19.07.2017
19.07.2017

Хуткая дапамога дзіцяці: сонечны і цеплавы ўдар

logo
Здароўе дзяцей
0 57
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Што можа прывесці да цеплавога і сонечнага ўдараў? Чым дапамагчы дзіцяці ў спёку і як апрануць яго летам? У якім узросце можна ўжываць сонцаахоўныя сродкі?  

Аб гэтым журналісту Слушна распавялі нашы эксперты спецыяліст па аказанні экстраннай дапамогі дзецям, загадчык аддзела хірургіі РНПЦ дзіцячай хірургіі, дацэнт, кандыдат медыцынскіх навук Аляксандр Свірскі і намеснік акадэміка-сакратара аддзялення медыцынскіх навук НАН Рэспублікі Беларусь, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Таццяна Гнядзько.

Прычыны цеплавога і сонечнага ўдараў

Усе чулі пра цеплавы ці сонечны ўдары, але не кожны рэальна ўяўляе, наколькі яны небяспечныя для дзяцей.

Так, сонечны ўдар — гэта хваравіты стан і расстройства работы галаўнога мозгу з-за працяглага і інтэнсіўнага ўздзеяння сонечнага святла на паверхню галавы.

Цеплавы ўдар — гэта хваравіты стан, які ўзнікае з-за працяглага ўздзеяння высокіх тэмператур.

Так як сістэма тэрмарэгуляцыі ў дзяцей развіта больш слаба, чым у дарослых, у малеч яшчэ няма здольнасці хутка рэагаваць на перапады тэмпературы. Менавіта таму дзеці хутчэй пераграваюцца ў спёку і замярзаюць на холадзе.

Бацькам важна памятаць, што цеплавы ўдар у дзіцяці можа быць і ва ўмовах, цалкам камфортных для дарослага чалавека. Каб гэтага не здарылася, нельга дапускаць наступныя памылкі.

Што можа прывесці да цеплавога ўдару ў дзіцяці:

  1. Занадта цёплая вопратка. У гарачае надвор'е хопіць аднаго слою адзення з натуральных тканін.
  2. Адсутнасць галаўнога ўбору. Ідэальна падыходзіць лёгкая панама з шырокімі палямі для дадатковага ценю.
  3. Адзенне з сінтэтычных тканін. Такога кшталту матэрыялы вельмі дрэнна прапускаюць паветра і затрымліваюць выпарэнні са скуры, у выніку парушаецца работа натуральнай ахаладжальнай сістэмы арганізма дзіцяці і яно хутчэй пераграваецца.

Аляксандр Свірскі:

– Малодшым дзецям, асабліва дзіцяці да года, абавязкова прыкрывайце галаву хусткай або панамкай. Старанна выбірайце вопратку для шпацыраў: не варта ухутваць дзіця ў спёку, цела павінна дыхаць, але пры гэтым важна абараняць далікатную скуру ад прамога ўздзеяння сонечных прамянёў. Пазбягайце прагулак на вуліцы ў гарачы час ці аддавайце перавагу закрытым пляцоўкам.

4. Абязводжванне. Потавыдзяленне ў цёплы час адбываецца вельмі актыўна, і, калі своечасова не аднавіць страты вадкасці ў арганізме дзіцяці, гэта можа прывесці да праблем са здароўем. Асабліва важна сачыць, каб малыш часцей піў ваду, калі прагулка суправаджаецца актыўнымі гульнямі або фізічнымі нагрузкамі.

5. Душнае памяшканне. Калі своечасова не праветрываць пакой і не сачыць за ўзроўнем вільготнасці ў ім, шанцы дзіцяці атрымаць цеплавы
ўдар павышаюцца. Аптымальная тэмпература ў пакоі павінна быць: у першыя паўгода жыцця + 22°С, пасля 6 месяцаў — 19-20°С. Межы нармальнай вільготнасці для нованароджанага — у межах 50-70%, а для дзяцей 10-12 месяцаў — 40-65%.

6. Адкрытыя сонечныя прамяні. Калі дзіця доўгі час знаходзіцца на вуліцы пад пякучым сонцам, яно можа атрымаць не толькі цеплавы і сонечны ўдары, але і апёкі скуры.

Сімптомы цеплавога і сонечнага ўдараў

Што рабіць пры цеплавым або сонечным ўдары ў дзіцяці?

Вызначыць цеплавы ўдар у дзіцяці можна па наступных прыкметах:

  • перасохлыя вусны, сухая і гарачая скура (занадта румяная і пачырванелая, а потым бледная),
  • халодныя рукі і ногі,
  • капрызнасць, крыклівасць, пераўзбуджэнне дзіцяці (як рэакцыя нервовай сістэмы на павышэнне тэмпературы цела),
  • слабасць, санлівасць, апатычнасць (як адна са стадый абязводжвання арганізма, наступная стадыя — страта прытомнасці),
  • галавакружэнне, галаўны боль, млосць, ірвота, пачашчэнне стулу,
  • павышэнне тэмпературы цела дзіцяці да 38°С і вышэй (магчыма праз 2-3 гадзіны пасля знаходжання на вуліцы),
  • адсутнасць мочаспускання на працягу 12 і больш гадзін, пры гэтым колер мачы цёмна-жоўты ці светла-карычневы (асабліва добра гэта заўважна ў немаўлятаў) — прыкмета вельмі моцнага абязводжвання,
  • халодны пот,
  • сутаргавыя перасмыкванні цягліц твару і канечнасцей.

Сонечны ўдар у дзіцяці выяўляецца звычайна праз 6-8 гадзін пасля знаходжання на сонцы, але некаторыя сімптомы могуць узнікнуць і раней.
Асноўныя прыкметы сонечнага ўдару:

  • млявасць, недамаганне,
  • капрызы і плач,
  • адмаўленне ад ежы,
  • пачырваненне твару,
  • млосць, ірвота,
  • галаўны боль, пацямненне ў вачах,
  • учашчанае сэрцабіццё,
  • аддышка,
  • павышэнне тэмпературы цела да 39-40°С.

Калі ж дзіця працягвае заставацца на сонцы, то да пералічаных сімптомаў сонечнага ўдару могуць дадацца парушэнне сардэчнага рытму, галюцынацыі, трызненне, бледнасць і сінюшнасць скурнага покрыва, скура можа пакрыцца ліпкім потам.

Што рабіць бацькам пры цеплавым або сонечным ўдары ў дзіцяці?

Калі вы заўважылі ўзгаданыя сімптомы, то:

  1. Схавайце дзіця ў цяньку (прахалоднае месца, што добра праветрываецца). Калі скразняку няма, можна абмахваць малыша веерам, газетай, кнігай і г.д.
  2. Дайце папіць вады. Можна абцерці скуру прахалоднай вадой (вільготным ручніком ці сурвэткамі). Затым для прафілактыкі
    абязводжвання давайце піць кожныя 20-30 хвілін невялікімі порцыямі (вялікі аб’ём вадкасці можа выклікаць ірвоту). Калі дадаць у ваду крыху соды ці солі (палова чайнай лыжкі на 0,5 літраў вады), тады арганізм яе хутчэй засвоіць. Таксама можна разбавіць у вадзе парашок “Рэгідрон” (не выкарыстоўваць даўжэй за суткі, і не даваць больш як 50 мл на адзін кілаграм масы цела ў першыя 10 гадзін).
  3. Сачыце за тэмпературай цела дзіцяці. Варта памятаць, што клінічныя прыкметы сонечнага ці цеплавога ўдараў могуць праявіцца праз некалькі гадзін, такім чынам, калі вы прабавілі цэлы дзень на вуліцы, назірайце за станам малыша дома. Калі цеплавы ўдар у дзіцяці суправаджаецца павышанай тэмпературай цела, не варта даваць яму гарачкапаніжальныя сродкі. У гэтым выпадку яны будуць неэфектыўныя. Калі вы выконваеце раней пералічаныя інструкцыі, а стан дзіцяці не паляпшаецца, звярніцеся да ўрача.

Калі выклікаць "хуткую"?

Часцей за ўсё дапамога спецыялістаў патрабуецца маленькім дзецям, якія лёгка пераграваюцца з-за недасканалай сістэмы тэрмарэгуляцыі. Калі ў дзіцяці тэмпература вышэй за 38°С, дрыжыкі і вадзяністыя пухіры, а стан пагаршаецца, тэлефануйце 103 неадкладна.

Акрамя таго, медыцынская дапамога можа спатрэбіцца дзіцяці, калі з'явіліся наступныя сімптомы:

  • пасіненне вуснаў, бледнасць скурнага покрыва,
  • часты пульс (вышэй за 140 удараў у хвіліну ў дзяцей да года; вышэй як 132 — у дзіцяці ад 1 да 12 месяцаў; вышэй, чым 124 — ад 1 да 2 гадоў,
  • вышэй за 115 удараў — у дзяцей ад 2 да 4 гадоў; вышэй як 106 — ад 4 да 6 гадоў; вышэй, чым 98 — ад 6 да 8 гадоў),
  • наяўнасць сутаргаў,
  • аддышка, страта прытомнасці,
  • адсутнасць мочаспускання на працягу 12 гадзін.

Пры цяжкім цеплавым або сонечным ударах пагаршэнне стану здароўя дзіцяці наступае рэзка і выяўляецца галюцынацыямі, трызненнем, каматозным станам і гіпервысокой тэмпературай (вышэй як 42°С). У гэтым выпадку без дапамогі лекараў не абысціся.

Як абараніць дзіця ад цеплавога і сонечнага ўдараў?

Як абараніць дзіця ад цеплавога і сонечнага ўдараў?

Падагульнім напісанае. Калі вы сабраліся на шпацыр з дзіцём спякотным днём, тады:

  • запасціцеся пітной вадой і часцей прапануйце малышу піць. Лепш, калі гэта будзе звычайная вада, не салодкая і не надта цёплая. Для больш дарослых дзяцей можна ўзяць мінеральную ваду;
  • не ўхутвайце дзіця, а вазьміце з сабой больш цёплыя рэчы на выпадак змены надвор'я;
  • галаўны ўбор павінен быць з натуральнай тканіны, каб добра прапускаць паветра;
  • старайцеся не планаваць доўгія паездкі з дзіцём на грамадскім транспарце або машыне ў гарачае надвор'е: рызыка цеплавога ўдару ў невялікай прасторы пры адсутнасці добрай вентыляцыі павышаецца;
  • выбірайце для прагулак ранішні час да 11 гадзін або вячэрні пасля 17;
  • старайцеся трымацца зялёнай зоны або цяньку на крытых пляцоўках.

Першы матэрыял серыі "Хуткая дапамога дзіцяці" аб тым, што рабіць пры высокай тэмпературы ў малечы, чытайце па спасылцы >>>

Няма часу чытаць вялікія артыкулы? Слухайце іх па дарозе дзякуючы нашаму падкасту! Усе выпускі можна знайсці на YouTube-канале нашага партнера "Здаровыя людзі"

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 57