2 Снежня
02.12.2018

Хто яблык у дзень з’ядае...

logo
Думкі ўслых
146 0 31
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сказаць, што сёлета ўладальнікаў летнікаў і прысядзібных участкаў заваліла яблыкамі – гэта не сказаць ні-чо-га! Нас сапраўды ЗАВАЛІЛА!!! І не толькі яблыкамі, але зараз размова менавіта пра іх. Эх, і які ж беларус не любіць натуральнае?!

Маючы тры даволі старыя яблыні і дзве досыць маладыя (з гатункамі яблыкаў «белы наліў» і «айдарэд»), мы не спраўляліся сёлета з ураджаем. Ужо і наеліся ад душы ў розным выглядзе (шарлотка стала проста дзяжурнай выпечкай!), і назапасілі, склаўшы ў скрынкі, і перапрацавалі на сушаныя, сок, у сваім соку кавалачкамі, проста пюрэ, шакаладнае пюрэ...

І «пакармілі» скрынкі для кампосту, і далі магчымасць паласавацца імі восам ды іншай ахвотнай «жыўнасці» (нават матылькі пілі сок!)... А яны так і не скончыліся. У выніку, змогшыся цалкам, пакінулі ладную колькасць вісець на зімовай яблыні. У надзеі, што камусьці яны прыдадуцца. Мо, хаця б птушкі ўпадабаюць?!

Шчыры намер пачаставаць кагосьці сакавітымі пладамі штораз сустракаў непаразуменне. Бо, здаецца, не было ніводнага знаёмага, хто б не меў такога ж проста шалёнага ўраджаю! У мяне нават нарадзіўся дзяжурны жарт. Маўляў, сёлета пытанне «Ці не трэба вам яблыкі?» ўспрымаецца як здзек!

У выніку што мы ўбачылі позняй восенню паўсюль?! Правільна! Мора яблыкаў, што засталіся вісець на галінах. Куды ні кінеш позірк – яны! Напачатку – бы святлафор: чырвоныя, жоўтыя і зялёныя. Зараз жа, пасля маразоў, найчасцей карычневыя.

Пабачыла іх – і зноў перанеслася ў думках ва ўласнае вясковае дзяцінства. Наша бабуля тады часта рабіла ўзімку са звычайных яблыкаў... марожаныя! Іх спецыяльна выносілі ў гаспадарчую пабудову, дзе закапвалі ў сена. Некалькі марозных сутак – і ў хату ўносіліся замест, скажам, зялёных яблыкаў карычневыя.

У мяне і зараз перад вачыма тыя плады. Здзярэш з іх скурку, якая рабілася тонкай-тонкай, а пад ёй такая сакавітая мякаць! Ну так ужо смачна! Вядома ж, напачатку яблыкі добра грэлі. Але мы з братам часцяком не маглі дачакацца заканчэння працэсу «сугрэву» і елі іх халоднымі.

І раптам мне так захацелася марожаных яблыкаў са свайго дзяцінства! Цікава, а тыя, што засталіся на дрэве... Яны будуць гэткімі ж на смак?! Эх, толькі ніхто ў бліжэйшы час па такім надвор’і на дачу не збіраецца... Вось і вырашылі мы назапашаныя зялёныя яблыкі спецыяльна памарозіць, склаўшы іх у каструлю з накрыўкай і вынесшы на адкрытую лоджыю. Сёння абавязкова пастараемся гэтак зрабіць!

Вядома ж, пры сучасных тэхналогіях можна замарозіць яблыкі і цэлымі, і долькамі ў лядоўні. Але... хочацца менавіта натуральным чынам гэта зрабіць. Цікава, а ці ж ёсць ад марожаных пладоў карысць? Вырашыла скарыстацца адной з пошукавых сістэм інтэрнэту.

І першае, на што патрапілі вочы... Маўляў, ёсць у англійскай і кітайскай мовах прыказка, якая перакладаецца прыкладна так: «Хто яблык у дзень з’ядае, той у доктара не бывае». Але гэта – так, пра ўсе плады. А канкрэтна пра марожаныя яблыкі – што ў іх застаецца да 90% карысных рэчываў у параўнанні з прадуктам да апрацоўкі.

Так што будзем цяпер разнастаіць наша яблычнае «меню»! Чаго і вам жадаем...

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

146 0 31

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.