06.07.2023
06.07.2023

Хваляванне і стрэс. Кардыёлаг пра тое, як пазбегнуць павышэння ціску і яго наступстваў

logo
Здароўе дарослых
0 37
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

На любую стрэсавую сітуацыю, станоўчую альбо адмоўную, наш арганізм рэагуе павышэннем артэрыяльнага ціску, пачашчэннем пульса, звужэннем крывяносных сасудаў. Гэта адбываецца з-за павелічэння ў арганізме сакрэцыі эпінефрыну (адрэналіну) і картызолу. Іх яшчэ называюць гармонамі стрэсу.

Калі чалавек здаровы, дык такая рэакцыя арганізма паступова сыдзе на нішто, а ціск, пульс і сасуды прыйдуць у норму. У выпадку, калі сасуды пашкоджаныя атэрасклерозам, а паказанні на танометры далёкія ад мэтавых значэнняў, артэрыяльны ціск не кантралюецца, падобныя перапады могуць скончыцца гіпертанічным крызам альбо сасудзістай катастрофай (інфарктам ці інсультам).

Чым небяспечны стрэс? Як можна пазбавіцца ад яго наступстваў? І чаму так важна сачыць за ўзроўнем артэрыяльнага ціску?

Журналіст Слушна запыталася ў нашага пастаяннага эксперта – загадчыка кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА, д.м.н., прафесара Андрэя Прыстрома.

Стрэс і ціск. Якая ўзаемасувязь

Ціск 2

 

Павышэнне артэрыяльнага ціску ў выніку стрэсу, па сутнасці, нармальная рэакцыя арганізма. Наколькі сур'ёзнымі будуць наступствы, залежыць ад мноства фактараў. Напрыклад, ад стану здароўя чалавека, наяўнасці захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, наколькі пашкоджаныя сасуды атэрасклерозам, ці хворы ён на артэрыяльную гіпертэнзію. А ў некаторых сітуацыях асноўную ролю ў развіцці негатыўных наступстваў можа адыграць працягласць стрэсу.

Па словах Андрэя Прыстрома, калі стрэсавы стан заканчваецца, сардэчна-сасудзістая сістэма павінна паступова вярнуцца да зыходнага ўзроўню, і артэрыяльны ціск нармалізуецца. У норме рэакцыя на стрэс дастаткова кароткатэрміновая. Адбыўся эмацыянальны ўсплёск, уздым артэрыяльнага ціску, а затым яго зніжэнне. Прычым усё адбываецца даволі хутка.

Ціск 3

 

 
Андрэй Прыстром
Загадчык кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА, д.м.н., прафесар
Таму вострыя сітуацыі ў большасці сваёй заканчваюцца добра. Сасудзістае рэчышча здаровага чалавека можа вытрымліваць нават вельмі высокія лічбы ціску. Былі публікацыі, датычныя таго, які ціск фіксуецца ў штангістаў, калі яны ўзнімаюць штангу, г.зн. у момант найбольшага напружання. Дык вось, сісталічны (верхні) артэрыяльны ціск у гэты момант узнімаўся да адзнакі 300 мм рт.слупа.

Здароўе сасудаў і працягласць уздзеяння стрэсу

У выпадку, калі сасуды пашкоджаныя, ёсць атэрасклероз альбо іншыя захворванні, нават пры адносна невялікім уздыме артэрыяльнага ціску могуць адбыцца сасудзістыя катастрофы (інфаркты і інсульты). Прычым у дадзеным выпадку небяспечны не толькі высокі ўздым, але і рэзкае зніжэнне.

Ціск 4

Самым негатыўным фактарам па сваім уздзеянні з'яўляецца працяглы, так званы хранічны стрэс. З-за гэтага сардэчна-сасудзістая сістэма пастаянна знаходзіцца ў напрузе, працуе на мяжы і, у рэшце рэшт, застаецца ў гэтым жа стане. У выніку стрэсавая сітуацыя заканчваецца, а рэакцыя на яе застаецца.

 
Андрэй Прыстром
Загадчык кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА, д.м.н., прафесар
Калі разглядаць вядомыя сёння прычыны, якія ўплываюць на смяротнасць у выніку сардэчна-сасудзiстых захворванняў, дык псіхасацыяльныя фактары прыкладна ад 2 да 4 разоў павышаюць верагоднасць дрэннага зыходу. У першую чаргу, за кошт развіцця ўскладненняў.

Калі чалавек працяглы перыяд часу знаходзіцца ў некамфортных для яго ўмовах, нервовая сістэма ўвесь час напружаная, ён адчувае трывогу і хваляванне. А з цягам часу ў яго развіваюцца так званыя псіхасаматычныя захворванні: стан нервовай сістэмы правакуе развіццё структурнай паталогіі (захворванняў). Артэрыяльная гіпертэнзія – адно з яркіх пацверджэнняў.

Ціск 5

 
Андрэй Прыстром
Загадчык кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА, д.м.н., прафесар
Эмацыянальныя людзі часцей «выходзяць» на гіпертэнзію. Вылучаюць некалькі паводніцкіх тыпаў асобы. З пункту гледжання сардэчна-сасудзiстых рызыкаў найбольш неспрыяльны тып асобы D. Яго яшчэ называюць «той, які пакутуе». Гэта асобы, якія занадта эмацыянальна перажываюць любыя бязладзіцы, дробныя і буйныя, хвалююцца за сябе, сваіх блізкіх, навакольных.

Як сабе дапамагчы

Ці можна прадухіліць негатыўны ўплыў стрэсу альбо зрабіць яго праяву меней выяўленай?

Як растлумачыў Андрэй Прыстром, усё, што так ці інакш можа зрабіцца прычынай развіцця сардэчна-сасудзiстых захворванняў, умоўна можна падзяліць на кіраваныя (лад жыцця, звычкі і г.д.) і некіраваныя фактары (напрыклад, узрост, пол). На першыя чалавек у стане паўплываць, другія карэкцыі не паддаюцца.

Ціск 5

 
Андрэй Прыстром
Загадчык кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА, д.м.н., прафесар
Фарміраванне здаровага ладу жыцця прыводзіць да нармалізацыі ціску. Змяняецца рэакцыя арганізма на многія фактары, у тым ліку стрэсавыя, і ўздымы артэрыяльнага ціску не будуць гэткімі значнымі.

Не сакрэт, што адным з неспрыяльных фактараў у плане развіцця артэрыяльнай гіпертэнзіі (уплывае, у тым ліку, на частату гіпертанічных крызаў) і іншых сардэчна-сасудзiстых захворванняў з'яўляецца курэнне. Яно запускае ў арганізме працэсы, якія значна зніжаюць эластычнасць сасудзістай сценкі і правакуюць развіццё атэрасклерозу. А значыць, сасуды не ў стане адэкватна зрэагаваць на змены.

Акрамя гэтага, 30-60 хвілін у дзень павінна быць адведзена для фізічнай нагрузкі. Па-першае, яна дапамагае падтрымліваць здаровую масу цела, бо залішняя вага – яшчэ адна прычына артэрыяльнай гіпертэнзіі і павышанай рызыкі гіпертанічных крызаў. Па-другое, заняткі спортам умацоўваюць сэрца і сасуды. Па-трэцяе, самі па сабе фізічныя практыкаванні – добры спосаб зняць напружанне, трывогу альбо стрэс.

Ціск 6

Падчас заняткаў фізкультурай важна арыентавацца на частату пульса. Яна індывідуальная для кожнага і залежыць ад узросту чалавека. Аптымальная трэніровачная частата пульса складае прыкладна 70% ад максімальнай частоты, якую можна вызначыць па формуле:

220 – узрост = максімальная частата пульса

У гэтым выпадку фізічныя нагрузкі будуць найбольш эфектыўнымі і бяспечнымі.

 
Андрэй Прыстром
Загадчык кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА, д.м.н., прафесар
Такі тэмп пажадана вытрымліваць 30-60 хвілін. Менавіта ў гэтым выпадку сардэчна-сасудзістая сістэма атрымае карысную для яе нагрузку. Разам з тым, не варта дасягаць гэтых мэтаў занадта хутка, але неабходна да іх імкнуцца (пажадана выйсці на «працоўны трэніравальны ўзровень» на працягу 1-2 месяцаў) і затым падтрымліваць такі рэжым трэніровак.

Адэкватны ўзровень фізічнай актыўнасці, дадаў эксперт, спрыяе таму, што нават пры моцным эмацыянальным напружанні артэрыяльны ціск не будзе «зашкальваць». У тых, хто ўжо хворы на артэрыяльную гіпертэнзію, рэгулярныя заняткі спортам значна зніжаюць частату гіпертанічных крызаў і паляпшаюць паказчыкі артэрыяльнага ціску.

веб

Андрэй Прыстром нагадаў, што калі прызначаны антыгіпертэнзіўныя лекавыя сродкі, прымаць іх варта пастаянна. Пры рэгулярным выкарыстанні павышэнне ціску не будзе значным, а калі і адбудзецца, дык прынясе меней шкоды здароўю. Такія лекавыя сродкі не толькі рэгулююць артэрыяльны ціск, але і абараняюць органы-мішэні (сасуды, мозг, сэрца, ныркі). Калі першапрычынай пагаршэння самаадчування стаў сапраўды стрэс, спецыяліст парэкамендаваў звярнуцца па дапамогу да псіхатэрапеўта, які да асноўнай тэрапіі (прызначанай кардыёлагам для нармалізацыі ціску) падкажа дадатковую, накіраваную на аднаўленне душэўнай раўнавагі.

 
Андрэй Прыстром
Загадчык кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА, д.м.н., прафесар
У першую чаргу, неабходна зразумець, што сапраўды выклікала павышэнне артэрыяльнага ціску. Калі прычына – стрэсавая сітуацыя, дык здаровым людзям у такім выпадку можна выкарыстоўваць лёгкія заспакаяльныя прэпараты. Часам, каб знізіць ціск, дастаткова прыбраць фактар, які траўмуе.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 37

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».