12.02.2020
12.02.2020

ХВАРЭЕМ-2, альбо Такія эмоцыі нам трэба!

logo
Думкі ўслых
274 036
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Хто б мог падумаць, што акурат праз год мы зноўку адчуем такія ж станоўчыя эмоцыі і гонар за жаночы тэніс! У сэнсе – спадзяваліся, вядома ж. І рыхтаваліся хварэць за нашых. Але нават у самых смелых мроях асабіста мне не ўяўлялася, што можа атрымацца вось такое феерычнае змаганне, пераадоленне саміх сябе і ў рэшце рэшт – бліскучы вынік!
Тэніс. Вялікі тэніс. Арына Сабаленка і Аляксандра Сасновіч.

Год таму я распавядала ўжо пра тагачасныя дасягненні нашай жаночай зборнай па тэнісе, свае эмоцыі з нагоды і пра тое, што хварэць за любімую каманду ці гульца ў любым відзе спорту вельмі карысна для здароўя. Калі, вядома ж, з розумам… хварэць. 🙂

На жаль, і гэтым разам я не глядзела гульні анлайн, як калісьці. Толькі чытала тэкставую трансляцыю. Але і яна давала такі напал жарсцяў! Хто не ў тэме, нагадаю: беларуская жаночая зборная па тэнісе змагалася супраць зборнай Нідэрландаў у плэй-оф Сусветнай групы Кубка Федэрацыі. Змагалася на «павольным» грунце, у гасцях.

Калі мы зрабіліся сведкамі таго, як Аляксандра Сасновіч, прайграючы Аранчы Рус 0:6, у, здавалася б, безнадзейнай сітуацыі выйграла… Я чамусьці адразу прыгадала словы свайго таты, пачутыя ў дзяцінстве. Тады ён вучыў мяне гуляць… Не, не ў вялікі тэніс. У шахматы. Але тады ён сказаў: «Ніколі не здавайся, нават у самай безвыходнай сітуацыі. Гуляй да канца».

І гэтая парада выручала мяне не раз. Бо нават застаўшыся з адным «голым» каралём у шахматах, ты ўсё ж маеш шанц звесці гульню да нічыёй. Бо супернік таксама стамляецца, можа «зяваць» фігуры (падстаўляць пад бой і пазбаўляцца іх)… І шмат чаго яшчэ. Ды і ў жыцці здараюцца такія сітуацыі, калі трэба сапраўды змагацца да канца. І, бывае, выходзіш пераможцам… У тым ліку і ў барацьбе з захворваннем…

Хаця, вядома ж, проста верыць у свае сілы – мала… Найчасцей трэба сапраўды ЗМАГАЦЦА… А не сядзець склаўшы рукі ў чаканні…

І вось пасля такога напружанага матчу, калі лік роўны і наступны паядынак – вырашальны для ўсёй сустрэчы, у пару да Арыны Сабаленкі заяўляюць… Аляксандру Сасновіч! Як??? Як можна вытрымаць яшчэ адзін такі паядынак? На тых жа нязручных кортах, у гасцях і калі ўжо вылажыўся на ўсе 100%?!

Але сапраўды: рэзервовыя магчымасці арагнізма да канца яшчэ не вывучаныя… Пройгрыш у першай партыі парнай сустрэчы 4:6 – і ўсё ж такая бліскучая ПЕРАМОГА! Калі б хварэла перад тэлевізарам, не кажучы ўжо пра Гаагу, дзе праходзіў паядынак, мабыць, сарвала б ужо голас! 🙂 Малайчына, Арына! Ну, а Саша – МЕГАмалайчына!!!

Тэніс. Вялікі тэніс. Аляксандра Сасновіч і Арына Сабаленка.

Наша жаночая тэнісная зборная – у фінале Кубка Федэрацыі! І наступным разам нам хварэць 14-19 красавіка, калі дзяўчаты будуць гуляць у Будапешце.

А я ў чарговы раз шкадую пра страчаныя магчымасці. Бо вялікі тэніс мне падабаўся з дзяцінства. І калі ў 9-гадовым узросце разам з сям’ёй я пераехала з вёскі Чэрвеньскага раёна ў Чэрвень, дык яшчэ нясмела думала пра гэта. Бо на гарадскім стадыёне меліся заасфальтаваныя пляцоўкі, якія, як казалі, якраз і зрабілі пад заняткі вялікім тэнісам.

Але, як гэта часта бывае, па пэўных прычынах задума не атрымалася. Заасфальтаваныя пляцоўкі-корты разбурыліся з цягам часу і зараслі травой. А я ў дзяцінстве пераключыла сваю ўвагу з вялікага тэнісу на бадмінтон. У школьныя гады гэта была проста гульня ў сваё задавальненне: без сеткі, без ліку. Але захапляла неверагодна!

А колькі трацілася энергіі! Як набегаешся за тым валанчыкам… Накруціш шмат кіламетраў – і спіш уначы без задніх ног! 🙂 Значна пазней даводзілася і праз сетку гуляць. Але чамусьці бадмінтон у выглядзе віду спорту асабіста мяне не так прыцягвае, як проста для забавы. Ды я і зараз бы яшчэ з задавальненнем пабегала б за валанчыкам! 🙂 Галоўнае – знайсці такіх жа апантаных…

А які від спорту даспадобы вам, шаноўныя сябры? І ці знаёмае вам спартыўнае заўзятарства? Радасць, калі выйграе любімая каманда альбо гулец? Гонар за спартыўныя дасягненні сваёй краіны?

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

274 0 36

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.