21.03.2023
21.03.2023

Я мчуся на зубры (казка) +аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


 

Напэўна, кожны з вас бачыў зімовы надвячорак, але не кожнаму пашчасціла ўвачавідкі сутыкнуцца з гэтым вечаровым незвычайным хараством прыроды сам на сам.

Зімовы надвячорак разгараўся. Не сціхала таемная, але даволі напорыстая мяцеліца. Па небе сунуліся адна за адной дзве хмаркі. Відаць, паспрачаліся і даганялі адна адну. Шумелі лапістыя ёлкі ды трапяткія бярозы, іх пошум падтрымлівалі магутныя і ўдумлівыя дубы.

Паволі вея сунялася. На захадзе бліснула журботная, ласкавая ўсмешка сонца і патухла. У небе засвяціліся першыя зоркі.

Раптам ў гэтай вечаровай цішы раздаўся зубрыны роў. І рэха ветрам данесла яго сюды, у лагчыну, дзе Уладзік з дзядулем Рыгорам назіралі за аўсянкай. Маленькая, амаль як верабейка, сядзіць сабе на верхавінцы шэрай алешыны. Сядзіць зімовая птушачка на галінцы  і спявае. Якая мілота! І толькі той нечаканы глухі роў Зубра патрывожыў непрыкметную жыхарку лесу. Яна пырхнула, і знікла з вачэй.

Іскрысты снег пылам сыпіцца з кустоў і дрэў. Сцішыліся сінічкі, якія толькі што ценькалі побач.

Сінічкі

Толькі аднаму дзятлу ніхто і нішто не замінае стукаць моцнай дзюбай па камлі сухадрэвіны, выцягваючы штораз свежага чарвячка.

Але, пачакайце. Здаецца ў дзятла з’явіўся канкурэнт. Так і ёсць невялікая птушачка таксама працуе заўзята. Зараз яна сваёй дзюбай вылушчвае насенне з яловых шышак. Гэта крыжадзюб. Відаць, доўга забаўляўся са сваімі дзеткамі, бо прагна паядаў сакавітае насенне. Ведаеце, што ён дзяцей выводзіць не толькі летам, а і зімой. Харчу малым хапае. А холад ім ў цёплым гняздзе не страшны.

– Дзядуля, мусіць гэтыя два тэлеграфісты без дазволу Зубра тут працуюць? Бо чаму ён незадаволены?

– А што? Можа і так! Толькі дзесьці за ракою чуў я стральбу. Хтосьці бракар’ернічае. Пачуў тую страляніну і Зубр. Вось і папярэджвае: навошта шкодзіць прыродзе?

– А я думаў пра дзятла і крыжадзюба, – пахітаў галавой Уладзік, і з яшчэ большай цікавасцю паглядзеў на дзеда, як на дасведчанага ў лясных справах чалавека.

Зараз яны стаяць побач, глядзяць і слухаюць зімовую казку лесу.

– Хрумсь - хрумсь! Хрумсь - хрумсь!..

Серабрыцца снег. Мігцяць незлічоныя мільёны брыльянцістых іголах, якія зусім нядаўна выглядалі спрэс карычневай ігліцай.

Яловая ветка ў снезе

Няма ў зімовага лесу лепшай гульні, як закідваць дрэвы і кусты іскрыстым снегам. Весела яму слухаць ціхае шапаценне галін, назіраць за мітуслівымі чачоткамі і сініцамі, стаіцца, калі прылятаюць на дзікія рабінкі снегіры, падобныя на чырвоныя яблыкі. Лічыць, нарэшце, безуппынны тэлеграфны перадатчык неўтаймоўнага працаўніка і санітара лесу дзятла. А па начах назіраць за магутнымі ласямі. Вялізныя рогі ўпрыгожвалі іх галовы. З ноздраў на вялікім марозе вылятала пара і лес цешыўся сваёй ахоўнай роллю абаронца ўсяго жывога. Назіраў лес ва ўсе поры года: і за куніцаю, і савой, якія адпраўляюцца на пошукі харчу. Ды мала каго яшчэ ён бачыць! Толькі і паспявай углядацца ў цемру. Калі яшчэ і носяцца па лесе нейкія патаемныя гукі і цені пад пагрозлівывы пошум і стогн верхавін старых ялін ды соснаў пры залівістым ветры…

Усю ноч Уладзік трызніў тымі падзеямі, што днём расказваў яму дзядуля Рыгор. Вось ён вучыцца на егера. А зараз ужо ў новым зялёнага колеру фірмовым адзенні, нібыта памежнік, абыходзіць лясны ўчастак. Так, цяпер ён начальства, бо за ім замацаваны сапраўдны лясны ўчастак, дзе і маладыя пасадкі і дзялянкі дзелавой драўніны, а таксама бяспека жывёльнага свету, што жыве і мігруе цераз яго ўчастак. І выгляд у яго і шчаслівы, і сур’ёзны.

Здавалася, што самі зоры на небе міргалі яму. Свежы вецер дзьмуў ад ракі, і Уладзік, усё яшчэ з дзіцячымі думкамі хацеў туды пабегчы. Паспець, каб паглядзець як патухае захад. Але ўжо пазнавата і на небасхіле зусім сцямнела.  Але яму ўсё ж карцелася  пабачыць, што зараз дзееца ў лесе. Але больш за ўсё пакатацца верхам на … Зубры. Так, так, менавіта на Зубры. Ну не на Дзіку ж, каторага як дагнаў, так і ўскочыў на хрыбет. Толькі завішчыць той сякач ад доўгачаканага вершніка, але папрэ праз лугі-паляны. Ды так папрэ, толькі трымайся за яго куртатыя вушы ды ўхіляйся ад нечаканых галінак ды хмызняку. На Зубра адно ўскараскацца і тое вопыт патрэбны, не тое што прагойсаць на яго магутнай хрыбціне. Гэта не на Мэседэсе, калі на заднім сядзенні цябе пакачвае, нібыта ў люльцы немаўлятка: і мякка, і з песняю. Тут, браце, патрэбна быць сапраўдным кавалерыстам!

Сон Уладзіка быў радасным. І раніца выдалася сонечная, ціхая. Воддаль падавалі адзінокія галасы птушкі. Як толькі паснедалі, дзядуля выцягнуў яго зноў у лес. Каля ног Уладзіка з чоканнем узляцела перапалоханая сойка. Хлопчык ад нечаканасці перапужаўся, хаця і стараўся ісці ціха.

Зімовы лес

А рапта сусрэнуць таго, пра каго даўно марыў.

Так і адбылося.  Яго мара была здейснена. Але між тым, гэта здарэнне было нечаканым і для Улада і для яго дзядулі.

Раптам паперадзе пачуўся глухі трэск сухога галля: – Хрумсь-хрумсь! Хрумсь-хрумсь!

– Рогі лезуць, – ціха шэпча Уладзік. – А сам збочвае, пільна ўглядаецца ў тое месца. Хлопчык ад убачаных вострых рагоў нейкай незнаёмай і вялізнай істоты не спужаўся. Ён толькі схаваўся за тоўстую сасну.

Захісталіся маладыя бярозкі. Ён прысеў, каб лепей разгледзець тую істоту. Бачна, як пад цяжарам невядомага, але магутнага цела згінаецца да зямлі густы падлесак. Нетаропка сунецца вялізная махіна між дрэў – сустрэцца з ім вось так адзін на адзін Улад і раней марыў, а зараз… Страху не абярэшся, але…

На лясную паляну з гушчару пушчы з шумам і фырканнем паказваюцца чорныя вострыыя рогі, а толькі пасля прабіраецца вялікі бык.

– Зубр! Зубр! Вось гэта да! – шэпча пра сябе Улад і насцяроджваецца.

Але зараз жывёліна выглядае зусім мірнай. Зубр увесь аброслы густой кучаравай цёмна-карычневай поўсцю. Яго вялікая барада з чорнай галавой і шырокія мускулістыя грудзі здзівілі хлапчука сваёй веліччу і магутнасцю.

– Нічога сабе кароўка! – усклікнуў спрасоння Улад. – А якія вострыя рогі!

…Тым часам Улад разглядаў выявы Зубра на грошах як папяровых, так і сярэбраных манетах, а таксама на паштовых марках. Разглядаў, але больш уяўляў  сябе ўладаром над ўсёй флорай і фаўнай пушчы.

…Смела і рашуча малады ляснік рушыў наперад.  Дастаў з кішэні вялізны кавалак хлеба і працягнуў дзікаму зверу.

Рогі набліжаліся да яго. Высокі карак Зубра ўзвышаўся над масіўнай спінай, якая часала і галінкі, і тоўстыя сукі і даволі тоўстыя яліны і была зараз ускалмачана, што надавала сустрэчнаму яшчэ больш грозны выгляд ляснога гаспадара.

Уладзік і зараз не спужаўся, бо ён чакаў гэтай сустрэчы. Яго штораз уражвалі  веліч жывёліны: і шыя, і грудзі, і спіна, што так густа пакрыты цёмнай калматай грывай, здаваліся нібыта пад кальчугай. А яшчэ ён убачыў амаль такую ж грыву на тоўстых кароткі нагах. Акурат такую ж бачыў у Волата, каня-цяжаравоза ў сябрука яго дзядулі Рыгора, што з суседняй вёскі.

…Зубр прыўзнімае барадаты хіб і ўтаропліваецца на хлопчыка дабрадушнымі маленькамі вочкамі. Нібыта запрашае пагладзіць яго.

Зубр паклаў на свой вялізны з лапату язык лусту хлеба з рук Уладзіка і за адзін раз праглынуў яе.

– Дзякуй, незнаёмы госць, за гасціннасць тваю, – вольна, на правах гаспадара працягнуў Зубр. – Чуў, што ты егерам хочаш быць.

– Так, магутны Зубр. – Дзед мой Рыгор егерам працуе. І я буду егерам! Прыроду я вельмі люблю. Лес вабіць мяне, і звяроў люблю, і расліны розныя, і грыбы-ягады... Багаццю лесу здаецца, няма канца-краю.

– І гэта сапраўды так, хлопча! Гэта цудоўна! А яшчэ я чуў, што не меншае тваё жаданне на мне пакатацца.

– Прабачце, магутны Зубр! Гэта праўда. – Як і праўда тое, што я ведаю старажытную паэму пра цябе, як незвычайнага звера.

Зубр

– І што ўжо такога незвычайнага там напісана пра мяне?, – ледзь не рассмяяўся Зубр, бо ведаў і пра старажытную паэму “Песня пра Зубра”, што напісана 500 гадоў таму, і пра ўслаўленне чалавекам яго, дзікага Зубра, на грошах, на паштовых марках, на розных сувенірах, у песнях, ды мала дзе яшчэ…

– А тое, магутны Зубр, што ты не толькі самы магутны, але і памяркоўны, рахманы мы таксама даведаліся,  – мякка слаў хваласпеў Зубру. –  А яшчэ пра веліч і моц тваю і тое, як на цябе, годны сімвал нашай Беларусі, ладзілася …паляванне, – хлопчык ад гэтых слоў ажно пабялеў, думаў, што Зубр зараз жа ўскіне яго на свае вострыя рогі.

Зубр выслухаў Уладзіка і кажа:

– Усё так, многа нас, Зуброў вынішчылі, асабліва каўказкіх. – Але ты не сказаў пра галоўнае, што там напісана: “лютасцю больш небяспечны, чым люты драпежнік”. – Я для людзей не страшны, не чапай – не зачаплю. Буду стаяць як укопаны – пастыр на варце. Не страпянуся, а позіркам сваім пільную няспынна і чараду, і сям’ю ў чарадзе на папасе. Хаця ў нас лідарам статку з’яўляецца маці Зубрыха. Яна сочыць-даглядае малых амаль да двух гадоў. Мы шануем мацярок.

– Дзякуй, што выслухаў. А зараз не хвалюйся, хлапчына! Я табе дазволю на мне пакатацца, але толькі тады, як ты заслужыш сваёй вернай працай. А працы тут, у пушчы, заўсёды хапае. Паспытай у свайго дзядулі, ён табе параіць, што найперш трэба зрабіць.

І Зубр спакойна, як сапраўдны гаспадар падаўся ўглыб лесу.

Углядаўся Уладзік у Зубра і здзіўляўся і яму, і велічы прыроды. Усё аблічча ў гэтай дзікай жывёлы гарманіруе з навакольным асроддзем.

Улад высыпаў апошняе вядро ў кармушку. Навокал ніводнага Зубра.

– Што сёння такое: дзе яны падзеліся?

– А ты пакліч іх, – раіў дзед Рыгор. – Памятаеш, як я цябе вучыў?

– Так, памятаю.

Уладзік моцна пастукаў у парожняе вядро. Звычайна пасля такога запрашэння да кармушак беглі Зубры. На гэты раз лес глуха маўчаў.

Засмуціўся хлопчык, хацеў ужо сам бегчы за Зубрамі, але адкуль узяўся шпарканогі і імклівы Заяц.

Заяц у зімовым лесе

Улад з-за куста  шусь да яго з просьбаю:

– Зрабі ласку, Зайка, ногі твае лёгкія, імклівыя, - пачаў таго расхвальваць.

– Збегай да Зуброў. Распытай, чаму не ідуць снедаць.

– Пяць морквін з цябе, хлапчына!

– Калі ласка, атрымай! – Улад працягнуў яму сакавітую гародніну.

– Чакай тут. Я мігам! – І як задасць лататы, цераз дзесяць кустоў сігае.

Далёка ў нетры бегчы не прыйшлося. Яго прывабіла лясная ўскраіна.

Раптам бачыць на паляне цесным колам чараду Зуброў. Яны цягнуліся пысамі да маленькага зубраняці. Зубры дыхалі на малога, сагравалі яго.

– Дзіва дзіўнае! – усклікнуў пра сябе Заяц.

– Што гэта нашыя волаты тут сабраліся? – ва ўвесь свой пісклявы голас спытаў Заяц.

– А ты не бачыш? Малое нарадзілася! Вось мы яго і аберагаем, – адказаў з пяшчотаю стары Зубр. І павольна, але горда прыўзняў галаву, насцярожыўшы малыя, быццам у маладога цяляці, вушы.

– Цудоўна! Але Уладзік з дзедам снеданне для вас прывезлі.

– Дзякуй, Зай! Мы хутка прыйдзем.

Заяц неадночы бачыў цэлыя статкі зуброў. Але вось гэты стары Зубр, з якім ён упершыню гаманіў быў проста дзіва, не налюбуешся! Вялізны, грузны, з пакатым гарбом як у вярблюда, з прыгнутай галавой, над якой завостранымі падковамі раскідваюцца рогі.

Зубр зімой

Заяц бачыў зуброў, але ў той час, калі ім хтосьці нашкодзіў. І яны бывала беглі, раззлаваныя. Ведаў, што ў такія моманты зубры надзвычай быстрыя і ярасныя, могуць накінуцца не толькі на воўка, але нават і на чалавека, калі той паспрабуе падражніць волата. Калі і абміне, страху ўсяроўна не абярэшся!

– Такія выпадкі былі і на маёй памяці, – гаварыў дзед Рыгор. – Праўда, кожны раз ўсё неяк абыходзілася, відаць, Зубр са мной гуляў у хованкі.

– Як гэта, дзядуля?

– А вельмі проста: адзін хаваецца, другі яго шукае.

Унук рассмяяўся. – Я хацеў бы паназіраць за тым дзействам з вялізнага дрэва.

– Зарана  смяешся, хлапчына! – пачуў за сваёй  спінай магутны, але глухі голас валадара лесу. – Твой дзядуля не лжэц, паслухай. Табе карысна будзе. Тут я ўсё чую, пра ўсё ведаю.

“Здаецца, няма нікога навокал, а Зубр чуецца побач, – думае Уладзік і насцяроджваецца настолькі, што пачынае нават заікацца: а-а-а-д-дкуль ён і бачыць, і чуе, калі Заяц казаў, што вакол малога зубраняці топчуцца?

Гэты непралазны лес у ваколіцах дзядулевай вёскі Уладзіка вабіў не толькі сваімі дарункамі – грыбамі ды ягадамі, звярамі ды птушкамі. Яму, гушчару таму, здавалася не было канца-краю. І калі ён быў такі маляўнічы на ўскраінах, што ж рабілася ў яго нетрах, дзе шумяць векавыя дрэвы, дзе праз густое вецце амаль не пранікае сонца на зямлю, дзе ў зялёнай засені бруяцца ручайкі і рачулкі, б’юць празрыстыя крыніцы, дзе на лугавінах стаяць вячыстыя дубы… Там – таямнічы, нязведаны  свет, кіпучае жыццё расліннага і жывёльнага царства. Вось каб узняць заслону над гэтым жыццём, самому паглядзець, што там робіцца!..

– А я табе, раскажу адну быль пра той таемны свет лясных нетраў,– заўсміхаўся дзед Рыгор. – Ехаў аднойчы я на УАЗіку па сваіх ўладаннях. Вада ў рэчцы была вялікай. Яна дабягала вышэй колаў, абмывала іх, варочалася ад берага назад і хвастала па падножках і па дзверцах кабіны, прасочвалася ўнутро яе. Ногі мае былі ў вадзе.

Машына затрымалася ў гразі

Дзядуля гаварыў і паглядаў па баках: “Ужо відаць была наперадзе палоска гладкай пясчанай дарогі, як згледзеў жывёліну. Цёмная, вялікая яна паволі выходзіла з вады і падымалася на жоўты пясчаны ўзгорак. Я падумаў спачатку, што гэта лось.

Я засігналіў на ўвесь лес  і націснуў на газ. Жывёла як усё роўна і не чула яго сігналу. А калі паднялася на ўзгорак, тады спынілася і пачала паварочвацца назад. Я здзівіўся: паперадзе машыны стаяў вялізны бык з чорнымі трыма , як счэсанымі сякерай, што адзін бок ніжэйшы за другі, а пасярод – самы вялікі рог, як у Бегемота, загнуты ўверх. А які счэсаны, з таго перапуду не памятаю.

Бык увесь быў буры, толькі між рагоў у яго быў святлейшы, жаўтаваты начос, які кучаравіўся і спускаўся ўніз па носе да самых храп. З-пад храп у яго звісала доўгая, такая ж бурая, як і ён сам, барада. Але яшчэ больш мяне ўразіў за яго нахінутай долу галавой і за рагамі ў яго падымаўся вялікі хіб, як перакуленая лодка на беразе ўверх вострым кілем. Я тады ажно ўрос у сядзенне: Зу-убр!.. – правурчэў я сабе пад нос.

Ногі зрабіліся як ватныя, машына заглохла, вада паціху засочвалася ў кабіну. А паперадзе ў колькі кроках стаяў на кароткіх тоўстых нагах зубр. Вось-вось падчэпіць рогам пад радыятар – саслізну, як той вугор ў раку разам з тым бобікам.

Зубр ступіў бліжэй да машыны, абсунуўшы пярэднімі нагамі прырэчны пясок-сіпак у ваду, і пакруціўшы ў бакі галавой – падхапіў з вады на вострыя рогі і мох, і трысцё. А з-пад густых абвіслых броваў бліснулі маленькія круглыя вочкі – зірнулі, здалося прама на мяне, заганяючы маю душу ў пяткі. І вушы ў жывёлы былі маленькія, ледзь відаць з-за чорных рагоў як натапырыліся і краталіся…”

– Дзед, а чаму ты не свістаў? Ён і адстаў бы ад цябе. Ці ты хацеў з ім пагаварыць?

– Не, унучак, гэта ён хацеў мне штосьці сказаць. – Даслухай ужо…

Дзед гаворыць

“А з раздзьмутых чырвоных ноздраў ішла напачатку белая пена, а затым гарачая, бы з трубы старога паравоза, вогненая пара. Раптам тая пара была ўжо, нібы раскалёная лава вулкана. Яна спавіла спачатку капот машыны, затым тое воблака ўкутала і мяне разам са сталёвым лясніцкім бобікам. Падышоўшы да самай машыны, Зубр выцягнуў шыю, дастаўшы да самай форткі, і кажа: “Чалавеча, не трымці як асінавы ліст. Я мірная жывёліна, нікому не чыню зла, а па мне страляюць, хочуць нас дашчэнту вынішчыць. Быццам без нас чалавеку вальней жыць стане. Не, чалавеча, наадварот – горш. І намнога. Лепш не парушай законаў прыроды, бо з-за вашых спартыўных ды хцівых інтарэсаў да палявання на асобных рэдкіх відаў жывёл і раслін, прывядуць да бясследнага знішчэння іх з Зямлі. Ты гэтага хочаш?... – Прырода не церпіць абыякавасці і жорсткасці, яна помсціць за нанесеныя раны: адказвае пылавымі бурамі, ростам яроў на палях, бязрыб’ем вод, смерчамі ды цунамі па ўсім свеце…”

Зубр выказаў Чалавеку ўсё, што хацеў, крутнуўся ў вадзе, падняўшы пырскі ўгару вышэй дрэў, боўтнуў нагамі і рвануў з подбегам назад на горку і скрыўся ў ельніку…

– Я, казаў дзед Рыгор, – яшчэ добра не ўцяміўшы, што гэта было, глыбей уплішчыўся і без таго ў цвёрдае і няўтульнае сядзенне лясніцкага пашарпанага, але яшчэ захаваўшага зялёную фарбу УАЗіка, як яго народ празваў “ бобікам”, нібы сабачука, і толькі лыпаў аднымі вачыма.

Рачная вада падступала пад сядзенне, лабавое шкло запацела ад тэмпературы, што сыходзіла з майго перагрэтага цела…

Раптам недзе праляцеў з піскам кажан ці пракрычала сонная сава, як дзядуля ажно страпянуўся.

Зімовы лес раніцай

– Ды не пужайся ты, дзядуля, дазволь лепш унуку пакатацца на Зубры. – Тожа мне стары егер, птушкі спужаўся!

– Пакатайся, унучак! Пакатайся! Табе сам волат лесу абяцаў, што  дазволіць пакатацца на сабе вярхом.

– І пакатаюся! – адказваў сонны вершнік. – І нёсся на хрыбціне старога Зубра, моцна трымаючыся за вострыя чорныя яго рогі, адначасова  прыхопліваючы ад сустрэчнага ветру сваю фірмовую, з бліскучаю кукардаю, фуражку егера. І ва ўвесь голас крычаў: я мчуся на Зубры!

Ты, мой дружа, таксама напэўна  бачыў Зубра, няхай сабе толькі ў кніжках ці па тэлевізары. Аднак ці пашчасціла ўвачавідкі сутыкнуцца з гэтым  незвычайным і загадкавым волатам нашых лясоў сам на сам? Яшчэ і вершнікам пакатацца на яго моцнай спіне. Як гэта ўдалося нашаму герою. Пакуль няхай сабе толькі ў сне.

І я, твой казачнік, баяўся парушыць жывую карціну паяднання з прыродаю. Добра, калі чалавек разумее Прыроду. Бо тут, у лясах і на рэках-азёрах не чалавека, а Яе тэрыторыя. Тэрыторыя жывой Прыроды. І нікому і ніколі не дазволена без Яе згоды парушаць, каб не нанесьці незагойныя раны, якія так доўга зажываюць.

А гэту казку пра вострыя рогі Зубра я завёз сваім унукам у вялікі горад. І вам тое расказаў.

https://bel.24health.by/smely-zayac-kazka/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».
Глядзіце таксама