10.08.2021
10.08.2021

Лепісін і Быляк. Вітамінныя чалавечкі (казка)

logo
Адукацыя і выхаванне
72 074
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Знаёмцеся! Гэтых малюпусікаў завуць Лепісін і Быляк. Лепісін жыве сярод апельсінаў. А Быляк – сярод яблыкаў. Яны сябруюць. Кожны заняты справай – сочыць, каб дзеці елі дастаткова яблыкаў і апельсінаў. У іх шмат вітамінаў! Калі дзеці мала ўжываюць вітамінаў, Быляк і Лепісін ходзяць сумныя і панурыя. І склікаюць адзін другога на нараду. Сёння вітамінныя чалавечкі шукаюць спосаб засцерагчы дзяцей ад алергіі.

Яблык. Лепісін і Быляк.Гісторыя 1

Быляк уладкаваўся нанач у вялікім яблыку. Вочы зліпаліся, пазяхалася штохвіліны, а заснуць не мог. Данімала нейкае бубненне над вухам. Час быў позні. Быляк вызірнуў са схованкі. На кухні нікога, а тэлевізар працуе. Чалавечак хацеў выключыць надакучлівую скрыню. Але ішла перадача пра яго любімыя яблыкі! Быляк натапырыў вушы.

– Многія краіны пачалі апрацоўваць яблыкі хімікатамі, – расказвала вядоўца. – Гэта спрыяе іх добраму захоўванню праз зіму. Яблыкі выглядаюць прыгожымі і апетытнымі! Але тыя, хто іх есць, пачынаюць пакутаваць на алергію! Асабліва дзеці!

Быляк захваляваўся! Ён ведаў, што такое алергія! На шчочках высыпаюць чырвоныя балячкі, яны чэшуцца, дзеці капрызяць. А калі дзеці капрызяць, яны не хочуць гуляць, не хочуць бегаць і скакаць. І растуць марудна!

Яблык. Алергія ў дзяцей на яблыкі.

Як так? А ён збіраўся раніцай падсунуць смачны яблык хлопчыку, што жыў з бацькамі ў гэтай кватэры! Славік любіць яблыкі, яго і ўгаворваць не трэба. З’есць кашу, пасля яблыкам падмацуецца! А Быляк з замілаваннем паглядае на гэта і цешыцца.

Па тэлевізары далей расказвалі пра шкодныя і не шкодныя спосабы захавання яблыкаў. (*Не ўсе яблыкі апрацоўваюць, не пужайцеся! Тыя, што выраслі ў садах вашых бабуль і дзядуляў, хутчэй за ўсё нічым не апрацаваныя! Але і іх трэба мыць!) Але Быляк ад узрушэння больш нічога не чуў. Ён падхапіў заплечнік і кінуўся да Лепісіна – за парадай.

– Тук-тук! – пагрукаў Быляк у дзверы.

– Што грукочаш? – усклікнуў Лепісін, адчыняючы. – Ажно вушы залажыла!

– Не да тваіх вушэй, дружа! Тут такое робіцца!

Быляк хуценька пераказаў навіну.

Яблык. Быляк распавядае навіну.

І дадаў:

– Нават чарвячкі ды мошкі такія яблыкі не чапаюць. Баяцца алергіі. І як цяпер дзяцей яблыкамі карміць? Як ім у вочы глядзець? – ледзь не плакаў Быляк.

– А калі мыць яблыкі перад ежай? – спытаў Лепісін.

– Мыць – абавязкова! Але ці дапаможа?

Апельсінавы чалавечак адсунуў талерку з амаль аблупленым ад скуркі апельсінам, зняў з гачка халат. Усе важныя пытанні Лепісін і Быляк вырашалі, апрануўшы белыя халаты. Так ім лепш думалася.

Быляк таксама ўбраўся ў халат і паклаў на стол прыгожы яблык, які ён паспеў набыць у краме. Малюпусікі дасталі скрыначкі з міні-лабараторыямі, і пачаліся доследы над яблыкам. У кожнага меўся вітамінавымяральнік. Ён паказваў і карысць, і шкоду, якую можа прынесці садавіна.

Мылі яблык з мылам. Церлі шчоткай. Прасвечвалі яго кварцавай лямпай. Пасыпалі содай. Мазалі зялёнкай. Мучыліся самі і мучылі яблык. А хімічная апрацоўка ніяк не паддавалася. І раптам Лепісіну прышла ў галаву геніяльная думка! Ён падсунуў пад вітамінавымяральнік напалову абабраны апельсін.

Яблык. Апельсін. Шкода ў скурцы.

Прыбор паказаў цікавы вынік: скурка апельсіна пульсавала небяспечным для садавіны сінім святлом. Значыць, апельсін быў таксама апрацаваны хімікатамі. Затое абабраныя долькі свяціліся карысным жоўтым святлом!

Лепісін паскроб у патыліцы.

– Відаць, апельсіны таксама апрацоўваюць хімікатамі. Але абабраны апельсін ужо не шкодны!

– Ну-тка, праверым! – зацікавіўся Быляк і, схапіўшы невялічкі ножык, абрэзаў з яблыка скурку. Знятая скурка пад вітамінавымяральнікам таксама свяцілася сінім. А абабраны яблык – жоўтым!

Лепісін і Быляк паціснулі адно адному рукі. Яны далі рады праблеме! Засталося толькі прывучыць усіх дзяцей, іх мамаў і татаў, бабуль і дзядуляў абіраць скурку з яблыкаў.

Яблык. Навошта абіраць скурку.

Раскажы пра гэта сваім сябрам. Так ты дапаможаш Быляку і Лепісіну і ўратуеш некага ад алергіі!

Гісторыя 2

Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by

72 0 74

Нарадзілася 24 лютага 1970 г. у в. Ідолта на Міёршчыне ў сям’і настаўнікаў. У 1985 г. скончыла Мілашоўскую васьмігодку, у 1987 г. Міёрскую СШ № 2. У 1993 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ, аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры. Рэалістка з аптымістычным ухілам. Ці аптымістка з рэалістычным светаўспрыняццем. Бывае, жыццё ўносіць свае карэктывы. Працую і жыву ў Мінску. Першая казка была надрукаваная ў газеце «Сцяг працы» (Міёрскі раён) ў 1986 г. Казкі гучалі ў радыёперадачы «Рамантыкі», друкаваліся ў дзіцячых часопісах «Вясёлка», «Островок», «Городской газете», зборніках серыі «Беларуская аўтарская казка»: «Чароўныя пацеркі», «Вежа міру», «Залаты талер» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборніку «Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (выдавецтва «Літаратура і Мастацтва»), у зборніках серыі «Школьная Бібліятэка» – у «Зборніку апавяданняў для пазакласнага чытання вучняў пачатковай школы» і «Пакліч у госці сонца». У серыі «Казкі ХХI стагоддзя» ў 2008 г. выйшла кніга «Прыгоды маленькай Машынкі», у 2012г. – аўтарскі пераклад на рускую мову; у 2013 г. (у выдавецтве «Мастацкая літаратура») – казачная аповесць «Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або adeljastar@tut.by»; у 2015г. – «Атракцыёны для Вадзянікоў» – былі і небыліцы пра жыццё надводнае і падводнае». У 2016 г. яна намінаваная на прэмію Цёткі, увайшла ў шорт-ліст. 2016-2017г. – актыўны ўдзел у рэспубліканскім сацыяльным праекце «Чытаем па-беларуску з Velcom».Казкі і апавяданні друкуюцца ў часопісе «Верасень», «Бярозка», «Вясёлка», «Буся», «Качели», гучаць на радыёканале «Культура» ў перадачы «ДНК» (Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя.). Асобныя казкі ўключаныя ў склад зборнікаў «Беларуская зіма», «Беларуская вясна», «Беларускае лета», «Беларуская восень» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборнікі з серыі «Нашы сімвалы» – «Зубры-гаспадары», «Буслава айчына», «Валошка і васілёк» – працяг гісторый пра авечку Адэлю. У 2019 г. у выдавецтве «Беларусь» пабачыла свет кніга «Прынцэса Алівія і «жабіны вочкі», у 2020 – «Рыцар Квых і «жабіны вочкі». https://www.youtube.com/watch?v=ibBUfMLrMIU Дыяблог. Пра літаратуру. Госць – Наталля Бучынская