02.08.2019
02.08.2019

«Я карміцель сям'і, а сіл няма». Як пазнаць прафесійнае выгаранне (+відэа)

logo
Здароўе
0 80
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Цынізм, негатыў, недахоп энергіі, знясіленне, разумовая адцягненасць ад працы, якая ўсё нарастае, зніжэнне яе эфектыўнасці, стомленасць з самай раніцы адразу пасля сну. І як рэакцыя – замкнёнае кола з адчування віны... Прафесійнае выгаранне зрабілася настолькі распаўсюджанай праблемай, што Сусветная арганізацыя аховы здароўя ўключыла яе ў Міжнародную класіфікацыю хвароб (МКБ-11).

Мужчыны, на плечы якіх кладзецца каласальная адказнасць за фінансавы дабрабыт цэлай сям'і, нярэдка аддаюць перавагу маўчанню, не кажучы аб праблемах на працы і эмацыянальным знясіленні. Звыклая схема – сысці ў відэагульні або спрабаваць адцягнуцца пры дапамозе алкаголю. Але тады паўнавартаснага жыцця пазбаўляе сябе як сам чалавек, так і ўсе яго блізкае акружэнне.

Як заўважыць у сабе прыкметы прафесійнага выгарання і што рабіць, каб прадухіліць яго? Пра гэта размова ў нашай пастаяннай рубрыцы «Пра што маўчаць мужчыны».

Прафесійнае выгаранне. Што ж згарэла?

 

 
Аляксандр Тыманюк
Магістр псіхалагічных навук, гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута, старшыня праўлення заснавальнікаў АГА «Цвярозая Сіла» Брэста
Як пазнаць чалавека, які выгарэў? Вочы ў яго цьмяныя, запалу няма. Да стану эмацыянальнага выгарання часцей за ўсё схільныя прадстаўнікі тых прафесій, якія звязаныя з працай і стасункамі з людзьмі: медработнікі, псіхатэрапеўты, цырульнікі, таксісты і г.д. Апошняя ступень гэтага стану – поўнае эмацыянальнае знясіленне. Вы прыходзіце дадому з працы і ўсё, чаго хочаце, – проста легчы на канапу. І каб нікога не бачыць і не чуць. Калі яшчэ ёсць раздражненне з нагоды гэтай сітуацыі, усё не так дрэнна. Гэта карысная эмоцыя. А вось пачуццё апатыі, тугі, безвыходнасці – значна горшы варыянт. Калі я працую ў праграме рэабілітацыі наркаманаў разам з маладымі псіхолагамі, дык заўважаю, што пасля 3 дзён інтэнсіўнай працы гэтыя маладыя спецыялісты пачынаюць адпрошвацца дадому. У іх баліць галава. Калі ігнараваць усе гэтыя моманты, дык можна ператварыцца ў зомбі. Але ж праца хаця і цяжкая, ды быццам бы нічога такога звышнатуральнага не адбывалася. Аднак само судакрананне з такім «радыяцыйным» цяжкім фонам, як пачуцці залежных людзей, ужо небяспечнае. Гэта важна разумець і не саромецца звяртацца па дапамогу. Пажадана пачытаць, якія падводныя камяні пільнуюць у той ці іншай прафесіі, і навучыцца выконваць прафесійныя правілы.

Прафесійнае выгаранне. Што ж згарэла?

 
Максім Пылёў
Практыкуючы псіхолаг, гештальт-тэрапеўт, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»
Для мяне слова «выгаранне» кажа пра пэўны ўнутраны працэс, які немагчыма разгарнуць у знешнім свеце. Штосьці такое выгарае, тлее, што не дае магчымасці ад гэтага пазбавіцца. Можа, праца сама па сабе і падабаецца, але чалавек пастаянна сутыкаецца на працоўным месцы з чымсьці непрыемным: не заладзіліся адносіны ў калектыве, з начальнікам. Небяспечная такая сітуацыя тым, што доўгае знаходжанне ў спустошаным стане можа прыводзіць да псіхасаматычных расстройстваў, цяжкіх хваробаў.

Як дапамагчы сабе?

  • Наладзіць рэжым дня і харчаванне. Так-так-так! Гэтая банальная парада, магчыма, набіла аскому. Аднак усяго толькі сон не менш за 7 гадзін у дзень і магчымасць паўнавартасна есці каласальна падтрымлівае арганізм і дапамагае яму супрацьстаяць нагрузкам, як фізічным, так і псіхаэмацыянальным.

 

 
Аляксандр Тыманюк
Магістр псіхалагічных навук, гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута, старшыня праўлення заснавальнікаў АГА «Цвярозая Сіла» Брэста
Многія людзі грэбуюць такімі рэчамі, як сон. «Ай, пасплю 4 гадзiны. Бо Напалеон спаў 4 гадзіны, Трамп таксама». Але добры фізічны стан, дабрабыт арганізма – гэта аснова асноў. Тое, што зазямляе і насамрэч дапамагае. Эмацыянальнае выгаранне складана заўважыць на фоне таго, што ў нашай культуры глыбока засела паняцце: працаваць трэба да знямогі. Таму стомлены з панядзелка па пятніцу чалавек – для нас звычайная рэч. Пастаянныя канфлікты, бяссонніца, імпатэнцыя, фрыгіднасць зрабіліся як быццам бы чымсьці агульнапрынятым. Але гэта не здорава.
  • Арганізаваць асабістую прастору і час. На працягу дня абавязкова знайдзіце хаця б 15 хвілін, каб пабыць аднаму. Спакойна, для сябе. Яшчэ лепей, калі акрамя працы вы зможаце знайсці занятак, які сапраўды прыносіць задавальненне і дзе можна забыцца пра ўсе працоўныя пытанні хаця б на пэўны час.

 

 
Максім Пылёў
Практыкуючы псіхолаг, гештальт-тэрапеўт, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»
Бывае так, што змяніць працу зараз немагчыма. Важна пры такіх абставінах арганізаваць прастору, каб можна было выплюхнуць эмоцыі і займацца тым, чым хочацца. Фізічная актыўнасць, шахматы, матацыклы, самалёты. Што заўгодна, што дае добрую разрадку. Я сам па сабе не раз заўважаў: пасля цяжкага дня і працы з кліентамі саджуся на матацыкл – і адразу адчуваю сябе па-іншаму. Язда прыносіць мне вялікае задавальненне. Таму ўжо на пад'ездзе да дома адчуваю, што стомленасць «адпускае», выходзіць частка энергетыкі, якая назапасілася.

 Як пазнаць прафесійнае выгаранне

 
Аляксандр Тыманюк
Магістр псіхалагічных навук, гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута, старшыня праўлення заснавальнікаў АГА «Цвярозая Сіла» Брэста
Выйшаў з працы – пакінуў усе справы там. Самая лепшая прафілактыка выгарання – дысцыпліна. Такія простыя рэчы, як абліванні халоднай вадой, узмоцненая трэніроўка, вольны час. Трэба абавязкова абстрагавацца.
  • Займацца гігіенай душы. Нярэдка яшчэ да таго, як працэс становіцца запушчаным, чалавек адчувае першыя «званочкі» эмацыянальнага выгарання: раздражняльнасць, стомленасць, нежаданне выконваць самыя, здавалася б, простыя рэчы... Часцей за ўсё такія моманты мы прывыклі ігнараваць. Але калі іх кожны раз заўважаць і спыняцца, даваць сабе адпачынак ці хаця б прызнаць, адкуль растуць ногі ў эмоцый, хваробы можна пазбегнуць.

 

 
Аляксандр Тыманюк
Магістр псіхалагічных навук, гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута, старшыня праўлення заснавальнікаў АГА «Цвярозая Сіла» Брэста
Мы чысцім зубы штодня, тое ж самае трэба рабіць і з душой. А гэты момант людзі ігнаруюць, хаця ён не менш важны.

«Абязбольванне» не спрацуе

Мужчыны ў прынцыпе не вельмі схільныя да рэфлексіі, а ўжо сур'ёзна займацца сваім эмацыянальным станам здольныя, на жаль, адзінкі. Самы просты спосаб вырашыць праблему – не заўважаць яе. А яшчэ лепей – «збегчы» з рэальнасці.

 

 
Максім Пылёў
Практыкуючы псіхолаг, гештальт-тэрапеўт, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»
У нас у грамадстве з выгараннем часта змагаюцца з дапамогай алкаголю ці псіхаактыўных рэчываў. У людзей узнікае ілюзія, што напружанне сыходзіць, і гэта класна. Так, часовая палёгка ёсць, але важна разумець, што гэта часовая анестэзія. Калі баліць нага і ўнутры запаленне, дык пэўны час абязбольвальныя будуць ствараць ілюзію, што ўсё нармальна. Але запаленчы працэс унутры ўсё роўна ідзе, і рана ці позна ён прывядзе да сур'ёзных наступстваў. Хуткае пазбаўленне ад праблем пры дапамозе хімічных рэчываў пасля гэтыя праблемы толькі пагаршае. Выгарэлы чалавек пакутуе не адзін. Ён як радыяцыйны рэактар, які ўплывае на ўсіх вакол. Пасля працы прыходзіць у сям'ю. І там ён ужо не любячы муж, тата, дзіця. Ён выпраменьвае негатыў, яму дрэнна, ён без сіл. Гэта адбіваецца і на блізкіх. Узнікаюць канфлікты, якія не вырашаюцца. Быццам бы выгарае адзін чалавек, а пакутуе ўся сям'я. Калі адчуваеце, што нешта коціцца не туды, звярніцеся па дапамогу.

Дзіўна, якія простыя, па сутнасці, правілы могуць зберагчы нас ад многіх гадоў пакут. Клопат і ўвага да свайго фізічнага і эмацыянальнага стану, праўда, не менш важныя, чым пагоня за лідарскімі пазіцыямі ў кар'еры. Бо можа атрымацца так, што высокая прафесійная мэта дасягнутая, а сіл на тое, каб адчуць ад гэтага радасць, ужо няма.

Відэа – Генадзь Сукач

Баліць душа, а церпіць цела? Што такое псіхасаматыка

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 80

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама