрвеньскага раёна. І бусел там ці не месяц штовечар гуляў!

Пра розум гэтых птушак складзеныя цэлыя легенды. І пра навігатар у іх галовах, які дазваляе знайсці шлях у цёплыя краіны і дадому, і пра такую ж сямейную вернасць, як у лебедзяў… А яшчэ ж яны – адмысловыя будаўнікі. Такія буслянкі ладзяць з нуля!

Памятаю, як уразіла мяне колькі гадоў таму дарога праз адну з вёсак Старадарожчыны, дзе ледзь не на кожным слупе была буслянка з насельнікамі! Во гэта відовішча! Мабыць, шчасціць там людзям… Бо адно з народных уяўляенняў пра бусла – што ён нясе ў хату шчасце, згоду, лад, паразуменне і дабрабыт. Ну, і дзетак, вядома ж… 🙂

Бусел нясе немаўлятка

Самае цікавае, што народныя прыкметы наконт таго, што трэба рабіць, калі ўпершыню ў сезоне ўбачыш буслы, розняцца. Паводле адных, трэба адразу ж сесці на зямлю, бо інакш дабрабыту ў хаце не будзе і гаршкі будуць біцца.

Паводле другіх, добра згледзець першы раз бусла ў палёце ды яшчэ пры гэтым паскакаць ці прабегчы – тады ногі ўвесь год балець не будуць. Паводле іншых, трэба было… памыцца – тады будзеш здаровым. І яшчэ пры першай сустрэчы абавязкова сказаць: «На ціхае лета, на буйнае жыта, а нам на здароўе».

Лічылася, што прылятаюць буслы на Дабравешчанне (7 красавіка), а адлятаюць на Спас (часцей за ўсё – Яблычны, 19 жніўня). Называецца і дата 26 жніўня. Існуюць таксама народныя назіранні.

Калі птушкі адлятаюць да Спаса, значыць, чакаем раннюю марозную зіму (хацелася б! – усё роўна лета не было), калі пазней – зіма запозніцца, але восень чакаецца цёплай (!!!), а вясна будзе халоднай.

Бусел як сімвал шчасця, дабрабыту, згоды ў сям'і

Зрэшты, апошнім часам штосьці такое ўтварылася і з надвор’ем, і з самой прыродай, што і не ведаеш, чаму верыць. Відаць, толькі таму, што зямны шар няправільна круціцца… Не так, як раней.

Два гады запар нашай сям’і нечакана пашчасціла назіраць, як буслы збіраюцца ў вырай. Аблюбавалі яны для месца сустрэчы чамусьці неба над пасёлкам Сельгастэхніка Чэрвеньскага раёна і прастору над нашай дачнай сядзібай (усё знаходзіцца побач).

Упершыню згледзеўшы вялікую іх колькасць, якая кружыла проста над дарогай, я так разгубілася, што нават не спыніла машыну, хаця магла б. Проста няўцямліва пазірала ў неба, не верачы сваім вачам! Але ж і фотаапарат быў з сабою… І не давялося зрабіць здымкі.

Затое на наступны год… Хаця і сталася такой жа неспадзяванкай, усё ж, утаропіўшыся ў нябесную блакітную бясконцасць, я лавіла тых прыгожых птушак у аб’ектыў.

Буслы ляцяць на сонца/ Бусел увесну вяртаецца на радзіму.

Доўга… Так доўга яны кружылі над нашымі хатамі, то збіраючыся разам, то імкліва разлятаючыся! А то, здавалася, накіроўваючыся прама на сонца! І ці гэта танец іх быў такі, ці то настройка радараў-навігатараў… А можа, чакалі іншых. Бо падляталі ўсё новыя і новыя птушкі…

І ўсё ж праз дзень пасля адлёту я зноўку пабачыла іх на тэрыторыі нашага раёна. Сапраўднымі вартавымі дарог яны стаялі.. на скручаных цюках саломы! Па саміх палетках гуляла буслоў мала. А вось што яны там, на цюках, рабілі, чаго чакалі – таксама загадка.

Традыцыйна лічыцца, што парушыць буслянку, ссячы дрэва, на якой яна ўладкаваная, альбо забіць бусла – вялікі грэх, за які на таго, хто гэта зрабіў, і яго сям’ю абрынуцца страшныя пакаранні. Але хіба ж можна такое нават удумаць, гледзячы на гэтых дзівосных істотаў і прыгадваючы легенды-паданні, паводле якіх бусел даўным-даўно… таксама быў чалавекам!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 145

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".