15.06.2019
15.06.2019

Я кроў табе дару, хаця цябе не ведаю...

logo
Навiны
0 35
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Донарская кроў – гэта нацыянальны здабытак. Без яе нельга выканаць высокатэхналагічныя аперацыі, няма шанцаў выжыць гематалагічным, анкалагічным хворым і людзям з рознымі паталогіямі, пры якіх пераліванне крыві жыццёва неабходнае.

 

Для таго, каб грамадзяніну рэспублікі было камфортна і ён атрымліваў у выпадку неабходнасці кампаненты крыві (ці то падчас хваробы, ці то падчас надзвычайных сітуацый), у краіне пастаянна павінны быць яе запасы. А іх можна стварыць толькі дзякуючы людзям, якія прыходзяць у арганізацыі пералівання крыві, каб здаць яе невялікую колькасць і тым самым выратаваць жыццё зусім незнаёмаму чалавеку. Бо ніхто не ведае, што з ім будзе ў наступную хвіліну. Магчыма, яго маме, дзецям, калегам, знаёмым спатрэбіцца дапамога тых людзей, якія называюцца донарамі.

А раптам такіх не будзе? Тады здарыцца катастрофа. Хацелася б, каб наша грамадства ўсвядоміла важнасць донарства. І пакуль ёсць людзі, якія дораць кроў незнаёмцам для іх выратавання, такой катастрофы не будзе.

Эксперты СААЗ заклікаюць перайсці на бязвыплатнае донарства, бо такі донар дорыць сваю кроў у імя выратавання жыццяў іншых. І яму няма сэнсу хаваць захворванні, якія могуць зрабіць кроў небяспечнай – у адрозненне ад донара, які хоча атрымаць матэрыяльныя даброты.

«Максімум карысці хвораму – ніякай шкоды донару». Гэта асноватворны прынцып службы крыві, сфармуляваны расійскім акадэмікам А.Багдасаравым, які актуальны і сёння.

Дарэчы, слова «donare» у перакладзе з лацінскай мовы азначае «дарыльнік». А калі дарыльнік – значыць, бескарыслівы. Большасць краін у свеце перайшлі на бязвыплатнае донарства крыві – як найбольш бяспечнае.

Але без удзелу ўсяго грамадства гэтага нельга дасягнуць. У Брэсцкай вобласці, напрыклад, ладзяцца розныя мерапрыемствы з мэтай прыцягнення да бязвыплатнага донарскага руху перш за ўсё моладзі.

Так, байкеры праехалі па вуліцах гарадоў Брэста, Бярозы са сцягамі «Бязвыплатнае донарства». На цэнтральнай пешаходнай вуліцы Брэста сумесна з валанцёрамі і кіраўніцтвам Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа праведзены флэшмоб «Выбар па поклічу сэрца» з запаўненнем маладымі людзьмі, якія хочуць здаць кроў бязвыплатна, анкет.

Арганізавана выстава малюнкаў на тэму донарства крыві. Яны выкананы навучэнцамі прыватных студый выяўленчага мастацтва Брэста, цэнтра маладзёжнай творчасці, дзецьмі, якія лечацца ў бальніцах. Арганізаваны экскурсіі для школьнікаў і многае іншае.

Адбылося ўручэнне знака ганаровага донара крыві з удзелам прадстаўніка Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. 9 пацыентаў гематалагічнага аддзялення Брэсцкай абласной бальніцы напісалі словы падзякі, не маючы магчымасці прыйсці і асабіста падзякаваць донарам.

Да нас упершыню завіталі 9 чалавек з сацыяльна-асветніцкай установы «Міжнародны цэнтр Донарства Дыяліз Трансплантацыя» – адзінай у рэспубліцы. Якія цёплыя і душэўныя словы падзякі донарам выказалі гэтыя людзі! Кранае да слёз!

Ім былі перасаджаныя органы, што немагчыма зрабіць без донарскай крыві. Падзячныя лісты напісалі донарам і іншыя людзі, якія з'ехалі за межы горада. Дзякуючы перасадцы органаў і пераліванню крыві яны маюць магчымасць бачыць гэты свет. І паглядзелі б вы, як радуюцца колішнія хворыя таму, што проста жывуць!

Нашы самыя шчырыя словы ўдзячнасці – донарам. Яны сапраўды робяць дабро. Хацелася б, каб дабра ў нашым жыцці паболела, а грамадства зрабілася больш дасканалым.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 35

Трансфузіёлаг, загадчык аддзялення захоўвання і размеркавання прадуктаў крыві ДУ «Брэсцкая абласная станцыя пералівання крыві»